Выпускнік гімназіі № 2 Брэста Мікалай Місіюк стаў абсалютным пераможцам XXI Міжнароднай геаграфічнай алімпіяды (iGeo-2025), якая праходзіла ў Тайландзе. Яго настаўніца Юлія Багдасарава падзялілася з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” сваёй методыкай падрыхтоўкі алімпіяднікаў.

Больш чым школьныя веды
— Сакрэт поспеху — гэта спалучэнне штодзённай карпатлівай працы, сілы волі, мэтанакіраванасці і падтрымкі бацькоў і настаўнікаў, — адзначае Юлія Віктараўна. — На спаборніцтвах Мікалай прадэманстраваў сваю эрудыцыю, начытанасць і выдатнае веданне англійскай мовы. Ён — дапытлівы, працаздольны, уседлівы, выхаваны і вельмі сціплы юнак. Мы з Мікалаем пачалі працаваць у 5 класе, калі я вяла ў яго прадмет “Чалавек і свет”. З 7 класа ён паспяхова выступаў на раённых алімпіядах па прадмеце, у 9—11 класах заваёўваў дыпломы на ўзроўні рэспублікі. Пасля 10 класа ўдзельнічаў у Міжнароднай алімпіядзе па геаграфіі, якая праходзіла ў Ірландыі, узяў сярэбраны медаль і быў абсалютным пераможцам Еўрапейскай алімпіяды ў Сербіі.
Вучоба ў гімназіі давалася Мікалаю лёгка, аднолькава паспяхова ў яго ішлі ўсе прадметы. Ён спрабаваў сябе амаль ва ўсіх алімпіядах. Аднак хлопец гаварыў, што алімпіяды — гэта больш чым школьныя веды: калі чымсьці займацца, то гэта павінна быць цікава. А геаграфія выклікала цікавасць у Мікалая з дзяцінства. Ён вельмі любіў карты, краіны, кантыненты, і ў сям’і яго захопленасць падтрымлівалі. Ужо ў самым пачатку хлопец задаваў мне цікавыя, глыбокія пытанні, на якія адразу і не адкажаш. Дзесьці мы разам шукалі адказы, дзесьці кансультаваліся са спецыялістамі. Педагогу важна своечасова заўважыць цікавасць дзіцяці і ўключыцца ў работу па яе развіцці. Дарэчы, Мікалай вельмі многа займаецца сам. І калі яму штосьці не зразумела, імкнецца разабрацца дэталёва ва ўсім. Акрамя школьных падручнікаў, юнак вывучаў літаратуру па геаграфіі на англійскай мове, а таксама навуковыя артыкулы, вучэбныя дапаможнікі для студэнтаў, даследаваў калекцыі мінералаў і горных парод.
Спалучэнне прыродных задаткаў і сур’ёзных намаганняў — а хлопец займаўся па 5—6 гадзін у дзень — і прывяло да поспеху. У Мікалая было ўсё распланавана. У адзін дзень хлопец вывучае краіны, у другі — складае іх рэйтынг па пэўным паказчыку і г. д.
— Юлія Віктараўна, завяршыце, калі ласка, фразу “Сёння алімпіяда для навучэнца — гэта…”
— Гэта магчымасць прадэманстраваць веды ў пэўнай галіне, пашырыць свой кругагляд, убачыць сябе на фоне іншых. Да таго ж гэта магчымасць праявіць амбіцыйнасць, пабываць ва ўмовах сур’ёзнай канкурэнцыі, назапасіць карысны вопыт. Сённяшняму алімпіядніку патрэбна не проста сума пэўных ведаў, а ўменне лагічна мысліць, аналізаваць, устанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі.
— Наколькі сучасныя дзеці праяўляюць цікавасць да вывучэння геаграфіі? Як вы матывуеце іх да гэтага?
— З 5—6 класа вучні гатовы ўбіраць у сябе інфармацыю як губка. Таму важна, каб урокі былі цікавымі, каб на іх панавала спрыяльная атмасфера. Для гэтага выкарыстоўваю работу ў малых групах і парах, рознаўзроўневыя заданні, праектна-даследчую дзейнасць, гульнявыя тэхналогіі, ІКТ (прэзентацыі, трэнажоры), а таксама творчыя і нестандартныя заданні. Навучэнцы любяць глядзець відэафрагменты, відэаўрокі, працаваць з інтэрактыўнымі картамі. Часта практыкуем прагляд кароткіх відэаўрокаў, калі прафесар Глабусёнкін расказвае на працягу 5—7 мінут асноўныя моманты тэмы, а далей мы з вучнямі падрабязна разбіраем тое, што ім не зразумела. Інтэрактыўныя гульні (на знаходжанне пары, лішняга, на сумяшчэнне і інш.) дазваляюць хутка і наглядна паўтарыць тэму. З дапамогай інтэрактыўных электронных карт (“Кліматычныя паясы свету”, “Карта акіянаў” і інш.) можна наблізіць участкі зямной паверхні для дэталёвага вывучэння.
Творчыя і рознаўзроўневыя заданні часта прапаноўваю пасля вывучэння новай тэмы. Напрыклад, вывучаючы тэму “Аблокі” ў 5—6 класах, вучні распрацоўваюць атлас аблокаў: фатаграфуюць іх, праводзяць міні-даследаванні і такім чынам знаёмяцца з тыпамі аблокаў, замацоўваюць на практыцы тэарэтычныя веды. Навучэнцы пішуць геаграфічныя міні-сачыненні ад імя героя, які, напрыклад, пабываў у Афрыцы альбо Антарктыдзе, візуалізуюць інфармацыю па той ці іншай тэме ў выглядзе лэпбукаў, буклетаў. Так, да адкрытага ўрока па тэме “Мінералы і горныя пароды” дзецям было прапанавана заданне: прайсці па Брэсце і паглядзець, дзе ў будаўніцтве выкарыстоўваюць мінералы і горныя пароды, зрабіць па выніках прагулкі невялікі відэаролік.
Вучні ствараюць уласныя картаграфічныя работы. Напрыклад, праект Ільі Вярэніча “Асаблівасці ветравога рэжыму Брэсцкай і Віцебскай абласцей як фактар развіцця ветраэнергетыкі” з выкарыстаннем праграмы Surfer32 і CorelDrawX4 адзначаны дыпломам ІІ ступені на Рэспубліканскім конкурсе біёлага-экалагічных работ навучэнцаў.
Ю.В.Багдасарава выкладае геаграфію з 2003 года, больш за 20 гадоў паспяхова рыхтуе вучняў да ўдзелу ў алімпіядах, конкурсах навукова-даследчых работ.
Калі дзяцей захапіць, то геаграфія становіцца для іх цікавым прадметам. Вучні з задавальненнем прыходзяць на дадатковыя заняткі, удзельнічаюць у конкурсах, алімпіядах. Праўда, калі ў сярэднім звяне дзяцей, якіх зацікавіла геаграфія, шмат, то на старшай ступені яны губляюцца, бо разумеюць, што мала спецыяльнасцей, на якія трэба здаваць геаграфію. І часта яны выбіраюць іншыя прадметы, а геаграфія становіцца своеасаблівым хобі. Добра, калі 1—2 чалавекі ў паралелі не адмовяцца і будуць далей мэтанакіравана займацца прадметам.
Пераняць эстафету
— А ці ёсць у гімназіі вучні, якія могуць пераняць эстафету ад Мікалая?
— Так. Група навучэнцаў, якія праяўляюць цікавасць да вывучэння геаграфіі і прыходзяць на стымулюючыя заняткі, складаецца з 6 чалавек. Сярод іх — сямікласнік Іван Ракавец, які быў лепшым у мінулым навучальным годзе на школьных алімпіядах па геаграфіі, матэматыцы і англійскай мове, заваяваў дыплом І ступені па геаграфіі ў раёне, васьмікласнік Марк Крупко — малады чалавек з высокім патэнцыялам і іншыя навучэнцы. Калі ў дзіцяці ёсць цікавасць і жаданне шукаць новыя веды, будзе і вынік.
— Юлія Віктараўна, якая сістэма работы склалася ў вас па падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяд?
— Галоўнае ў падрыхтоўцы — гэта засваенне школьнай праграмы па прадмеце, а далей ідзе паглыбленне і пашырэнне ведаў па такіх галінах, як гідралогія, геалогія, біягеаграфія і інш.
— На маю думку, важнае месца адводзіцца самападрыхтоўцы, бо самыя трывалыя веды — тыя, што набыты ўласнымі намаганнямі навучэнца ў працэсе работы з літаратурай і пры рашэнні заданняў. Вельмі важныя зносіны з такімі ж зацікаўленымі школьнікамі, калі яны ўзаемадзейнічаюць адно з адным, вучаць, падказваюць, дзеляцца знойдзеным. А гэта адбываецца на стымулюючых і факультатыўных занятках. Эфектыўным з’яўляецца і запрашэнне старэйшых вучняў правесці заняткі для малодшых таварышаў, падзяліцца вопытам. Так, М.Місіюк неаднаразова дзяліўся сваімі лайфхакамі з навучэнцамі сярэдняга звяна.
Калі ідзе падрыхтоўка да пэўнага этапу алімпіяды, арганізоўваецца кропкавая індывідуальная работа. Мы рашаем заданні мінулых гадоў і прапрацоўваем тыя тэмы, дзе ёсць прабелы, больш дэталёва разбіраем недахопы. Звычайна выкарыстоўваю прынцып апераджальнага ўзроўню складанасці. Пры падрыхтоўцы да раённых алімпіяд разбіраем задачы, аналагічныя тым, што сустракаюцца на абласных, да абласных — аналагічныя рэспубліканскім. Акрамя таго, неабходна дадатковая падрыхтоўка для пашырэння і паглыблення спецыяльных ведаў, калі арганізоўваюцца кансультацыі з выкладчыкамі УВА. Мы цесна супрацоўнічаем з Брэсцкім дзяржаўным універсітэтам імя А.С.Пушкіна, у прыватнасці з кафедрай гарадскога і рэгіянальнага развіцця і кафедрай біялагічных і хімічных тэхналогій. Супрацоўнікі ўніверсітэта аказваюць дапамогу ў навуковым кансультаванні і арганізацыі даследчай работы на базе сваіх лабараторый і вучэбных кабінетаў, у тым ліку кабінета геалогіі.
— Настаўнік, які рыхтуе вучняў да спаборніцтваў, павінен сам умець рашаць алімпіядныя задачы?
— У ідэале павінен, але на практыцы не заўсёды гэта атрымліваецца. Бывае, прапаноўваюцца вузканакіраваныя заданні, калі патрабуецца кансультацыя спецыялістаў, і мы гэта выкарыстоўваем. Увогуле, каб працаваць з алімпіяднікамі, педагогу трэба пастаянна займацца самаадукацыяй і валодаць глыбокімі ведамі. У вольную хвіліну вывучаю дадатковую геаграфічную літаратуру, метадычныя дапаможнікі калег з УВА, напрыклад, па біягеаграфіі з асновамі экалогіі І.В.Абрамавай, па гідралогіі А.В.Такарчука і інш.
Акцэнт — на тэорыі
— Раскажыце, калі ласка, пра вашы стандартныя заняткі з алімпіяднікамі.
— Спачатку ідзе вывучэнне тэорыі. Часам даю вучням апераджальнае заданне, каб не траціць час: самім прачытаць матэрыял, а калі што не зразумела, то я тлумачу ім. Далей рашаем задачы па тэме і потым разбіраем памылкі. У свабоднай, нязмушанай абстаноўцы кожны выказваецца, прыводзіць свае меркаванні. Большы акцэнт робім усё ж на тэорыі, бо, калі ведаеш яе, гэтыя веды можна прымяніць і ў практычным, і ў мультымедыйным туры. Дарэчы, мультымедыйны тур — гэта веданне тэорыі і яшчэ ўменне чытаць графікі, разбірацца ў картасхемах і інш. Калі разглядаем заданне практычнага тура, то па аналогіі спрабуем разабраць яго на прыкладзе Брэста.
— Заданні якога тура выклікаюць у навучэнцаў асаблівыя цяжкасці?
— У кожнага вучня па-рознаму. Мікалаю заўсёды падабаліся практычны і мультымедыйны туры, а вось тэарэтычны мог выклікаць пытанні. Сёння геаграфія — гэта навука, якая патрабуе ведання такіх дысцыплін, як матэматыка, фізіка, гісторыя. Імкнуся на занятках гэтыя міжпрадметныя сувязі дэманстраваць. Да таго ж на міжнародным узроўні алімпіяды праводзяцца на англійскай мове.

Мікалай Місіюк, абсалютны пераможца iGeo-2025:
— Паездка на алімпіяду ў Тайланд уразіла мяне з самага пачатку: цёплы прыём, добрая арганізацыя, цікавая культурная праграма.
Цырымонія ўзнагароджання заняла каля трох гадзін. Я быў упэўнены, што займу прызавое месца, бо з заданнямі справіўся добра. Калі аб’яўлялі бронзавых і сярэбраных пераможцаў, а мяне не назвалі, разумеў, што апынуся вышэй. Але пад самы канец абвяшчэння пераможцаў стаў баяцца, што я мог усё ж такі недабраць балаў, бо канкурэнцыя на алімпіядзе была жорсткая.
Калі маё імя назвалі апошнім, нават не адразу ў гэта паверыў. Гэта былі невымоўныя ўражанні. Такога выніку я не чакаў, улічваючы ўзровень складанасці сёлетніх заданняў.
Практычны тур складаўся з двух этапаў: палявога і камеральнага. У палявых умовах нам неабходна было сабраць даныя па землекарыстанні часткі вострава Ка Крэт у Бангкоку, ацаніць яго турыстычны патэнцыял, выявіць лакальныя асаблівасці, вывучыць мясцовую расліннасць і заканамернасці яе размяшчэння. Камеральны этап прадугледжваў таксама выпрацоўку прапаноў па вырашэнні выяўленых праблем і прэзентацыю даных у выглядзе графікаў, карт, схем. Складанасць заключалася яшчэ і ў мясцовым клімаце, бо ў канцы ліпеня ў Тайландзе — сезон мусонных дажджоў і вельмі высокая вільготнасць.
Маёй перамогі не было б, калі б не мая настаўніца Юлія Віктараўна Багдасарава, якая прыцягнула мяне ў алімпіядны рух і накіроўвала па прыступках уверх. З яе дапамогай я зразумеў, што за межамі школьных падручнікаў у геаграфіі шмат усяго цікавага пра нашу планету: як чалавек уплывае на прыроду і як прырода ўплывае на чалавека.
Калі гаварыць пра падрыхтоўку да алімпіяд міжнароднага ўзроўню, то з намі займаліся выкладчыкі факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ. Яны арганізоўвалі двухэтапныя зборы, на якіх мы паглыблялі свае веды па геаграфіі ў найбольш праблемных галінах, удасканальвалі веданне англійскай мовы. Вельмі важная і падтрымка бацькоў, з якімі мы з дзяцінства шмат падарожнічалі, складалі маршруты. Яны куплялі мне карты, якія пасля былі развешаны па ўсім доме.
На сёння я паступіў на факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ. У будучыні хачу паспрабаваць свае сілы як у навуцы, так і на практыцы ў галіне геаінфармацыйных сістэм.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і прадастаўлена суразмоўцамі





