На скрыжаванні навук

- 6:52Выбар прафесіі

У 2022 годзе ў БДУ адкрываецца новая для нашай краіны спецыяльнасць “Біяінжынерыя і біяінфарматыка”. Абітурыентам прапануецца суперсучасная адукацыйная праграма на стыку вельмі запатрабаваных і перспектыўных навук.

Новая спецыяльнасць мае два вялікія складнікі. І каб зразумець, чым будзе займацца “біяінжынер-біяінфарматык”, разгледзім кожны складнік паасобку.

— Біяінжынерыя — гэта міждысцыплінарная галіна ведаў, якая прымяняе падыходы біялогіі і інжынерыі для фундаментальных і прыкладных даследаванняў, — тлумачыць дэкан біялагічнага факультэта БДУ Вадзім Дзямідчык. — Вынікам работы біяінжынера з’яўляецца так званы біяінжынерны прадукт: штамы бактэрый, лініі клетак раслін і жывёл, трансгенныя арганізмы, медыцынскія біясэнсарныя прыборы і сістэмы дыягностыкі, біяматэрыялы, тэхналогіі аднаўляльнай біяэнергетыкі, экалагічнага машынабудавання і інш.

Прадукты біяінжынерыі адрознівае высокая дабаўленая вартасць. Разам з ІТ-прадуктамі яны з’яўляюцца асновай сучаснай высокатэхналагічнай эканомікі.

Лічбавая і камп’ютарная апрацоўка даных у біяінжынерыі праводзіцца пры дапамозе падыходаў біяінфарматыкі.

— Гэтая навука спалучае ў сабе біялогію, інфарматыку, інфармацыйную інжынерыю, матэматыку і статыстыку для аналізу і інтэрпрэтацыі біялагічных даных, — тлумачыць Вадзім Віктаравіч. — У апошнія гады біяінфарматыка развілася ў выключна важную для грамадства і эканомікі дысцыпліну. Дзякуючы ёй, расшыфроўваюцца геномы чалавека, культурных раслін (рысу, пшаніцы, бульбы і інш.), распрацоўваюцца новыя метады дыягностыкі і лячэння захворванняў (напрыклад, прыроджаных генетычных і анкалагічных паталогій), укараняюцца маркер-спадарожная селекцыя ў раслінаводства і жывёлагадоўлю, а таксама малекулярныя падыходы ў біятэхналогіі і экалогіі.

Сёння біяінжынераў-біяінфарматыкаў чакаюць установы Нацыянальнай акадэміі навук, рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры медыцынскага і экалагічнага профілю, прадпрыемствы фармацэўтычнай і медыцынскай накіраванасці, прыватныя арганізацыі, якія выконваюць генетычнае і біяхімічнае тэсціраванне, і многія іншыя. Кадравы голад у гэтых сферах асаб­ліва ўзрос у апошнія 3—5 гадоў, калі цэнтры біяінфармацыйнага аналізу былі створаны практычна ва ўсіх навукова-даследчых інстытутах біялагічнага профілю НАН Беларусі.

Падрыхтоўка па спецыяльнасці “Біяінжынерыя і біяінфарматыка” ажыццяўляецца ў многіх універсітэтах Расіі і Еўропы. У 2002 годзе ў МДУ імя М.В.Ламаносава пад гэтую спецыяльнасць быў створаны факультэт біяінжынерыі і біяінфарматыкі. На працягу многіх гадоў ён з’яўляецца адным з лідараў па прахадных балах і конкурсах у МДУ.

Аналагаў спецыяльнасці “Біяінжынерыя і біяінфарматыка” ў Беларусі пакуль няма. У 2016 годзе адкрыта спецыялізацыя “біяінфарматыка”, якую выбіраюць студэнты спецыяльнасці “Прыкладная інфарматыка” факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ. Аднак біяінжынерных навыкаў гэтыя студэнты не атрымліваюць.

— Вопыт работы па згаданай спецыялізацыі факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій будзе выкарыстаны пры падрыхтоўцы будучых біяінжынераў-біяінфарматыкаў, — гаво­рыць Вадзім Дзямідчык. — Вялікае значэнне таксама маюць напрацоўкі кафедры біямедыцынскай інфарматыкі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, якая займаецца ма­дэляваннем біясістэм і біялагічнай матэматыкай.

Міжнародны вопыт паказвае, што спецыялісты ў галіне біяінжынерыі і біяінфарматыкі павінны адначасова валодаць высокім узроўнем ведаў па біялогіі, інжынерыі, ІТ і матэматыцы. 

Калі параўноўваць спецыяльнасць “Біяінжынерыя і біяінфарматыка” з напрамкам спецыяльнасці “Біялогія” (біятэхналогія) на біялагічным факультэце БДУ, то праграмы адрозніваюцца больш чым на 70%.

— Асаблівасцю новай міждысцыплінарнай адукацыйнай праграмы з’яўляецца збалансаванае спалучэнне блокаў матэматычных, біялагічных вучэбных дысцыплін і інфарматыкі, — тлумачыць Вадзім Віктаравіч. — Асаблівы фокус будзе скіраваны на найбольш актуальныя і сучасныя сферы, такія як выкарыстанне штучнага інтэлекту і нейронных сетак у біялогіі і біятэхналогіі.

Пры распрацоўцы праграмы па спецыяльнасці “Біяінжынерыя і біяінфарматыка” ўлічваўся вопыт падобных спецыяльнасцей не толькі Расіі, але і ЗША (Канзаскі ўніверсітэт), Вялікабрытаніі (Універсітэт Кембрыджа) і Германіі (Мюнхенскі Універсітэт імя Людвіга-Максіміліяна) і інш. Праграма дэталёва абмяркоўвалася з прафесарамі названых універсітэтаў.

Мяркуецца, што ў 2022 го­дзе па спецыяльнасці “Біяінжынерыя і біяінфарматыка” на дзённую форму будзе прынята 20 чалавек за кошт сродкаў бюджэту і 10 чалавек на платнай аснове. У якасці профільных прадметаў у 2022 годзе вызначаны хімія і біялогія, з 2023 года — матэматыка і біялогія.

— У БДУ створаны ўсе неабходныя ўмовы для адкрыцця згаданай спецыяльнасці, — адзначыў Вадзім Дзямідчык. — Ёсць кадравы патэнцыял, а таксама сучасная вучэбна-лабараторная і матэрыяльна-тэхнічная база. Адукацыйная праграма будзе рэалізоўвацца на базе чатырох найбуйнейшых факультэтаў БДУ: біялагічнага, механіка-матэматычнага, радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, а таксама прыкладной матэматыкі і інфарматыкі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.