Навука, космас, адукацыя

- 12:10Адукацыйная прастора, Навука і інавацыі

Адукацыя і навука заўсёды былі падмуркам супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. Пра гэта заявіў міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец на экспертна-медыйным форуме “Прамысловае і тэхналагічнае супрацоўніцтва Расіі і Беларусі. Навука. Космас. Адукацыя” ў Маскве.

Андрэй Іванавіч акцэнтаваў увагу, што на ўзроўні адукацыі нашага профільнага міністэрства і двух профільных міністэрстваў Расіі выбудаваны вельмі добрыя, гістарычна складзеныя адносіны, а самае галоўнае — рэалізуецца шэраг сур’ёзных сістэмных праектаў.

— Мы супрацоўнічаем на ўсіх узроўнях. Па-першае, канечне, у галіне падрыхтоўкі будучых педагогаў. На ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі разгорнута грунтоўная работа — у нас створана асацыяцыя педагагічных класаў Беларусі і Расіі. Мы выдатна разумеем: ад таго, які настаўнік прыйдзе ў нашу школу сёння, будзе залежаць, хто выйдзе з яе заўтра, — падкрэсліў міністр.

Гаворачы пра работу з творчай моладдзю, ён паведаміў, што пры падтрымцы кіраўніка нашай краіны амаль 2 гады паспяхова функцыянуе Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк:

— І тут у нас таксама наладжана цеснае ўзаемадзеянне з адпаведнымі профільнымі арганізацыямі Расіі. Мы ўпэўнены, што, сёння ўкладваючы ў таленавітую моладзь, заўтра мы атрымаем не проста кваліфікаваных спецыялістаў, але і кандыдатаў, дактароў навук і акадэмікаў, якія будуць сур’ёзна развіваць навуку і навацыі на прасторы Саюзнай дзяржавы.

Акрамя таго, А.І.Іванец нагадаў: УВА і навуковыя арганізацыі айчыннага Міністэрства адукацыі праводзяць даследаванні па самым шырокім спектры напрамкаў, пачынаючы ад пытанняў падрыхтоўкі інжынерна-тэхнічных кадраў і правядзення адпаведных навуковых даследаванняў і заканчваючы сацыягуманітарным блокам.

— Такое развіццё супрацоўніцтва не толькі навукі і тэхнікі, але і гуманітарнага блока ўплывае і на выхаванне нашага падрастаючага пакалення. Хацеў бы адзначыць рэалізацыю такога ўнікальнага праекта па патрыятычным выхаванні нашай моладзі, як “Цягнік Памяці”. Мы сабралі школьнікаў дзвюх краін, і яны на працягу двух тыдняў наведалі месцы баявой славы Вялікай Айчыннай вайны. Такім чынам яны не толькі азнаёміліся з нашай агульнай  гісторыяй і подзвігам савецкага народа ў гады вайны, але і ўстанавілі трывалыя сувязі. І мы спадзяёмся на падтрымку камітэта Саюзнай дзяржавы ў прадаўжэнні рэалізацыі гэтага праекта, — дадаў міністр.

Па яго словах, беларускія ўніверсітэты дастаткова актыўна ўдзельнічаюць і ў рэалізацыі цэлага шэрага мерапрыемстваў і праектаў Саюзнай дзяржавы ў галіне касмічных даследаванняў:

— Вельмі прыемна, што сёння вынікам такой сумеснай працы стала  стварэнне спецыялізаваных праграмных і праграмна-апаратных комплексаў, якія выкарыстоўваюцца на расійскім сегменце міжнароднай касмічнай станцыі. І мы бачым уклад у гэта ў тым ліку і нашых маладых вучоных.

Пасля на палях форуму эксперты Беларусі і Расіі абмеркавалі прамысловае і тэхналагічнае супрацоўніцтва дзвюх краін, магчымасці сумеснай работы ў рамках касмічных праграм Саюзнай дзяржавы, а таксама сумесныя праекты ў сферы вышэйшай тэхнічнай адукацыі.

На наступны дзень удзельнікі форуму наведалі ў Медыні новую школу на 1000 месцаў, пабудаваную супрацоўнікамі РУП “Белбудцэнтр”. Будынак плошчай 30 тысяч кв. м абсталяваны спецыялізаванымі класамі тэхнічнай і гуманітарнай накіраванасці, сталовай, спартыўнымі і трэнажорнымі заламі, двума басейнамі, найбуйнейшай у рэгіёне шматфункцыянальнай актавай залай і бібліятэкай. На добраўпарадкаванай школьнай тэрыторыі размешчаны вялікае футбольнае поле, стадыён, тэнісны корт, баскетбольная і валейбольная пляцоўкі. Ва ўстанове ўсталявана найноўшая сістэма бяспекі са 125 камерамі відэаназірання.

Госці форуму пабывалі таксама ў Дзяржаўным музеі гісторыі касманаўтыкі імя К.Э.Цыялкоўскага, што ў Калузе. У музеі прадстаўлена багатая навуковая і матэрыяльная спадчына заснавальніка тэарэтычнай касманаўтыкі, сабрана адна з самых вялікіх у свеце калекцый узораў савецкай і расійскай касмічнай тэхнікі, рарытэтаў і дакументаў па гісторыі касманаўтыкі.

Сёння ж, 30 верасня, удзельнікі сустрэчы завітаюць яшчэ ў Музей гісторыі АТ “ДКНВЦ імя М.В.Хрунічава”, дзе размешчана выставачная экспазіцыя, якая адлюстроўвае шлях расійскай авіяцыі і касманаўтыкі. Музейны фонд прадпрыемства збіраўся звыш 50 гадоў.

Арганізатарамі форуму выступілі Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы і Міжнародная медыягрупа “Расія сёння”. Сярод гасцей форуму і карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”, якая ў наступным нумары больш падрабязна раскажа пра ўсе падзеі.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.