Мінскаму дзяржаўнаму каледжу электронікі ўручана пасведчанне, якое пацвярджае статус Школы міру. Гэта першая навучальная ўстанова, якая атрымала такое пасведчанне.
Удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве ўзялі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веньямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, старшыня праўлення Беларускага фонду міру М.У.Місько, намеснік міністра адукацыі А.У.Кадлубай, намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама
А.М.Цуран.
Як расказаў Максім Місько, праект “Сетка школ міру ў Рэспубліцы Беларусь” — гэта асаблівая ініцыятыва Беларускага фонду міру, накіраваная на выхаванне дзяцей і моладзі, якую падтрымалі Міністэрства адукацыі і Беларуская Праваслаўная Царква:
— Дзякуючы гэтаму праекту, з’явілася магчымасць прыцягваць навучэнцаў школ міру да практычнай рэалізацыі ініцыятыў Беларускага фонду міру, а гэта ініцыятывы, накіраваныя на падтрымку міру, развіццё такіх якасцей чалавека, як міласэрнасць і любоў да сваёй Радзімы.
З 2018 года праект працаваў у тэставым рэжыме. Пасля было распрацавана і нядаўна зацверджана адпаведнае палажэнне аб дзейнасці такіх арганізацый. Цяпер яны будуць дзейнічаць на новым афіцыйным узроўні. Аляксандр Кадлубай падкрэсліў, што Міністэрства адукацыі ўсебакова падтрымлівае праект і бачыць у ім вялікі выхаваўчы патэнцыял.
— Гісторыя мае тэндэнцыю развівацца па спіралі, і хацелася б, каб не было вітка спіралі, дзе ёсць войны і няма месца міру. Мір — гэта ключавая каштоўнасць, якую ўсе мы павінны захоўваць. Таму Беларускі фонд міру — пастаянны і надзейны партнёр сістэмы адукацыі. Міністэрства адукацыі падтрымлівае ідэю ствараць і маштабіраваць сетку школ міру. Перакананы, што гэтая ініцыятыва мае значныя перспектывы, — паведаміў намеснік міністра адукацыі.
Віншуючы калектыў і навучэнцаў каледжа, мітрапаліт Веньямін адзначыў, што прысваенне статусу Школы міру — лагічны вынік шматгадовай разнапланавай работы, якая праводзіцца ў каледжы:
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веньямін:
“Школы міру вельмі неабходны не толькі нашай беларускай зямлі, але і ўсяму свету, бо свет асабліва мае патрэбу ў міры”.
— Гэта важнае і патрэбнае пачынанне, якое варта падтрымліваць і заахвочваць. Разам з тым сённяшні момант — гэта новы напрамак для руху наперад. Пляцоўка каледжа выбрана як адна з найбольш перспектыўных, каб тут даць прыгожы пачатак выдатнаму праекту. Школы міру вельмі неабходны не толькі нашай беларускай зямлі, але і ўсяму свету, бо свет асабліва мае патрэбу ў міры.
Мінскі дзяржаўны каледж электронікі — першая навучальная ўстанова, якая атрымала пасведчанне Школы міру. І гэта адзіная ўстанова прафесійнай адукацыі ў нашай краіне, якая ўшанавана такім статусам.
Каледж даўно супрацоўнічае з Беларускім фондам міру. У першую чаргу супрацоўніцтва ладзіцца ў напрамку работы па прафесійным навучанні асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Працаваць з асаблівымі навучэнцамі ў каледжы электронікі пачалі больш за 15 гадоў назад. Тут вядзецца навучанне юнакоў і дзяўчат з парушэннямі слыху, зроку, апорна-рухальнага апарату і расстройствамі аўтыстычнага спектра. У 2017 годзе Фонд міру пачаў курыраваць і каардынаваць Цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, які працуе ў каледжы, а ў 2018 годзе фонд надзяліў установу статусам Школы міру. Супрацоўніцтва развівалася, і сёння каледж удзельнічае практычна ва ўсіх ініцыятывах Фонду міру па розных кірунках.
Навучэнцы і супрацоўнікі каледжа запрасілі гасцей на Маршрут міру, дзе прэзентавалі гасцям сваю дзейнасць у рамках Школы міру на дзевяці тэматычных пляцоўках. У каледжы выкарыстоўваюць інавацыйныя педагагічныя падыходы па фарміраванні актыўнай грамадзянскай пазіцыі і патрыятызму, духоўна-маральнай, інклюзіўнай, экалагічнай культуры. А ўвесь адукацыйны працэс падпарадкаваны тром асноўным прынцыпам — ненасілля, павагі і супрацоўніцтва.
Асноўны пасыл каледжа як Школы міру гучыць так — “Мір у душы, мір у краіне, мір ва ўсім свеце”. І ёсць цвёрды намер далей пракладваць маршруты міру.
Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.