На сямі ўзгорках размешчаны не толькі старажытны Рым, але і не менш старажытнае Крэва, што ў Смаргонскім раёне

- 14:10Репортаж

Для мяне такая ландшафтная асаблівасць стала нечаканым, але прыемным сюрпрызам. Планаваў сфатаграфаваць толькі руіны знакамітага замка, а ў выніку некалькі гадзін прагульваўся па вуліцах былога мястэчка і маляўнічых ваколіцах. А якімі шыкоўнымі краявідамі любаваўся! Шэрасць пералескаў разбаўлялі зялёныя кроны сосен і не па-зімоваму яркая, яшчэ не пакрытая снегам трава.

Асаблівую прыгажосць задуменным краявідам надавалі храмы — касцёл Праабражэння Гасподняга з яго жоўта-белым фасадам і царква Святога Аляксандра Неўскага, узведзеная з мясцовых валуноў у 1854 годзе. І, канечне, замак. Падчас рэстаўрацыйных работ каменныя сцены, дзякуючы спецыяльнай цэгле, выраслі на некалькі метраў, потым былі накрыты чырвоным дахам. Доўгі перыяд запусцення замка скончыўся, і цяпер да яго кожны дзень ­едуць госці з розных куточкаў краіны і замежжа. Пасля прагулкі вакол замка многія ўзнімаюцца на суседнюю, Юр’еву гару. Адсюль Крэва як на далоні, а якія цудоўныя здымкі можна зрабіць!

Ёсць яшчэ некалькі пунктаў, адкуль адкрываецца маляўнічы пейзаж, — Уваскрасенская гара, Мікалаеўская, Касцельная… Так што, плануючы паездку ў гэтыя мясціны, разлічвайце як мінімум на дзве-тры гадзіны няспешнай прагулкі, якая абавязкова падорыць станоўчыя ўражанні.

Па слядах Вітаўта

— Маё жыццё прайшло літаральна ля сцен замка. Уздоўж іх я хадзіў вучнем у школу. Цяпер таксама спяшаюся ў той жа будынак, праўда, ужо ў якасці настаўніка. Да нядаўняга часу і не думаў, што замак калі-небудзь адновяць, настолькі жыхары Крэва звыкліся з яго руінамі. Усё кардынальна змянілася ў 2017 годзе. Дзякуючы рэспубліканскаму бюджэту і спецыяльнаму фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, пачалася часовая кансервацыя Княжацкай вежы, а таксама кансервацыя з рэстаўрацыяй паўночна-заходняй і паўночна-ўсходняй сцен, — паведаміў настаўнік гісторыі Крэўскай сярэдняй школы Міхаіл Анатольевіч Міхалькевіч.

Разам з педагогам мы прагуляліся ўздоўж замка, палюбаваліся шэрымі валунамі яго цокальнай часткі (тымі самымі, якія ў свой час бачылі каранаваныя асобы), згадалі вядомыя са школьных урокаў гісторыі падзеі 1382 года.

— Вось у гэтай самай вежы і быў задушаны Кейстут па зага­дзе пляменніка Ягайлы. Адсюль жа, пераапрануўшыся ў жаночае адзен­не, збег з палону Вітаўт. Наогул, галоўная наша славутасць мае шэраг асаблівасцей. Гэта быў першы на тэрыторыі сучаснай Беларусі цалкам каменны замак. Да таго ж Княжацкая вежа выкарыстоўвалася ў якасці жылля князя. Яго пакоі размяшчаліся на трэцім паверсе, пра што сведчаць зной­дзеныя там фрэскі. Наступная асаблівасць — вежа вынесена за перыметр сцен для больш зручнай абароны. Адметнасць замка яшчэ і ў тым, што па сваім непасрэдным абарончым прызначэнні ён апошні раз выкарыстоўваўся адносна нядаўна — падчас Першай сусветнай вайны. Проста дзіву даешся, як пасля масіраваных артабстрэлаў ад яго нешта засталося, — паведаміў настаўнік.

Паміж двух агнёў

Сёння ў Крэве пра часы Першай сусветнай нагадва­юць не толькі брацкія магілы, рэшткі абарончых умацаванняў, акопаў, варонак ад снарадаў, але і ўнікальны аб’ект — нямецкі дот, убудаваны ў сцены замка. Каля яго з унутранага боку абсталявана невялікая экспазіцыя, прысвечаная ваенным падзеям больш чым 100-гадовай даўнасці.

— У верасні 1915 года расійская армія змагла спыніць наступленне нямецкіх войскаў і замацавацца. Праз нашу мясцовасць праходзіла лінія фронту. Само ж Крэва было падзелена на дзве часткі рэчкай Крыўлянкай. Крэўскі замак аказаўся на нямецкім баку. Яго старажытныя сцены былі фактычна ўбудаваны ў першую лінію германскай абароны. Пры гэтым размешчаныя па суседстве храмы таксама аказаліся на перадавой, але па розныя бакі фронту: касцёл — на нямецкім, царква — на расійскім. Сёння адлегласць паміж імі можна прайсці за лічаныя хвіліны, а тады гэты ўчастак зямлі актыўна абстрэльваўся, увесь час ішлі пазіцыйныя баі.

У чэрвені 1917 года каля Крэва адбылося адно з першых братанняў нямецкіх і рускіх салдат. А 19 ліпеня расійскае камандаванне вырашыла прарваць лінію фронту. З пераменным поспехам баі працягваліся некалькі дзён. У гэтай аперацыі прымаў удзел і амаль поўнасцю быў знішчаны жаночы батальён смерці, якім камандавала Марыя Бачкарова. Рускім салдатам толькі на непрацяглы час удалося завалодаць варожымі пазіцыямі. 23 ліпеня немцы вярнулі іх. У хуткім часе адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя, у Солах падпісалі перамір’е, і ваенныя дзеянні спыніліся, — паведаміў настаўнік.

Падчас баёў Крэва было спустошана. Усе драўляныя пабудовы спалены, замест царквы Святой Тройцы ляжала груда бітай цэглы, моцна былі пашкоджаны Аляксандра-Неўская царква і замак. Сёння на фасадзе храма з алтарнай часткі можна ўбачыць такі надпіс: “Построена 1854. Разгромлена войной 1915. Реставрирована 1928 при свящ. М.Левончуке. Кап. ремонт сделан при свящ. Петрукевиче”.

Унікальныя знаходкі

Падрабязней з тымі падзеямі можна азнаёміцца ў раздзеле “Паміж двух агнёў” народнага гісторыка-краязнаўчага музея Крэўскай сярэдняй школы. Па словах яго кіраўніка Міхаіла Міхалькевіча, гэта адзін з першых музеяў на Смаргоншчыне, створаны яшчэ ў 1968 годзе настаўніцай гісторыі Нінай Іванаўнай Несцяронак. На лінейцы было аб’яўлена, што ў школе плануецца адкрыць музей і для гэтага патрэбны экспанаты. Вучні з бацькамі актыўна адгукнуліся на прапанову і ўжо назаўтра прынеслі каля дзясятка мяшкоў з разнастайнымі рэчамі. Адметнасцю першай экспазіцыі была багацейшая калекцыя старажытных манет, у тым ліку арабскіх. За амаль 60 гадоў музей не аднойчы мяняў сваіх кіраўнікоў, аблічча, але нязменным заставалася галоўнае яго прызначэнне — расказваць пра багатую гісторыю Крэва.

— Традыцыйная форма работы з наведвальнікамі — экскурсія. У нашым музеі іх распрацоўва­юць самі вучні, я толькі дапамагаю. Лічу гэта правільным падыходам. Калі дзеці самі складаюць тэкст пра родны край, а потым агучваюць яго гасцям, у іх сэрцы абавязкова нараджаецца палымяная любоў да малой радзімы, гордасць за яе. Дарэчы, на абласных і рэспуб­ліканскіх конкурсах юных экскурсаводаў нашы вучні некалькі разоў перамагалі.

Ні адзін музей не можа існаваць і без пошукава-даследчай дзейнасці. Нам пашанцавала. Крэўская зямля вельмі багатая на гістарычныя падзеі. Таму мы прымаем удзел у шматлікіх края­знаўчых конкурсах, канферэнцыях, дзе вучні становяцца пераможцамі. Крэўскі замак не абдзелены ні гісторыяй, ні колькасцю даследчых работ, якія яму прысвяцілі навукоўцы. Мы з вучнямі абагульнілі гэты вопыт і напісалі свае работы пра архітэктуру, этапы будаўніцтва замка, пра князёў, якія яго наведвалі, гісторыю падпісання Крэўскай уніі. Даследчыя работы дапаўняем відэаролікамі, якія здымаюць самі ўдзельнікі гуртка “Юны экскурсавод”, — паведаміў кіраўнік музея.

Выступаючы на розных конкурсах, канферэнцыях, школьнікі папулярызуюць гістарычныя веды, адкрываюць шырокай аўдыторыі малавядомыя факты пра роднае Крэва. Па словах Міхаіла Анатольевіча, некаторыя даследчыкі і цяпер памылкова лічаць, што цэнтр населенага пункта спакон вякоў існаваў на месцы замка. Аднак у 2013 годзе падчас раскопак на гарадзішчы (гэта ў ваколіцах аграгарадка) былі знойдзены рэчы, якія мяняюць традыцыйныя ўяўленні пра першых жыхароў гэтых мясцін.

— Усе прадметы з раскопак на крэўскім гарадзішчы належалі славянам, прычым гараджанкам.  Некаторыя артэфакты, дзякуючы нашым добрым адносінам з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі, перадаюцца ў школьны музей. Першыя такія экспанаты паступілі ў 1985 годзе. Сёння самым каштоўным з’яўляецца план Крэва 1869 года. Яго мясцовыя жыхары знайшлі… у дупле дрэва. Унікальнасць плана ў тым, што на ім нанесены і пранумараваны ўсе будынкі. У другой частцы была расшыфроўка ўмоўных знакаў і пазначана, хто жыў у дамах. На жаль, гэтую частку плана мы пакуль не знайшлі, але, спа­дзяемся, пошукі будуць паспяховымі, — адзначыў настаўнік.

Экспанаты на любы густ

12 раздзелаў экспазіцыі расказ­ваюць не толькі пра гісторыю замка. Асобны раздзел прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны, у прыватнасці генацыду беларускага народа.

— Вялікія баі і разбурэнні мінулі Крэва. Нягледзячы на гэта, жыццё тут было не менш складаным, чым у іншых мясцінах Беларусі. Немцы акупіравалі Смаргонскі раён ужо ў першыя дні вайны, праводзілі карныя аперацыі, спалілі 18 вёсак. Адна з іх — Крыўск — знаходзіцца ў мікрараёне нашай школы. У чэрвені 1943 года яна паўтарыла лёс Хатыні. Праўда, у адрозненне ад апошняй, была адроджана.

З кожным годам усё складаней збіраць звесткі пра падзеі ваеннага часу ў такіх невялікіх населеных пунктах. Інфармацыі ў інтэрнэце недастаткова, а сведкі тых падзей, на жаль, адыходзяць ад нас. Мы з вучнямі рабілі некалькі экспедыцый і ўсё ж знайшлі жанчын, якія падзяліліся цяжкімі ўспамінамі. Фактычна праз год іх не стала, таму нам, можна сказаць, пашчасціла. Яшчэ адна трагічная старонка Вялікай Айчыннай — Крэўскае гета, у якім утрымлівалася каля 500 яўрэяў. Лёс іх тыповы для таго часу — усе былі расстраляны. Цяпер пра яўрэйскі перыяд гісторыі Крэва нагадваюць руіны сінагогі, а таксама рэшткі могілак недалёка ад Юр’евай гары, — паведаміў настаўнік.

Не толькі ваенным падзеям прысвечаны школьны музей. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займаюць гліняныя вырабы, паколькі Крэва з даўніх часоў славілася ганчарствам.

— Мясцовыя жыхары стваралі збаны ў асноўным на продаж. Збывалі іх на кірмашах, якія ў мястэчку праходзілі пяць разоў на год. Вазілі таксама і ў іншыя населеныя пункты. Адзін мясцовы жыхар у пачатку ХХ стагоддзя падлічыў, што толькі ў кірунку Ашмян крэўскія ганчары штогод вывозілі на продаж 110 вазоў глінянага посуду. А ехалі ж яшчэ на Маладзечна, Смаргонь, Багданава і г.д. Пасля Першай сусветнай вайны ў Крэве нават былі арганізаваны спецыяльныя ганчарныя курсы. Пасля Вялікай Айчыннай аж да 1990-х гадоў у нас працаваў кафельна-ганчарны цэх. Яго прадукцыю сёння можна ўбачыць у школьным музеі, — адзна­чыў Міхаіл Анатольевіч.

Дырэктар Крэўскай сярэдняй школы Т.Ф.Капыш сярод экспанатаў этнаграфічнага раздзела

Збаны, глечыкі, старыя карты, фрагменты зброі, дакументы, прадметы побыту розных эпох — у музеі Крэўскай сярэдняй школы захоўваюцца экспанаты на любы густ. А само Крэва з яго маляўнічымі ўзгоркамі спадабаецца кожнаму: і фізікам, і лірыкам. Наведаўшы гэтыя мясціны аднойчы, вы абавязкова захочаце вярнуцца.

Горад мужнасці

Мінулае Смаргоні непарыўна звязана з падзеямі Першай сусветнай вайны. 110 гадоў назад горад стаў прыфрантавым і ў выніку пастаянных абстрэлаў быў ператвораны ў суцэльныя руіны.

Мёртвы горад, як называлі Смаргонь у перыядычным друку таго часу, сёння дынамічна развіваецца. Узводзіцца сучаснае камфортнае жыллё, двары шматпавярховак і ўстаноў адукацыі радуюць утульнасцю, а ў Цэнтральным парку заўсёды гучаць дзіцячыя галасы. Пра трагічныя падзеі больш чым векавой даўніны нагадва­юць толькі інфармацыйныя стэнды, брацкія магілы, рэшткі дотаў, а таксама экспанаты народнага гісторыка-краязнаўчага музея гімназіі Смаргоні.

Сярод іх — чатырохгранны ігольчаты штык вінтоўкі Мосіна ўзору 1891 года, знойдзены каля вёскі Хадакі, біклага Рускай імператарскай арміі, нямецкія шкляныя бутэлькі, салдацкія ледаходы, балон для захоўвання хімічнай зброі, фрагмент авіябомбы, нажніцы для пераразання калючага дроту, знойдзеныя ў вёсцы Кунава.

— Калючым дротам была абазначана лінія фронту, якая амаль на тры гады падзяліла Смаргоншчыну. Яна цягнулася ўздоўж фронту амаль на 400 кіламетраў. Калючы дрот краязнаўцы нашай гімназіі знайшлі ў час акцый, якія праводзіліся на месцах баявых дзеянняў, — па­тлумачыла кіраўнік музея Таццяна Яўгенаўна Рогач. — А гэта пасведчанне аб пражыванні на акупіраванай тэрыторыі, выдадзенае нямецкімі ўладамі 15 жніўня 1917 года Антаніне Рогач. Ёсць у музеі нават нямецкі губны гармонік.

Значную частку экспанатаў перадаў настаўнік матэматыкі — актыўны даследчык мінулага Смаргоншчыны Уладзімір Уладзіміравіч Прыхач. Гэта, напрыклад, копія ўнікальнай карты 1917 года супрацьстаяння варожых войскаў, знойдзеная краязнаўцам пад Крэвам. Цяпер гэтая копія займае важнае месца ў экспазіцыі. Наогул тэма Першай сусветнай вайны прыярытэтная ў краязнаўчай дзейнасці педагога. Кожны год ён здзяйсняе цікавыя адкрыцці, у тым ліку пра ход так званай падземнай вайны — распаўсюджаных на франтах Першай сусветнай мінна-падземных баталій.

Па словах Уладзіміра Прыхача, адна з найбольш трагічных старонак супрацьстаяння на Усходнім фронце разгарнулася вакол дамінуючай вышыні 72,9, на паўночна-­ўсходняй ускраіне Смаргоні. Рускія салдаты называлі гэтую вышыню Залатая горка, а нямецкія з-за падабенства яе тапаграфічных абрысаў на вялікую лацінскую літару “В” — Вышыня-В. Захапіўшы восенню 1915 года гэтую стратэгічную пазіцыю, кайзераўцы пабудавалі на ўзгорку ўмацаванні з назіральным пунктам для карэкціроўкі артылерыйскага агню. Усяго некалькі дзясяткаў метраў нейтральнай паласы аддзялялі ў гэтым месцы акопы ваюючых бакоў. Пазіцыйныя баі ішлі пастаянна. Нездарма ў той час гаварылі: “Кто в Сморгони не бывал, тот войны не видал”.

— Для ліквідацыі нямецкіх умацаванняў на Залатой горцы рускія сапёры разам з французскімі спецыялістамі пралажылі падземныя галерэі. На працягу 30 сутак яны працавалі па зменах. Жывы канвеер з тысячы чалавек выносіў зямлю ў мяшках з тунэля і звальваў у глыбокі роў. Калі работа была скончана, у тую ж ноч на станцыю Залессе прыехалі вагоны з выбуховым рэчывам. Яго ўручную перанеслі і паклалі пад Залатую горку. Да выбуховага рэчыва правялі электрапровад, а ў вёсцы Белая ўсталявалі апарат-узрывальнік. Напярэдадні рускай падземна-міннай атакі немцы правялі сваю першую газавую атаку на Смаргонь. Пазней пачаўся моцны артылерыйскі аб­стрэл. Ён доўжыўся на працягу ўсяго дня, а ўвечары магутныя выбухі на Залатой горцы заглушылі артылерыйскую кананаду. Перад перадавымі лініямі германскіх акопаў утварыліся тры вялізныя варонкі. Адразу пачаўся бой за іх авалоданне. Варонкі неаднаразова пераходзілі ваюючым бакам, у далейшым засталіся на нейтральнай паласе, — паведаміў педагог.

Сёння на тым месцы паклонныя крыжы і муляжы акопаў. Настаўнікі і вучні гімназіі Смаргоні рэгулярна праводзяць там суботнікі. Першы ладзілі восенню 2015 года, у памяць пра 100-ю гадавіну пачатку баявых дзеянняў.

— Выбухі на Залатой горцы былі такой магутнасці, што іх чулі нават у Мінску. На ўроку матэматыкі мы з вучнямі неяк падлічылі: каб засыпаць гэтыя варонкі, патрэбна 750 10-тонных грузавікоў зямлі, — адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч.

Настаўнік актыўна вывучае яшчэ адзін эпізод Першай сусветнай вайны — баявы шлях і лёс жаночага батальёна Марыі Бачкаровай, які мужна змагаўся пад Крэвам. Падрабязней з краязнаўчымі адкрыццямі Ула­дзіміра Прыхача можна азнаёміцца на старонках і сайце раённай газеты, дзе вядомы смаргонскі краязнавец рэгулярна друкуе вынікі сваіх даследаванняў.

Помнікі архітэктуры малой радзімы вывучаюць і педагогі Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. У выніку ствараюцца не класічныя навукова-даследчыя работы, а праекты з ухілам на дэкаратыўна-прыкладную творчасць. Адзін з іх — “Вывучаем мінулае. Ствараем сучаснасць”.

— Гэты праект мы рэалізавалі ў 2023 годзе. Спачатку педагогі аддзялення турыстычна-краязнаўчай работы наведвалі храмы, палацы, замкі раёна, сабралі інфармацыю пра іх архітэктурныя і гістарычныя асаблівасці, а ўдзельнікі маладзёжнай студыі “МАГ” знялі пазнавальныя відэаролікі. Потым да работы далучыліся калегі з аддзялення выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. З дапамогай малявання, саломапляцення, баціку, аплікацыі на тканіне, гліны, дыванаткацтва, ­скрапбукінгу, аб’ёмнай папяровай аплікацыі, макрамэ яны стварылі вось гэтае арыгінальнае пано, — паведаміла дырэктар цэнтра Вольга Міхайлаўна Каравай.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара