Моладзь на “Полацкім рубяжы”

- 16:06Адукацыйная прастора

Старт рэгіянальнаму гісторыка­-адукацыйнаму праекту дадзены ў Віцебскай вобласці.

Новы праект палачан прысвечаны Году гістарычнай памяці і нацэлены на фарміраванне аб’ектыўнага стаўлення грамадства да гістарычнага мінулага, захаванне і ўмацаванне духоўнага адзінства беларускага народа. Ва ўстановах адукацыі раёна кіраўнікамі па ваенна-патрыятычным выхаванні сфарміраваны 23 пошукава-даследчыя атрады. Для кожнага з іх распрацаваны свой “маршрут памяці”. Моладзь чакаюць даследчая работа і паходы па мясцінах, дзе ў час Вялікай Айчыннай вайны змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі нашы продкі. Значная і цікавая калектыўная справа дазволіць падрастаючаму пакаленню паглыбіцца ў гераічныя і самыя трагічныя падзеі ліпеня 1941 года, калі на лініях Полацкага ўмацаванага раёна вырашаўся лёс краіны.

Комплекс абарончых збудаванняў паміж Полацкам і Ветрына ўздоўж старой мяжы з Польшчай быў узведзены ў перыяд з 1927 па 1932 год. У пачатку вайны яго абаронцы аказалі беспрэцэдэнтнае па мужнасці і працягласці супраціўленне наступленню вермахта, што лічыцца адным з фактараў зрыву гітлераўскага плана “Барбароса”. Юнакі і дзяўчаты даведаюцца аб лёсах салдат і афіцэраў, дзейнасці палкоў, дывізій і іншых воінскіх злучэнняў у складзе 22-й арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Піліпа Ершакова і начальніка штаба генерал-маёра Георгія Захарава. Пошукавікі зоймуцца вывучэннем гісторыі стварэння і баявога прымянення ДАПаў, правядзеннем вахт памяці, добраўпарадкаваннем помнікаў і брацкіх пахаванняў воінаў, мірных жыхароў — ахвяр вайны на тэрыторыі раёна. Ініцыятарамі праекта выступілі старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і намеснік старшыні Полацкага раённага выканаўчага камітэта Святлана Валюшкіна.

— Для нас важна і адказна, што многія нашы мясцовыя ініцыятывы атрымліваюць грамадскі рэзананс і развіццё на рэгіянальным, рэспубліканскім узроўнях, — адзначыла начальнік упраўлення па адукацыі райвыканкама Ірына Драздова. — Мы ўдзячны за падтрымку ўсім нашым сябрам і партнёрам, найперш — кіраўніцтву раённых выканаўчага камітэта, Савета дэпутатаў. Эфектыўнай паказала сябе практыка рэалізацыі праектаў з моцным выхаваўчым складнікам, якія аб’ядноўваюць усе ўстановы адукацыі. Ініцыятыўныя групы навучэнцаў, педагогаў, бацькоў узбагачаюць першапачатковую задуму сваімі яркімі ідэямі, арыгінальным аўтарскім бачаннем, нестандартнымі падыходамі. Такім шляхам, напрыклад, развіваецца наша “Стужка часу”. Раённы “Полацк вачыма дзяцей, або Горад у мініяцюры” прыцягнуў увагу кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама і абласной арганізацыі РГА “Белая Русь”: у выніку з поспехам праведзены абласны конкурс “Спадчына малой радзімы. Віцебшчына ў мініяцюры”. А “Скарынаўскія дні ў Полацку”, што таксама пачыналіся ў межах горада і раёна, дзякуючы падтрымцы Міністэрства адукацыі, Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, у мінулым годзе набылі статус рэспубліканскага культурна-адукацыйнага праекта. Спадзяюся, мы станем сведкамі і ўдзельнікамі яшчэ больш маштабнага працягу.

Стартавае мерапрыемства “Полацкага рубяжа” невыпадкова вырашана было правесці ў сярэдняй школе № 1 райцэнтра. Яе навучэнцы і настаўнікі ўжо амаль два дзесяцігоддзі актыўна даследуюць гісторыю роднага краю. Ва ўстанове адукацыі дзейнічаюць турыстычна-краязнаўчы атрад, інтэрактыўная пляцоўка “Подзвігу не згаснуць. Памяці — жыць!”, музей “Гісторыя горада — гісторыя школы”. Распрацаваны маршрут “Дарогамі спаленых вёсак”, дзе з дапамогай QR-кодаў можна атрымаць інфармацыю аб аб’ектах і экспедыцыях па лініях Полацкага ўмацраёна. Разам з педагогамі Вячаславам Дзяменцьевым, Вольгай Цялюк, кіраўніком па грамадзянска-патрыятычным выхаванні Уладзімірам Кнышам і дырэктарам Паўлам Ястрэмскім (ён, дарэчы, таксама сур’ёзна захапляецца гісторыяй і лета звычайна праводзіць у паходах) моладзь далучаецца да работы ваенна-патрыятычных пошукавых атрадаў. У школе створана ўнікальная дыярама ДАПа № 43, што падчас Вялікай Айчыннай вайны супрацьстаяў ворагу ў раёне вёскі Мацейкава. Зараз сумесна з кафедрай інфармацыйных тэхналогій Полацкага дзяржуніверсітэта ідзе распрацоўка праекта VRDOT43 па рэканструкцыі ў віртуальнай рэальнасці ўнутранай прасторы даўгачаснага агнявога пункта.

— Назапашаны велізарны фактычны матэрыял аб збудаваннях умацаванага раёна, месцах размяшчэння ДАПаў, баявых дзеяннях на лініях абароны Полацка ў ліпені 1941 года, героях бітвы за Полацк, — расказаў Вячаслаў Дзяменцьеў. — Наш школьны медыяцэнтр па грамадзянска-патрыятычным выхаванні гатовы да супрацоўніцтва і аказання любога віду дапамогі пошукавым атрадам раёна ў арганізацыі экспедыцый да ўмацаванняў. У нас сабраны і сістэматызаваны картаграфічны матэрыял, гістарычныя даследаванні практычна ўсіх батальённых і ротных раёнаў абароны.

Уладзімір Цярэнцьеў уручыў камандзірам атрадаў спецыяльныя значкі-эмблемы, рабочыя пакеты заданняў і маршрутныя лісты. Пасля заканчэння ўрачыстай часткі моладзь запрасілі на выставу сучаснай экіпіроўкі спецназа, разгорнутай у спартыўнай зале прадстаўнікамі вайсковай часці 5530. Для ганаровых гасцей правялі экскурсію па медыяцэнтры. У завяршэнне сустрэчы ім падарыў сваю першую кнігу з серыі “Полацкі ўмацаваны раён. Гісторыя і сучаснасць” краязнавец, даследчык, стваральнік і кіраўнік прысвечанага ўмацраёну інтэрнэт-форуму Уладзімір Камісараў.

— Для мяне гонар знаходзіцца сёння тут разам з вамі, — звярнуўся да пошукавікаў кіраўнік абласнога дэпутацкага корпуса. — Напэўна, многія з прысутных маладых людзей толькі з узростам зразумеюць, наколькі гэта патрэбная і сапраўды вялікая справа. Яна важная для кожнага з нас, для сем’яў воінаў, якія ахвяравалі жыццём дзеля міру і незалежнасці Радзімы, для ўсёй нашай краіны. Нізкі паклон і вялікі дзякуй тым, хто гэтую работу пачаў, займаецца ёю многія гады. Абсалютна ўпэўнены, што вынік сапраўды будзе дастойны.

Імёны абаронцаў Айчыны не павінны адысці ў нябыт, іх дарогі не павінны парасці быллём. Навучэнцы не проста пройдуць гэтымі дарогамі. У лік пастаўленых перад моладдзю задач уваходзіць стварэнне турыстычна-адукацыйных маршрутаў. Іх плануецца выдаць асобным зборнікам “Полацкі рубеж”. Такім чынам, плёнам працы юнакоў і дзяўчат зможа скарыстацца кожны жыхар або госць нашай краіны пры складанні ўласных падарожжаў, знаёмстве з Полаччынай. Па выніках праведзенага пошуку школьнікі падрыхтуюць эсэ пра ўдзельнікаў абароны горада ў ліпені 1941 года, якія плануецца змясціць у другім зборніку. Даследчыя работы юныя следапыты прадставяць на раённай канферэнцыі “Году гістарычнай памяці прысвячаецца…”. Лепшым атрадам будуць прысвоены імёны і прозвішчы герояў.

Пошукавікі зоймуцца вывучэннем гісторыі стварэння і баявога прымянення ДАПаў, правядзеннем вахт памяці, добраўпарадкаваннем помнікаў і брацкіх пахаванняў воінаў, мірных жыхароў — ахвяр вайны на тэрыторыі раёна.

Даследчыя работы юныя следапыты прадставяць на раённай канферэнцыі “Году гістарычнай памяці прысвячаецца…”. Лепшым атрадам будуць прысвоены імёны і прозвішчы герояў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.