Мець добры заробак і быць самастойным

- 12:55Выбар прафесіі

Усе прафесіі карысныя і патрэбныя. Гэтае сцвярджэнне, на якім будавалася прафарыентацыя савецкай адукацыі, актуальнае і ў наш час.
У аснове выбару будучай прафесіі павінна ляжаць цікавасць да справы і асабістыя ўменні. Адсюль бярэ пачатак прафесіяналізм. Лепш быць добрым рабочым, чым дрэнным інжынерам. Да таго ж трэба ўлічваць, што сёння прадпрыемствы і арганізацыі вядуць сур’ёзную кадравую палітыку, яны арыентуюцца на тых рабочых і спецыялістаў, у чыіх галовах нараджаюцца цікавыя ідэі, хто можа прапанаваць вырашэнне пэўных праблем і задач. А таму памылкова цягнуцца да прывабных, гучных прафесій ці проста да дыплома аб вышэйшай адукацыі, бо гэта наўрад ці прывядзе да самарэалізацыі.

З першай ступені

Прыемна, што многія выпускнікі школ разумна ставяцца да пытання выбару прафесіі. Менавіта такі вынік паказалі даследаванні на тэму “Прафтэхадукацыя”, якія ў мінулым годзе праводзіў аналітычны цэнтр EcooM (незалежная прыватная кампанія, якая спецыялізуецца на правядзенні сацыялагічных і маркетынгавых даследаванняў). Сацыёлагі апыталі больш за дзве тысячы навучэнцаў з амаль паловы беларускіх устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі ва ўсіх рэгіёнах краіны. Удзельнікі апытання адзначалі, што набытая ў прафтэхліцэях і каледжах прафесія ў першую чаргу дае магчымасць мець добры заробак і быць самастойным. Рэспандэнты таксама выказалі ўпэўненасць у тым, што набытая ва ўстановах прафтэхадукацыі прафесія дазваляе ў будучыні зрабіць паспяховую кар’еру: адукацыю можна працягваць далей, а атрыманыя рабочыя навыкі і ўменні зробяць цябе прафесіяналам, незалежна ад таго, будзеш ты працаваць кухарам ці станеш уладальнікам шыкоўнага рэстарана. А самымі галоўнымі складнікамі станаўлення сапраўднага прафесіянала, на думку навучэнцаў, з’яўляюцца вялікае жаданне, працавітасць, упартасць і добрыя выкладчыкі.
Вось такая цудоўная наша моладзь. Сапраўды, многія знакамітыя кіраўнікі і палітыкі пачыналі свой шлях у будучыню з атрымання прафтэхадукацыі, і зараз яны з удзячнасцю гавораць пра гэта. А наконт таго, каб працягваць вучобу далей, дык было б жаданне. Сёння ў многіх установах прафесійна-тэхнічнай адукацыі існуе другая ступень навучання, якая дазваляе атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю, ёсць бесперапынная форма навучання: прафесійна-тэхнічная — сярэдняя спецыяльная — вышэйшая адукацыя. У цэлым, паводле статыстыкі, недзе пятая частка выпускнікоў сістэмы прафтэхадукацыі працягвае навучанне на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай або вышэйшай адукацыі. А па некаторых спецыяльнасцях да 90% выпускнікоў адразу альбо праз некаторы час ідуць вучыцца далей.
Што б там ні казалі, а беларуская адукацыя мае шмат плюсаў. Па-першае, вучэбны працэс будуецца на цеснай сувязі з вытворчасцю, што дае магчымасць замацоўваць тэарэтычныя веды на практыцы. Па-другое, кожнаму выпускніку закон гарантуе першае працоўнае месца. А гэта значыць, што ў той час, які трэба было б затрачваць на пошукі працы, малады рабочы ці спецыяліст ужо зарабляе грошы. Сістэма прафтэхадукацыі хутка рэагуе на попыт: там, дзе бачны дэфіцыт, павялічваецца набор. Так, напрыклад, у часы будаўнічага буму, калі ў краіне пачаў адчувацца недахоп будаўнікоў, іх падрыхтоўка вырасла ўдвая. Праблема незапатрабаванасці пэўных прафесій вырашаецца шляхам інтэграцыі.

Як патрабуе рынак працы

У сістэме сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі Гомельскай вобласці функцыянуе 33 установы: 7 каледжаў і 26 прафесійных ліцэяў. Сёлета яны прынялі каля шасці тысяч навучэнцаў.
— Асновай для фарміравання плана прыёму ва ўстановы прафтэхадукацыі з’яўляюцца заяўкі галіновых камітэтаў, упраўленняў Гомельскага аблвыканкама, дамовы аб узаемадзеянні ўстаноў адукацыі з арганізацыямі-заказчыкамі, — тлумачыць начальнік аддзела сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама В.М.Пільшчыкаў. — Акрамя таго, штогод сумесна з камітэтам па працы і сацыяльнай абароне аблвыканкама мы праводзім маніторынг рынку працы. Такім чынам мы сочым за тым, дзе патрэбны нашы выпускнікі, і робім аналіз запатрабаваных прафесій.
У мінулым навучальным годзе, улічваючы патрэбы сацыяльна-эканамічнага комплексу ў рабочых кадрах, у каледжах і ліцэях была адкрыта падрыхтоўка па 26 новых кваліфікацыях, а з-за незапатрабаванасці на рынку працы па 34 кваліфікацыях закрыта. Сёлета таксама ўносіліся карэктывы. Была ўведзена падрыхтоўка амаль па трыццаці кваліфікацыях, больш чым па дваццаці — закрыта.
— У мэтах рацыянальнага выкарыстання бюджэтных сродкаў штогод праводзіцца аптымізацыя сеткі ўстаноў прафесійнай адукацыі, — расказвае Вячаслаў Мікалаевіч. — Так, з гэтага года ў вобласці тры вучылішчы, размешчаныя на тэрыторыі папраўчых устаноў, будуць функцыянаваць як філіялы прафесійных ліцэяў і каледжа. Таксама адбылася рэарганізацыя Гомельскага дзяржаўнага прафесійнага хіміка-тэхналагічнага ліцэя. Установа далучана да Гомельскага дзяржаўнага прафесійнага каледжа машынабудавання.

Такія патрэбныя прафесіі

У ліцэях і каледжах Гомельшчыны можна атрымаць самыя розныя прафесіі. Сёння раскажам аб прафесійна-тэхнічных установах, якія выпускаюць у свет работнікаў для прадпрыемстваў і арганізацый лёгкай прамысловасці і сферы абслугоўвання.

Гомельскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж кулінарыі

Гэта адна з найстарэйшых і багатых на традыцыі навучальных устаноў, гісторыя якой пачыналася ў 1960 годзе з прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 17.
Сярод выпускнікоў каледжа нямала паспяховых і вядомых людзей не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. А калі казаць пра абласны цэнтр, дык тут наогул практычна ва ўсіх прадпрыемствах грамадскага харчавання кіруючыя пасады займаюць менавіта выпускнікі каледжа кулінарыі. Вось вам і доказ, што прафесійна-тэхнічная адукацыя можа стаць добрым стартам для паспяховай кар’еры.
Падрыхтоўка ў каледжы вядзецца на двух узроўнях адукацыі. На першым, прафесійна-тэхнічным, можна атрымаць прафесію кухара, кандытара і афіцыянта. Другі ўзровень прапануе сярэднюю спецыяльную адукацыю з кваліфікацыяй “Тэхнік-тэхнолаг”. А для самых старанных адкрыта дарога далей: яны могуць працягнуць навучанне па скарочаным тэрміне ў Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі ці ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання.
А старанных і таленавітых дзяўчат і хлопцаў у каледж кулінарыі прыходзіць нямала. Толькі ў мінулым годзе — два прызавыя месцы ў рэспубліканскіх конкурсах. Адно з іх — у конкурсе на лепшую арганізацыю харчавання сярод вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь, дзе гомельскія кулінары занялі 2 месца. Яшчэ адна перамога атрымана ў конкурсе кандытараў сярод навучэнцаў прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі. Каледж на рэспубліканскіх спаборніцтвах прадстаўлялі тры навучэнкі. Сярод іх і Людміла Сіроткіна, якая атрымала дыплом ІІ ступені. Сёння імя Люды ўнесена ў банк даных адоранай моладзі, а яшчэ яна — намінант на атрыманне прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Трэба сказаць, што да спаборніцтваў навучэнцы гэтай установы ставяцца сур’ёзна, але з лёгкасцю. І ўсё таму, што справа для іх гэта звыклая: для ўдасканалення прафесійнага майстэрства і павышэння цікавасці да прафесіі ў каледжы праводзяцца конкурсы прафесійнага майстэрства, дзе кожны можа паказаць свае навыкі і творчы талент. Тэарэтычнае навучанне ў каледжы чаргуецца з вытворчым. Засвоіць практычныя навыкі будучым кухарам і кандытарам дапамагаюць вопытныя рабочыя і спецыялісты базавых прадпрыемстваў: сталовых, кафэ і рэстаранаў. Акрамя таго, для творчых навучэнцаў у каледжы працуюць цікавыя гурткі, у якіх таксама можна шліфа-ваць сваё майстэрства. Асабліва прыцягвае навучэнцаў гурток па фігурнай нарэзцы, дзе яны вучацца вырабляць сапраўдныя шэдэўры з садавіны і агародніны. Не менш прывабны і гурток дэкаратыўна-прыкладной творчасці па вырабе муляжоў.
Калі глядзіш на ўсё гэтае багацце, створанае рукамі будучых прафесіяналаў, разумееш, што кулінарныя прафесіі немагчымыя без крэатыўнага падыходу.

Гомельскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж бытавога абслугоўвання

Больш за 17 тысяч спецыялістаў падрыхтавала гэтая навучальная ўстанова. Сярод іх — цырульнікі і краўцы, мастакі-мадэльеры і мадэльеры-канструктары.
Вучэбны працэс тут пабудаваны па бесперапыннай двухузроўневай сістэме. На першым узроўні рыхтуюць кваліфікаваных спецыялістаў па прафесіях “Закройшчык, кравец”, “Цырульнік”, “Цырульнік, кравец”. А ўжо на другім вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй па спецыяльнасцях “Мастак-мадэльер” і “Мадэльер-канструктар”. Апошнюю, дарэчы, можна атрымаць і на завочным аддзяленні.
Каледж бытавога абслугоўвання — гэта не проста ўстанова, дзе вучацца. Гэта цэлы вытворчы працэс. На базе каледжа працуюць тры вучэбныя цырульні, якія аказваюць паслугі насельніцтву на льготных умовах. Так у будучых майстроў прычосак ёсць магчымасць жывых зносін з кліентам, што таксама вельмі важна ў цырульніцкай справе.
Талентаў у каледжы хапае. Пад кіраўніцтвам педагогаў навучэнцы развіваюць і ўдасканальваюць сваё майстэрства і прадстаўляюць яго на суд прафесіяналаў на розных конкурсах. Гамяльчане — пастаянныя ўдзельнікі адкрытага Міжнароднага чэмпіянату па цырульніцкім мастацтве, нэйл-дызайне і дэкаратыўнай касметыцы “Неўскія берагі”, які праходзіць у Санкт-Пецярбургу. І кожны раз яны вяртаюцца з перамогамі. Гэта сапраўды высокая ацэнка, бо ў чэмпіянаце звычайна ўдзельнічаюць некалькі тысяч чалавек з двух дзясяткаў краін. Больш за ўсіх узнагарод сабрала Дар’я Лазарчук. Дарэчы, Даша заваявала прызавыя месцы і на конкурсе WorldSkills, які нядаўна прайшоў у Беларусі, дзе за мужчынскую класічную стрыжку атрымала 1 месца, а за вясельную прычоску з пляценнем — 3 месца.
Для тых, хто асвойвае швейнае мастацтва, у каледжы таксама вялікая прастора. Тут прымаюць індывідуальныя заказы ад насельніцтва на пашыў і рамонт швейных вырабаў, навучэнцы разам з майстрам выконваюць заказы ад розных арганізацый на пашыў спецыяльнага адзення. Але не толькі ў гэтым могуць праяўляць свае таленты тыя, хто любіць ствараць прыгажосць і апранаць у яе людзей. Для іх творчасці адчынены тэатр моды “Чатыры стыхіі”.
Цяжка нават пералічыць, колькі цікавых калекцый было створана ў швейных майстэрнях каледжа. Ёсць і такія, якія аб’ехалі паўсвету. Тэатр моды каледжа бытавога абслугоўвання — пастаянны ўдзельнік і прызёр такіх конкурсаў, як “Млын моды”, “Кірмаш моды”, “АРТ-вакацыі”, “Беларускi вянок”, “Зорнае юнацтва” і многіх іншых. Яшчэ і сёння многім успамінаюцца дзівосныя сукенкі, створаныя навучэнцам каледжа Яўгенам Іванчыкам, калекцыі якога неаднаразова станавіліся пераможцамі на “Млыне моды”. Шыкоўныя творы Таццяны Карабіцкай, Вольгі і Святланы Барысенка і многіх іншых навучэнцаў каледжа атрымалі не адну ўзнагароду ў розных конкурсах. Многія з навучэнцаў, чый шлях у прафесію пачынаўся з Гомельскага каледжа бытавога абслугоўвання, сёння паспяхова працуюць мадэльерамі і дызайнерамі. Педагогі ганарацца сваімі выпускнікамі, а выпускнікі, у сваю чаргу, удзячны настаўнікам за перададзеныя веды і навыкі. Запытайцеся, што для іх азначае прафесійна-тэхнічная адукацыя, і яны вам адкажуць, што без яе, магчыма, яны б не сталі знакамітымі прафесіяналамі, а іх талент, выражаны ў эскізах і малюнках, пыліўся б на паліцы.

Наталля ЛУТЧАНКА.