Моладзь — стратэгічны і кадравы рэсурс Беларусі. Гэта галоўная тэма матэрыялаў «Настаўніцкай газеты» ў 2015 годзе

- 14:3080 лет вместе

Адукацыя. Маладосць. Будучыня. Гэтыя тры словы сустракаюцца найчасцей у падшыўцы “Настаўніцкай газеты” за 2015 год. І гэта не выпадковасць. 2015-­ы быў аб’яўлены ў Рэспубліцы Беларусь Годам моладзі. А на старонках галоўнага педагагічнага выдання краіны — маладыя педагогі, студэнты, вучнёўская моладзь. У прамым сэнсе гэтага слова — будучыня Беларусі і айчыннай адукацыйнай галіны ў прыватнасці.

“Адукацыя прадвызначае будучыню”

Матэрыялам пад такой назвай адкрываецца першы нумар “Настаўніцкай” 10 гадоў назад. У год свайго 70-годдзя наша газета нібы сама памаладзела ад мала­дзёжнага парадку дня ў грамадстве. Абнаўленне ў пачатку 2015-га прыходзіць і ў беларускую сістэму адукацыі: назначаны новы кіраўнік адукацыйнага ведамства Міхаіл Жураўкоў. Прадстаўляючы новага міністра адукацыі, тагачасны Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў падкрэслівае, што менавіта адукацыя заўсёды вызначала і вызначае актыўную грамадзянскую пазіцыю, прафесійна значныя якасці асобы, культурныя каштоўнасці, канкрэтныя здольнасці і сацыякультурную запатрабаванасць кожнага чалавека.

“Толькі тыя краіны, якія створаць і бу­дуць пастаянна падтрымліваць эфектыўную сістэму адукацыі, змогуць забяспечыць устойлівае развіццё эканомікі, высокі ўзровень жыцця і дабрабыт грамадства”, — піша “Настаўніцкая газета”. Відавочна, што да сістэмы адукацыі ў гэты перыяд, як і заўсёды ў нашай дзяржаве, надзвычай вялікая ўвага. І гэта знаходзіць адлюстраванне на старонках выдання беларускіх асветнікаў.

Газета актыўна шукае свайго чытача. На старонках “Настаўніцкай газеты” з’яўляюцца новыя героі (маладыя спецыялісты і маладзёжныя лідары) і новыя рубрыкі (“Суботняя планёрка”, “Інавацыі ў адукацыі”, “Школа маладых”), а пасля і новыя дадаткі (“Форум”, “Медыяадукацыя”). Газета імкліва развіваецца разам з такім жа хуткаплынным часам, так бы мовіць, ідзе ў народ: пастаяннай становіцца рубрыка “Адукацыйная прастора” і аднайменны дадатак. У іх межах друкуюцца педагогі з рэгіёнаў, шчодра дзелячыся з калегамі сваімі практычнымі напрацоўкамі.

Любіць Беларусь

Па словах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, юнацтва і маладосць у грамадстве заўсёды ўспрымаліся і ўспрымаюцца як час паўнаты жаданняў і велізарнага мноства магчымасцей. Асабліва гэта заўважна ў 2015-м — у Год моладзі. Вось ужо сапраўды, як у песні пяецца, “молодым ве­зде у нас дорога”.

Зазірнём у нумар за 29 студзеня, дзе ў рубрыцы “Погляд” “Настаўніцкая газета” друкуе праблемны артыкул дырэктара Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Уладзіміра Здановіча “Атрыманне адукацыі за мяжой — не гарантыя жыццёвага поспеху”.

Уладзімір Мацвеевіч цвёрда перакананы, што для адукацыі моладзі ў Беларусі створаны ўмовы, якім могуць пазайздросціць многія краіны.

“Вельмі хацелася б, каб усё гэта цанілася намі. Заўважце: наша грамадства ў няпростай эканамічнай сітуацыі ўтрымлівае даволі дарагія гімназіі і агульнаадукацыйныя ліцэі, сетку ўстаноў прафесійнай адукацыі з мэтай даць добрыя веды іх навучэнцам, развіць здольнасці, якімі яны надзелены ад прыроды. Дзяржава спадзяецца, што гэтыя крокі будуць узаемнымі, што таленавітая моладзь будзе праца­ваць на карысць краіны, мацаваць яе эканоміку”, — разважае Уладзімір Здановіч.

Жыць і працаваць на роднай зямлі — што можа быць лепш? Ніхто не чакае ў далёкіх краінах ні нас, ні нашых дзяцей. Хочацца больш заможнага жыцця? Не ўсё ж вымяраецца толькі грашыма: можна ку­піць другую кватэру, але нельга купіць другі баць­коўскі дом, можна набыць кавалак зямлі, але нельга купіць Радзіму… Ці вучым мы гэтаму нашу моладзь?

Дарогу юнацтву

Як пачуць голас юнакоў і дзяўчат, якія толькі выбіраюць свой прафесійны шлях? Зразумела, што даць ім трыбуну для агуч­вання сваіх мар і надзей, пляцоўку для абмену думак. Адной з такіх трыбун і пляцовак становіцца ў 2015 годзе наша “Настаўніцкая”. Так, у нумары за 26 лютага надрукавана справаздача з першага пасяджэння Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета пры міністры адукацыі Рэспублікі Беларусь. Журналіст нашага выдання піша пра прэзентацыю праекта “Адукацыя вачамі моладзі”, які прадугледжвае стварэнне ўмоў для грамадскага дыялогу моладзі па актуальных пытаннях сістэмы адукацыі Беларусі, забеспячэнне рэалізацыі мала­дзёжных ініцыятыў, данясенне меркаванняў моладзі да кіраўніцкіх органаў сістэмы адукацыі. Голас моладзі пачуты, бо яна годна выказвае свае меркаванні.

У нумары за 19 снежня — працяг тэмы ў матэрыяле “Усвядомленая патрэб­насць не быць раўнадушным” пад рубрыкай “Мала­дзёжная палітыка”. У дадатак да студэнцкага савета пры міністры створаны і пачынае работу Рэспубліканскі маладзёжны савет пры міністры адукацыі, першае пасяджэнне якога адбылося 18 лістапада 2015 года. Лейтматыў гэтых сустрэч маладосці з вопытам — менавіта маладыя людзі ў многім вызначаюць не толькі сучаснасць, але і будучыню дзяржавы. Моладзь — стратэгічны і кадравы рэсурс, і сёння на маладых лю­дзей робіцца самая вялікая стаўка.

 Дом маладога настаўніка

Не абмінаецца маладзёжная праблематыка і на старонках дадаткаў да “Настаўніцкай газеты”. Напрыклад, адзін з выпускаў дадатку “Сацыяльны ракурс” цалкам прысвечаны маладзёжнай праблематыцы і тэме размеркавання. Тэмы, якія хвалююць педагагічную грамадскасць, вельмі балючыя: галоўныя прычыны незамацавальнасці маладых спецыялістаў (спойлер — адсутнасць жылля і невялікая зарплата), праблемы прафарыентацыйнага адбору (як прыцягнуць у адукацыю маладыя кадры) і г.д. Зразумела, прадастаўленне арэнднага жылля маладым спецыялістам значна павышае працэнт іх замацавальнасці на першым працоўным месцы, як і выдача мэтавых накіраванняў.

Так, у адным з вераснёвых нумароў уласны карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” піша пра Дом маладога настаўніка, які з’явіўся ў аграгарадку Сноў Нясвіжскага раёна. Такі прыемны сюрпрыз пачынаючым педагогам, якія працуюць у Сноўскай сярэдняй школе, зрабіў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Агракамбінат “Сноў”. Дом размясціўся ў будынку былога інтэрната. Дырэктар Сноўскай сярэдняй школы Галіна Васільеўна Радаман выказвае слушную думку: “Гэта інвестыцыя ў будучыню, бо моладзь — наша змена, наша заўтра. Думаю, што такія ўмовы дапамо­гуць нам прыцягнуць і ўтрымаць маладых спецыялістаў”.

Героі “Настаўніцкай газеты” нават у адным нумары газеты вельмі розныя: студэнты геафака БДУ, малады дырэктар сельскай школы ў Клецкім раёне, мінчане-выпускнікі, якія размеркаваліся ў вясковую школу… Але ўсе яны аб’яднаны адной ідэяй: жыць і працаваць на ка­рысць Радзімы.

Дзеці вайны і дзеці міру

Наша газета — равесніца Вялікай Перамогі. Шмат на яе старонках матэрыялаў, прысвечаных чарговаму юбілею перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. З кожным годам усё больш педагогаў-ветэранаў адыходзяць у вечнасць… Як напісаў у адным са сваіх матэрыялаў мой калега, “як мы будзем захоўваць памяць пра Перамогу, калі сыдуць ветэраны? Каго будзем запрашаць на сцэну, хто будзе для нас прыкладам мужнасці, подзвігу, маральным арыен­цірам?”

Да 70-годдзя Перамогі на старонках нашага выдання актуалізуецца новая тэма — дзеці вайны. “Настаўніцкая газета” становіцца трыбунай педагогаў, чыё дзяцінства выпала на гады Вялікай Айчыннай, гады кровапраліцця, галечы, голаду. Успаміны ветэранаў, якія са зброяй у руках абаранялі нашу краіну ад фашысцкай навалы, змяняюцца ўспамінамі іх удзяч­ных нашчадкаў. Трагедыя вайны не паўторыцца, пакуль мы памятаем і на гэтых успамінах выхоўваем новыя пака­ленні…

Яшчэ адна значная тэма газеты ў гэты перыяд — профільная школа. З 1 верасня 2015 года ў краіне пачалі дзейнічаць профільныя класы. Напрамкі сфарміраваны з улікам рэальных патрэб рынку працы, адукацыйных запытаў навучэнцаў і іх бацькоў, магчымасцей і традыцый устаноў адукацыі. Адна з асаблівасцей профільнай адукацыі — прафесійна арыентаваная накіраванасць.

Менавіта гэтай тэме прысвечаны матэрыял “У разнастайнасці выбару. Якая форма профільнай адукацыі лепшая для сельскіх школ?” дырэктара Альхоўскай сярэдняй школы Астравецкага раёна Сяргея Гаўрыловіча і яго намесніка па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алены Кусойць. Вывад, які робяць педагогі, наступны: арганізацыя мультыпрофільнага навучання на трэцяй ступені адукацыі ў спалучэнні з правільнай падрыхтоўкай да яго на другой ступені ў сельскай малакамплектнай школе не проста магчыма, але і можа быць найбольш эфектыўнай арганізацыйнай формай навучання.

Вось такім ён быў — 2015-ы для “Настаўніцкай газеты”. З той пары мінула дзесяцігоддзе, і кожная з ідэй, якая пачыналася тады, мела свой выніковы працяг.

Наталля КАСТЭНКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

Гарызонты росту

У газеце за 2015 год пад загалоўкам “Новая, 40-­я” карэспандэнт пісаў пра адкрыццё сучаснай школы ў Гродне.

Cёння, праз дзесяцігоддзе, школа № 40 імя В.І.Крам­ко ператварылася ў сапраўдны адукацыйны феномен. Калі ў 2015 годзе гаворка ішла аб перспектывах, то сёння можна падводзіць пэўныя вынікі. Школа стала жывым, развітым  арганізмам. Адна з рэкрэацый другога паверха, напрыклад, у літаральным сэнсе стала музеем. Тэматычная прастора, прысвечаная авіяцыі ваеннага часу, прымушае запаволіць крок нават вучняў, якія заўсёды ў руху. Тут замерлі ў дынамічным “палёце” дакладныя мадэлі баявых самалётаў. Гэта не проста экспанаты, гэта частка асяроддзя, якое выхоўвае.

— Мы імкнёмся да таго, каб кожны куток школы працаваў на развіццё дзіцяці, — адзначае дырэктар школы Аляксандр Рымко. — Прысвечаная авіяцыі экспазіцыя — толькі малая частка. З 2022 года школа носіць імя Віталія Ільіча Крамко. Герою Беларусі ў нас прысвечана яшчэ адна экспазіцыя ў холе. Ёсць, вядома, і музеі ў класічным разуменні гэтага слова. Гэта, напрыклад, арыгінальны, прысвечаны ваенным падзеям 1812 года і гісторыі Гродзенскага гусарскага лейб-гвардыі палка. Пра самабытнасць беларускага народа расказвае музей “Спадчына”, дзе праходзяць не толькі экскурсіі, але і ўрокі па беларускай літаратуры, факультатыўныя заняткі духоўна-маральнай накіраванасці.

Школа № 40 глядзіць не толькі ў мінулае, але і ў будучыню. У 2022 го­дзе ўстанова атрымала ганаровы статус “Зялёная школа”, а крыху пазней стала раённым рэсурсным цэнтрам па экалагічным выхаванні.

Яшчэ адзін рэсурс, які актыўна развіваецца, — сучасны медыяцэнтр. Абсталяваны па апошнім слове тэхнікі, ён дазваляе дзецям спрабаваць сябе ў ролі карэспандэнтаў, аператараў і мантажораў.

— Шасцёра нашых выпускнікоў для паступлення выбралі спецыяль­насць “Журналістыка”. Сёння некаторыя з іх ужо сумяшчаюць работу на гарадскім і абласным тэлебачанні з вучобай ва ўніверсітэце. Дарэчы, учора быў падпісаны чатырохбаковы дагавор аб супрацоўніцтве з ГрДУ імя Янкі Купалы, гарадскім аддзелам адукацыі і тэлерадыёвяшчальным каналам “Гродна Плюс”. Галоўным вынікам яго стане адкрыццё ў нашай школе першай у Гро­дзенскай вобласці профільнай групы медыянакіраванасці. З’явіцца такая ўжо ў наступным навучальным го­дзе, — працягвае кіраўнік установы адукацыі.

За кожным з вучнёўскіх поспехаў, а такіх у 40-й школе Гродна сапраўды шмат, стаіць праца педагогаў. Настаўніца біялогіі Алеся Давыдзік у 2023 годзе стала лаўрэатам заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”. Педагогі 40-й школы ўдасканальваюць прафесійнае майстэрства. І кожны іх поспех — заканамерны, бо тут цэняць педагагічнае наватарства.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

Бясконцая творчасць

Гаспадыняй дадатковай адукацыі назвала журналіст “Настаўніцкай газеты” дырэктара Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Святлану Якіменка ў вераснёвым нумары 10 гадоў назад.

Святлана Віктараўна кіруе Палацам творчасці і зараз, не забываючы пра сваё галоўнае правіла: працаваць у камандзе. Яна ганарыцца калегамі і з гордасцю называе іх імёны. Дастойны прыклад маладым педагогам паказваюць выдатнікі народнай адукацыі БССР Георгій Трафімавіч Шныркевіч (заснавальнік народнай эстраднай студыі) і Валянцін Пятровіч Пакаташкін (член Саюза мастакоў Беларусі, заснавальнік народнай студыі выяўленчай творчасці), а таксама легендарны гулец інтэлектуальнага клуба “Што? Дзе? Калі?” уладальнік медаля “За працоўныя заслугі” Леанід Валянцінавіч Клімовіч і многія іншыя.

— У 2017-м палац адсвяткаваў 80-гадовы юбілей бясконцай творчасці, і да гэтай значнай даты тут была створана музейная экспазіцыя, дзе адлюстравана гісторыя ўстановы. У палацы сёння каля 100 аб’яднанняў па інтарэсах па 9 профілях, у якіх вучыцца больш за 2000 навучэнцаў. 14 калектываў ма­юць званні “ўзорны” і “народны”, — дзеліцца Святлана Якіменка. — Па выніках 2019 года Гомельскі абласны палац творчасці дзяцей і моладзі быў занесены на рэспубліканскую Дошку гонару.

Ужо год дзейнічае філіял палаца — цэнтр прафесійных кампетэнцый, творчасці і вольнага часу навучэнцаў. Яго мэта — дапамога ў прафесійнай арыентацыі навучэнцаў пры выбары прафесійнай дзейнасці і эфектыўнай, паспяховай кар’еры.

— Мы ганарымся правя­дзеннем I Адкрытых абласных Цыбіраўскіх педагагічных чытанняў, якія былі названы ў гонар Маі Нічыпараўны Цыбіравай, заслужанага настаўніка БССР, якая прысвяціла 48 гадоў свайго жыцця нашай установе адукацыі. У рамках чытанняў адбылося падпісанне пагадненняў аб супрацоўніцтве ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Гомельскай вобласці з установамі адукацыі Арлоўскай і Смаленскай абласцей. Палац таксама супрацоўнічае з Бранскім абласным губернатарскім палацам дзіцячай і юнацкай творчасці імя Ю.А.Гагарына, — расказвае Святлана Вікта­раўна.

Таксама ў палаца нала­джана супрацоўніцтва з тэхнапаркам “Карал” (філіялам Рэспубліканскага ўнітарнага сэрвіснага прадпрыемства “Агенцтва развіцця і садзейнічання інвестыцыям”). У цесным узаемадзеянні 5 гадоў арганізоўваецца абласны конкурс “Погляд у будучыню”. Удзел у конкурсе — выдатны шанс для дзяцей не толькі праверыць свае веды, але і атрымаць каштоўны вопыт, знайсці аднадумцаў і натхненне для далейшага развіцця ў сферы праграмавання.

Наталля КАСТЭНКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і прадастаўлена ўстановай адукацыі

Знайшла прызванне

Дзесяцігоддзе назад гераіняй тэматычнай паласы “Настаўніцкай”, прысвечанай Дню беларускай навукі, стала Вера Лаўшук. Маладая аспірантка ўваходзіла ў лік стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта, мела грант Міністэрства адукацыі на рэалізацыю навуковай распрацоўкі.

Сустрэліся з Верай Дзмітрыеўнай зноў, каб пагутарыць аб здзяйсненнях і марах.

— За дзесяць гадоў у жыцці адбылося шмат падзей. Напэўна, адно з галоўных змяненняў — новая назва і статус нашай навучальнай установы. Вучылася я ў Магілёўскім універсітэце харчавання, а працую ў Беларускім дзяржаўным універсітэце харчовых і хімічных тэхналогій. Паспяхова скончыла аспірантуру і засталася на роднай кафедры, у навуковай і выкладчыцкай дзейнасці знайшла прафесійнае прызначэнне, — паведаміла суразмоўніца.

Яшчэ аспіранткай Вера Лаўшук пачала працаваць над уласным навуковым даследаваннем па стварэнні кансерваваных прадуктаў. Гэтым засяроджана займаецца і сёння. Вынікам яе плённай працы стала рэцэптура фруктовага глінтвейну. Сокаўтрымальны напітак на аснове настояў сухафруктаў з дабаўленнем духмяных прыпраў нават выпусцілі малай партыяй на адным з айчынных заводаў.

— Прадукт прайшоў поўны цыкл апрабацыі. Але, на жаль, у масавую вытворчасць пакуль не паступіў. Спадзяюся, што прадпрыемствы ўсё ж зацікавяцца распрацоўкай. Каб наладзіць выпуск, не патрэбна ніякага дадатковага абсталявання, а ка­рысць прадукцыі для чалавечага арганізма відавочная, — расказала Вера Дзмітрыеўна.

Зараз Вера Лаўшук сканцэнтравалася на выкладанні. Вядзе курс па тэхнічнай мікрабіялогіі ў студэнтаў, займаецца падтрымкай адоранай моладзі:

— Як некалі мяне накіравалі ў навуку, так цяпер сама задаю гэты вектар для маладых лю­дзей. Пад маім куратарствам ужо 47 студэнтаў паспяхова абаранілі дыпломыя работы і праекты. Сумесна са студэнтамі стварылі рэцэптуру малочнага кактэйлю піна калада. Гэтая распрацоўка была адзначана на конкурсе “100 ідэй для Беларусі”. Далучаю да навукі таксама школьнікаў. Актыўна супрацоўнічаю з установамі агульнай сярэдняй адукацыі. Так, ва ўзаемадзеянні з сярэдняй школай № 25 Магілёва вызначалі якасць сокаў, уплыў святла на захоўванне гэтых напіткаў. Работа атрымала пераможны дыплом на гарадскім даследчым конкурсе.

Свой вопыт Вера Лаўшук пастаянна прэзентуе на канферэнцыях і семінарах, публікуе вынікі даследаванняў у рэспуб­ліканскіх і міжнародных навуковых часопісах. Элементы распрацовак яна імкнецца выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе. За ўкараненне інавацыйных методык выкладання неаднара­зова атрымлівала ўзна­гароды.

— У найбліжэйшых планах — абарона кандыдацкай дысертацыі, — падкрэсліла Вера Дзмітрыеўна. — У перспектыве хачу працягваць уносіць уклад у развіццё харчовай прамысловасці краіны.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара