#Мая_Зямля_Прыдняпроўе

- 10:00Адукацыйная прастора

З мэтай узмацнення ў свядомасці моладзі ролі традыцыйных духоўна­маральных і культурна-­гістарычных каштоўнасцей на Магілёўшчыне рэалізуецца абласны праект “#Мая_Зямля_Прыдняпроўе”.

Інтэрактыўны плакат “Памяці нашай сцежкі” дэманструе дырэктар Ленінскага ВПК Марына Міронава.

Гэтая ініцыятыва аб’яднала ў імкненні да вывучэння здабыткаў роднага краю тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак рознага ўзросту — ад дашкольнікаў да навучэнцаў каледжаў. Вывучэнне знакавых аб’ектаў малой радзімы дазволіла дзецям стаць нават не краязнаўцамі, а сапраўднымі края­любамі, адчуць сваю датычнасць да гераічнай гісторыі і традыцый беларускага народа.

У ліку юных краялюбаў — навучэнцы Ленінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Горацкага раёна. Сумесна з педагогамі яны стварылі інтэрактыўны плакат родных мясцін “Памяці нашай сцежкі”.

— У нашай установе даўно выпрацавана эфектыўная сістэма патрыятычнага выхавання навучэнцаў. Педагагічны калектыў перакананы ў тым, што дзеці павінны памятаць, адкуль яны родам, дзе іх карані, ведаць сваю гісторыю і культуру. Бо менавіта гэтыя паняцці аб’ядноўваюць пакаленні, усяляюць пачуццё гордасці за радзіму, фарміруюць любоў да роднай зямлі, — лічыць дырэктар Ленінскага ВПК Марына Міронава.

Паводле яе слоў, у абласны праект установа ўключылася адразу пасля яго старту, бо ідэі па далучэнні вучняў да актыўнай краязнаўчай дзейнасці на той момант ужо былі.

— Неяк у школу патэлефанаваў наш выпускнік, які даўно асталяваўся за межамі Беларусі, цікавіўся, як зараз жыве пасёлак. Менавіта падчас гэтага аповеду я падумала пра тое, што нядрэнна было б даць усім ураджэнцам Леніна магчымасць пабываць на сваёй малой радзіме віртуальна. Ідэяй загарэліся ўсе: і педагогі, і навучэнцы. Разам мы хацелі не проста стварыць інтэрактыўную карту, а зрабіць яе максімальна жывой, — расказала Марына Аляксандраўна.

Майстар-клас па карыстанні жывой картай праводзіць вучаніца 11 класа Лізавета Свірыдзенка.

Карпатлівая сумесная работа пачалася з арганізацыі велапрабегаў па значных мясцінах аграгарадка і яго наваколлях. Па напрацоўках настаўніка гісторыі Сяргея Іванавіча Лоцманава быў распрацаваны вялікі маршрут, і навучэнцы ў суправаджэнні педагогаў адправіліся ў вандроўку па родным краі.

— Падчас першага велапрабегу мы праехалі больш за 30 кіламетраў. Пасля адбылося яшчэ некалькі выездаў. У кожным з іх дзеці знаёміліся са спадчынай роднай зямлі, якая вельмі багатая на гістарычныя падзеі. Так, наш пасёлак Леніна — знакавае месца ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. На тэрыторыі населенага пункта ў кастрычніку 1943 года адбыўся бой, які стаў часткай Аршанскай наступальнай аперацыі. І гэта толькі адзін з нямногіх цікавых гістарычных фактаў. Наогул, краязнаўчыя велапрабегі знайшлі шырокі водгук сярод вучняў. Акрамя вывучэння значных аб’ектаў, мы арганізоўвалі работу па іх добраўпарадкаванні, — адзначыў настаўнік геаграфіі, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Аляксандр Раманюк.

Адметна, што ў краязнаўчыя велапрабегі навучэнцы адпраўляліся з яшчэ адной канкрэтнай задачай. Яны не проста вывучалі малую радзіму, а пры дапамозе звычайнага мабільнага тэлефона здымалі відэаролікі пра яе знакавыя месцы.

— Дзеці падрабязна даследавалі нашы прыродныя і гістарычныя славутасці, памятныя месцы, абеліскі, воінскія пахаванні, мемарыялы, населеныя пункты, якія ўжо спынілі сваё існаванне. Усяго мы знялі 29 відэагісторый, кожная з якіх прысвечана пэўнаму куточку нашага краю. Значна, што ў гэтую работу ўключыліся не толькі настаўнікі і вучні, але і бацькі, мясцовыя жыхары, — паведаміла Марына Аляксандраўна.

Падрыхтоўкай відэасюжэтаў работа не скончылася. Пасля да стварэння інтэрактыўнай карты далучыліся настаўніца інфарматыкі Вераніка Бабіч і настаўніца матэматыкі Наталля Сарокіна.

— Мантаж і апрацоўка відэа расцягнуліся на паўгода. Працэс быў працаёмкім, але ў яго ўключыліся многія навучэнцы. Іх удзел стаў добрай падмогай. Разам мы стварылі школьны YouTube-канал, куды загрузілі ролікі. Каб было лягчэй шукаць іх у інтэрнэце, кожны суправадзілі індывідуальным QR-кодам. Асаблівы ўклад у гэтую справу ўнесла цяпер ужо выпускніца школы Ганна Цярэшчанка, якая агучыла ўсе відэаролікі, а таксама сённяшнія адзінаццацікласніцы Дар’я Малянкова і Лізавета Свірыдзенка, — падкрэсліла Вераніка Віктараўна.

Пасля заканчэння ўсёй работы педагогі і навучэнцы нанеслі створаныя QR-коды на спадарожнікавы здымак сельскага Савета і раздрукавалі плакат. Ён заняў пачэснае месца ў школьным музеі. Электронны варыянт размясцілі на сайце школы. Зараз любы, хто жыве нават за тысячы кіламетраў ад аграгарадка Леніна, можа віртуальна наве­даць яго адметныя месцы.

Працаваць з інтэрактыўнай картай вельмі зручна. Яна сучасная і простая ў выкарыстанні. У QR-кодах прадстаўлена інфармацыя, здольная разнастайна рэагаваць на дзеянні карыстальніка, да выявы прымацаваны дадатковыя спасылкі на вэб-рэсурсы і інтэрнэт-дакументы, мультымедыйныя аб’екты.

Невялікі карыстальніцкі майстар-клас — і віртуальную экскурсію па родным пасёлку правялі непасрэдна актыўныя ўдзельніцы стварэння карты — Дар’я Малянкова і Лізавета Свірыдзенка. Дзяўчынкі падносяць да карты смартфон, сканіруюць QR-код, і на экране адразу ж з’яўляецца відэаролік. Глядач бачыць сучасны Леніна, а закадравы голас падрабязна расказвае пра аграгарадок важныя гістарычныя звесткі.

— Работа над стварэннем жывой карты была вельмі займальнай. А яшчэ пазнавальнай, бо мы даведаліся шмат невядомых нам раней фактаў аб сваёй малой ра­дзіме, — адзначылі навучэнкі.

Дарэчы, распрацоўка Ленінскага ВПК была неаднаразова адзначана дыпломамі на розных конкурсах. Яе называлі ў ліку лепшых прыкладаў інтэрактыўных карт, падрыхтаваных установамі адукацыі вобласці ў рамках праекта “#Мая_Зямля_Прыдняпроўе”. Акрамя таго, навучэнцы сталі ўдзельнікамі навукова-практычнай канферэнцыі БДТУ “Першы крок у навуку”, дзе дзяліліся вопытам стварэння інтэрактыўнай карты і дэманстравалі яе работу. Таксама карта стала лаўрэатам рэспубліканскай выставы-конкурсу навукова-
метадычных матэрыялаў і педагагічнага вопыту па грама­дзянска-патрыятычным выхаванні мола­дзі “Ганарымся мінулым і працуем для будучыні”.

Маладзёжны праект “#Мая_Зямля_Прыдняпроўе” стартаваў у студзені мінулага года па ініцыятыве галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. Яго мэта — масавае далучэнне вучняў да пазнавальнай і даследчай дзейнасці, накіраванай на атрыманне ведаў аб гістарычна-культурных і прыродных адметнасцях розных мясцін, сацыяльна-эканамічных і іншых дасягненнях роднага краю.
Падчас першага этапу — конкурсу “Вандроўка ў мінулае” — навучэнцы падрабязна даследавалі спадчыну сваёй малой радзімы. У выніку з устаноў рознага профілю каардынатарам паступіла звыш 300 матэрыялаў, падрыхтаваных па шасці намінацыях у розных фарматах і тэхніках, такіх як друкаваная прадукцыя, эсэ, схемы, лэпбукі, відэаролікі, фотакалажы, інтэрактыўныя карты, гульні, сайты, турыстычныя маршруты.
У снежні завяршыўся другі этап праекта — конкурс “Раён адчыняе дзверы”. Кожны раён вобласці арганізоўваў экскурсіі і наведванне славутасцей для вучняў суседніх населеных пунктаў.
Цяпер вядзецца падрыхтоўка да заключнага этапу праекта — стварэння даведніка па Магілёўскай вобласці, інтэрактыўнай карты, у якой будуць адлюстраваны ўсе адметнасці рэгіёна, а таксама мабільнага дадатку “Мая_Зямля_Прыдняпроўе”.

Цяпер навучэнцы і педагогі вядуць работу па ўдасканаленні жывой карты. Яна ўвесь час папаўняецца новымі звесткамі і фактамі.

— Зараз мы працуем над стварэннем яшчэ аднаго раз­дзела, які будзе прысвечаны нашым вядомым землякам. Лю­дзям, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё Леніна ці краіны. Мы зрабілі падрабязны макет аграгарадка, які таксама суправа­дзілі QR-кодамі. На аснове карты былі распрацаваны турыстычныя маршруты па нашым сельсавеце. Мы далучыліся да міжнароднага гістарычнага праекта Расіі і Беларусі “Лічбавая зорка”. Працягваем таксама стварэнне новых патрыятычных праектаў. Сярод апошніх — камп’ютарныя гульні, якія дапамагаюць дзецям цікава вывучаць гісторыю, — падкрэсліла дырэктар установы Марына Міронава.

Педагагічны калектыў вучэбна-педагагічнага комплексу перакананы: сённяшняе маладое пакаленне вельмі важна прыцягваць да краязнаўства, да вывучэння роднага краю, бо менавіта гэтая дзейнасць найлепшым чынам фарміруе ў дзяцей грама­дзянскасць і патрыятызм. У сувязі з гэтам мэта мясцовых педагогаў — захапіць сваімі ідэямі калег з іншых устаноў адукацыі, на­даць падобнай краязнаўчай рабоце большы маштаб і ў выніку атры­маць магчымасць устанаўліваць такія жывыя інтэрактыўныя плакаты на ўездзе ў населеныя пункты.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.