На роднай зямлі

- 3:07Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Выпускнікі Васілішкаўскай сярэдняй школы Шчучынскага раёна ўсё часцей аддаюць перавагу ўстановам адукацыі аграрнага профілю, у немалой ступені гэтаму садзейнічае наладжаная сістэма работы профільных класаў.

За апошнія тры гады 41 працэнт выпускнікоў другой і трэцяй ступені Васілішкаўскай сярэдняй школы выбралі сельскагаспадарчыя прафесіі. Пасля 9 класа юнакі і дзяўчаты паступаюць ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі сельскагаспадарчага профілю, а пасля профільнага 11 класа — у асноўным у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, а таксама ў іншыя УВА.

— Аграрны профіль у нашай школе быў адкрыты ў 2018/2019 навучальным годзе для шасці навучэнцаў 10 класа, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Васілішкаўскай сярэдняй школы Алена Басько. — Станоўчы вопыт работы першага года дазволіў нам арганізоўваць аграрны профіль і далей — у мінулым і ў гэтым навучальных гадах. Дзеці ў 10 і 11 класах вывучаюць на павышаным узроўні хімію і біялогію, наведваюць профільны факультатыў. Аграрны профіль запатрабаваны сярод навучэнцаў 10—11 класаў.

Магчымасць працаўладкавання ў адной з лепшых гаспадарак вобласці таксама ўплывае на выбар выпускнікоў. ААТ “Васілішкі” не проста зацікаўлена ў падрыхтоўцы неабходных для гаспадаркі кадраў, а мэтанакіравана дапамагае дзецям мясцовай школы, якія нарадзіліся і выраслі на гэтай зямлі. Кожны школьнік, тым больш навучэнец профільнага класа, можа разлічваць на заключэнне дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы пры паступленні ва ўстанову вышэйшай адукацыі аграрнага профілю. Як расказала намеснік дырэктара школы, адзін выпускнік ужо скарыстаўся гэтай магчымасцю і задаволены. Гаспадарка дадаткова выплачвае яму стыпендыю, абавязуецца не толькі ўзяць на работу, але і прадаставіць жыллё. Пяць гадоў адпрацоўкі нікога не палохаюць, бо, атрымаўшы добрую работу і ўмовы для пражывання, наўрад ці хто захоча гэта страціць.

Увогуле, Васілішкаўская школа вельмі цесна супрацоўнічае з ААТ “Васілішкі”. Школьнікі прымаюць удзел у канцэртных праграмах, прысвечаных Дню работнікаў сельскай гаспадаркі. Прадстаўнікі гаспадаркі бываюць у школе на лінейках з нагоды пачатку і заканчэння навучальнага года, на выпускных балях, часта прымаюць удзел у правядзенні інфармацыйных, класных гадзін. 

Штогод у летні час навучэнцы школы працуюць у лагеры працы і адпачынку “Праметэй”, арганізаваць работу якога заўсёды дапамагае гаспадарка. Дзеці працуюць у пладовым садзе і бачаць, што гэта цікавая і патрэбная прафесія. Існуе і студэнцкі атрад, у якім старэйшыя школьнікі працуюць на палях.

— Магчыма, такое плённае супрацоўніцтва, цёплыя адносіны з ААТ “Васілішкі” ў нас склаліся таму, што большая частка кіраўнікоў гаспадаркі вучылася ў нашай школе. Гэта нашы былыя вучні, і яны зацікаўлены ў тым, каб і сённяшнія школьнікі атрымалі сельскагаспадарчую прафесію і кваліфікаванымі спецыялістамі вярнуліся ў родныя мясціны. Спецыялісты гаспадаркі ніколі не адмаўляюцца правесці для навучэнцаў экскурсію, выступіць у школе. Такое супрацоўніцтва прадоўжыцца і далей. Сёння аграрны профіль у нашай школе сапраўды запатрабаваны. Упэўнена, што сярод сельскіх школьнікаў заўсёды будзе нямала тых, хто захоча звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, — расказала Алена Басько. 

Добрыя сувязі ў школы не толькі з вытворцамі, але і з установамі вышэйшай адукацыі. У гасцях у школьнікаў бываюць студэнты Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Напрыклад, яны наведалі школу ў рамках рэспубліканскага патрыятычнага працоўнага праекта “Зімовы маршрут”. Дарэчы, выпускнік першага аграрнага класа Васілішкаўскай сярэдняй школы Віталь Батура стаў першакурснікам года ў ГДАУ. 

Школьнікі таксама наведваюць аграрны ўніверсітэт. Такія сустрэчы арганізоўваюцца ў канікулярны час, напрыклад, для наведвальнікаў лагераў. Васілішкаўскія школьнікі — пастаянныя ўдзельнікі профільнага лагера “ПрафСтарт”, які звычайна арганізоўваецца на базе ГрАІРА. У гэтым годзе па ініцыятыве аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама плануецца арганізаваць падобны лагер на базе Шчучынскага раёна. Гэта дазволіць большай колькасці дзяцей раёна адпачыць там і набыць дадатковыя веды па прафесіях аграрнага профілю.

На сённяшні дзень у 10 аграрным класе Васілішкаўскай сярэдняй школы 8 вучняў і ў 11-м — 17.

Васілішкаўскія школьнікі стараюцца творча расказаць пра прафесіі сельскай гаспадаркі і тое, чаму яны выбралі гэты профіль. Яркім было выступленне агітбрыгады агракласа “Аграпрафесія — арыенцір маладых”, з якім яны сустракалі ў сценах школы ўдзельнікаў абласной “Аграгіяды-2021”, а сярод іх былі кіраўнікі ўстаноў адукацыі вобласці і прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Настаўніца Ганна Сасноўская выкладае ў старшакласнікаў біялогію на павышаным узроўні і вядзе факультатыў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. 

— Сярод маіх вучняў многа тых, хто мэтанакіравана хоча паступаць на прафесіі аграрнага профілю, — падзялілася Ганна Антонаўна. — Стараюся праводзіць заняткі ў выглядзе дыскусій, дзелавых гульняў, сустрэч. Дзеці любяць сустракацца з перадавікамі вытворчасці гаспадаркі. Вялікую цікавасць выклікаюць таксама экскурсіі. На машынным двары дзеці з цікавасцю разглядалі тэхніку, на зернесушыльным комплексе знаёміліся з тэхналогіяй сушкі зерня, на малочнатаварным комплексе назіралі за ўтрыманнем жывёл і пераканаліся, што працэсы механізаваны. На практычных занятках таксама прымяняю розныя формы, дзяцей цікавяць доследы, эксперыменты. 

Вучаніца 11 класа Таццяна Шэршань у профільны клас пайшла таму, што марыць паступаць у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт на эканамічны факультэт. Дзяўчына вучыцца на выдатна і мэтанакіравана ідзе да здзяйснення сваёй мары.

— Я магу атрымаць накіраванне ад гаспадаркі, і ў мяне будзе шмат плюсоў пры паступленні, — гаворыць Таццяна Шэршань. — Мне падабаецца вучыцца ў аграрным класе, гэта магчымасць больш глыбока вывучаць профільныя прадметы: хімію і біялогію. Падчас факультатыўных заняткаў мы ходзім на экскурсіі. Вучыцца цікава, бо мы не толькі разглядаем фотаздымкі трактароў і іншых машын на мультыбордзе, а маем магчымасць азнаёміцца з гэтай тэхнікай на вытворчасці. Магчыма, да выбару прафесіі мяне падштурхнула тое, што мая мама працуе эканамістам у ААТ “Васілішкі”. У яе вельмі адказная работа, і мне гэта тасама цікава. Бацькі падтрымалі мой выбар. Дарэчы, тата таксама працуе ў нашай гаспадарцы, ён начальнік малочнатаварнага комплексу “Галавічполле”. Пасля вучобы ва ўніверсітэце хачу вярнуцца ў Васілішкі. 

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Васілішкаўскай сярэдняй школай.