Музыка іх з’яднала: сунічнае шчасце Калянковічаў

- 14:15Учительский дуэт

Узорны фальклорны гурт “Сунічка” з лунінецкай сярэдняй школы № 1 — пераемнік багатай фальклорнай спадчыны. Дзеці з задавальненнем выконваюць беларускія песні, побытавыя танцы, удзельнічаюць у абрадах. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Падчас сустрэчы з гуртам мне пашчасціла зарадзіцца энергіяй іх танцаў і песень, ад­чуць душэўны ўздым і зразумець, што фальклор — гэта сучасна. Па словах дырэктара школы Вольгі Пятроўны Капусціч, ідэйнымі натхняльнікамі вывучэння народных песень і танцаў з’яўляюцца зас­навальнікі і нязменныя кіраўнікі фальклорнага гурта “Сунічка” настаўнікі музыкі і спеваў Уладзімір Каленікавіч і Людміла Іванаўна Калянковіч.

Музыка іх з’яднала — у тым ліку і сямейнымі вузамі. Абое скончылі музычныя вучылішчы: яна ў Баранавічах, ён у Брэсце. Маладая баяністка прыехала па размеркаванні ў Мікашэвічы, дзе памужнелы пасля арміі скрыпач вучыў дзяцей нотнай грамаце. Абое праявілі сябе на творчых пляцоўках розных узроўняў, удзель­нічалі ў прафесійных конкурсах і розных святах, прымералі на сябе ролю і салістаў, і артыстаў ансамбля. Вядомасць у раёне і па-за яго межамі прыйшла разам з перакананнем: народная музыка, танцы і спевы — іх прызванне. Таму яны прыехалі выкладаць музыку і спевы ў Вулькаўскую школу, што на Лунінеччыне, і з цікавасцю пагрузіліся ў сумесную работу. А ў 90-я пачалі карпатліва збіраць і вывучаць культурныя традыцыі Лунінеччыны і запалілі іскру цікавасці да народнай творчасці ў навучэнцаў.

Разам у бацькоўскай хаце

Уладзімір Калянковіч упэўнены, што за музычныя здольнасці яму з Людмілай трэба дзякаваць продкам. Яго дзед Рыгор быў кавалём і паважаным у вёсцы чалавекам не толькі за цвёрдую руку, але і за тое, што быў добры скрыпач. Да таго ж адзін дзядзька іграў на мандаліне, другі — на гітары. “Гены ўсё вырашылі”, — жартуе педагог.

У Людмілы свая гісторыя. Яе маці — першая на вёсцы выканаўца прыпевак. У хаце збіраліся на спевы матуліны сяброўкі і прасілі дзяўчынку ўзяць баян ды пады­граць. Так на слых і навучылася яна мелодыі падбіраць.

— У мяне часта пытаюць, адкуль я ведаю столькі песень, прыпевак, — гаворыць Людміла Іванаўна. — Вядома ж, гэта матуліна спадчына.

Сыны Калянковічаў, як і бацькі, фальклорам захапляюцца з маленства. Да таго ж за плячыма ў іх выдатная школа “сунічнага” жыцця, што развіла творчыя памкненнi многіх талентаў і дала ўпэўне­насць у тым, што беларусы зберагуць сваю спадчыну на вякі.

— Хаця сыны і не сталі музыкантамі, але з лёгкасцю могуць і песню заспяваць, і крыжачка станчыць, і байку на мясцовым дыя­лекце расказаць, — адзначаюць бацькі. — Вадзім — лінгвіст, жыве і працуе ў Кітаі, Юра — сталічны ўрач. З фальклорам сувязь не страцілі, бо гэтае захапленне ў іх з нараджэння.

Любімая традыцыя сям’і Калянковічаў перадаецца з пакалення ў пакаленне — саб­рацца ў баць­коўскай хаце за вялікім сталом і зацягнуць штосьці народнае ва ўсе галасы.

З “Валачобнікаў” у “Сунічку”

Фальклорны ансамбль Калянковічы заснавалі ў Вулькаўскай школе, як толькі пачалі там працаваць.

— У той час мы часта наведваліся ў госці да Ніны і Васіля Шпакоўскіх, галоўных зберагальнікаў вулькаўскага (волянскага) фальклору, — нагадвае Уладзімір Каленікавіч.

Гэта былі цікавыя творчыя сустрэчы, на якіх маладыя педагогі перанялі шмат народных традыцый Лунінеччыны. Дарэчы, ніякіх папяровых ці электронных архіваў яны не назапашвалі, усе тэксты мясцовых песень і мелодыі ведаюць на памяць.

— Народная песня застаецца ў сэрцы назаўжды. За кожным матывам — жыццёвы вопыт, душэўная глыбіня, — тлумачыць Людміла Іванаўна.

Амбіцыйных планаў у Калянковічаў не было. Што ведалі самі, таму і сталі вучыць дзяцей, абапіраючыся на традыцыі вёскі, у якой жылі і працавалі. Першапачаткова іх ансамбль называўся “Валачобнікі”, а слова “сунічкі” невыпадкова вымавіў карэспандэнт раённай газеты Рыгор Жук.

— Ён доўга разглядаў юных артыстаў у стракатых кашулях, калі рыхтаваў пра нас артыкул, а пасля сказаў: “Якія “Валачобнікі?” Гэта ж нашы лунінецкія “сунічкі”, — прыгадваюць Калянковічы. — Мы і не спрачаліся, бо назва вельмі ўдалая.

Яркія выступленні, маляўнічыя касцюмы, мабіль­насць, зладжанасць удзельнікаў, цудоўная манера выканання нумароў — усё гэта сведчыць аб высокім узроўні “Сунічкі” і прафесіяналізме яе мастацкіх кіраўнікоў. У калектыве 37 таленавітых дзяцей. Самым малодшым — 7 гадоў, старэйшым — 14. Калі адны заканчваюць навучанне, на іх месца прыходзяць іншыя. Ёсць нават 8 дынастый (Канстанцін і Ксенія Нас­ковіч, Дарына і Аляксей Гурбановіч, Дар’я і Аляксандр Гародка, Ульяна і Канстанцін Багатка, Мікіта і Міраслаў Жоглікі, Ксенія і Марыя Клімовіч, Яўген і Павел Давідчукі, Маргарыта і Раман Кавалец). У калектыве сабраліся дзеці з рознымі творчымі інтарэ­самі. Кіраўнікі гурта самі вучаць юных артыстаў па ўсіх кірунках, працуюць над музыкай, вакалам, харэаграфіяй, пастаноўкай арыгінальных нумароў.

У канцэртнай скарбонцы ансамбля — беларускія народныя песні і танцы ў сучаснай інтэрпрэтацыі. Поруч з танцорамі і спевакамі — юныя музыканты-інструменталісты. Яны зачароўваюць сваім майстэрствам біць у барабан, іграць на дудачках ды трашчотках. А яшчэ тут ліра, бубен, рубель, званочкі, дровы, калатушка, драўляныя лыжкі і нават каса. Насамрэч, многае з гэтых дзівосаў створана рукамі Ула­дзіміра Каленікавіча. Колавая ліра — інструмент старадаўні, незвычайны і даволі дарагі. Мяркуецца, што на беларускіх землях ён з’явіўся ў XVI стагоддзі. Музыкант прафесійна змайстраваў ажно дзве ліры. На яго думку, не ўсё ж трэба купляць, калі можна зрабіць самому.

Дарэчы, усе канцэртныя касцюмы ансамбля таксама ручной работы. Над імі працуюць матулі і бабулі артыстаў. Строі цалкам адпавядаюць тым, што некалі насілі продкі. У “Сунічцы” нават самыя маленькія ведаюць, што ўзор на кашулі мае сакральны сэнс. Кожнай кашулі тут да­юць імя яе першага ўладальніка, бо ўсе касцюмы перадаюцца ад аднаго “сунічнага” пакалення другому.

— Перад канцэртам трэба бачыць, як маленькія хлопчыкі зацягваюць паясы, а дзяўчынкі заплятаюць адна адной чырвоныя стужкі ў косы, — расказвае Людміла Іванаўна. — Гэта сапраўдны рытуал “беларускасці”. Адразу прыходзяць у галаву думкі аб продках, гісторыі і каранях.

У школе вялікая ўвага ўдзяляецца даследчай дзейнасці, вывучэнню абрадаў Лунінеччыны. Штогод ладзяцца фальклорныя экспедыцыі па вёсках раёна для ўзбагачэння рэпертуару новымі песнямі. Сабраны матэрыял увасабляецца ў жыццё пры падрыхтоўцы і правядзенні свят народнага календара, такіх як Каляды, Грамніцы, Гуканне вясны, Масленіца, Юр’я, Зажынкі і інш.

Жыццё заўсёды віруе вакол Калянковічаў. Больш за 30 гадоў яны перадаюць сваё майстэрства навучэнцам. На іх думку, лепшы сродак выхавання — асабісты прыклад. Яны заўсёды выходзяць на сцэну ра­зам, шчыра спяваюць і іграюць на інструментах. Дзеці гэта адчуваюць.

Узорныя

“Сунічка” штогод прыўносіць у скарбонку дасягненняў школы шмат дыпломаў з абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод”, рэспубліканскага конкурсу мастацтваў “Музычны феерверк”, рэспубліканскага фестывалю-конкурсу даследчых праектаў навучэнцаў “Нашчадкі традыцый” і іншых. Багаты сунічны “ўра­джай” — сведчанне плённай дзейнасці слыннага гурта, удзельнікі якога не стамляюцца спазнаваць бязмежныя скарбы музычнага мастацтва і з натхненнем першаадкрывальнікаў нясуць іх людзям. Дарэчы, у калектыве выхавана вялікая колькасць таленавітых спевакоў і музыкантаў, многія з якіх працуюць у прафесійных музычных калектывах краіны. Не так даўно ансамбль пацвердзіў званне ўзорнага.

На думку кіраўнікоў гурта, у аснове поспеху — шырокія магчымасці для ўсебаковага развіцця навучэнцаў, дапамога калег, падтрымка кіраўніцтва аддзела па адукацыі і мясцовай улады. І з гэтым цяжка не пагадзіцца. Вераснёўскае наваселле ў абноўленай сярэдняй школе № 1 Лунінца стала сапраўдным падарункам. Цяпер гэта школа новага пакалення — прасторная, тэхналагічная, выдатна абсталяваная. Чаго толькі вартыя харэаграфічная зала з люстэркамі і станком, новыя музычныя інструменты…

— На ўрачыстай лінейцы ўсім запомнілася пажаданне Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, нашага славутага земляка, які ў свой час скончыў сярэднюю школу № 1 Лунінца, — расказвае Вольга Пятроўна Капусціч. — Уладыка Веніямін адзначыў, што на прыкладзе нашай установы бачны клопат дзяржавы аб кожным чалавеку і што новыя ўмовы патрабуюць большай аддачы і адказнасці. Кіруемся гэтымі словамі.

Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота аўтара і прадастаўлена ўстановай