Мінімум тэорыі, максімум праектаў — такім дэвізам кіруецца ў працы маладая настаўніца Кацярына Крылова

- 9:03Главная, Образование

Аўтарскія гульні, тэатральныя пастаноўкі, штучны інтэлект: настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 34 Бабруйска Кацярына Крылова ведае, як правесці ўрок займальна і вынікова. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У прафесіі педагог ўсяго два гады, але ўжо выпрацавала ўласны почырк.

— Для мяне педагогіка — гэта мара і свядомае імкненне, — дзеліцца Кацярына Аляксандраўна. — Галоўным наглядным прыкладам у прафесіі стала матуля Людміла Уладзіміраўна. Менавіта яе самаадданая праца натхніла на настаўніцкі шлях. З профілем вызначылася, абапіраючыся на свае схільнасці. Засваенне нямецкай мовы заўсёды давалася даволі лёгка. А навучанне ў моўнай школе ў Германіі канчаткова пераканала ў тым, што выбрала правільны напрамак.

З запаветным настаўніцкім дыпломам у руках на першае працоўнае месца Кацярына Крылова адпраўлялася з энтузіязмам. Па яе словах, з размеркаваннем пашанцавала:

— У нашай школе — цудоўны педагагічны калектыў. Мяне прынялі з цеплынёй, акружылі ўсебаковай падтрымкай. Гэта дазволіла хутка ўліцца ў кагорту настаўнікаў замежнай мовы і наогул істотна паўплывала на прафесійнае станаўленне.

Нягледзячы на невялікі працоўны стаж, маладая настаўніца выбудавала сваю стратэгію паспяховага навучання. Яна пераканана: урок можа быць эфектыўным толькі тады, калі ў дзяцей гараць вочы і яны з нецярпеннем чакаюць наступнай сустрэчы.

— Заняткі ніколі не павінны быць сумнымі і манатоннымі, бо гэта час адкрыццяў для вучняў, — гаворыць педагог.

Зыходным пунктам для планавання і правядзення ўрокаў з’яўляюцца запатрабаванні дзяцей. Ключавой мэтай настаўніца бачыць стварэнне на ўроку спрыяльнай атмасферы, дзе памылка ўспрымаецца як звычайная частка навучання, а не як няўдача.

— Таксама імкнуся да таго, каб набытыя веды навучэнцы маглі прымяніць у рэчаіснасці, — расказвае Кацярына Крылова. — “Мінімум сухой тэорыі, максімум дыялогаў і праектаў” — мой дэвіз у рабоце. Цікавасць нараджаецца не з падручніка, а з жывога эмацыянальнага вопыту, таму з першых дзён у школе шукаю адпаведныя адукацыйныя прыёмы.

Пры пабудове структуры заняткаў Кацярына Аляксандраўна робіць упор на работу ў парах, метад мазгавога штурму, драматызацыю. Яна выкарыстоўвае шмат аўтэнтычных відэа- і аўдыяматэрыялаў, актыўна ўкараняе гульнявые тэхналогіі.

— Ва ўстанове рэалізуецца праект “Вывучаем мову гуляючы”, да якога амаль адразу далучылася. Самайстойна распрацоўваю настольныя гульні, якія ператвараюць вучобу ў займальнае спаборніцтва ці прыгоду. Так, лексіку і граматыку мае навучэнцы вывучаюць пры дапамозе аўтарскай шнуроўкі, яркага лато, мема, даміно і трыміно на нямецкай мове. Гейміфікацыя станоўча ўплывае на матывацыю вучняў, таму ўжо ёсць ідэі наконт новых гульняў, — дзеліцца суразмоўніца.

Замацаванне вучэбных тэм Кацярына Крылова нярэдка ладзіць у фармаце тэатралізаваных інсцэніровак. Сумесна з навучэнцамі рыхтуе дэкарацыі, шые касцюмы, праводзіць рэпетыцыі.

— Усе пастаноўкі праходзяць на нямецкай мове. Тэатральная творчая майстэрня дазваляе вучням трэніраваць маўленчыя навыкі, праяўляць таленты і здольнасці, — заўважае настаўніца.

У сваёй практыцы малады педагог шырока прымяняе і магчымасці нейрасетак. Штучны інтэлект яна разглядае як свайго незаменнага памочніка: праз платформу D—ID ажыўляе фатаграфіі вядомых гістарычных асоб, генерыруе тэксты і практыкаванні пад пэўную задачу і клас:

— Без перадавых інфармацыйных тэхналогій сёння складана якасна выбудаваць адукацыйны працэс. Трэба ісці ў нагу з сучаснасцю. Але асноўнай фігурай у адукацыі ўсё роўна быў, ёсць і будзе настаўнік. Ніякі штучны інтэлект не зможа поўнасцю замяніць педагога, бо мы не проста вучым, мы яшчэ і выхоўваем.

Выхаванню навучэнцаў Кацярына Аляксандраўна ўдзяляе павышаную ўвагу. Кожны вучань — унікальная асоба, таму для кожнага яна стараецца распрацаваць індывідуальную адукацыйную траекторыю.

— Пастаянна сустракаюся з навучэнцамі і пасля ўрокаў, — расказвае малады спецыяліст. — Вяду класнае кіраўніцтва, курырую 7 “Е” клас. Каб быць у кантакце з падлеткамі, вучу іх чуць і слухаць, улічваць меркаванне і пазіцыю. Вучні адказваюць узаемнасцю. Дзякуючы ўзаемаразуменню, удаецца ўкласці ў светапогляд дзяцей важныя духоўныя якасці і правільныя жыццёвыя арыенціры.

Знаходзячыся ў пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці, настаўніца мае нямала працоўных дасягненняў. Летась яна стала пераможцам абласнога фестывалю “Прызванне — педагог”. Зусім нядаўна атрымала дыплом на ўсерасійскім конкурсе “Педагагічны дэбют”.

— Прафесійнае развіццё — значны прыярытэт для мяне. Рэгулярна ўдзельнічаю ў метадычных семінарах і майстар-класах, спрабую сілы і ў розных конкурсах. Шмат даў наш рэгіянальны фестываль для маладых педагогаў. Зарадзілася там неверагоднай энергіяй, атрымала стымул да ўдасканалення педагагічнага майстэрства, — падкрэслівае Кацярына Крылова. — У планах — працягваць прафесійны рост. У найбліжэйшай перспектыве маю намер прадоўжыць інтэграваць адукацыйныя лічбавыя рэсурсы ва ўрокі. Пераканана: гэты крок зробіць заняткі яшчэ больш выніковымі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота з архіва гераіні