Месца сустрэчы пакаленняў. Якой была «Настаўніцкая» ў 2005 годзе

- 14:4080 лет вместе

Шосты юбілей “Настаўніцкая” сустрэла поўная творчых сіл, з багатым вопытам і нязменным аўтарытэтам.

З камп’ютарам на ты

Рэпартажы маладых журналістаў суседнічаюць з аналітычнымі матэрыяламі старэйшых калег, а крэатыўныя ідэі не перашкаджаюць захоўваць традыцыі — такой газета была 20 гадоў назад, такой яна застаецца і ў наш час…

Але вернемся ў год 2005-ы. 10-бальная сістэма ацэнкі ведаў ужо стала часткай школьнага жыцця, інфармацыйныя тэхналогіі актыўна ўкараняюцца ў адукацыйны працэс — камп’ютар становіцца такім жа неад’емным атрыбутам урока, як класная дошка або крэйда.

Гартаючы тагачасную падшыўку, нельга не звярнуць увагу на загалоўкі — “Плануем паўсюдную інтэрнэтызацыю школ”, “Камп’ютар дапаможа кіраваць, калі дырэктар навучыцца на ім працаваць”, “Ад аўтарскіх курсаў да ўласных сайтаў у інтэрнэце”, “Кабінет гісторыі абсталяваны сучаснымі тэхнічнымі сродкамі, у тым ліку і камп’ютарам”, “Падарожжа з Кліфардам. Камп’ютар на ранняй ступені навучання англійскай мове”.

Вось што пісаў у нумары за 5 лютага настаўнік інфарматыкі зэльвенскай сярэдняй школы № 3 Станіслаў Вярстак: “Калі раней трэба было перакон­ваць настаўнікаў-прадметнікаў у эфектыўнасці выкарыстання камп’ютара на ўроку, то сёння кабінет інфармацыйных тэхналогій не можа змясціць усіх жадаючых”. Дзеліцца педагог і такімі назіраннямі: “Падчас работы ў працэсе камп’ютарызацыі давялося сутыкнуцца і з некаторымі цяжкасцямі. Па-першае, гэта праблема навучання педагагічнага калектыву школ навыкам работы з праграмнымі комплексамі… Другая праблема, якая хвалюе калектывы сельскіх навучальных устаноў, — гэта недахоп камп’ютарнай тэхнікі”.

На яго думку, каб наладзіць работу ў школах на належным узроўні, камп’ютары павінны быць і ў кабінетах справавода, дырэктара, завуча, і ў настаўніцкай. Сёння гэтая праблема ўжо не актуальная. Аднак надзённым застаецца наступнае пытанне: ці спаўна настаўнікі выкарыстоўваюць у сваёй рабоце магчымасці ІКТ? Наогул, ці ўмеем мы карыстацца сучаснымі тэхналогіямі, у прыватнасці, штучным інтэлектам?

Працэс інфарматызацыі ву­чэбнага працэсу не быў імгненным. Калі маладыя настаўнікі пачыналі размаўляць з камп’ютарам на ты даволі хутка, то старэйшае пакаленне не спяшалася звяртацца да яго па дапамогу. Але гэта не значыць, што іх урокі былі несучаснымі, неэфектыўнымі. У кожнага педагога свае падыходы. Галоўнае — зацікавіць вучняў прадметам і даць ім веды ў адпаведнасці з праграмай. А камп’ютар толькі памочнік, на першым жа месцы заўсёды будзе асоба настаўніка, незалежна ад яго ўзросту.

І ўсё ж тэхніка можа зра­біць урок больш інфарматыўным, цікавым, карысным. У гэтым і сёння перакананы дырэктар сярэдняй школы № 1 Ліды Сяргей Анатоль­евіч Фанасаў. Такой думкі ён прытрымліваўся і 20 гадоў назад. У нумары за 19 мая газета паведамляла, што 25% настаўнікаў гэтай установы адукацыі выкарыстоўваюць камп’ютар пры правядзенні ўрокаў, а ў самой школе дзейнічаюць два камп’ютарныя класы.

Напрыклад, настаўнікі 4-х класаў кожны тыдзень право­дзяць у камп’ютарным класе ўрок матэматыкі і рускай мовы. Спецыяльная праграма дазваляе арганізоўваць тэсціраванне, кантроль, самакантроль, маніторынг, карэкцыю ведаў. У выніку значна палепшылася паспяховасць па згаданых прадметах.

“Добрая ідэя — паставіць у кожны клас камп’ютар, тэлевізар і відэа, — кажа дырэктар. — Адна справа сказаць на ўроках геаграфіі, што гепард — самая хуткая жывёліна, зусім іншая — прадэманстраваць гэта за некалькі хвілін”.

Думка актуальная і сёння, праўда, з акцэнтам на сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі.

Вернасць традыцыям

Упрыгажэннем нумара за 4 чэрвеня 2005 года стаў матэрыял пад назвай “Жыццё як адкрыты ўрок” пра заслужаную настаўніцу БССР Зінаіду Аляксееўну Прохар. Увагу прыцягвае не толькі загаловак, але і фотаздымак гераіні. Светлы погляд, шчырая ўсмешка, а шматлікія зморшчынкі зусім не псуюць твар, а, наадварот, нада­юць яму асаблівую цеплыню. У 1989 годзе педагог развіталася са школай, але выпускнікі ­80-х, 70-х і нават 60-х гадоў цудоўна памятаюць сваю настаўніцу біялогіі.

“Строгасць, прынцыповасць, адказнасць — гэта не ўсе якасці, якія вызначалі настаўніцу біялогіі. А яшчэ трэба дадаць любоў да выбранай справы, адданасць ёй, творчую думку, уменне заціка­віць дзяцей”, — піша аўтар Ала Фядотава.

Дзякуючы Зінаідзе Аляксееўне, на тэрыторыі школы з’явіўся доследны ўчастак, дзе вучні шмат гадоў вялі феналагічныя назіранні, за што нават атрымалі медаль ВДНГ СССР. З вялікім энтузіязмам настаўніца абсталявала і кабінет біялогіі, але больш за ўсё дзецям падабаўся жывы куток. Гэта было іх любімае месца. Тут яны па чарзе даглядалі чарапах, хамякоў, марскіх свінак. Сваім запалам настаўніца літаральна зараджала дзяцей.

Прышкольны ўчастак невыпадкова называўся доследным: эксперыменты праводзіліся пастаянна. Напрыклад, адзін год моркву апрацоўвалі газавай сумессю. Агародніна вырасла вялікая, роўная, чыстая. Аднак высветлілася, што такі ўраджай доўга не захоўваўся, пачынаў хутка гніць, таму дослед адмянілі. А яшчэ настаўніца біялогіі на зіму не зрывала лебяду, каб з надыходам маразоў і снегу насеннем маглі харчавацца птушкі. Актыўна Зінаіда Аляксееўна практыкавала і ўрокі-экскурсіі. Настаўніца вучыла дзяцей бачыць прыга­жосць вакол сябе: у бэзе, які зацвіў, у таполі, на якой з’явілася зялёнае лісце.

Пра жанчыну і цяпер памятаюць настаўнікі сярэдняй школы № 1 Шчучына імя А.Я.Андрэева. Нездарма яе жыццё было падобна на адкрыты ўрок.

Прадстаўнікі розных пакаленняў нярэдка былі героямі аднаго здымка. Напрыклад, у нумары за 16 чэрвеня на першай паласе бачым фота педагогаў гімназіі № 1 Дзяржынска Любові Якаўлеўны Дудзянковай і яе малодшай калегі Кацярыны Іванаўны Галубковіч. Любоў Якаўлеўна на той момант 40 гадоў прысвяціла выкладанню рускай мовы і літаратуры, неаднаразова была ўзнагароджана граматамі і прэміямі Міністэрства адукацыі, яе вучні станавіліся прызёрамі алімпіяд, а некаторыя і настаўнікамі. Мінуў час… Кацярына Іванаўна Галубковіч і цяпер працуе ў гімназіі № 1 Дзяржынска, выкладае матэматыку. Яна даўно змяніла статус маладога педагога. Сёння да вопытнага настаўніка часта звяртаюцца па параду калегі, а вучні нязменна дзякуюць за атрыманыя веды.

У нумары за 1 сакавіка таксама своеасаблівая сустрэча пакаленняў — фота настаўніц матэматыкі Рэчыцкага раённага ліцэя Клары Рыгораўны Лін з больш чым 40-гадовым стажам і яе малодшай калегі Наталлі Мікалаеўны Раманавай. Здымак зроблены ў той час, калі жанчыны рыхтавалі вучняў да Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. Сёння Наталля Мікалаеўна Раманава мае ўжо 34 гады вопыту настаўніцкай працы. За гэты час яна падрыхтавала дзясяткі прызёраў алімпіяд — не на шмат менш, чым калісьці Клара Рыгораўна, з якой яны ра­зам сваімі чароўнымі ўсмешкамі ўпрыгожылі першую паласу “Настаўніцкай газеты”.

— У 2005 годзе якраз і быў створаны ліцэй, куды мы з калегамі прыйшлі працаваць з розных устаноў адукацыі, — успамінае Наталля Мікалаеўна. — Клара Рыгораўна ўзначальвала сярэднюю школу № 2 Рэчыцы, я ж працавала настаўніцай матэматыкі ў 7-й школе. Праз паўтара года Клара Рыгораўна пайшла на заслужаны адпачынак, але гэта быў незабыўны перыяд нашай сумеснай працы. Старэйшую калегу запомніла як добразычлівага чалавека, сапраўднага прафесіянала, які шчыра любіць свой прадмет і гэтак жа шчыра імкнецца, каб яго палюбілі вучні. Яна заўсёды загадзя прыходзіла ў ліцэй і з тымі дзецьмі, у каго матэматыка была першым урокам, перад яго пачаткам праводзіла дадатковыя заняткі. Клара Рыгораўна была патрабавальнай, любіла, каб усё было дакладна і своечасова выканана. І гэта прыносіла плён.

Сёння Наталля Мікалаеўна мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, узнагароджвалася падзякамі і граматамі, знакам “Выдатнік адукацыі”, дзялілася вопытам на семінарах. Але галоўным прафесійным дасягненнем лічыць тое, што змагла пера­даць сотням вучняў часцінку сваёй вялікай любові да царыцы
навук.

Па словах настаўніцы, такія ж якасці характэрны і для яе сённяшніх малодшых калег:

— Яшчэ іх вылучае большая актыўнасць. Яны адразу ж пагаджаюцца ўдзельнічаць у конкурсах, хутка асвойваюць штучны інтэлект. Вось чаму важна, каб у адной установе працавалі і моладзь, і старэйшае пакаленне. Яны дапаўняюць адно аднаго, што, безумоўна, ідзе на карысць адукацыйнаму працэсу.

Менавіта такія педагогі, з розным прафесійным і жыццёвым вопытам, з рознымі падыходамі ў рабоце, але з адной агульнай мэтай — даваць дзецям грунтоўныя веды, сеяць у іх сэрцах разумнае, добрае, вечнае, і з’яўляюцца героямі “Настаўніцкай”. Наша выданне ва ўсе часы было месцам сустрэчы пакаленняў. І гэтая добрая традыцыя будзе працягвацца.

 Ігар ГРЭЧКА

 Справа працягваецца

Арганізаваць не проста прастору, дзе захоўваюцца прадметы даўніны, а своеасаблівы цэнтр фарміравання патрыятызму і духоўнай культуры навучэнцаў. Менавіта з такім пасылам два дзесяцігоддзі назад ствараўся комплексны краязнаўчы музей у Кадзінскай сярэдняй школе Магілёўскага раёна.

Як паведамляецца ў адным з майскіх нумароў “Настаўніцкай газеты” за 2005 год, ідэйным натхняльнікам адкрыцця музея стаў першы дырэктар установы адукацыі Ула­дзімір Гаранінаў.

Выбітны кіраўнік вялікую ўвагу ўдзяляў не толькі навучанню, але і выхаванню падрастаючага пакалення. Сумесна з завучам Валянцінай Цікалавай і настаўніцай рускай мовы Кацярынай Салановіч ён матываваў педагогаў і вучняў на пошукавую работу па вывучэнні роднага краю. Дзеці знаходзілі экспанаты, займаліся даследаваннямі, гутарылі са старажыламі, па крупінках збіралі ў адзі­нае цэлае гісторыю малой радзімы. Уласнымі сіламі калектыў школы афармляў музейныя залы. Гэта дазволіла ператва­рыць некалькі вучэбных кабінетаў у месца, дзе можна сустрэцца з мінулым.

— Мне не давялося праца­ваць пад кіраўніцтвам Ула­дзіміра Іванавіча. Але памяць аб ім, яго энтузіязме і адданасці прафесіі жыве ў музейных сценах, ва ўспамінах калег і былых вучняў. Працягвае жыць і ініцыіраваная ім справа. Ён заўсёды падкрэсліваў выключную важнасць для школы наяўнасці свайго музея, гаварыў аб тым, што музей не толькі павысіць матывацыю дзяцей да вучобы, але і будзе спрыяць патрыятычнаму выхаванню, станаўленню актыўнай грамадзянскай пазіцыі навучэнцаў. Так і выйшла, — падзялілася цяперашні кіраўнік музея настаўніца геаграфіі Алена Багамаз.

Сёння музей Кадзінскай школы — гэта тры тэматычныя раздзелы экспазіцыі. У кожнай ёсць знакавыя экспанаты. Вялікую плошчу займае раз­дзел, прысвечаны этнаграфіі. Памяшканне ў дэталях адлюстроўвае побыт сялян. Тут прадстаўлены прадметы штодзённага ўжытку сялян, прылады працы, посуд, розныя даматканыя вырабы. Асаблівую ціка­васць у наведвальнікаў выклікае ткацкі станок.

— Інструменту звыш 100 гадоў, але ён у рабочым стане. Каштоўны экспанат перадала жыхарка аграгарадка Кадзіна Ніна Колбік. Ніна Антонаўна часта прыходзіць да нас у госці, у фармаце майстар-класаў паказвае дзецям, як раней гаспадыні ткалі палатно. Дарэчы, ткацкі станок уключаны ў дзяржаўны каталог музейнага фонду. У гэтым рэестры ёсць і яшчэ ­адзін наш экспанат — кніга на стараславянскай мове, — расказала Алена Іванаўна.

Другая музейная зала прысвечана ваенна-гістарычнай спадчыне. З дапамогай мастака Рыгора Таболіча тут узноўлена атмасфера трагічных падзей, звязаных з ваенным ліхалеццем і барацьбой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У школьнікаў ёсць магчы­масць азнаёміцца з фрагментамі зброі і ваеннай экіпіроўкі, фатаграфіямі і дакументамі акупацыйных часоў. Асобны стэнд займае спіс імёнаў ураджэнцаў навакольных вёсак, якія загінулі ў баях за мір.

Адметны і трэці музейны пакой. Экспазіцыя адлюстроўвае летапіс гісторыі школы. У кубках, медалях, дыпломах — поспехі навучэнцаў і педагогаў.

— Наша школа прызнавалася лепшай сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі краіны. Узнагарод шмат па розных напрамках. Увагу нязменна прыцягвае стэнд, які расказвае пра спартыўныя перамогі. Дзякуючы намаганням настаўніка фізічнай культуры і здароўя Леаніда Камарова, вучні двойчы станавіліся пераможцамі міжнароднага спартыўнага фестывалю “Алімпійскія надзеі”, а школьная хакейная каманда з’яўляецца дзесяціразовым пераможцам абласных і дзевяціразовым прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў “Залатая шайба”. Не так даўно старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Русы перадаў у дар музею ўнікальныя рэчы — світар легендарнага беларускага хакеіста Руслана Салея, а таксама бейсболку з аўтографамі знакамітых расійскіх хакеістаў — Аляксандра Авечкіна і Яўгена Малкіна, — паведаміла Алена Багамаз.

У школьным музеі рэгулярна праходзяць сустрэчы з вядомымі землякамі.
У госці да навучэнцаў завітала мясцовая майстрыха Тамара Раманоўская

Дзверы музея Кадзінскай школы пастаянна адчынены. У музейных памяшканнях прахо­дзяць пазнавальныя экскурсіі, урокі, пазакласныя мерапрыемствы, сустрэчы з вядомымі землякамі, гістарычныя квесты. У рамках гуртка “Юны краязнавец” навучэнцы займаюцца даследчай дзейнасцю.

— Мы дэталёва вывучылі лёс і баявы шлях педагога — ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Масаніна, склалі экскурсійныя маршруты па святых мясцінах і праваслаўных храмах Магілёўскага раёна. Гэтыя даследаванні былі адзначаны дыпломамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, — расказала Алена Іванаўна.

Працягваецца ў музеі і пошукавая работа. Фонды рэгулярна папаўняюцца экспанатамі. Зараз іх налічваецца ўжо больш за восемсот.

— За 20 гадоў музей стаў цэнтрам школьнага жыцця. Гэта важная пляцоўка для перадачы гістарычнай памяці і выхавання грамадзян, — падкрэсліла Алена Багамаз.

 Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі