Беларусь ад прынцыпаў добрасуседства і міласэрнасці ніколі не адыходзіла. Мы заўсёды гатовы дапамагаць людзям, заявіла Cтаршыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час сустрэчы з дырэктарам Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Хансам Клюге.
“Беларусь заўсёды гатова дапамагаць людзям, як і гатова да канструктыўнага супрацоўніцтва, нацэленага на вырашэнне праблемы, — сказала Наталля Качанава. — Але мы стаміліся ад гэтай хлусні і фэйкаў, якія льюцца ў адрас Беларусі”.
Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што Ханс Клюге сам змог ацаніць сітуацыю на граніцы. “Не мы яе стваралі. Але калі ўбачылі, што людзі знаходзяцца ў такім становішчы, мы не мелі права не аказаць ім садзейнічанне і дапамогу. У нас там пастаянна працуюць урачы. Я штодзённа манітору гэтую сітуацыю, каб ведаць, якая колькасць людзей звярнулася па медыцынскую дапамогу. Больш за тое, калі мы даведаліся, што там ёсць выпадкі кавід-інфекцыі, адразу прапанавалі ім вакцынавацца. Мы вызначылі месца для іх знаходжання — лагістычны цэнтр. Арганізавалі харчаванне. Ужо накіравана каля 70 т прадуктаў харчавання. Адпраўляем туды цёплыя рэчы, коўдры, арганізавалі гандаль, абменны пункт, мабільную лазню, каб людзі маглі выконваць элементарныя правілы гігіены”, — дадала яна.
Спікер акцэнтавала ўвагу на тым, што з боку Беларусі ніколі не зыходзіла ніякай агрэсіі ў адносінах да іншых краін і ніколі не будзе зыходзіць. “Таму што памяць аб той вайне, якая забрала жыцці кожнага трэцяга беларуса, яшчэ жывая. І, вядома, мы не павінны сёння дапусціць развязвання новага ваеннага канфлікту. А тое, што сёння складваецца, — можа прывесці да гэтага. Мы гэтым не проста занепакоены, мы за гэта перажываем вельмі моцна. Гэтая сітуацыя знаходзіцца на кантролі ў Прэзідэнта, — канстатавала яна. — Наша задача сёння — зрабіць усё магчымае, каб мірным шляхам урэгуляваць сітуацыю. 2 тысячы бежанцаў — стварыце гуманітарны калідор і прапусціце гэтых людзей. Чаму нельга зрабіць па-чалавечы? Няўжо яны сёння некаму нашкодзяць? Людзі не павінны знаходзіцца ў такіх бесчалавечных умовах, яны павінны жыць нармальна. Яны бягуць ад вайны, ад таго, што ў іх разбураны дамы, ім няма дзе жыць. Яны сёння не хочуць заставацца ў Беларусі, яны хочуць у Германію. Хто згадзіўся паляцець дадому — мы гэта арганізоўваем”.
Наталля Качанава дадала: “Толькі канструктыўнае супрацоўніцтва без усялякага шантажу і націску на нас, таму што мы нічога не робім супрацьзаконнага. Мы падставілі плячо гэтым людзям і зробім усё, каб яны былі накормлены, каб знаходзіліся ў цяпле і мы маглі аказаць ім медыцынскую дапамогу ў выпадку неабходнасці. У нас гарантавана харчовая бяспека нашых грамадзян, і мы не дадзім у крыўду тых, хто сёння мае патрэбу ў нашай дапамозе”.
У сваю чаргу Ханс Клюге падзякаваў беларускаму боку за бесперашкодны доступ на тэрыторыю лагістычнага цэнтра. Дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро падкрэсліў, што самыя базавыя патрэбы бежанцаў на граніцы былі ў найкарацейшыя тэрміны задаволены. “Арганізаваны дах над галавой, харчаванне, гігіенічныя працэдуры. У мяне нават была магчымасць пагаварыць з урачамі і медсёстрамі хуткай дапамогі, якая знаходзіцца пастаянна на месцы. Большасць людзей сапраўды вакцынаваны, астатнім прапануюць зрабіць прышчэпку. Паколькі ў некаторых ёсць хранічныя захворванні, вельмі важна не перапыняць лячэнне. Тут асобна хочацца адзначыць здольнасць хутка рэагаваць на ўсю інфармацыю, якая паступае”, — дадаў ён.