Уселюбская сярэдняя школа Навагрудскага раёна — сельская навучальная ўстанова з сучаснымі адукацыйнымі магчымасцямі. Пра бягучыя педагагічныя, выхаваўчыя задачы і адметнасці кіравання стабільным калектывам карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з дырэктарам Дзіянай Цвірко.
— Дзіяна Анатольеўна, вы дырэктар са стажам, як мяняўся ваш светапогляд у гэтай ролі? Працаваць стала прасцей?
— Напэўна, быць педагогам мне наканавана Богам: нарадзілася я 1 верасня, вырасла ў сям’і педагогаў (бацька таксама ў свой час працаваў дырэктарам школы), сваю педагагічную дзейнасць пачынала з загадчыцы пачатковай школы. Работа дырэктара вельмі складаная і адказная, але любімая. Для мяне школа нібы маленькая краіна, дзе беражліва захоўваюцца традыцыі, перадаецца бясцэнны педагагічны вопыт. Ці стала прасцей працаваць? Адназначна не. Мы жывём у свеце інфарматызацыі, патоку інфармацыі. Кніга і настаўнік сталі не адзінай крыніцай інфармацыі, цяпер даводзіцца канкурыраваць з інтэрнэтам. Педагог сёння павінен ацаніць узнікаючую інфармацыю, сфарміраваць у навучэнца стаўленне да яе, а пры неабходнасці і перасцерагчы ад яе негатыўнага ўздзеяння. Час дыктуе як для кіраўніка, так і для настаўніка новыя задачы і новыя функцыі. Адно застаецца нязменным — дзеці. Дзеля іх усе нашы намаганні.
— Кампетэнцыі дырэктара школы сёння вельмі разнастайныя. Якія функцыі кіраўніка, на ваш погляд, з’яўляюцца вызначальнымі?
— На гэтае пытанне можна адказаць вельмі коратка: планаванне, арганізацыя, кіраванне і кантроль. Аднак калі ўлічыць, што “кадры вырашаюць усё!” і “адзін у полі не воін”, то сёння першачарговай функцыяй кіраўніка з’яўляецца вырашэнне кадравых пытанняў. Вялікая частка поспеху дырэктара залежыць ад паспяховасці яго падначаленых. На другое месца можна паставіць арганізацыю гаспадарчай часткі, падтрыманне дысцыпліны і стварэнне бяспечных умоў знаходжання ва ўстанове. А вось паставіць нейкія функцыі на трэцяе месца мне складана. На кожным этапе работы важнай з’яўляецца кожная функцыя.
— А якія дакументы для дырэктара школы самыя важныя?
— Вылучыць важныя дакументы ў працы дырэктара — справа няпростая. Пра дырэктара школы, як і пра педагога, можна сказаць “і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц”. Веданне нарматыўных дакументаў робіць яго кампетэнтным і ўпэўненым кіраўніком. Маімі настольнымі кнігамі з’яўляюцца Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь, Канцэпцыя развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2030 года, пастановы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Немалаважную ролю ў дзейнасці дырэктара маюць і лакальныя дакументы, якія таксама заўсёды знаходзяцца пад рукой.
— Ваша меркаванне: ці трэба быць ідэйным натхняльнікам для свайго калектыву? Ці існуюць у вас пэўныя кіраўніцкія правілы?
— Маё прафесійнае станаўленне праходзіла на кнігах савецкіх педагогаў Антона Макаранкі, Васіля Сухамлінскага, Канстанціна Ушынскага. І часта лаўлю сябе на думцы, што іх педагагічныя метады працуюць па сённяшні дзень. Ідэйны натхняльнік патрэбны як у любой кампаніі, так і ў любым калектыве. Ці з’яўляюся я ім для свайго калектыву, меркаваць не мне, але заўсёды імкнуся асабістым прыкладам і, вядома ж, матэрыяльным стымуляваннем матываваць калектыў на новыя здзяйсненні. Ва ўзаемадзеянні з калегамі прытрымліваюся простых правіл: хвалю публічна, крытыкую сам-насам і гавару пра ўчынак, дзеянне, але не пра чалавека, выкарыстоўваю схему “плюс — мінус — плюс” (пахваліць — зрабіць заўвагу — пахваліць).
Узаемадзеянне з вучнёўскім калектывам заснавана на трох прынцыпах: выхаванне працай, калектывам і гульня (без яе ў рабоце з дзецьмі ніяк). Акрамя таго, працягваю выкладаць геаграфію, таму зносіны з дзецьмі на ўроках таксама дапамагаюць мне як кіраўніку. Урокі дазваляюць бліжэй пазнаёміцца з кожным са сваіх навучэнцаў, даведацца пра іх характар, асаблівасці, інтарэсы, выявіць захапленні. Для дзяцей стараюся быць не строгім дырэктарам, а чалавекам, які паважае іх і гатовы ў любой сітуацыі прыйсці на дапамогу.
— Якія парады можаце даць пачынаючаму дырэктару?
— Уступленне на кіраўніцкую пасаду — гэта працэс, які патрабуе часу і намаганняў. Аднак з правільным падыходам і засяроджанай увагай на камандзе, агульных мэтах вы зможаце паспяхова адаптавацца і весці сваю навучальную ўстанову да поспеху. Памятайце, што кіраўніцтва патрабуе бесперапыннага развіцця, а ваша гатоўнасць расці і вучыцца будзе натхняць іншых. Няма нічога дрэннага ў тым, каб звярнуцца па параду да калег або больш вопытных кіраўнікоў. Гатоўнасць да навучання і супрацоўніцтва — гэта прыкмета сілы, а не слабасці. Проста паспрабуйце быць тым кіраўніком, пад крылом якога вы самі марылі б працаваць. І памятайце, вы не абавязаны ведаць усё і вырашаць усе пытанні і праблемы. Складаныя сітуацыі вас, канечне, не абыдуць, таму вучыцеся дэлегаваць свае паўнамоцтвы. Давайце калегам больш самастойнасці ў вырашэнні дробных пытанняў, і ім захочацца вырашаць большае. Дарэчы, маімі вернымі памочнікамі і дарадчыкамі з’яўляюцца намеснікі Алена Віктараўна Малашэўская (па вучэбнай рабоце) і Валянціна Вікенцьеўна Дунай (па выхаваўчай рабоце). І яшчэ парада: у цяжкіх сітуацыях не апускаць рукі, не панікаваць, а ўвесь час паўтараць: “Праца і рукі — моцныя зарукі”. Працуе — праверана.
Настаўніца пачатковых класаў Вольга Марушка на ўроку памяці
— Ці існуе для вас такое паняцце, як ідэальная школа? Да чаго вы імкняцеся на сённяшні дзень як дырэктар?
— Калі б гэтае пытанне мне задалі ў пачатку маёй працы на пасадзе дырэктара, то я адказала б, што ідэальная школа — гэта школа з добрай матэрыяльна-тэхнічнай базай, камп’ютарнай тэхнікай, сучасным абсталяваннем. З набытым вопытам і пражытым часам уяўленне аб ідэальнай школе змянілася. Ідэальнай школу робіць не будынак і не сцены, а вучні, педагогі і, вядома ж, бацькі. У такой школе ў цэнтры ўвагі два галоўныя напрамкі: навучанне і выхаванне. У ідэальнай школы заўсёды павінна быць пэўная місія. У маім уяўленні гэта выхаванне годнага, актыўнага грамадзяніна сваёй Радзімы. Вельмі важна, каб усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу паважліва ставіліся адно да аднаго, праяўлялі павагу да старэйшых, кіраваліся прынцыпамі маралі, былі сумленнымі і адкрытымі.
— Наколькі важныя інавацыі для адукацыі? Як яны паўплывалі на вас і вашу школу?
— Інавацыі ў адукацыі патрэбныя і важныя. Нельга стаяць на месцы, неабходна ісці ў нагу з часам: асвойваць новыя падыходы да вучэбнага працэсу, новыя формы арганізацыі вучэбнай дзейнасці, новыя спосабы ўзаемадзеяння з навучэнцамі. Інавацыйны патэнцыял нашай школы — у створаным адукацыйным асяроддзі (10 класаў аснашчаны камп’ютарным абсталяваннем, камп’ютарны клас абсталяваны манаблокамі, ёсць 2 мультыборды). Яшчэ мы актыўныя ўдзельнікі рэспубліканскіх інавацыйных праектаў — “Укараненне мадэлі фарміравання рухальнай культуры суб’ектаў адукацыйнай прасторы сельскай школы”, “Укараненне мадэлі развіцця гатоўнасці педагога да прафесійнай самарэалізацыі ў інтэграванай адукацыйна-прафесійнай прасторы”. Актывізацыі дзейнасці педагогаў, павышэнню іх прафесійнага росту паспрыяў і паспяховы ўдзел у конкурсах “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”, “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.
— Як будуеце адносіны з бацькамі сваіх вучняў?
— Бацькі — гэта актыўныя ўдзельнікі адукацыйнага працэсу, іх меркаванне, парады, дапамога заўсёды для школы важныя. Адносіны з бацькамі будую на залатым правіле маральнасці: не рабіце іншым тое, чаго не жадаеце сабе. У гэтым правіле — аснова правільных зносін з людзьмі. Не варта грэбаваць простымі чалавечымі адносінамі. Бо, як сказаў кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, “школа — гэта храм, туды трэба прыходзіць з чыстымі намерамі”.
— Падзяліцеся педагагічнымі намерамі сваіх настаўнікаў. Як яны рэалізуюць намечаныя планы, мэты і задачы?
— У нашай школе працуюць захопленыя сваёй справай педагогі, гатовыя прыняць кожнае дзіця, навучыць яго і стварыць умовы для максімальнага развіцця яго здольнасцей. Асноўная частка педагагічнага калектыву — настаўнікі з вялікім стажам работы, прафесіяналы сваёй справы, але ў апошнія некалькі гадоў навучальная ўстанова папоўнілася і маладымі кадрамі: актыўнымі, яркімі, крэатыўнымі, якія робяць першыя крокі на настаўніцкай ніве.
Настаўніца матэматыкі Ірына Радзюк на занятках са сваімі вучнямі
Мае калегі прымаюць удзел у конкурсах педагагічнага майстэрства раённага, абласнога маштабу, паказваючы годныя вынікі. Так, у недалёкім мінулым педагог дадатковай адукацыі Дзмітрый Пятровіч Качан заняў 2-е месца ў раённым этапе рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “ВПВ: час патрыётаў. Наперад!”; настаўнік фізічнай культуры і здароўя Алег Мікалаевіч Шайбак стаў першым на раённым этапе абласнога конкурсу відэаўрокаў; настаўнік-дэфектолаг Таццяна Стэфанаўна Якубоўская паспяхова паўдзельнічала ў міжнароднай канферэнцыі “Асоба. Адукацыя. Грамадства”; настаўніца матэматыкі Ірына Міхайлаўна Радзюк заняла 2-е месца ў раённым этапе абласнога конкурсу кабінетаў матэматыкі.
Выніковай з’яўляецца і пазаўрочная работа з дзецьмі, якая прыносіць задавальненне як настаўніку, так і вучню. Нашы навучэнцы неаднаразова станавіліся ўдзельнікамі змен у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Высокая працаздольнасць педагогаў, іх імкненне да новых дасягненняў, багаты настаўніцкі вопыт і прафесійнае майстэрства дазваляюць школе знаходзіцца ў пастаянным развіцці.
— Поспехі вучняў — поспехі педагогаў. Як вашы дзеці заяўляюць пра свае вучэбныя перамогі?
— Сапраўды, асаблівую гордасць кожнага настаўніка выклікаюць поспехі яго падапечных. І сёння нашай школе ёсць чым ганарыцца. У 2024 годзе ў нас 5 прызёраў на раённым этапе абласной алімпіяды па вучэбных прадметах сярод навучэнцаў другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Гэта Уладзіслаў Лазар (дыплом І ступені па рускай мове і літаратуры, настаўнік Генадзь Генадзьевіч Дрозд), Паліна Паляшчук (дыплом І ступені па беларускай мове і літаратуры, настаўніца Аксана Аляксандраўна Цераховіч), Павел Шайбак (дыплом ІІ ступені па матэматыцы, настаўніца Ірына Міхайлаўна Радзюк), Валерыя Янчук (дыпломы ІІІ ступені па матэматыцы, па беларускай мове і літаратуры, настаўніцы Ірына Міхайлаўна Радзюк і Алена Віктараўна Малашэўская).
Радуе тое, што навучэнцы нашай установы актыўна ўключыліся ў міжнародны конкурсны рух па вучэбных прадметах. Асабліва выніковым стаў удзел у конкурсах па рускай літаратуры “Залатая рыбка” і “Свет матэматыкі”.
Настаўніца Вольга Янчук шмат увагі ўдзяляе эксперыментам
Для развіцця даследчых уменняў і навыкаў ва ўстанове працуе навуковае таварыства “Талент”, дзе дзецям прадастаўлена магчымасць вывучаць, эксперыментаваць, даследаваць і рабіць высновы, а таксама ўдзельнічаць у конкурсах даследчых работ. Штогод нашы вучні прымаюць выніковы ўдзел у раённым конкурсе даследчых работ “Юнацтва. Навука. Культура”. Напрыклад, вучань 9 класа Мікалай Кашча атрымаў дыплом ІІІ ступені (настаўніца Вольга Аляксандраўна Янчук), а вучань 10 класа Уладзіслаў Маліноўскі — дыплом І ступені і прыняў удзел у абласным конкурсе “Хрустальная Альфа” (настаўніца Аксана Аляксандраўна Цераховіч).
Яшчэ мы разам з дзецьмі рэалізавалі цікавы праект па правілах дарожнага руху “З гісторыі дарожных знакаў”, а ў цяперашні час педагогі і навучэнцы нашай установы ўключыліся ў рэалізацыю праекта, прысвечанага 80-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне “Вуліцы герояў Навагрудчыны”.
— Дзіяна Анатольеўна, вялікі дзякуй за размову. Поспехаў вам ва ўсіх пачынаннях.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА