Моцныя ідэі — моцныя рэгіёны

- 12:26Адукацыйная прастора

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя студэнтаў, аспірантаў і маладых вучоных “XV Машэраўскія чытанні” прайшла ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава.

Геаграфія чытанняў заўсёды шырокая. Сёлета маштабны маладзёжны форум сабраў больш за 300 удзельнікаў з 39 устаноў адукацыі, уключаючы вядучыя УВА Беларусі і Расіі. З улікам эпідэміялагічнай сітуацыі быў выбраны вочна-дыстанцыйны фармат правядзення. Пасля ўрачыстага адкрыцця канферэнцыі з дакладам аб інавацыйных распрацоўках у IT-сферы для развіцця эканомікі Віцебскага рэгіёна выступіў малады выкладчык кафедры інжынернай фізікі ВДУ Дзмітрый Даўгулевіч. У ходзе пленарнага пасяджэння таксама абмяркоўваліся вопыт удзелу маладых вучоных універсітэта ў навукова-даследчых конкурсах і тэарэтычныя аспекты сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў Беларусі.

Далейшая праграма прадугле­джвала работу па напрамках у 12 секцыях. Увага маладых вучоных усё часцей канцэнтруецца на вырашэнні праблем, звязаных з пераходам да пятага і шостага тэхналагічных укладаў. Азначаная тэндэнцыя выразна прасочвалася ў многіх выступленнях, прычым не толькі ў секцыі “Матэматычныя метады, мадэлі і сучасныя фізічныя працэсы”, але і ў тых, што закранаюць практычна ўсе сферы жыцця, напрыклад, рацыянальнае прыродакарыстанне і ахову навакольнага асяроддзя. Прадстаўленыя вынікі навуковага пошуку ахопліваюц­ь вялікі спектр разнапланавых пытанняў, ад  гістарычнай дынамікі і духоўнай культуры грамадства ў рамках рэгіянальнага і глабальнага кантэкстаў да фарміравання фінансавага і прававога дыскурсаў, мадэ­лявання прадметна-прасторавага асяроддзя. Адразу ў некалькіх секцыях разглядаліся даследаванні гуманітарнай накіраванасці.

ВДУ дынамічна развіваецца як класічны ўніверсітэт. Разам з тым традыцыйны для гэтай установы вышэйшай адукацыі педагагічны складнік застаецца ў ліку прыярытэтаў. Што характэрна, названы напрамак прываблівае многіх маладых даследчыкаў. Яскравым пацвярджэннем гэтага стала колькасць удзельнікаў і разнастайнасць тэматыкі выступленняў у секцыях “Тэорыя і методыка прыродазнаўчай і гуманітарнай адукацыі”, “Псіхолага-педагагічныя дэтэрмінанты адукацыйнай прасторы і сацыяльнай сферы”, “Тэарэтычныя і прыкладныя аспекты фізічнай культуры, спорту і турызму”, “Гісторыя, тэорыя і практыка выкладання візуальных мастацтваў”, “Педагогіка дзяцінства ў сучасным кантэксце: праблемы і перспектывы”. Сярод навацый юбілейных чытанняў — секцыя “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі”.

“Наша канферэнцыя адкрывае перад маладымі вучонымі і педагогамі, аспірантамі, магістрантамі, студэнтамі і навучэнцамі каледжаў магчымасць падзяліцца з навуковай грамадскасцю вынікамі ўласнай навукова-даследчай дзейнасці, — а­дзначыў прарэктар ВДУ па навуковай рабоце, доктар педагагічных навук, прафесар Яўген Аршанскі. — У цэлым чытанні прайшлі дастаткова паспяхова і прадукцыйна. Для некаторых удзельнікаў гэта першыя крокі ў навуку. Варта акцэнтаваць увагу на тым, што даследаванні, якія выконваюць нашы вучоныя, пераважна носяць практыка-арыентаваны характар. Адпаведна мы арыентуем моладзь на тое, каб яна імкнулася ўнесці пэўны ўклад у развіццё сваіх рэгіёнаў. Таму невыпадкова ўсе прадстаўленыя даклады аб’яднаны лейтматывам “Моцныя ідэі — моц­ныя рэгіёны”. Асобна хацелася б вылучыць новую секцыю ў праграме канферэнцыі. Грамадзянска-патрыя­тычнаму выхаванню моладзі ва ўніверсітэце ўдзяляецца значная ўвага. Неабходна, каб кожны чалавек і, канечне, кожны наш студэнт, выкладчык шанаваў тое месца, дзе ён нарадзіўся і вырас, вучыўся, рабіў першыя крокі ў самастойнае жыццё. Каб паважаў і быў удзячны за дасягненні старэйшага пакалення, выразна ўсведамляў, што менавіта яно дае моладзі выдатныя перспектывы для развіцця, асабістага станаўлення, працоўнага, творчага росту. І, безумоўна, каб імкнуўся стаць сапраўдным прафесіяналам у сваёй справе, прымнажаючы ўласнай працай дасягненні папярэднікаў, разумеючы адказнасць за будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў, Радзімы і дзяржавы. Гэта вельмі важна сёння”.

Таццяна БОНДАРАВА.