Як займацца з дзіцем, якое не размаўляе, не глядзіць у вочы, не рэагуе на зварот да яго, не слухае, не разумее інструкцый, пазбягае заняткаў? Карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» пагутарыла аб гэтым з педагогам, які мае 20-гадовы вопыт работы з дзецьмі з асаблівасцямі ў развіцці.

— Такім дзецям уласцівы адасобленасць ад рэальнага свету, адсутнасць сацыяльных навыкаў, паглыбленне ва ўласныя перажыванні. Адну інфармацыю яны ўспрымаюць лёгка, іншую зусім не ўспрымаюць, — гаворыць выхавальніца дашкольнай групы ЦКРНіР Івацэвіч Наталля Гарэўская, якая мае 20-гадовы вопыт работы з дзецьмі з асаблівасцямі ў развіцці. — Працэс навучання дзяцей з аўтызмам традыцыйным спосабам немагчымы. Іх не цікавяць гульні самі па сабе, але яны любяць займацца з пэўнымі прадметамі, падоўгу выконваць адны і тыя ж, на першы погляд бессэнсоўныя маніпуляцыі з імі. Любяць усё ўпарадкоўваць — размяшчаюць прадметы ў рад, у круг, складваюць вертыкальна адзін на адзін. Іх цікавяць гульні або заданні, дзе неабходна нешта раскладваць, суадносіць, падбіраць. Увага дзіцяці з РАС бывае ўстойлівай толькі на працягу некалькіх мінут ці нават секунд. Хутка наступае перанасычэнне, часам такое моцнае, што дзіця не проста адмаўляецца займацца, а праяўляе агрэсію, спрабуе знішчыць тое, чым толькі што з задавальненнем займалася. Яму неабходна хуткая змена дзейнасці і нагляднасці. Увагу такога выхаванца можна ўтрымаць яркім, новым, незвычайным гульнявым матэрыялам.
Наталля Міхайлаўна прымяняе самаробныя гульні і дапаможнікі ў адпаведнасці з інтарэсамі і магчымасцямі кожнага малога (да дзясятка гульняў і практыкаванняў на кожных занятках). У залежнасці ад тэмы заняткаў вызначае задачы, а гульні, практыкаванні і заданні падбірае пад канкрэтную задачу.
Выхаванцам з РАС педагог прапаноўвае гульні на агульнае развіццё інтэлекту (групоўка, класіфікацыя, параўнанне, частка — цэлае і г.д.), развіццё маўлення, удакладненне ўяўленняў аб свеце, сенсаматорнае развіццё.
— Раскладваючы прадметы па пэўнай прымеце, суадносячы прадмет з яго контурным малюнкам, групуючы карцінкі з выявай аднародных прадметаў, мы фарміруем у дзіцяці паняцце формы, велічыні, колеру пэўнага прадмета, — гаворыць Наталля Міхайлаўна. — Падбіраючы да выявы часткі, якіх не хапае, збіраючы карцінку з некалькіх частак, развіваем цэласнае ўспрыманне прадмета. Дзеці знаёмяцца з назвамі прадметаў, іх будовай, знешнім выглядам, прызначэннем. Так развіваюцца іх кругагляд, кемлівасць, назапашваецца і актывізуецца слоўнік. Дзеянні выхаванцаў падчас гульняў суправаджаю кароткімі каментарыямі. Нават калі здаецца, што малы не рэагуе на мае словы, працягваю размаўляць з ім, афармляю словамі ўсе нашы сумесныя дзеянні. Дзеці з аўтызмам добра ўспрымаюць і засвойваюць пачутае, хоць зваротная рэакцыя ідзе са спазненнем. І толькі дзякуючы настойлівасці і цярпенню дарослых, такія дзеці могуць пазнаваць навакольны свет і адаптавацца да жыцця ў ім.
Разгледзім структуру заняткаў на прыкладзе тэмы “Па слядах восені”.
- Кароткі аповед педагога аб восені. Кожны сказ суправаджаецца малюнкам з прыметамі восені (дождж, лістапад, дзьме вецер, ляцяць птушкі). Малюнкі размяшчаюцца ў рад, каб прыцягнуць увагу дзіцяці з РАС. Можна прапанаваць яму самому раскласці карцінкі. Пры гэтым педагог называе прыметы восені, адлюстраваныя на малюнках, а дзіця выбірае і паслядоўна раскладвае іх.
- Гульня “Падбяры парасон!” (параўнанне па колеры). Падбіраючы парасон, дашкольнікі даведваюцца, што восенню часта ідуць дажджы, на вуліцы мокра і для прагулкі трэба браць з сабой парасон.
- Гульня “Вярні лісткі на галінкі!” (параўнанне па форме). Раскладваючы лісце, дзеці заўважаюць іх разнастайнасць у прыродзе, знаёмяцца са з’явай ліста-
паду. - Гульня “Дапамажы вожыку падрыхтавацца да зімы” (групоўка аднародных прадметаў: яблыкаў, грыбоў, лісця). Дапамагаючы вожыку сабраць садавіну, дзеці даведваюцца, што гэтыя звяры рыхтуюцца да зімы, а збіраючы для яго лісце — што яны ўцяпляюць сваё
жыллё. - Пальчыкавая гімнастыка “Вятры яблыні калышуць”.
- Гульня “Нарыхтоўка агародніны” (групоўка аднародных прадметаў). Пры сартаванні агародніны па слоічках дашкольнікі знаёмяцца з працай дарослых восенню.
- Гульня “Два кошыкі” (групоўка садавіны па велічыні). Дзеці заўважаюць, што садавіна бывае рознай велічыні.
- Гульня “Восеньская карцінка”. Удакладняючы прыметы восені, дзеці збіраюць карцінку восені (па контурным малюнку).
Надзея ЦЕРАХАВА





