Абрадавыя святы, лялечныя майстэрні, квесты і танцавальныя батлы. У Горацкім цэнтры турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі праект “Пераемнасць пакаленняў” аб’ядноўвае людзей розных узростаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Танцуюць усе!
— Задумваючы свой праект чатыры гады назад, мы хацелі наладзіць зносіны паміж моладдзю і старэйшым пакаленнем, знайсці іх агульныя інтарэсы і паказаць, што кожны з удзельнікаў можа ўзяць для сябе шмат цікавага. Для гэтага мы праводзім этнаграфічныя экспедыцыі, падчас якіх вывучаем народную культуру і побыт, старадаўнія традыцыі і абрады, а потым узнаўляем іх разам з дзецьмі і старэйшымі жыхарамі нашай мясцовасці. У сваю чаргу нашы бабулі знаёмяцца з сучаснымі маладзёжнымі танцамі і тым, што блізка моладзі, — расказвае дырэктар цэнтра Святлана Церахава.
У рамках праекта былі адкрыты дзве тэматычныя пляцоўкі для правядзення мерапрыемстваў. Першая — “Школа пакаленняў” — размешчана ў будынку цэнтра турызму. Якраз тут узнаўляюцца танцы, абрады, праходзяць цёплыя сустрэчы дзяцей і старэйшых удзельнікаў праекта. Другая — вучэбна-паказальная пляцоўка “Тэрыторыя актыўнага вольнага часу” — падзелена на дзве зоны. Адна з іх знаходзіцца на вуліцы, у крокавай даступнасці ад цэнтра, другая размешчана ў хаце-музеі ў межах горада. Яны выкарыстоўваюцца для правядзення тэматычных квеставых гульняў, спаборніцтваў і абрадавых свят, музычна-тэатралізаваных праграм.
За час рэалізацыі праекта яго ініцыятары наладзілі супрацоўніцтва з раённай арганізацыяй грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, установамі адукацыі горада, у тым ліку з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй і Цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, Горацкім раённым саветам ветэранаў і інш. Галоўныя ж партнёры праекта — аматарскі клуб побытавага танца “Сударушкі”, Цэнтралізаваная клубная сістэма Горацкага раёна.
— Тры ўдзельніцы нашага калектыву сёлета адзначаць 75 гадоў, а адна яшчэ маладая: ёй усяго толькі 70. Вялікая розніца ва ўзросце з дзецьмі не перашкаджае нам сумесна рэалізоўваць праект. Наадварот, мы заўсёды рады дзяліцца з моладдзю сваёй творчасцю, прычым не толькі паказваць, як некалі народ танцаваў пад гармонік, але і вучыць дзяцей гэтым танцам, — адзначыла Людміла Уладзіміраўна Краўцова, і ў пацвярджэнне яе слоў жаночы гурт прадэманстраваў на сцэне папуры народных танцаў “Базар”, “Лявоніха” і “Кракавяк”. Падчас паказу папуры да іх далучыліся старэйшыя вучні, якія таксама аказаліся выдатнымі танцорамі. Малодшыя дзеці развучылі рухі новага для іх танца “Грачанікі”.
Не менш цікавым для дзяцей быў майстар-клас па стварэнні лялькі “Птушка-радасць”, якая лічылася вястункай вясны. Да педагога цэнтра Алы Васільеўны Тунікавай далучыліся “сударушкі” Раіса Нічыпараўна Стодарава і Тамара Цімафееўна Малахоткіна, якія расказалі, з якімі лялькамі яны гулялі ў дзяцінстве, чым адрозніваліся гарадскія лялькі ад вясковых, чаму ў тых не было твараў і як па ляльках-зернавушках можна было меркаваць пра сямейны дабрабыт. Дзецям было цікава даведацца, у чым адметнасць такіх лялек, як Траўніца, Капустка, Дзесяціручка, Пакосніца, Каляда і інш.
Дарэчы, Тамара Цімафееўна, якая аказалася галоўным экспертам па ляльках, шмат гадоў сябруе з дзецьмі: доўгі час яна працавала бібліятэкарам у сярэдняй школе № 3 Горак, дзе дзялілася з маладым пакаленнем гісторыяй сваёй сям’і, якая пераплялася з гісторыяй краіны. Яе мама — былая ўдзельніца партызанскай брыгады “Звязда” Вольга Трыфанаўна Гулевіч, заснавальніца школьнага музея баявой славы, які пазней стаў гісторыка-краязнаўчым. Тамара Цімафееўна доўгі час была кіраўніком гэтага музея, цяпер жа больш часу прысвячае танцам, выхаванню сваіх унукаў, якія таксама вучыліся ў гэтай школе. Знаходзіць яна час і для сустрэч з маладым пакаленнем для перадачы свайго вопыту.
Дэманстрацыя модных касцюмаў падчас музычна-тэатралізаванага паказу “Шоу моды” дапамагла дзецям на сабе адчуць папулярныя некалі трэнды. У паказе прымалі ўдзел не толькі дзеці, але і іх мамы і бабулі. Мерапрыемства “Ад этна да рэтра” таксама аб’яднала людзей розных пакаленняў, але ўжо праз танцавальныя батлы, праз афармленне тэматычных фотазон з выставай экспанатаў розных часоў, правядзенне майстар-класаў па вырабе беларускіх абрадавых лялек-мотанак.
Горацкія краявіды
У межах вялікага праекта “Пераемнасць пакаленняў” рэалізуецца некалькі падпраектаў. У іх ліку “Школа юнага экскурсавода”. Яе ўдзельнікі ладзяць паходы па экалагічнай сцежцы “Прыгажосць роднага краю”, экскурсіі ў краязнаўчым музеі цэнтра турызму, па горадзе і раёне.
— Арганізацыя такіх мерапрыемстваў дазваляе нам не толькі знаёміць навучэнцаў з гісторыяй роднага краю, даведвацца пра яе больш, але і развіваць мысленне, здольнасць правільна выкладаць свае думкі, прыгожа гаварыць, — гаворыць дырэктар установы Святлана Церахава.
На далучэнне да традыцый і культурнай спадчыны роднага краю накіравана знаёмства з народным календаром свят. Так, святкаванне Шырокай Масленіцы, тэатралізаваны паказ гульні “Жаніцьба Цярэшкі” вяртаюць дзяцей да вытокаў беларускай культуры. Падчас мерапрыемства “Краіна мая — мой лёс” дзеці расказваюць пра герояў горацкай зямлі ў розныя гістарычныя перыяды, пра якіх даведаліся падчас напісання сваіх даследчых работ. Менавіта гэтае мерапрыемства паказала маштабнасць праекта і ўжо пад назвай “Па старонках гісторыі”, як эстафета, перадавалася з адной установы адукацыі ў другую.
Праект “Пераемнасць пакаленняў” быў пераможцам рэспубліканскага конкурсу грамадзянска-патрыятычных праектаў у рамках акцыі “30 гадоў — 30 добрых спраў”.
На працягу навучальнага года праводзяцца майстар-класы па салома- і лозапляценні, якія спрыяюць адраджэнню народных рамёстваў, да народных свят прымяркоўваецца выраб адпаведных традыцыйных лялек, ладзяцца музейныя квесты — як для выхаванцаў цэнтра турызму, так і для навучэнцаў іншых устаноў адукацыі. Усё гэта дазваляе знаёміць дзяцей з гісторыяй краю, вучыць іх вызначаць асаблівасці рэгіёна. Дарэчы, на сумесныя святы і экскурсіі цэнтр турызму запрашае замежных студэнтаў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.
Наладжана актыўнае ўзаемадзеянне і з педагогамі і выхаванцамі цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Для іх праводзяцца розныя мерапрыемствы, рэалізуюцца індывідуальныя праграмы аб’яднанняў па інтарэсах, арганізоўваюцца экскурсіі ў краязнаўчы музей цэнтра турызму, распрацаваны віртуальныя і інтэрактыўныя экскурсіі па горадзе і Горацкім раёне. Усё гэта дапамагае далучаць вучняў да гісторыка-культурных каштоўнасцей, народных традыцый і звычаяў, развівае матывацыю вучняў да пазнання гісторыі, культуры і прыроды роднага краю.
На летнюю аздараўленчую кампанію гэтага навучальнага года запланавана рэалізацыя праграмы летняга аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем для дзяцей “Горацкія краязнаўцы”. Кожны дзень у лагеры будзе ладзіцца падарожжа па старонках гісторыі роднага краю. Удзельнікі тэматычнай змены стануць сапраўднымі захавальнікамі гісторыі праз экскурсіі, гульні, віктарыны, квесты, сустрэчы з народнымі майстрамі. У перспектыве плануецца правядзенне адукацыйных падарожжаў, фота- і вэб-квестаў.
Ідэйным нятхняльнікам праекта з’яўляецца метадыст цэнтра турызму Ганна Юшэвіч. Разам са сваёй мамай Людмілай Уладзіміраўнай Краўцовай, нязменнай актыўнай удзельніцай “Сударушак”, і трыма сваімі дзецьмі яны яскрава паказваюць на ўласным прыкладзе пераемнасць пакаленняў. Ганна Віктараўна падсумоўвае:
— Развіццё ў вучняў цікавасці да пазнання гісторыі роднага краю заўсёды будзе адной з галоўных задач педагога дадатковай адукацыі, бо гэта спрыяе разуменню таго, хто мы ёсць, хто нашы продкі, што яны нам пакінулі ў спадчыну.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара