На базе дзіцячага сада №3 Ушач адкрылася дашкольнае лясніцтва «Лесавічок»

- 11:15Образование

Сапраўдны гаспадар лясных прастораў павінен быць добрым і смелым, любіць прыроду і многа ведаць пра яе, упэўнены выхаванцы дашкольнага лясніцтва дзіцячага сада № 3 Ушач. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Рэспубліканская добраахвотная акцыя “Тыдзень лесу” стартавала ў Брэсцкай вобласці, паўночны рэгіён далучыцца да марафону 15 красавіка. Разам з дарослымі да ўдзелу ў мностве важных спраў рыхтуюцца юныя жыхары Ушаччыны. Для раёна і непасрэдна для дзіцячага сада № 3 райцэнтра гэтая вясна адзначана незвычайнай падзеяй: на базе ўстановы адукацыі ў сакавіку адкрылася дашкольнае лясніцтва “Лесавічок”. Нестандартны фармат выхавання падрастаючага пакалення прапанаваў Ушацкі лясгас, а аддзел па адукацыі, педагагічны калектыў дзіцячага сада з задавальненнем падтрымалі і развілі перспектыўную карысную ініцыятыву. Па словах загадчыцы дашкольнай установы Святланы Лёлі, віталі навацыю і баць­кі выхаванцаў, а ўзначаліла аб’яднанне па інтарэсах выхавальніца Маргарыта Міцкевіч.

— Мы толькі на пачатку шляху, але планы вялікія, — расказала Маргарыта Уладзіміраўна. — Гэта, у прыватнасці, назіранні і даследаванні, цікавыя экскурсіі, віктарыны і конкурсы, разнастайныя экалагічныя праекты. Займаемся як у рамках абавязковай праграмы, так і па-за яе межамі. Запрашаем у госці прадстаўнікоў лясгаса, знаёмім з работай лесаводаў. Дзецям вельмі падабаюцца такія сустрэчы. Падчас “Тыдня лесу” на сваёй тэрыторыі высадзім міні-дэндрарый і разам будзем яго рупліва даглядаць. Спецыфіка нашага дзіцячага сада ў тым, што нямала дзетак падвозіцца з сельскай мясцовасці, у тым ліку амаль палова “лесавічкоў”. Для іх лес — добры сябар, частка штодзённага жыцця, яны на практыцы засвоілі асноўныя правілы бяспекі і паводзін у лесе. У некаторых бацькі працуюць у лясной гаспадарцы: напрыклад, на вывазцы лесу або ў кіраўніцтве лясніцтва. Дзякуючы дапамозе лясгаса, для “лесавічкоў” пашылі прыгожую спецыяльную форму, што яшчэ больш прывабіла дзяцей. Нядаўна сумесна з выхаванцамі іх сем’і прынялі ўдзел у акцыі “Здай макулатуру — выратуй дрэва”. Лічаныя дні назад мы ўрачыста прынялі ў юныя лесаводы выхаванцаў сярэдняй групы.

Школьнае (дашкольнае) лясніцтва — аб’яднанне па інтарэсах біёлага-экалагічнага профілю, удзельнікі якога нацэлены на вывучэнне, захаванне і прымнажэнне лясных багаццяў роднай зямлі. Гэта адна з эфектыўных форм ранняй прафарыентацыі дзяцей і моладзі, выхавання беражлівых адносін да навакольнага свету, фарміравання навыкаў рацыянальнага прыродакарыстання.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара

Навіна па тэме: 

Акция «Неделя леса» проходит в Беларуси. Ее участником может стать каждый