На прафесійным рынгу — дашкаляты

- 8:36Адукацыйная прастора, Дашкольная адукацыя

Нядаўна ў  дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Барысава можна было назіраць незвычайную карціну. Малышы, апранутыя ў кухарскія касцюмы і каўпакі, заўзята завіхаліся ля сталоў, напоўненых рознымі прадуктамі. Гэта была не тэатралізаваная пастаноўка і не тэматычны ранішнік, а першае ў іх жыцці прафесійнае спаборніцтва. Дарэчы, першае яно і для нашай краіны.  

Барысаўскі дзяржаўны каледж сумесна з ДЦРД правялі  першы этап міжнароднага чэмпіянату BabySkills па кампетэнцыі “Кухарская справа”. BabySkills — гэта гульнявы чэмпіянат для самых маленькіх з выкарыстаннем стандартаў WorldSkills. Калі гаварыць аб конкурсах прафесійнага майстэрства ў рамках руху WorldSkills, то варта адзначыць, што яны аб’ядноўваюць не толькі навучэнцаў, які атрымліваюць або ўжо атрымалі прафесію. Сёння навучэнцы каледжаў і студэнты ўдзельнічаюць у WorldSkills, школьнікі спрабуюць свае сілы ў JuniorSkills, а малышы — у BabySkills. У Расіі дашкольнікі сталі часткай гэтага руху ўжо некалькі гадоў назад. У нашай краіне спаборніцтвы BabySkills прайшлі ўпершыню.  

Галоўная мэта BabySkills — знаёмства дзяцей з прафесіямі ў гульнявой форме. У кожнага дзіцяці ёсць магчымасць паспрабаваць свае сілы ў розных кампетэнцыях, а затым стаць усвядомленымі ўдзельнікамі чэмпіянату WorldSkills і працягнуць прафесійнае самавызначэнне і ўдасканаленне сваіх здольнасцей. 

Барысаўскі дзяржаўны каледж супрацоўнічае з Дзяржаўнай аўтаномнай прафесійнай установай адукацыі “Гарадзецкі губернскі каледж” Ніжагародскай вобласці. У гэтым каледжы ўжо ёсць значны вопыт работы з дашкольнікамі. Гарадзецкі каледж праводзіць спаборніцтвы для самых маленькіх па 17 кампетэнцыях. Сярод іх “Рэстаранны сэрвіс”, “Фларыстыка”, “Графічны дызайн”, “Роспіс па дрэве”, “Будаўніцтва” і інш. У Барысаўскім каледжы зацікавіліся гэтым вопытам і вырашылі далучыцца да ініцыятывы.  

З месцам правядзення вызначыліся адразу: з ДЦРД Барысава каледж мае самыя цесныя сувязі. Навучэнцы каледжа праходзяць тут практыку (ва ўстанове рыхтуюць выхавальнікаў дашкольнага навучання), многія выпускнікі каледжа працуюць у цэнтры.  

Да падрыхтоўкі да мерапрыемства далучыліся супрацоўнікі і навучэнцы каледжа, работнікі ДЦРД, а таксама бацькі маленькіх удзельнікаў. Разам яны стварылі для хлопчыкаў і дзяўчынак не проста конкурс, а цэлае свята з забаўляльнай праграмай.  

 Удзельнікамі спаборніцтва сталі выхаванцы старшай дашкольнай групы — 8 дзяўчынак і хлопчыкаў ва ўзросце 5—6 гадоў. Канкурсантам прапаноўвалася з загадзя падрыхтаваных інгрэдыентаў згатаваць салат. У якасці асноўных інгрэдыентаў былі прапанаваны яблык, груша і банан, а астатнія складнікі маленькія кухары выбіралі самі, змешвалі, запраўлялі і сервіравалі сваю страву. Таксама дашкаляты прыдумвалі назвы сваім работам. Так, на суд журы былі прадстаўлены “Калейдаскоп”, “Ананасавы кошык”, “Цяпа-ляпа”, “Падарунак тату” і інш. Падрыхтаваць і прыбраць рабочае месца таксама было часткай конкурснага задання. 

Па рашэнні экспертаў пераможцамі першага чэмпіянату сталі Дарына Клімковіч, Ганна Злотнік, Канстанцін Касцюковіч. Пераможцы будуць удзельнічаць у наступным этапе завочна. У найбліжэйшы час яны выканаюць конкурснае заданне перад камерай, а відэазапіс будзе адпраўлены для далейшага ўдзелу ў конкурсе ў Гарадзецкі каледж.  

 — Гэта пакуль яшчэ толькі першая спроба, аднак яна аказалася ўдалай і ў нас ужо ёсць жаданне зрабіць конкурс больш маштабным. Наступны раз паспрабуем сабраць на BabySkills прадстаўнікоў усіх устаноў дашкольнай адукацыі Барысава, — расказвае  Леаніда Яўгенаўна Мудрая, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Барысаўскага дзяржаўнага каледжа. — Для маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак гэта магчымасць першага пагружэння ў прафесію, а для нашага каледжа — магчымасць ранняй прафарыентацыі і знаёмства дзяцей з нашай установай. Сёння яны ўдзельнічаюць у конкурсе, а заўтра ўсвядомлена прыйдуць да нас вучыцца. 

Дар’я РЭВА.