Біятэхналогія з’яўляецца адной з галін навукі і вытворчасці, якія надзвычай актыўна развіваюцца. У Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце на працягу шэрага гадоў вядзецца падрыхтоўка па спецыяльнасці “Біятэхналогія”. Сёлета яна прырасла новай спецыялізацыяй.
На кафедры біятэхналогіі ў рамках спецыяльнасці “Біятэхналогія” рыхтуюць спецыялістаў для харчовай прамысловасці (спецыялізацыя “Тэхналогія ферментаў, вітамінаў і прадуктаў браджэння”), для маслатлушчавай і парфумерна-касметычнай вытворчасці (спецыялізацыя “Тэхналогія тлушчаў, эфірных маслаў і парфумерна-касметычных прадуктаў”).

А неўзабаве з’явіцца новая спецыялізацыя — “Біяфармацэўтычныя тэхналогіі”. Спецыялісты, што атрымаюць падрыхтоўку па гэтай спецыялізацыі, будуць вырашаць самыя злабадзённыя задачы, працаваць на біятэхналагічнай перадавой.
Новая спецыялізацыя з’явілася па запыце прадпрыемстваў. Яна тычыцца атрымання вакцын, вырабу новых прэпаратаў (асабліва супрацьпухлінных) на аснове манакланальных антыцелаў (такія антыцелы выкарыстоўваюцца, напрыклад, пры лячэнні каранавіруса).
— Прадпрыемствы пачынаюць ужо работу ў гэтым напрамку. Прадпрыемства “Белмедпрэпараты” на працягу шэрага гадоў працуе над стварэннем супрацьпухлінных прэпаратаў на аснове манакланальных антыцелаў. Кампанія “Фармлэнд” і РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій выпускаюць прадукцыю глыбокай перапрацоўкі плазмы крыві. Некалькі кампаній наладжваюць выпуск вакцын. І гэтым прадпрыемствам патрэбны спецыялісты, — тлумачыць загадчык кафедры біятэхналогіі Віктар Мікалаевіч Лявонцьеў.
Па такой спецыялізацыі ў нашай краіне спецыялістаў больш нідзе не рыхтуюць. У якасці навуковых работнікаў у гэтым напрамку могуць працаваць выпускнікі біяфака БДУ і выпускнікі медуніверсітэтаў. Аднак з пункту гледжання арганізацыі вытворчасці, забеспячэння тэхналагічнага працэсу яны не падыходзяць. Менавіта такіх спецыялістаў і будзе рыхтаваць БДТУ.

Распрацаваны вучэбны план, у які ўвайшоў шэраг дысцыплін для фарміравання прафесійных навыкаў па біяфармацэўтычных тэхналогіях. Цыкл хіміка-біялагічных дысцыплін, такіх як мікрабіялогія, хімія біялагічна актыўных рэчываў, біяхімія, дапоўнілі такія новыя дысцыпліны, як біяхімія крыві, імуналогія з асновамі вірусалогіі і інш. Выпускнікі атрымаюць кваліфікацыю “інжынер-хімік-тэхнолаг”.
Для паступлення неабходны сертыфікаты ЦТ па хіміі, матэматыцы і беларускай або рускай мове. Набор вядзецца на спецыяльнасць. Да трэцяга курса студэнты будуць вучыцца па агульнай адукацыйнай праграме, пасля чаго будзе размеркаванне па спецыялізацыях. За гэты час і студэнты вызначацца са сваімі прафесійнымі інтарэсамі і выкладчыкі зразумеюць, у якіх дысцыплінах навучэнцы маюць поспехі.
Універсітэцкія лабараторыі абсталяваны ўсім неабходным для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў. На кафедры ёсць храматаграфічнае, спектральнае абсталяванне, уласны генетычны аналізатар. Насычаны прыборамі лабараторыі для правядзення заняткаў па тэхналагічных дысцыплінах, вывучэння лекавых прэпаратаў: ёсць прэс для атрымання таблетак, капсулятар, абсталяванне для тэсціравання таблетак і капсул і шмат чаго яшчэ.

Падчас навучання студэнты атрымліваюць шырокі дыяпазон магчымасцей для навуковай дзейнасці. На кафедры вядуцца шматлікія навуковыя даследаванні ў розных напрамках. Сюды звяртаюцца фармпрадпрыемствы для вырашэння нетрывіяльных вытворчых задач. Працуе студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя “Біятэхналогія”. Дзейнічае навукова-адукацыйны цэнтр “Біятэхналогія раслін”, які цесна супрацоўнічае з батанічным садам.
Навучанне доўжыцца 5 гадоў, і яго можна працягнуць у магістратуры. Універсітэт чакае абітурыентаў, зацікаўленых у новых прагрэсіўных ведах.
— Мы чакаем людзей з дапытлівым розумам і шырокім кругаглядам, якім усё цікава, якія хочуць спазнаць асаблівасці прыроды ўсяго жывога, зразумець хімічныя асновы біяпрацэсаў, — гаворыць загадчык кафедры біятэхналогіі Віктар Мікалаевіч Лявонцьеў. — Менавіта такія дасягнуць поспехаў у навучанні, з іх атрымаюцца добрыя спецыялісты.
Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.





