Міратворцы ў Асінторфе. Прыхаваная энергія выліваецца ў патрыятычныя справы

- 15:02Школа мира

Школа міру ў Дубровенскім раёне сістэмна рэалізуе цікавыя экалагічныя, творчыя, міратворчыя і патрыятычныя праекты. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Людзі на тарфяных балотах

Асінторф? Назва вядомая. Памятаем са школьных падручнікаў: на торфе з Асінаўскіх балот у 1930-м запрацавала першая буйная электрастанцыя ў Беларусі. Узве­дзена яна была паводле плана ГОЭЛР­О. Называюць яе Беларускай, а ў народзе і Арэхаўскай, бо размешчана ў гарпасёлку Арэхаўск Аршанскага раёна. А пасёлак торфаздабытчыкаў Асінторф, з ёю моцна паяднаны, гадоў дзесяць назад паднавіўся і стаў аграгарадком — ужо Дубровенскага раёна.

Пра тое мне расказвалі ў Асінторфскай сярэдняй школе. Час бурнага развіцця мясцовай інфраструктуры прайшоў, раней там было каля 5000 жыхароў. На патрэбы ДРЭС у 50-я гады працавалі да 10 тысяч толькі сезонных рабочых, было 11 пасёлкаў для іх. Давалі да паўмільёна тон торфу штогод. На балоты з часам прыйшла тэхніка, і цяпер цэх падрыхтоўкі торфу “Асінторф” філіяла “Беларуская ДРЭС” — гэта толькі 37 чалавек. З радовішчаў “Асінаўскае” і “Шчарбінскі мох” бяруць штогод каля 30 тысяч тон торфу.

Калі думкаю прыўзняцца над балотамі, то можна зразумець, што дзякуючы іх энергіі Беларусь “выходзіла ў людзі”, нарошчвала эканамічны патэнцыял.

У 30-я і ў пасляваенныя гады з балот бралі торф на электрычнасць, бо рэкі ў нас раўнінныя, пра АЭС і не чулі. Энергія Сонца тысячы гадоў пакрысе, па міліметрах назапашвалася ў расліннасці нізін, азёр. Вучоныя сцвярджаюць: найстарэйшым балотам Беларусі каля 10 тысяч гадоў, а самым маладым — да тысячы. Велізарныя акумулятары! Да таго ж унікальныя біясістэмы, гарманічна ўбудаваныя ў складаны механізм, які выпрацоўвае беларускі мікраклімат. І крый божа нам у ім нешта парушыць! Таму тэрыторыі былых торфараспрацовак зноў забалочваюцца, вяртаюцца ў іх натуральны стан.

Так і ў Асінторфе адбылося, казалі мне настаўнікі ў прадмове да школьных экапраектаў. Пачуццём адказнасці ў адносінах да прыроды кіраваліся людзі, калі ўвосень 1993-га прынялі рашэнне стварыць гідралагічны заказнік “Асінторфскі”. А тэрыторыя ж унікальная, водападзел двух мораў — Чорнага і Балтыйскага. Асноўныя плошчы ў заказніку — выпрацаваныя тарфянікі, частка якіх пакрыта ўжо расліннас­цю, і вадаёмы. Пра тое ёсць матэрыялы ў бібліятэцы аграгарадка, з якой школа цесна супрацоўнічае.

“Там створаны цэнтр экалагічнай асветы, ёсць экаклуб “Подснежник”, у рабоце якога ўдзельнічаюць вучні, — сказала нас­таўніца рускай мовы і літаратуры Алена Кунец. — Створана з удзелам школьнікаў і экалагічная сцежка. Хочаце яе паглядзець?”

І вось ужо на вялікім экране бачым, як усё ўладкавана. Відэасюжэт агучаны, бібліятэкар праводзіць экскурсію. Усе школьныя міратворцы глядзяць відэа ра­зам са мной, і дзесяцікласніца Паліна Кручкова тлумачыць: “За пасёлкам экасцежка, мы ці пешшу, ці на веласіпедах туды ездзім. Там ёсць участкі Малой, Вялікай і Сярэдняй вады — па велічыні азёр пры экасцежцы на месцах торфараспрацовак. Увесну мы ўсталёўвалі таблічкі з назвамі станцый, прыбіралі смецце. Там розныя расліны, у сезон — грыбы і ягады: чарніцы, журавіны, брусніцы, ёсць суніцы, буякі”.

Паліна з маці ўлетку таксама ходзіць у мясцовыя лясы па чарніцы, буякі. За дзень, казала, літраў дзесяць можна саб­раць — і адразу есці альбо пусціць на варэнне ці кампот, якія гатуюць яны з маці. Экавыхаванне? Працоўнае выхаванне? Так, і з карысцю для сям’і! А між тым ёсць пры школе і цяпліца, і сад, у якіх школьнікі выхоўваюцца працай, спасцігаюць азы агародніцтва, садаводства. Цікава, ці даюць вучням кампоты ў школьнай сталоўцы?

“Калі было шмат яблыкаў, то іх і без кампотаў доўга елі”, — бадзёра, з усмешкай прыгадала Паліна.

Алена Васілеўна дапаўняе: пры эка­сцежцы растуць і лекавыя расліны. Што да экскурсій, то іх ладзіць, як правіла, школа сумесна з бібліятэкай, прыязджае і раённы інспектар па ахове прыроды. А ўвесну там школьнікі развешвалі шпакоўні, разам з Асінторфскім лясгасам сяб­ры школьнага лясніцтва ўдзельнічалі ў акцыі “Адновім лясы разам”: “Нам адвялі амаль гектар, мы высадзілі каля дзвюх тысяч саджанцаў іглічных парод. І ўсе нашы міратворцы там папрацавалі. Як і ў школьным садзе, калі праходзіла рэспубліканская акацыя “Сады надзеі”: абрэзвалі галлё, бялілі ствалы дрэў. Акрамя яблынь розных гатункаў, якіх у садзе штук 20, там ёсць яшчэ слівы, алыча”.

Эколагі. Працаўнікі. Міратворцы

Калі па шчырасці, то падзяляць выхаванне ў школе на нейкія віды, катэгорыі, нібы дрэвы ў садзе, — справа даволі ўмоўная і неперспектыўная. Ну як вызначыць, дзе заканчваецца экалогія і пачынаецца патрыятызм?

У Асінторфе помнік савецкім воінам, партызанам-падпольшчыкам і землякам стаіць пры школе. І гэта тэрыторыя клопату настаўнікаў і вучняў

А вучню-міратворцу можна ж быць адначасова і творцам, і эколагам са шпакоўняй, і патрыётам ля абеліска, ды і ўмельцам — скажам, паветраных змеяў майстраваць, якія здорава лятаюць у небе Віцебска напярэдадні Дня Перамогі, яе ўслаўляючы… У невялікай школе, да якіх і Асінторфскую можам аднесці, усё тое адно з другім знітавана-пераплецена. Вось як урачам варта не хваробы толькі лячыць, а ўвогуле чалавека рабіць здаровым, так і ў выхаванні. Галоўнае — добрага чалавека выхаваць. А як тое зрабіць, як дастукацца і абудзіць да творчасці, да высокіх патрыятычных памкненняў юную душу? Для гэтага майстэрства патрэбна. Ну і методыкі, майстэрствам педагагічным ажыўленыя.

Дарэчы, пра методыкі. Параіла мне наведаць Асінторфскую школу кіраўнік раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталля Заўялава. Яна сказала, што адла­джана ў ёй сістэма як экалагічнага, так і патрыятычнага выхавання. З 2019 года гэта Школа міру.

“Там арганізоўваецца шмат цікавых спраў, — расказала Н.Заўялава, — і кожны год навучэнцы са сваімі праектамі зай­маюць прызавыя месцы ў конкурсах, якія праводзяць сумесна Беларускі фонд міру і Міністэрства адукацыі, — спачатку ў вобласці, потым на рэспубліку едуць. Міратворчы школьны атрад “Патрыёт” летась на вобласці заняў 1-е месца, каманда з Асінторфа была на VI злёце міратворцаў Віцебшчыны, выдатна выступіла там на спартыўна-патрыятычным конкурсе “Лепельскі рубеж — 2023”. Каманду-пераможцу з 8 вучняў падрыхтаваў Аляксандр Міхайлавіч Куляшоў, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні ў школе”.

Што да школьнага лясніцтва, то і ў гэтым кірунку ёсць напрацоўкі. Летась яно адзначана па вобласці дыпломам ІІІ ступені. Кіраўнік раённага ВМК расказала: “Са школьным лясніцтвам занята ў Асінторфе настаўніца біялогіі Вольга Аляксандраўна Яўсеенка. Гэта педагог-творца вышэйшай катэгорыі”. Яшчэ Наталля Заўялава згадала настаўніцу Алену Кунец, дзякуючы якой школьнікі з Асінторфа ўдзельнічаюць у розных творчых міжнародных конкурсах — пішуць вершы, сачыненні, эсэ, ствараюць малюнкі. І заваёўва­юць дыпломы. Вялікая сістэмная, метадычная ра­бота!

Так завяршыўся праект “Памяць і боль асінторфскай зямлі”. Даніну памяці ахвярам фашысцкага канцлагера ў Асінторфе аддалі 3 ліпеня 2024 г.

Едучы ў камандзіроўку, пабачыў навіну: з 16 праектаў, прадстаўленых на рэспубліканскі конкурс “Лепшы міратворчы праект Школ міру”, па Віцебшчыне сёлета ў ліку пераможцаў апынулася і Асінторфская школа. Конкурс прысвячаўся 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адзначаны быў праект “Памяць і боль асінторфскай зямлі”.

У акопах вайну не выйграеш…

Даводзіцца прыўнесці ў нататкі невялічкую інтрыгу. Што хаваць: хацелася паба­чыць мне ў Асінторфе гэткіх бадзёрых, чырванашчокіх юных міратворцаў, якіх малюе нам часам уяўленне. Запі­саць прызнанні пра тое, як вынікае іх грама­дзянская, міратворчая пазіцыя з гісторыі сям’і, роду. Вось гэтак жа лагічна, скажам, як з гісторыі Асінторфа вынікае неабход­насць школьнага экавыхавання. Бо змяніліся ў грамадстве за сто гадоў погляды на балоты, экарэсурсы, на тое, як і ад чаго ці каго зберагаць прыроду. А якія ўзру­шэнні прайшлі праз іх радаводы? І вось мяне, з “дамашнімі загатоўкамі”, чакала неспадзяванка: міратворцы маўчалі…

Сабралі настаўнікі ўсіх іх на сустрэчу: тры старшыя класы. Прыгожыя, апранутыя ў блакітную форму. Настаўнікі мне: калі ласка, распытвайце… Больш за дваццаць пар вачэй ва ўпор. Спрабаваў спачатку дапытацца: у каго з міратворцаў родныя былі ў вайну на фронце альбо ў партызанах? Маўчанне. А вязнямі канцлагераў (адзін з іх быў і ў Асінторфе, на тэрыторыі Пятага пасёлка)? І ўвогуле, як перажылі тут вайну? Маўчанне. А што ў Асінторфе адбывалася ў гады вайны? Цішыня… Тая ж рэакцыя і на пытанні пра Афганістан, пра службу ў арміі старэйшых братоў. Мільганула думка: для інтэрв’ю па класным журнале іх выклікаць? Але ж я не настаўнік і дамашняга задання ім не даваў.

Нарэшце настаўнікі агульнымі падба­дзёрваннямі “дэлегавалі” адказаць будучую настаўніцу адзінаццацікласніцу Дар’ю Субоціну. Яна даволі звязна расказала, што ў Асінторфе ў вайну была створана камсамольска-маладзёжная падпольная арганізацыя, якой кіраваў Станіслаў Шмуглеўскі, на пачатак вайны 16-гадовы выпускнік гэтай школы. Не буду пераказваць, як дзейнічала падполле, — аддадзім толькі даніну памяці юным героям, якія загінулі ў змаганні з ворагам. А гэта ж былі, па сутнасці, равеснікі вось гэтых падлеткаў. Баяліся? Безу­моўна! Ды страхі ж неяк пераадольвалі…

У гонар Станіслава Шмуглеўскага і яго баявых сяброў на будынку школы ў 2010-м адкрыта мемарыяльная дошка. Сродкі на яе зарабілі самі школьнікі. Пасля вайны кіраўнік падполля атрымаў дзве вышэйшыя адукацыі (юрыдычную і педагагічную), працаваў на розных пасадах. Яшчэ ў біяграфіі Станіслава Пятровіча я заўважыў цікавую дэталь: пасля таго як скончыў завочна Маладзечанскі педінстытут, яго ў хуткім часе прызначылі на Гродзеншчыну дырэктарам у Астравецкую школу. Цяпер, калі Астравецкая АЭС ужо рэальнасць, думаецца: вось жа злучаны гэтым лёсам абедзьве “энергетычныя” мясцовасці.

Размова ў класе зладзілася. Потым я высветліў: некаторым міратворцам нас­таўнікі даручылі зачытаць паведамленні пра напрамкі міратворчай работы, а я тую “нарыхтоўку” сваімі нечаканымі пытаннямі парушыў. То раблю выснову: трэба заўсёды быць гатовым да ўспрымання жывой плыні жыцця. І старэйшым, і малодшым. Адзін муд­ры чалавек мне гаварыў, што абачлі­васць і асцярожнасць — добрая рыса, беларуская (бо па балотах жа трэба ўмець ха­дзіць асцярожна), ды ўсё ж у акопах вайну не выйграеш… Спадзяюся, асінторфскія міратворцы знойдуць магчымасць паразважаць, падыскутаваць над сэнсам як гэтых слоў, так і над тым, як і чаму трэба змагацца за мір. Бо калі не змагацца, то як тады “міратворыць”? А ў сённяшніх умовах, калі супраць нас вядзецца яўная гібрыдная вайна, маладым людзям варта ўмець “падымацца з акопаў”. Вучыцца пераадольваць страхі, а то і адстойваць напорыс­та, нават агрэсіўна, калі тое патрэбна для справы, сваю грамадзянскую пазіцыю.

Настаўніца Алена Кунец і Кацярына Кубракова

Пасля калектыўнай размовы Алена Кунец сказала мне: “Гэтыя вучні ў нас больш да канкрэтнай працы прыдатныя, чым да размоў”. Згадала, як неяк рыхтавала чытальнікаў на конкурс — і сустрэла супраціў, падлетак ёй кінуў: “Вам трэба?..” — “Ды не, — адказала, — табе трэба! Ты сам прыгожы, і чытаеш прыгожа, і тэмбр голасу ў цябе прыемны, інтанацыя, рост…” Карацей, сапраўдны прафесіянал Алена Васілеўна! Знайшла ключык — і адбылося паразуменне. Папрацавалі разам, хлопец апраўдаў яе надзеі: добра-такі верш прачытаў!

“А я — выбегу!..”

Вяртаюся да думкі, што падзяляць выхаванне ў школе на нейкія віды і надта заарганізоўваць яго не варта. Некаму ў працы, сапраўды, раскрывацца лягчэй, іншым — у спорце, авіямадэлізме, творчасці. Альбо і ў жывой дыскусіі, размове. Дарэчы, апошняе майстэрства не заўсёды гатовае, ад прыроды — трэба яму вучыцца.

Галоўнае, каб школьнікі як асобы ў дзейнасці, ва ўсім тым раскрываліся і загартоўваліся, умацоўваліся. І таму настаўнікі ў Асінторфскай школе ствараюць належныя ўмовы, каб абуджаліся ў іх выхаванцах найлепшыя, у тым ліку і патрыятычныя, пачуцці.

“Прыглядваемся, шукаем: ты чытаеш добра — чытай, пішаш — пішы, працуеш — працуй, — апісвае сваю методыку Алена Васілеўна. — І ўсе нашы праекты як дапаможныя матэрыялы, як рыштаванне пры будаўніцтве нечага больш значнага. Згадваю, вырашалі, хто на “Цягнік Памяці” ад нас на раён пойдзе. Падбіралі кандыдатуры з улікам розных якасцей. Падабралі, пачалі рабіць творчы нумар. І Каця Кубракова нават не выйшла на сцэну — выбегла! Я да яе: “Каця, ну можна ж было выйсці?” А яна мне: “Дык ніхто не выбягае, а я выбегу!” А як яна выбегла, то ўжо яе сцэна. І ўсе гледачы яе! У Каці ўнікальная памяць: усё, што вывучыла, памятае. Я ёй: “Каця, мы ж не паўтарылі”. Яна ў адказ: “Ды мне ў любы момант, хоць сярод ночы”. “Медсястрычку”, верш такі, мы ў 6 класе з ёй вывучылі на школьны конкурс — і ён, як кажуць, заўсёды пры ёй. Шкада, што на конкурсе “Жывая класіка”, які праводзіцца на беларускай мове, яе пакуль не заўважылі. Але мы над гэтым яшчэ папрацуем”.

І трапіла, так усё склалася, Кацярына Кубракова летась на “Цягнік Памяці” ад Віцебшчыны. Атрымала мора ўражанняў! Ахвотна расказвала, што наведвалі хлопцы і дзяўчаты з Беларусі, Расіі, Арменіі, Кіргізіі 12 гарадоў. Яна і цяпер з некаторымі новымі сябрамі ў перапісцы.

Міратворцам з пераходам у 9 клас ужо стала, пэўна, і юная паэтэса Дар’я Серыкава, якая пранікнёна чытала свой верш “Вайна. Блакада. Ленінград”. З ім дзяўчына ўвайшла ў лік пераможцаў паэтычнага конкурсу, прысвечанага 80-годдзю зняцця блакады Ленінграда. Праводзіў конкурс піцерскі “Пушкинский проект”, і Дар’я была запрошана ў Санкт-Пецярбург на ўрачыстасці, чытала верш і там. Новых поспехаў ёй, раскрыцця таленту!

Пакідаю за межамі нататак многае з таго, пра што даведаўся ў Асінторфе. Шмат цікавага ёсць у справаздачы аб выкананай рабоце за мінулы навучальны год у адпаведнасці з планам даследчага праекта “Фарміраванне патрыятычных якасцей асобы праз дзейнасць атрада міратворцаў Школы міру” на сайце школы ў раздзеле “Школа мира”. Пэўна што будуць нагоды расказаць, як выяўляецца ў праектах, справах прыхаваная стваральная энергія юных міратворцаў Асінторфа. Бо там настаўнікі добра ўмеюць яе актывізаваць. Як раней казалі: запаліць сэрцы.

І на заканчэнне колькі слоў аб згаданым праекце “Памяць і боль асінторфскай зямлі”, які рэалізавалі сёлета міратворцы з настаўнікамі. Калі я там быў, мне паказвалі эскіз у 3D-фармаце.

“Гэта наш праект па ўшанаванні памяці вязняў канцлагера, які фашысты зрабілі ў вайну на Пятым пасёлку, — расказала настаўніца біялогіі Вольга Яўсеенка. — На ўзроўні вобласці праект убачылі, падтрымалі. Абласное аддзяленне Беларускага фонду міру выдзеліла сродкі, мы яго рэалізуем талакой: з удзелам Дубровенскага райвыканкама, сельсавета”.

Мемарыяльнае месца ўжо набыло новыя абрысы: выкладзена пліткай сцежка да памятнага крыжа, які абнавілі. Выса­дзілі туі. Працавалі ўсе міратворцы. Добрая справа!

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара і з архіва школы