Над якімі заданнямі разважалі ўдзельнікі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы

- 9:00Образование

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы адбылася ў гімназіі № 16 Мінска, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

У спаборніцтвах, якія праходзілі ў сценах гэтай установы адукацыі, прынялі ўдзел 119 навучэнцаў 9–11-х класаў, сярод іх 16 дзяўчынак, а 54 вучні ў мінулым годзе ўжо з’яўляліся прызёрамі гэтай алімпіяды. У выніку школьнікі атрымалі 11 дыпломаў І ступені, 16 – ІІ ступені, 27 – ІІІ ступені і 4 пахвальныя водгукі.

У склад журы ўвайшлі 15 чалавек – прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны, у тым ліку доктар фізіка-матэматычных навук Уладзімір Зыкуноў з Гомеля, шэсць кандыдатаў навук, школьныя настаўнікі. Упершыню да работы журы былі прыцягнуты два студэнты, у мінулым алімпіяднікі.

Ад чалавека да зорак – такой была разбежка ў тэматыцы алімпіядных заданняў. Пра гэта расказаў старшыня журы – загадчык кафедры агульнай фізікі фізічнага факультэта БДУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Анатоль Слабадзянюк. У кожным класе было прапанавана па тры тэарэтычныя і два эксперыментальныя заданні.

Некалькі месяцаў работы, затрачаныя аўтарамі заданняў на іх складанне, не прайшлі дарма, вучні справіліся з імі за 4–5 гадзін, – адзначыў А. Слабадзянюк. – Тэарэтычныя заданні атрымаліся даволі прыгожымі, са сваімі адметнасцямі, прывязкай да жыцця. Напрыклад, у 11 класе задача заключалася ў тым, каб на падставе медыцынскіх даных прааналізаваць ток крыві ў арганізме чалавека. Некалькі задач па змесце набліжаліся да астраноміі. Адну з вельмі прыгожых задач, звязаных з оптыкай, на жаль, ніхто са школьнікаў не рашыў, хоць патрабавалася выканаць усяго адно дзеянне. Некалькі задач для дзевяцікласнікаў атрымаліся прыгожымі з пункту гледжання матэматыкі. Адна з іх зводзілася да рашэння квадратнага ўраўнення, у якім не ўсе фізічныя параметры былі зададзены. Пры рашэнні ўраўненняў атрымліваліся два карані. Трэба было выбраць адзін, зыходзячы з фізічнага сэнсу.

Не занадта складаны з пункту гледжання абсталявання атрымаўся эксперымент. Адна даволі традыцыйная задача для дзевяцікласнікаў была звязана з электрычным токам. Законы працякання току вучні правяралі эксперыментальна і прапаноўвалі па некалькі варыянтаў рашэнняў, якія адрозніваліся ад аўтарскага. Журы прызнала іх правільнымі. Вельмі незвычайная задача была звязана з мылам, якое пры слізгаценні па гуме праяўляе цікавыя ўласцівасці. Ціск насычаных пароў вады адзінаццацікласнікі вывучалі на школьным абсталяванні. Чамусьці не вельмі добра яны рашылі нескладаную задачу, прысвечаную эфектам, якія можна назіраць без прыбораў, да якіх прыводзіць тое, што Сонца мае канчатковыя памеры. У прыватнасці, трэба было патлумачыць, чаму самалёт, які ляціць нізка, пакідае цень на зямлі, а калі ўзнімаецца вышэй, то цень знікае. Прапаноўвалася таксама заданне, дзе ў якасці абсталявання выкарыстоўваліся толькі лінейка, лісток паперы, драўляны брусок і цыліндрык. Але гэтае заданне было вельмі глыбокім па змесце.

Дыпломы І ступені пераможцам уручыў дэкан фізічнага факультэта БДУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Міхаіл Ціванаў. Акрамя дыпломаў і памятных падарункаў, удзельнікі алімпіяды атрымалі спецыяльныя прызы. Так, спецыяльным прызам ад старшыні Мінскага гарвыканкама ўзнагароджана вучаніца 11 класа сталічнай сярэдняй школы № 94 і ўладальніца дыплома І ступені Настасся Плясункова. За лепшы вынік у 11 класе – абсалютнае 1-е месца – прыз міністра адукацыі ўручаны навучэнцу 11 класа ліцэя БДУ Глебу Галкіну.

Я доўга і даволі паспяхова займаўся шахматамі, у 2021 г. выйграў першынства Беларусі па шахматах сярод юнакоў і дзяўчат, – расказаў Глеб. – Алімпіядным рухам зацікавіўся ў 9 класе, калі вучыўся ў гімназіі № 29 Мінска і дзе любоў да прадмета мне прывіла настаўніца Настасся Бандаровіч. У ліцэі я займаюся з Арцёмам Піваварчыкам і Уладзіславам Клімашонкам. З гэтымі педагогамі мы не проста вучым формулы, а адчуваем фізіку, пранікаем углыб прадмета. Падчас алімпіяды складаным мне здаўся эксперыментальны тур, бо дрэнна здымаліся даныя. Але я вельмі добра напісаў тэорыю. У выніку набраў 171 бал з 220 магчымых. Планую паступаць на фізічны факультэт БДУ. У будучыні бачу сябе фізікам-эксперыментатарам.

Лепшай у 10 класе стала вучаніца Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Аліна Палонская. На думку журы, яна паставіла своеасаблівы рэкорд за апошнія 10 гадоў, набраўшы 168 са 174 балаў. У працэнтных суадносінах гэта самы высокі вынік (амаль 100%).

Фізікай я пачала ўсур’ёз займацца летась, да гэтага захаплялася матэматыкай, удзельнічала ў рэспубліканскім этапе алімпіяды. Але ж фізіка перамагла, бо мне хацелася прыкладаць матэматычныя формулы да рэальных з’яў. Гэтаму паспрыяў і мой настаўнік Валерый Барашкаў. Падчас алімпіяды асаблівых цяжкасцей у мяне не было, хіба што адчувала напружанасць з-за недахопу часу. Куды паступаць пасля ліцэя, пакуль не вызначылася.

Абсалютнае 1-е месца ў 9 класе заняў вучань гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф. Карскага Гродна Адрыян Раўкоўскі. Следам за ім у рэйтынгу вучань 9 класа гімназіі № 1 імя Ф. Скарыны Мінска, таксама ўладальнік дыплома І ступені Цімафей Данілевіч:

Для мяне алімпіядны рух пачаўся з 7 класа. Настаўніца Хрысціна Шалатоніна заўважыла, што я добра спраўляюся з задачамі па фізіцы, і запрасіла на школьную алімпіяду. Першы раз прыняў у ёй удзел проста так, дзеля цікавасці, бо быў вольны час на канікулах. Так усё і закруцілася. На алімпіядзе складанай здалася тэарэтычная задача, якая патрабавала шматлікіх разлікаў. А ў эксперыментальным туры – заданне, дзе неабходна было здымаць значэнні, якія часам не сходзіліся. З наступнага года планую працягнуць навучанне ў ліцэі БДУ.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара