Пандэмія ўнесла пэўныя карэкціроўкі ў дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах турысцка-краязнаўчага профілю. І ўсё ж рукзакі за плячыма, палаткі на ўскрайку лесу, песні пад гітару ля вечаровага вогнішча, усмешкі сяброў на прывале былі сёлета ў дастатковай колькасці. Тысячы юных турыстаў вандравалі па родным краі, спазнавалі гісторыю малой радзімы, у тым ліку перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Як адзін з вынікаў — 133 работы, дасланыя на рэспубліканскі конкурс турысцкіх відэаролікаў “Маршрутамі пераможцаў”.
Cучасныя вучні прывыклі атрымліваць візуальную інфармацыю, любяць праглядаць відэаролікі, а яшчэ яны любяць бачыць сябе па той бок манітора. Таму, безумоўна, выдатнай была ідэя Рэспубліканскага цэнтра экалогі і краязнаўства размясціць на сваім YouTube-канале работы канкурсантаў, усе 133 маршруты, пройдзеныя педагогамі і навучэнцамі па месцах баявой славы. Дзякуючы перыядычнаму прагляду відэаролікаў, яркія эмоцыі і ўражанні, атрыманыя падчас паходу, нікуды не знікаюць, як не знікае ў дзяцей і цікавасць да паходнага жыцця.
“Калі мы складалі палажэнне конкурсу, то хацелі сабраць відэаролікі пра турыстычныя паходы і паездкі, якія здзяйснялі педагогі разам з вучнямі, і тым самым папулярызаваць турыстычны, паходны рух. Яшчэ адной мэтай, несумненна, стаў зварот да тэмы 75-годдзя Вялікай Перамогі. На жаль, не ўсе работы цалкам адпавядалі конкурсным патрабаванням. Былі ролікі, якія паказвалі прыгажосць нашай прыроды, нашай краіны, але маршрут паходу не быў прывязаны да нейкіх канкрэтных мясцін, памятных знакаў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны”, — расказала загадчык аддзела турызму і спартыўнага арыентавання РЦЭіК Марыя Леанідаўна Голубева.
Любы паход — гэта не проста прагулка, гэта пераадоленне сябе. Прайсці нават невялікі кіламетраж — гэта ўжо выпрабаванне для чалавека, таму што ён вырываецца з прывычнага акружэння, трапляе ў лес, дзе няма звычных для яго бытавых умоў, дзе прыгатаваць ежу можна толькі на вогнішчы, памыцца можна толькі ў рэчцы. Не кожны здольны пераадолець такія цяжкасці. А любыя цяжкасці якраз дазваляюць нам у першую чаргу пазнаць сябе, свае магчымасці, сілу свайго характару. Кожная работа ацэньвалася ў комплексе: улічвалася і наяўнасць памятных знакаў на маршруце, і тое, як быў зманціраваны сам відэаролік. Можна ўзяць незвычайны сцэнарый і цікава яго абыграць, а можна проста выдаць відэарад таго, што наздымалі, проста аб’яднаўшы кадры. Творчы складнік, аўтарскі падыход былі для журы вельмі важнымі, і гэта таксама давала шмат балаў пры ацэнцы работы.
Конкурс “Маршрутамі пераможцаў” стаў своеасаблівым працягам традыцыйнага рэспубліканскага конкурсу на лепшы турысцкі паход “Пазнай Радзіму — выхавай сябе”. “Конкурс турысцкіх відэаролікаў адкрыў для нас цэлы пласт педагогаў, якіх мы не бачым на рэспубліканскім узроўні, паколькі гэтыя людзі ходзяць з дзецьмі ў паходы выхаднога дня, што на рэспубліканскім узроўні, як правіла, не ацэньваюцца. Было шмат імёнаў, якіх мы не ведалі, але нямала і такіх, што нам прыемна было ўбачыць зноў. Нягледзячы на тое, што не ва ўсіх паходах, прадстаўленых на конкурс “Маршрутамі пераможцаў”, ёсць спартыўны складнік, гэтыя відэаработы ўсё роўна прапагандуюць паходны рух”, — адзначыла Марыя Голубева.
Работы дасылаліся ў некалькіх намінацыях. Відэаролікі расказвалі пра пешаходныя, веласіпедныя і водныя паходы педагогаў як з навучэнцамі, так і са сваімі калегамі, а таксама сямейныя паходы. Так, у намінацыі “Пешаходныя паходы з навучэнцамі” пераможцай стала работа “Услед за сонцам” Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, у намінацыі “Веласіпедныя паходы з навучэнцамі” дыпломам І ступені адзначана работа “Фармат радыяльны — велапаход рэальны” Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Старадарожскага раёна, у намінацыі “Водныя паходы з навучэнцамі” перамагла відэаработа “Эколага-краязнаўчая экспедыцыя “Запаведная Бярэзіна” Лепельскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. У намінацыях, прысвечаных пешаходным, веласіпедным і водным паходам педагогаў, 1-е месца заваявалі работы “Дарогамі вайны” гімназіі № 1 Дзятлава, “А дзе жывеш ты?” Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, “Водны паход педагогаў” сярэдняй школы № 30 Мінска. У намінацыі “Сямейныя паходы” перамагла работа “Што такое горы?” Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.
Больш падрабязна са спісам пераможцаў можна азнаёміцца на сайце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. А вось дзякуючы YouTube-каналу ўстановы можна завочна здзейсніць 133 падарожжы па месцах баявой славы па розных кутках Беларусі. Прапануем нашым чытачам павандраваць разам з педагогамі гімназіі № 1 Дзятлава. Настаўніца інфарматыкі Святлана Іосіфаўна Кетка (адказная за відэаздымкі, агучванне, стратэгію, мантаж), а таксама настаўніца гісторыі Алена Вікенцьеўна Радомская (рэжысёр, сцэнарыст, ідэйны натхняльнік паходу) разам з групай калег прапаноўваюць наведаць месца бою пры абароне Дзятлава ў чэрвені 1941-га, месца, дзе знаходзіўся аэрадром знакамітай начной бамбардзіровачнай жаночай эскадрыллі, а таксама месца партызанскага шпіталя ў Ліпічанскай пушчы.
“Свой паходны маршрут прысвяцілі юбілею Вялікай Перамогі. Мы з калегамі вырашылі наведаць важныя і цікавыя мясціны Дзятлаўшчыны, зняць сюжэт і расказаць пра ўбачанае сваім вучням. Першы наш прыпынак — Хадзяўлянскае поле, дзе адбыўся бой за Дзятлава 29 чэрвеня 1941 года. Подступы да яго абаранялі 14 чырвонаармейцаў 117-га артпалка 8-й стралковай дывізіі. Яны змагаліся два дні і ўсе гераічна загінулі. Іх стойкасцю былі ўражаны немцы і, па словах сведкаў, аддалі загад пахаваць салдат з воінскай пашанай. Падчас перапахавання быў знойдзены напаўсатлелы блакнот старшага лейтэнанта Міхаіла Лебедзева. Новую гісторыю Хадзяўлянскае поле адкрыла амаль праз 80 гадоў пасля пачатку вайны ў жніўні 2019 года. Тут працавалі спецыялізаваныя пошукавыя групы, а таксама прадстаўнікі ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна. Яны знайшлі тры асобныя пахаванні байцоў Чырвонай Арміі, якія былі прыкапаны на глыбіні ўсяго 50 см. У гэтым годзе раскопкі былі працягнуты, паколькі галоўная мэта пошукавікаў — знайсці ўсе неапазнаныя пахаванні, узнавіць імёны, аддаць даніну павагі кожнаму загінуўшаму на полі бою”, — паведаміла Алена Вікенцьеўна.
Працягваецца відэапаход на полі недалёка ад Наваельні, дзе летам 1944 года базіраваўся легендарны 46-ты гвардзейскі начны бамбардзіровачны авіяцыйны полк (менавіта пра байцоў гэтага авіяпалка зняты знакаміты фільм “У небе “начныя ведзьмы”). Закадравы голас Святланы Іосіфаўны Кетка ў відэароліку суправаджаецца кадрамі з гэтага фільма. Дарэчы, месца каля Наваельні было апошнім пунктам, адкуль полк наносіў удары па праціўніку, які яшчэ знаходзіўся на беларускай зямлі. У сувязі з цяжкасцю ўзлёту з пясчанай паласы на баявыя заданні хадзілі толькі вопытныя экіпажы, ветэраны палка.
Наступным аб’ектам паходу з’яўляецца Ліпічанская пушча. Па словах настаўнікаў, у снежні 1942 года тут узнікла буйное партызанскае фарміраванне — Ленінская партызанская брыгада, якая сфарміравалася ў трохвугольніку чыгункі Ліда — Ваўкавыск — Баранавічы. Партызанскі край бамбілі з паветра, карнікі прачэсвалі лясы, сярод партызан было шмат цяжкапараненых. І вось сярод балот быў заснаваны шпіталь. Тут партызаны выкапалі зямлянкі, пабудавалі хлебапякарні, лазню, склады. Усё накрылі і замаскіравалі. Параненых дастаўлялі па сцяжыне, вядомай толькі правадніку, на спецыяльных насілках. 16 снежня 1942 года партызанскі сувязны Іосіф Філідовіч здзейсніў подзвіг: ён завёў у балота атрад карнікаў і тым самым уратаваў шпіталь ад знішчэння.
Трапіць сюды педагогі змаглі дзякуючы краязнаўцу Міхаілу Міхайлавічу Лук’янчыку, а таксама ваенкаму Валянціну Аляксеевічу Абухаву. “На месцы партызанскага шпіталя ёсць нявывучаныя пахаванні партызан. Безумоўна, гэта яшчэ адно месца памяці, даследаванне якога, магчыма, вельмі хутка адкрые імёны тых, хто загінуў, прапаў без вестак і назаўсёды застаўся ляжаць у Ліпічанскай пушчы. Сюды мы плануем разам з вучнямі здзяйсняць паходы. А першы наш паход, калі якраз і здымаўся відэаролік, доўжыўся два дні, з начоўкай. У іншыя мясціны былі аднадзённыя пешыя паходы. Кожны наш паход — гэта яднанне духу і сілы педагогаў, прыклад здаровага ладу жыцця і актыўнай жыццёвай пазіцыі. Гэта душэўныя размовы каля вечаровага вогнішча і дакладнае разуменне, што мы, педагогі, заўсёды гатовы сеяць разумнае, добрае, вечнае”, — падзялілася Святлана Іосіфаўна Кетка.
Дзякуючы інтэрнэту кожны з нас можа знайсці падрабязную інфармацыю пра тыя ці іншыя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Дзясяткі тэматычных сайтаў з’яўляюцца выдатнымі памочнікамі для педагогаў у справе грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі. І ўсё ж пастаяць разам з вучнямі моўчкі каля абеліска, ускласці кветкі да брацкай магілы, адчуць еднасць з мужным пакаленнем далёкіх 1940-х, можа быць не менш эфектыўна, чым азнаёміцца на маніторы з франтавымі зводкамі, праглядзець ваенныя фотаздымкі. Удзельнікі конкурсу “Маршрутамі пераможцаў” гэта выдатна ведаюць.
Ігар ГРЭЧКА.
У якасці ілюстрацый фрагменты конкурсных відэаработ.