Містар Мім дапамагае

- 9:00Адукацыйная прастора

На працягу двух гадоў у яслях­-садзе № 17 “Залаты ключык” Жодзіна рэалізуецца педагагічны праект “Узаемадзеянне ўстановы дашкольнай адукацыі і сям’і ў развіцці творчых здольнасцей дашкольнікаў сродкамі тэатралізаванай дзейнасці”.

Тэатральныя гульні дапамагаюць маленькай асобе развіць камунікатыўныя якасці і фантазію, пераадолець нясмеласць, сарамлівасць, няўпэўненасць. Больш упэўнена дзеці адчуваюць сябе  побач са сваімі мамамі і татамі, таму я заахвочвала і бацькоў да сумесных тэатральных гульняў.

Праект доўжыцца два гады. На дапамогу мне прыйшла выхавальніца нашай установы адукацыі Любоў Анатольеўна Цюхай з выхаванцамі сярэдняй групы № 6. Актыўны ўдзел у стварэнні тэатральнай студыі ў памяшканні музычнай залы прымалі бацькі. Тут размясціліся розныя віды тэатра: батлейка, тэатр на магнітах, тэатр на балванках, тэатр масак, а таксама прадстаўлены касцюмы для драматызацыі.

Ідэй для рэалізацыі задач праекта было шмат, але за аснову нашай работы быў узяты сцэнічны вобраз акцёра пантамімы — міма. На першым падрыхтоўчым этапе праекта Мім, моўчкі ўвашоўшы ў жыццё групы, навучыў выхаванцаў перадаваць свае эмоцыі і пачуцці, быць уважлівымі і стрыманымі. Хлопчыкам і дзяўчынкам вельмі спадабалася грыміравацца, апранаць пальчаткі і тэатральнае адзенне. Містар Мім азнаёміў дзяцей з рознымі відамі тэатра, дапамог ім праявіць творчыя здольнасці.

Другі этап — укараняльны. Былі арганізаваны майстар-клас для бацькоў “Хатні тэатр”, творчая майстэрня “Нараджэнне тэатра”, семінар-практыкум “Выкарыстанне гульнявой дзейнасці ў развіцці маўлення дашкольнікаў”, выстава “Віды тэатраў”, паказваліся невялікія тэатралізаваныя пастаноўкі “Муха-пяюха”, “Кацін парасон”, “Веснавое абуджэнне”.

На трэцім, рэфлексіўным, этапе адбыліся паказы тэатралізаваных пастановак сумесна з бацькамі, і, зразумела, найбольшую цікавасць выклікалі драматызацыі. Напрыклад, актыўны ўдзел у пастаноўцы экалагічнай казкі “Церамок на новы лад” прымалі ўсе выхаванцы групы і бацькі: адны выконвалі ролі дзеючых асоб, а другія працавалі над стварэннем тэатральных касцюмаў. У аснове сюжэту — тэма аховы прыроды. Жыхары Церамка жылі дружна, але не звярталі ўвагі на смецце вакол сваёй хаты да той пары, пакуль Мядзведзь не навучыў іх карыстацца прыладамі працы. Гэтая казка не толькі навучыла перажываць добрыя і дрэнныя эмоцыі, суперажываць іншым, паспрыяла развіццю эстэтычнага густу, эмацыянальнасці, але і прымусіла задумацца аб ахове навакольнага асяроддзя. У рэпертуары нашага тэатра з’явіліся і такія пастаноўкі, як “Восеньскі сон”, “Зімняя казка”, “Пад грыбам”, “Вясну гукаем”.

Сумесная тэатральная дзейнасць дзяцей і бацькоў дазваляе кожнаму рэалізаваць свае творчыя магчымасці, выказваць эмоцыі і пачуцці, вучыць чуць і адчуваць адно аднаго. Гуляючы з дарослымі, дзеці адчуваюць сябе на роўных, авалодваюць каштоўнымі навыкамі зносін.

Рэалізацыя праекта падыходзіць да свайго завяршэння, выхаванцы рыхтуюцца да школы. Па назіраннях выхавальніка, дзеці без цяжкасці самастойна арганізоўваюць розныя сюжэтна-ролевыя гульні, уступаюць у зносіны адно з адным, на занятках актыўна выказваюць свае думкі, свабодна кантактуюць з дарослымі. Тэатралізаваныя гульні — іх любімы занятак у вольны час.

Навыкі, атрыманыя ў тэатралізаваных гульнях, дзеці змогуць выкарыстоўваць у штодзённым жыцці. Дзякуючы праекту, не толькі развіліся творчыя здольнасці выхаванцаў — да мастацтва далучаюцца і дарослыя, пашыраецца кругагляд як дзяцей, так і бацькоў, узбагачаецца іх унутраны свет. Што яшчэ вельмі важна, малыя і дарослыя вучацца ўзаемаразуменню, становяцца бліжэй адно да аднаго. А яшчэ цесная ўзаемасувязь установы дашкольнай адукацыі і сям’і спрыяе гарманічнаму развіццю нашых маленькіх выхаванцаў.

Вольга СУША,
музычны кіраўнік ясляў-сада № 17 “Залаты ключык” Жодзіна, кіраўнік праекта.