Адзінаццацікласнік з Гродна Максім Васюхневіч распрацаваў мабільны дадатак для вывучэння беларускай мовы.
Дадатак атрымаў назву “Мова” і дапамагае перакладаць словы і сказы, а таксама дае магчымасць паўтарыць пройдзены ў школе матэрыял. У цяперашні час праграма цалкам гатова да выкарыстання і даступная для спампоўвання.
— Мабільныя ўтыліты — адзін з самых зручных памочнікаў у вывучэнні моў, — расказаў вучань сярэдняй школы № 11 імя генерала арміі А.І.Антонава Гродна. — Такое навучанне дае перавагу доступу да інфармацыі без якіх-небудзь прасторавых абмежаванняў. Акрамя перакладчыка, у “Мове” можна знайсці некалькі раздзелаў з квестамі. Напрыклад, для самых маленькіх ёсць гульня, дзе трэба суаднесці карцінкі з беларускімі словамі. Яшчэ там размешчаны тэсты, якія складзены з экзаменацыйных заданняў. А ва ўкладцы “Правілы” можна паўтарыць асноўныя правілы беларускай мовы.
З дызайнам дадатку мне дапамагла педагог-арганізатар Дар’я Сяргееўна Аскерка. Першапачаткова быў варыянт зрабіць “Мову” ў стылістыцы месенджара “УКантакце”, каб унізе былі асноўныя ўкладкі. Затым у афармленні з’явіліся дамінуючыя колеры — чырвоны і зялёны.
Акрамя дадатку, Міхаіл стварыў сайт, дзе размешчаны ўся інфармацыя аб утыліце, рэкламны ролік і кантакты распрацоўшчыкаў. З гэтым праектам хлопец прыняў удзел у рэспубліканскім конкурсе “100 ідэй для Беларусі” і дайшоў да фінальнага этапу.
— Падчас падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання я падумаў, што было б вельмі зручна паўтарыць нейкія моманты з беларускай мовы з дапамогай спецыяльнага дадатку. Але, зайшоўшы ў плэймаркет, не знайшоў нічога, акрамя перакладчыка, — прыгадаў Максім. — Вырашыў самастойна стварыць дадатак і для праграмавання выкарыстаў спецыяльную мову па распрацоўцы кросплатформенных утыліт Thunkable X. Яна ўніверсальная, шматфункцыянальная і адносна простая ў асваенні. Таксама ў ёй ёсць адкрыты код, які можна перарабіць пад сваю задуму.
Цяпер дадатак “Мова” дазваляе не толькі пашырыць слоўнікавы запас, але і паўтарыць пройдзены ў школе матэрыял, а таксама апрабаваць веды на практыцы ва ўкладцы “Экзамены”.
Дзмітрый АРХІПЕНКА.