Зрабіць сельскую школу такой, каб вучыцца ў ёй імкнуліся гараджане, няпроста. Але дырэктар сярэдняй школы № 2 вёскі Азершчына Рэчыцкага раёна Надзея Сяржан здолела. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Першыя ў чырлідынгу і не толькі
— Надзея Уладзіміраўна, вы з той кагорты кіраўнікоў, якія за кароткі час выводзяць сваю ўстанову на высокія пазіцыі. Падзяліцеся сакрэтам.
— Сакрэтаў няма, ёсць стратэгія і прынцыпы. Трэба ставіць перад калектывам рэальныя задачы, ведаць моцныя і слабыя бакі ўстановы, максімальна выкарыстоўваць творчыя магчымасці педагогаў і вучняў, а таксама эканамічны патэнцыял рэгіёна. Азершчынская школа — чацвёртая па ліку, дзе мне даверылі быць кіраўніком, таму ёсць вопыт і жаданне працаваць на вынік. Я другі год дырэктар гэтай установы. Для мяне вялікі гонар і адначасова адказнасць быць карыснай для маіх землякоў: я вырасла на гэтай зямлі.
— Што паспелі зрабіць за гэтыя два гады?
— Летась школа № 2 Азершчыны ўрачыста адсвяткавала 25-годдзе. У разрэзе ўзросту навучальнай установы гэта невялікая лічба, але школа з’яўляецца адной з самых моцных па паспяховасці вучняў і педагогаў, а да юбілею мы ўмацавалі і матэрыяльную базу.
Большая частка калектыву — настаўнікі, у якіх я сама вучылася, таму не хочацца іх падвесці.
Канечне, кожны кіраўнік прыўносіць у работу ўстановы свой вопыт, патрабаванні і магчымасці, і я не выключэнне. Так, у мінулым годзе па выніках прыёмкі школ да новага навучальнага года мы са школай-суседкай падзялілі пачэснае 1-е месца сярод сельскіх школ раёна па дабраўпарадкаванні і рамонце. Мінулым летам за ўласныя сродкі і з прыцягненнем спонсарскай дапамогі замест драўляных устанавілі больш за 70 вокнаў ПВХ, мадэрнізавалі абсталяванне ў школьнай сталовай. Таксама правялі рамонтныя работы ва ўсіх прадметных і метадычных кабінетах — замянілі вокны, столі, сцены, падлогу. Акрамя таго, з дапамогай аддзела адукацыі замянілі спінкі крэсел у кабінетах. Таксама абнавілі актавую залу і кабінет інфарматыкі. У гэтым годзе працягнем гэтую справу.
— Што хочацца зберагаць і якія традыцыі працягваць?
— Па рэйтынгу сярод навучальных устаноў раёна пасля гарадскіх — ліцэя і гімназіі — мы займаем 3-е месца па выніках ЦЭ (сярэдні бал склаў сёлета 69,3). У мінулым годзе з 11 выпускнікоў школы толькі двое паступілі ў каледжы, астатнія сталі студэнтамі ўніверсітэтаў. Нашы навучэнцы займаюць прызавыя месцы ў алімпіядах розных узроўняў. Маем моцныя пазіцыі і ў спорце. Напрыклад, у гэтым годзе каманда па чырлідынгу нашай школы стала першай у рэспубліцы. Да таго ж хлопчыкі і дзяўчынкі займаюцца шахматамі, міні-футболам, валейболам, тэнісам. Традыцыйна на раённым узроўні наша каманда займае прызавыя месцы па розных відах спорту, сёлета сталі трэцімі ў спартакіядзе сярод навучэнцаў школ горада і раёна. У пачатку лета наш вучань увайшоў у склад абласной каманды па футболе, якая рыхтуецца да ўзелу ў рэспубліканскіх турнірах. Усім гэтым мы ганарымся і будзем зберагаць.
Своеасаблівым знакам якасці з’яўляецца і тое, што нашу школу наведваюць не толькі юныя жыхары вёскі Азершчына — вучацца тут і дзеці з Рэчыцы. З 247 навучэнцаў каля 30 прыязджаюць на вучобу з горада.
Перспектывы развіцця
— Якія напрацоўкі хацелася б укараніць?
— Я чалавек справы і доўга не чакаю: за круглым сталом прапаную калегам свае ідэі і агучваю планы па іх рэалізацыі. Адна з іх — адкрыццё аграрных класаў і прафарыентацыя на спецыяльнасці, якія запатрабаваны ў сельскай мясцовасці. Гэтыя напрацоўкі прайшлі апрабацыю ў Салтаноўскай школе, якую я ўзначальвала дагэтуль на працягу 11 гадоў і дзе ўвесь гэты час існавалі аграрныя класы. Абедзве школы знаходзяцца на тэрыторыі аднаго сельгаспрадпрыемства — КСУП “Дземяхоўскае”. Калі ў мінулым годзе запрацаваў аграрны клас і ў Азершчыне, яго навучэнцам профільныя прадметы выкладаліся на павышаным узроўні, а выпускнікі атрымалі права ўзяць мэтавыя накіраванні на вучобу ў профільных сельскагаспадарчых установах. Ёсць запыт на аграрны клас і ад сённяшніх дзесяцікласнікаў на наступны навучальны год. Акрамя таго, раз у два тыдні мы ладзім прафарыентацыйныя сустрэчы з прадстаўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, выязджаем на экскурсіі. У Салтаноўскай школе былі рэальныя вынікі: нашы выпускнікі вярталіся ў вёску жыць і працаваць. Так, у гаспадарцы ўжо ўладкаваліся на работу ветэрынарны ўрач і ветэрынар — выпускнікі школы.
— Як, на вашу думку, прывіць любоў да сельскага жыцця сучаснай моладзі?
— Ганаруся тым, што нарадзілася і жыву ў вёсцы, і таму хачу, каб нашы выпускнікі былі такімі ж улюбёнымі ў родныя мясціны, хацелі тут жыць, працаваць, ствараць сем’і і выхоўваць дзяцей. Для гэтага ёсць усе ўмовы. У нас выдатная прырода, шчырыя людзі, развітая сельская гаспадарка. І горад паблізу, усяго за 3 кіламетры ад Рэчыцы — можна змяніць абстаноўку, адпачыць і вярнуцца праз некалькі гадзін дадому. Таму нароўні з прафарыентацыяй патрыятычнае выхаванне таксама выходзіць на першы план у рабоце з моладдзю.
Аднак расказваць пра родны край мала. Чалавек любіць тое, што добра ведае, і тое, у што ўкладвае сілы, думкі і энергію. Я ўпэўнена, што праца на зямлі — аснова сапраўдных пачуццяў да малой радзімы. І не толькі ў Год добраўпарадкавання трэба закладваць новыя клумбы, саджаць дрэвы — гэта бесперапынны працэс. Таму ў нас заключаны дагавор з сельгаспрадпрыемствам — як падчас вучобы, так і на канікулах нашы дзеці дапамагаюць гаспадарцы ў праполцы клумбаў і пасадцы дрэў. Таксама была арганізавана работа працоўнага лагера дзённага знаходжання. Вучні 8—10 класаў займаліся добраўпарадкаваннем, працавалі на жывёлагадоўчым комлексе. Школьнікі атрымалі першы працоўны вопыт, а гэта значыць, зразумелі, як няпроста зарабляюцца грошы іх бацькамі. У нас сапраўдны конкурс сярод жадаючых адпачыць і папрацаваць у лагеры, а тыя, хто не ўвайшоў у спіс, імкнуцца ўладкавацца на работу ў гаспадарку ў іншы час.
Задзейнічаны нашы хлопчыкі і дзяўчынкі, пачынаючы з 5 класа, і на прышкольным участку. На летніх канікулах на працягу тыдня яны даглядаюць кветнікі, пасаджаную бульбу. З кожным годам мы пашыраем плошчу ўчастка, і гэта мае станоўчы эфект: дзеці вучацца працы на зямлі, а таксама адчуваюць сябе патрэбнымі, уносячы ўклад у патанненне харчавання ў школе.
— І яшчэ больш прывязваюцца да родных мясцін. Патрыятызм пачынаецца з любові да малой радзімы…
— Так. Важна любіць тое месца, дзе ты нарадзіўся. Канечне, усё пачынаецца з сям’і, але і школа адыгрывае тут значную ролю. Калі я працавала ў Салтаноўскай школе, у межах акцыі “Сад надзеі” мы заклалі новы сад, і сёння гэта грэе душу. Высакародную справу я вырашыла працягнуць і ў роднай Азершчыне. Так, у мінулым годзе мы высадзілі 53 яблыні ў гонар нашых выпускнікоў 2024 года, а гэтай вясной пасадзілі 11 дрэў — па колькасці выпускнікоў-2025. Сёлета сад папоўнілі 40 кустамі чорнай і чырвонай парэчкі, а таксама агрэсту.
Да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна са школай-суседкай вакол Кургана Славы ў нашай вёсцы мы пасадзілі 80 маладых бярозак у знак памяці пра кожны мірны год, які мінуў з таго вялікага дня. Па традыцыі дрэвы саджаюць выпускнікі школы — гэта сімвал сувязі пакаленняў.
Працягваючы тэму памяці, адзначу, што ў школе працуюць два музеі — музей народнай творчасці, які існаваў раней, і музей баявой і працоўнай славы, адкрыты ў гэтым годзе. У задумах — зрабіць музейны пакой, прысвечаны знакамітаму хору Лапаціных, які быў заснаваны 80 гадоў назад. Калектыў заслужаны, яго артысты былі сапраўднымі самародкамі. У нашай вёсцы з вялікай любоўю і асаблівым трапятаннем захоўваюць запісы, рэквізіт. Ёсць сведкі, якія могуць падрабязна расказаць пра заснавальніка і ўзельнікаў хору. І паколькі я мясцовая, то людзі просяць захоўваць памяць пра знакамітых землякоў менавіта ў школе. Так што возьмемся за работу і ў гэтым напрамку.
Лідарства праз чалавечнасць
— Надзея Уладзіміраўна, парайце, з чаго маладому дырэктару пачаць знаёмства з новым калектывам.
— Упершыню дырэктарам я стала па рэкамендацыі калектыву, у якім адпрацавала больш за 8 гадоў. Гэта была Варатынская сярэдняя школа Калінкавіцкага раёна, куды я трапіла па размеркаванні пасля заканчэння Мазырскага педагагічнага інстытута імя Н.К.Крупскай. Дырэктар пайшоў на заслужаны адпачынак, школа была далекавата ад цэнтра, і кадры вырашылі шукаць, як кажуць, на месцы. Нягледзячы на тое, што я была нашмат маладзейшай за астатніх калег, мне, 26-гадовай, прапанавалі ўзяць на сябе адказнасць за педагагічную сям’ю. Я справілася, таму што мела падтрымку і крэдыт даверу калектыву. І сёння лічу, что галоўны сакрэт паспяховага кіравання — гэта стварэнне атмасферы супрацоўніцтва і ўзаемавыручкі.
А пачынаючым кіраўнікам раю вывучыць асабовыя справы калег. Для мяне гэта магчымасць атрымаць уяўленне пра кожнага настаўніка напярэдадні знаёмства. Пасля можна запрасіць педагогаў да дыялогу за круглым сталом: нефармальная размова за кубкам гарбаты дазволіць зняць заціскі і магчымыя блокі ў зносінах. У першую чаргу мы ўсе людзі, а потым ужо калегі, настаўнікі, падначаленыя і кіраўнікі.
— Вы строгі кіраўнік?
— Я за справядлівасць і вернасць справе. Калі патрэбна, скажу пра памылкі і недахопы. Але мой прынцып работы ў калектыве — спачатку падтрымай, прапануй дапамогу, наладзь кантакт, а потым патрабуй. Для мяне важна, каб побач працавалі не проста прафесіяналы, а добрасумленныя, прыстойныя і адказныя людзі. Мне пашчасціла, што на кожным месцы работы давялося працаваць з такімі. Да таго ж важна быць шчодрым на пахвалу, бо менавіта кіраўнік выступае ініцыятарам заахвочванняў як педагогаў, так і вучняў. Своечасовая падзяка ці прэмія за рэальныя дасягненні — гэта тое, што стымулюе да новых перамог. Абавязкова да ўсіх значных свят мы ўшаноўваем настаўнікаў і нашых ветэранаў працы.
Вучняў таксама адзначаем: кожны тыдзень на лінейцы лепшым у вучобе, спорце, грамадскім жыцці ўручаюцца граматы і падзякі з рук дырэктара. А ў канцы кожнай чвэрці па добрай традыцыі запрашаем гэтых вучняў на салодкі стол. Кожнае дзіця хоча апынуцца ў кагорце лепшых, і гэта выдатна.
— Лідарамі нараджаюцца ці становяцца?
— Упэўнена, што любы педагог павінен быць лідарам, тым, хто запальвае цікавасць вучняў не толькі да прадмета, але і да сваёй асобы. Што тычыцца мяне, то з дзяцінства я ўмела сябраваць, аб’ядноўваць і весці за сабой. І ўжо з 1 класа ведала, што педагогіка — мая сцежка, як сёння кажуць, маё прызванне. А сёння, наогул, працую ў роднай вёсцы. Гэта маё месца сілы і натхнення.
Таццяна ЛАПАЦІНА
Фота з асабістага архіва Надзеі Сяржан





