На Магілёўшчыне завяршыўся рэгіянальны этап V Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства

- 15:30Образование

Звыш 70 удзельнікаў у 21 кампетэнцыі. На Магілёўшчыне завяршыўся рэгіянальны этап V Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства, перадае карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Свае ўменні навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі дэманстравалі на працягу двух месяцаў. За гэты час былі вызначаны лепшыя канкурсанты па разнастайных кампетэнцыях. Усе ўдзельнікі паказалі добрую падрыхтоўку. А між тым заданні адпавядалі сусветным стандартам і выконваліся ў рэжыме рэальнага часу.

Напрыклад, маладым цырульнікам трэба было зрабіць жаночую ўрачыстую і вясельную прычоскі, а таксама мужчынскую стрыжку на мадэлі. Пачынаючыя кухары падчас гатавання супоў, гарачага і дэсертаў праяўлялі свой аўтарскі погляд на традыцыйныя стравы. Зваршчыкі рабілі розныя віды зваркі, муляры — складаную цагляную кладку.

— Ва ўсіх кампетэнцыях заданні прапаноўваліся няпростыя. Аднак канкурсанты справіліся. Маладыя людзі прадэманстравалі трывалыя тэарытычныя веды асноў сваёй прафесіі, даволі высокія практычныя навыкі. Гэта сведчыць аб тым, што яны сапраўды захоплены выбранай справай, — паведаміла начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі МДАІРА Ірына Кандрашова.

Па яе словах, лепш за ўсіх праявілі сябе навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа, Беларуска-Расійскага ўніверсітэта і Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Менавіта прадстаўнікі гэтых навучальных устаноў сабралі па найбольшай колькасці прызавых дыпломаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлены вучэбна-метадычным цэнтрам