Пастанову, згодна з якой настаўнікі будуць атрымліваць бонусы да заработнай платы за праверку сшыткаў, прыняло Міністэрства адукацыі. Адпаведны дакумент быў апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Пастанова Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 13 мая 2023 года № 156 “Аб змяненні пастановы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 25 лістапада 2004 года № 70” уступае ў сілу з 1 верасня 2023 года, а гэта значыць, што з новага навучальнага года настаўнікам будуць даплачваць за праверку сшыткаў школьнікаў.
У выніку прыняцця дакумента ў пастанову Мінадукацыі № 70 “Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку вызначэння аплатных гадзін арганізацыйна-выхаваўчай работы і дадатковага кантролю вучэбнай дзейнасці вучняў ва ўстановах адукацыі” ўносяцца змяненні, адна частка якіх носіць удакладняючы і карэкціруючы характар, у тым ліку звязаны з прывядзеннем дакумента ў адпаведнасць з Кодэксам аб адукацыі, а другая — істотна мяняе існуючы парадак.
Калі гаварыць пра асноўныя змяненні, то яны наступныя.
1. Скарэкціравана назва пастановы № 70. Цяпер гэта дакумент “Аб гадзінах арганізацыйна-выхаваўчай работы і дадатковага кантролю вучэбнай дзейнасці вучняў”, што пацвярджае падпункт 1.1 пункта 1 пастановы № 156.
2. Зменены парадак вызначэння аплатных гадзін дадатковага кантролю вучэбнай дзейнасці вучняў ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі (абзацы 17 і 18 падпункта 1.4 пункта 1 пастановы № 156).
Пастановай Мінадукацыі № 156 зацвярджаецца “Інструкцыя аб парадку вызначэння аплатных гадзін арганізацыйна-выхаваўчай работы і дадатковага кантролю вучэбнай дзейнасці вучняў ва ўстановах адукацыі”. Інструкцыя рэгламентуе парадак вызначэння настаўнікам (выкладчыкам) аплатных гадзін за арганізацыйна-выхаваўчую работу і дадатковы кантроль вучэбнай дзейнасці вучняў ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, адукацыйную праграму спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама на першым аддзяленні спецыяльнай школы, спецыяльнай школы-інтэрната пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю.
Для выканання арганізацыйна-выхаваўчай работы ў навучальным годзе ўстанаўліваецца ў сярэднім 5 гадзін на тыдзень на адзін клас ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, адукацыйную праграму спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама на першым аддзяленні спецыяльных школ, спецыяльных школ-інтэрнатаў пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю.
Дадатковы кантроль вучэбнай дзейнасці вучняў — гэта правядзенне настаўнікамі (выкладчыкамі) установы адукацыі работы па праверцы ведаў вучняў з прымяненнем дыферэнцыраваных і індывідуальных форм, уключаючы праверку пісьмовых работ, і з выкарыстаннем сучасных тэхналогій. Дадатковы кантроль ажыццяўляецца па асобных вучэбных прадметах, модулях за межамі часу, які адводзіцца на правядзенне вучэбных заняткаў у адпаведнасці з вучэбна-праграмнай дакументацыяй.
Для вызначэння аплатных гадзін дадатковага кантролю ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ўстанаўліваецца ў сярэднім на тыдзень:
на адзін клас вучняў I ступені агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, навучэнцаў 1—5 класаў першага аддзялення спецыяльнай школы, спецыяльнай школы-інтэрната пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю пры напаўняльнасці класа
да 10 навучэнцаў уключна — 1 гадзіна,
ад 11 да 25 навучэнцаў уключна — 2 гадзіны,
26 і больш навучэнцаў — 3 гадзіны;
на адзін клас II і III ступені агульнай сярэдняй адукацыі пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, навучэнцаў 6—12 класаў першага аддзялення спецыяльнай школы, спецыяльнай школы-інтэрната пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю пры напаўняльнасці класа
да 10 навучэнцаў уключна — 1,25 гадзіны,
ад 11 да 25 навучэнцаў уключна — 2,5 гадзіны,
26 і больш навучэнцаў — 3,75 гадзіны.
Кожнаму настаўніку ў залежнасці ад вучэбных прадметаў, якія ён выкладае, і модуляў устанаўліваецца не менш за 0,5 і не больш за 3 аплатныя гадзіны ў тыдзень з разліку на норму гадзін педагагічнай нагрузкі за стаўку (20 гадзін у тыдзень).
Для вызначэння аплатных гадзін дадатковага кантролю ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі напаўняльнасць класаў улічваецца на пачатак навучальнага года.
На сённяшні момант градацыі па гадзінах у залежнасці ад напаўняльнасці класаў у дакуменце не прадугледжана. Максімальная колькасць гадзін вызначана ў сярэднім 2,5 гадзіны ў тыдзень.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі