З начальнікам упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама Ірынай Драздовай карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла пра самае важнае ў педагагічнай рабоце, кіраўніцкія клопаты, прафесійнае прызванне і школу будучыні.

— Ірына Афанасьеўна, вы шмат гадоў прысвяцілі рабоце ў сістэме адукацыі. Чым вымяраеце пройдзены шлях?
— Ёсць дастаткова папулярная парада: “Калі не хочаш працаваць ніводнага дня ў жыцці, выбірай прафесію па душы”. Не пра лёгкі хлеб сказана. Так створаны чалавек, што бесклапотныя прыемнасці неўзабаве надакучваюць, бо не адгукаецца на іх душа. Прафесійнае прызванне — тое захапленне, якое прыносіць радасць і задавальненне, але разам з тым патрабуе пераадолення цяжкасцей, самааддачы, напружання ўсіх здольнасцей. Таму, напэўна, я вельмі мала працавала ў адукацыі: колькі помню сябе, жыла любімай работай. Мая працоўная біяграфія ў лічбах вымяраецца проста. Амаль чатыры дзясяткі гадоў — 38, калі дакладна. Плюс-мінус па 10 гадоў — настаўніца, намеснік дырэктара, дырэктар і кіраўнік сістэмы адукацыі раёна. Па мне, яно і добра: прафесійнага выгарання не здарылася ні на адной пасадзе, элементарна не паспела. А ўся мая працоўная геаграфія — гэта Полаччына.
Прэстыж прафесіі — у справах настаўнікаў
— Якімі галоўнымі прынцыпамі кіруецеся ў жыцці?
— Па вялікім рахунку, мноства складнікаў можна звесці да двух наказаў, якія даў мне бацька. Першы — адносіцца да людзей так, як хочаш, каб яны адносіліся да цябе. Шчыра прызнаюся, гэта цяжка і не заўсёды атрымліваецца. Аднак у любых эмацыянальна, падзейна напружаных сітуацыях я ўспамінаю бацькавы словы, і часта менавіта яны падказваюць рашэнне. Другі прынцып: трэба працаваць так, каб не было сорамна за вынік, рабіць сваю справу адказна і якасна. Канечне, вучыцца трэба пастаянна. Калі недзе штосьці не так, то для мяне непазбежны перажыванні, што магла, павінна была прадбачыць, заўважыць, зразумець і папярэдзіць. Калі мы не дацягвалі да пастаўленай высокай планкі, непазбежны пошук прычын і аналіз наяўных рэсурсаў для развіцця, жаданне ні ў якім разе не паўтарыць памылкі. Не стану ўтойваць, я перфекцыяніст з комплексам выдатніцы. Насамрэч так складвалася па жыцці: пачынаючы са школы, якую скончыла з залатым медалём, да статусу выдатніка адукацыі і ўзнагароды, якой дзяржава адзначыла маю работу, — медаля “За працоўныя заслугі”.
— Як вы ставіцеся да размоў пра неабходнасць павышаць прэстыж педагагічнай прафесіі?
— Адразу насцярожвае зыходны пункт разважання, бо практычна за аксіёму выдаецца, нібыта цяпер наша прафесія непрэстыжная. Гэта няпраўда.
Статус настаўніка высокі, калі чалавек яму адпавядае.
У сваіх школьных настаўніках бачыла найперш людзей, да якіх хацела быць падобнай. Мяне прыцягвала іх інтэлігентнасць, дабрыня без панібрацтва, чалавечнасць і тое інтуітыўна прывабнае, не зусім мне тады зразумелае, што ў сукупнасці вызначае паняцце прафесіяналізму. Матэматыку прафесійным напрамкам выбрала, бо любімы настаўнік так выкладаў гэты прадмет, што немагчыма было не захапіцца. Дакладна магу сказаць: у наш час такіх педагогаў большасць. Мне вельмі хацелася б, каб такім быў кожны, але ж ідэал апрыёры недасягальны, мы да яго імкнёмся. Дзяржава аказвае адукацыі велізарную падтрымку. Правільна сказаў наш Прэзідэнт: прэстыж прафесіі настаўніка мы, педагогі, самі фарміруем. Статус педагога — гэта не пра зарплату, тут зноў жа нельга падмяняць паняцці. Усё залежыць ад чалавека: які ён, ці на сваім месцы працуе.
Кіраўніцкія прыярытэты
— Калі ўявіць найярчэйшыя моманты з вашай прафесійнай практыкі — што найперш успамінаецца?
— Настаўніцкая радасць — мой першы выпускны клас, поспех маіх вучняў і далей іх званкі, адзін за адным: усе залічаны ў ВНУ, прычым уступныя іспыты па матэматыцы здалі на пяцёркі — тады яшчэ не ўвялі дзесяцібальную сістэму. Сёння гэтым выпускнікам ужо прыкладна пад 50 гадоў, але я адчуваю іх падтрымку і прысутнасць побач са мной. Мы па тэлефоне на сувязі, сустракаемся, кожныя 5 гадоў абавязкова збіраемся разам. Вось быў Дзень настаўніка — практычна ўсе мне віншаванні даслалі. Гэта гордасць. Акрылялі і нашы з вучнямі поспехі на абласных этапах алімпіяд па прадмеце. Радасць як намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце… Узгадала перамогу нашай школы № 11 у гарадскім конкурсе на лепшы метадычны кабінет. Невялікая школа на ўскраіне, ніхто не чакаў — а мы даказалі, што лепшыя. Успамінаецца адчуванне прафесійнага росту: мне ўсё і адразу хацелася даведацца, паспрабаваць і ўкараніць! У якасці дырэктара… Тут таксама хутчэй адчуванне, што наша школа № 16 імкліва набірае абароты. З падзей — выпускныя, калі мы вялікую колькасць паспяховых і мэтанакіраваных дзяцей, якія ў нас на вачах выраслі, праводзілі ў самастойнае жыццё. Гэта вынік каманднай работы, асаблівае пачуццё. Перамога на абласным “Энергамарафоне”, дзякуючы якой мы зрабілі рамонт на другім паверсе школы. Поспехі вучняў, настаўнікаў і асобнай яркай успышкай — перамога нашага Дзмітрыя Анатольевіча Шыца на рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. Вельмі многа было радасных імгненняў. Вяртаючыся да пачатку нашай размовы — гэта не зусім работа, гэта жыццё.

“Скарынаўскія дні ў Полацку — 2025”
— А ў якасці кіраўніка аддзела і потым упраўлення па адукацыі?
— Калі браць канкрэтную справу — напрыклад, вялікі раённы праект — то назаву “Скарынаўскія дні ў Полацку”, якія мы ўпершыню правялі ў 2014 годзе па ініцыятыве Пятра Мяфодзьевіча Пяткевіча. Найглыбейшы па сваім змесце і сэнсе праект, які пастаянна развіваецца і ўжо выйшаў на міжнародны ўзровень. На працягу трох гадоў мы сустракаем цягнік Памяці. Горад у макетах, гістарычная рэканструкцыя, жывыя партрэты — гэта цяпер распаўсюджана ў краіне, а мы былі тут піянерамі больш за 10 гадоў назад і па сёння выкарыстоўваем удалыя знаходкі. Штогод кожная ўстанова адукацыі выбірае сабе заданне ў межах адзінай вызначанай тэмы — і педагогі, бацькі, дзеці разам працуюць, а вынікі прадстаўляюць на Дні горада. Сэнс не ў тым, каб выставіць макет ці паказаць на плошчы рэканструкцыю народнай гульні. Я не прыхільнік флэшмобаў.
Для мяне вельмі важны ўнутраны складнік — для чаго, для каго і навошта гэта робіцца, што мы ў выніку атрымаем пасля рэалізацыі задумы. Сэнс ва ўсвядомленым паглыбленні ў гісторыю і сучаснасць, у тым, як тэма даследуецца, як яднае людзей сумесная стваральная дзейнасць, да чаго матывуе нашых дзяцей.
Вяртаючыся да алімпіяднай тэмы — адчуваю радасць і гордасць за нашы дасягненні, з незайздросных пазіцый мы выйшлі на ўзровень міжнародных перамог. І пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў прафмайстэрства сярод нашых педагогаў ужо цэлая каманда, гэта наш арыенцір. Аднак, напэўна, самая галоўная першая мая кіраўніцкая радасць здарылася, калі я адчула, што мы — горад і раён — сапраўды аб’ядналіся. Было няпроста з двух аддзелаў сфарміраваць калектыў у адзінстве задач і мэт, у жаданні ісці наперад. Нам гэта ўдалося. У нас лепшыя людзі працуюць, здольныя справіцца з любымі задачамі і выклікамі часу, як паказвае практыка. Я кожнаму з іх удзячна і разам з тым абсалютна ясна разумею, што павінна быць абнаўленне, новы погляд.
Кадравае абнаўленне
— Маладым усюды ў нас дарога?
— Часта прысутнічае адценне сарказму, калі цытуюць гэтыя песенныя радкі. І дарэмна, бо ў іх вялікая жыццёвая мудрасць. Змены — нармальны працэс эвалюцыйнага развіцця, інакш спыніцца прагрэс. Маладыя, таленавітыя і энергічныя спецыялісты са сваімі поглядамі, амбіцыямі, жаданнямі, смелымі ідэямі — ключавы рэсурс. Калі гэтая моладзь прыходзіць на створаную пэўную базу, убірае вопыт і традыцыі — будзе рух наперад. Захоўваючы — прымнажай. Бо, калі мы сёння тут збяромся адны вопытныя, што заўтра? Арыфметыка такая: у раёне мы штогод прымаем каля 70 маладых спецыялістаў. Усяго педагогаў працуе крыху больш за 2 тысячы. З іх пенсіённага ўзросту — ад 10 да 14%, сёлета 12, а да 30 гадоў — каля 30%: добрыя суадносіны. Замацаванне моладзі ў нас складае 80%. Дынаміку мы ўважліва адсочваем, лёс кожнага маладога спецыяліста я трымаю на асабістым кантролі.
Яшчэ два важныя моманты: маладыя кіраўнікі і кадравы рэзерв нам неабходныя па той жа прычыне, што адзначана вышэй. І трэба сістэмна працаваць, каб выправіць гендарны перакос у бок адукацыі з жаночым абліччам. На тысячу працэнтаў падтрымліваю ідэю ўвядзення пасады кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Не магу сказаць, што абсалютна ва ўсіх школах, але ў большасці мы ўжо знайшлі па гэтым напрамку людзей, якія здольныя і гараць жаданнем весці за сабой дзяцей, і ўжо бачны станоўчы вынік.
— Самыя маладыя з кіраўнікоў устаноў адукацыі Полаччыны — хто яны?
— Самы малады за параўнальна нядаўні час у нас дырэктар Павел Генадзьевіч Ястрэмскі з сярэдняй школы № 1, яго прызначылі на пасаду ў 27 гадоў. Калектыў за свайго дырэктара гарой, дзеці яго любяць, і, гледзячы на Паўла Генадзьевіча, многія самі хочуць стаць педагогамі. Па напрамку мэтавай падрыхтоўкі, прафарыентацыі на педагагічныя спецыяльнасці ва ўстановы адукацыі лепшы вынік у раёне. Вялікі плюс кіраўніка — яго захопленасць гісторыяй і паходамі, ініцыятыўнасць у арганізацыі раённых і абласных мерапрыемстваў на базе школы. Хаця, не ў крыўду кажучы, магчыма, кіраўніцкага майстэрства яму часам крыху не хапае, аднак ён вучыцца. Павел Ястрэмскі адразу з настаўнікаў стаў дырэктарам — нам давялося хутка прымаць рашэнне, бо перспектыўны кадр хацелі пераманіць у Мінск. Гэта, хутчэй, выключэнне, таму што прайсці паслядоўна ўсе этапы — настаўнік, намеснік дырэктара, дырэктар — для прафесійнага станаўлення суперважна. Па такой траекторыі рухаўся і да 30 гадоў прыняў дырэктарскую пасаду Ілья Русланавіч Лях з сярэдняй школы № 6. Пад яго кіраўніцтвам установа адукацыі дэманструе рост практычна па ўсіх паказчыках. У прыватнасці, па замацаванні маладых спецыялістаў і развіцці класаў прафесійнай накіраванасці, па супрацоўніцтве з універсітэтамі. Параўнальна маладых кіраўнікоў у нас многа. І многа педагогаў да 30 гадоў, з якіх мы гадуем кіраўнікоў. А будуць кадры — значыць, будзе з кім вырашаць задачы.
Заглядаючы ў мінулае і будучыню
— Маральна-духоўны пачатак у адукацыі ключавы. Якія адметнасці ў яго рэалізацыі на Полаччыне?
— Наша зямля — калыска беларускай дзяржаўнасці і духоўнасці. Мы дзесяцігоддзямі цесна супрацоўнічаем з Беларускай Праваслаўнай Царквой, маем багата адметных напрацовак. Прывяду прыклад, прычым у дачыненні не да вучняў, а да бацькоў. Наколькі гэтая наша работа важная для людзей, я пранізліва адчула ў 2017 годзе, калі мы ўпершыню арганізавалі раённы калядны бацькоўскі сход. Тэма сустрэчы — духоўнасць, сямейныя каштоўнасці, выхаванне дзяцей на праваслаўных традыцыях беларускага народа. Там і пропаведзь была, і дыялогавая пляцоўка, і канцэртная праграма. Разумееце, сход працягваўся амаль дзве гадзіны — а ніхто ціхенька не пакінуў залу, мы спецыяльна прыглядаліся да рэакцыі людзей. Наадварот, такое ўражанне, яны яшчэ б засталіся, тэма зачапіла за жывое. Цяпер штогод такі сход праводзім, ён у сістэме нашых традыцыйных мерапрыемстваў. Іх значна больш за прадугледжанае адпаведнымі праграмамі рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў. Пра гэта, дарэчы, “Настаўніцкая газета” неаднойчы расказвала, нашы педагогі актыўна дзеляцца вопытам. Патэнцыял таго, што мы жывём у цэнтры Полацкай епархіі, трэба максімальна выкарыстоўваць ва ўстановах адукацыі. Што мы разам і робім.
— Якой вам бачыцца адукацыя будучыні?
— У найбліжэйшай перспектыве — лічбавай, несумненна. Мы да гэтага падыходзім ужо. Уяўляю не застаўленыя тэхнікай класы, а прасторныя, дзе мэбля і сцены будуць высокатэхналагічныя. Раз — і на ўсю сцяну панарамнае акно з эфектам прысутнасці хоць у завадскі цэх ці навуковую лабараторыю, хоць у афрыканскую савану. Спадзяюся, што штучны інтэлект, іншыя ноу-хау дапамогуць эфектыўней наладзіць адукацыйны працэс, па максімуме забяспечыць навучанне з улікам індывідуальных асаблівасцей вучня і яго зваротную сувязь з настаўнікам. Верагодна, тэхніка ў рэжыме анлайн будзе кантраляваць паказчыкі здароўя. Але накіроўваць работу з выкарыстаннем суперсучасных памочнікаў павінен усё ж чалавек. Катэгарычна, ні ў якім разе не машына. Гэта першы аспект, вучэбны. А другім, выхаваўчым, настаўнік увогуле незаменны — калі мы хочам, каб наша грамадства развівалася прагрэсіўна, а не дэградавала ў бездань.
Першая задача школы — гэта выхаванне, а потым ужо — тэарэма Піфагора. Плюс сацыялізацыя, камунікатыўныя навыкі.
Разам з тым інтэрнэт дае велізарныя магчымасці ў падборы інфармацыі, стварэнні дыферэнцыраванай індывідуальнай адукацыйнай прасторы. Мы шукалі інфармацыю па бібліятэках, запаміналі. Цяпер лёгка знаходзім і вучым дзяцей шукаць у інтэрнэце. Заўважце, на першым плане — уменне працаваць з інфармацыяй. Не запомніць, а знайсці, задаць крытэрыі пошуку, адрозніць праўду ад фэйкаў. Гэтаму не навучыць кнопка, робат ці зносіны з ботам. Між тым нейрасеткі па запыце створаць што заўгодна і надзвычай праўдападобна. З першымі хвалямі негатыўнага ўздзеяння ІТ-тэхналогій мы ўжо сутыкнуліся, заўтра прасцей не будзе. Гэта трэба прадбачыць і пастарацца спрагназаваць пагрозы, каб іх папярэдзіць, засцерагчы ад іх нашых дзяцей. Што да адной з прыватнасцей на гэтым этапе развіцця адукацыі, то, па-мойму, пара пераглядзець падыходы да дамашняга задання: з улікам даступнасці штучнага інтэлекту ранейшы фармат проста траціць сэнс. Максімальна эфектыўным павінен быць сам урок. Зноў жа, невялікае ці адсутнае дамашняе заданне дапаможа знізіць нагрузку на дзяцей. У вучня цяпер па 6 урокаў на дзень і як мінімум 2 гадзіны на дамашнюю падрыхтоўку — гэта інтэнсіўны рабочы дзень дарослага чалавека. Усё добра, што ў меру і разумна.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара і прадастаўлена Полацкім РЦДіМ





