Наколькі запатрабаваны выпускнікі Мазырскага каледжа геалогіі, і якія яго спецыяльнасці самыя топавыя

- 11:31Абитуриент, Образование, Приложение

За час існавання каледжа з яго сцен выйшла больш за 71 тысячу спецыялістаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Са старажытных часоў людзі задаваліся пытаннямі: чаму глебы розныя, чаму адзін камень занадта цвёрды, а другі крохкі, чаму ад адных камянёў пры ўдары з’яўляецца іскра, а ад іншых не? Яны збіралі і назапашвалі гэтыя веды, а пасля сістэматызавалі іх у цэлую навуку пад назвай геалогія.

Прафесія геолага лічыцца рамантычнай. Бо такімі спецыялістамі рухае азарт першаадкрывальніка і прадчуванне сустрэчы з абсалютнай невядомасцю. Канечне, вобраз барадатага мужчыны з гітарай — шмат у чым мастацкая выдумка, але таямніц у штодзённай працы геолага дастаткова. Ён праводзіць разведку і пошук залежаў карысных выкапняў. На аснове сабраных геолагам матэрыялаў праектуюцца і будуюцца фабрыкі і заводы па здабычы і перапрацоўцы карысных выкапняў.

Толькі геолаг ведае, дзе ў Беларусі можна знайсці нафту, дакапацца да золата і нават гранатаў. Існуюць і прыкметы таго, што ў нашай краіне могуць быць выяўлены радовішчы алмазаў, бо ёсць пароды вулканічнага паходжання. Але ўсё гэта выяўлена на вельмі вялікіх глыбінях, таму іх здабыча пакуль тэхналагічна нявыгадная.

Унікальныя і перспектыўныя

— Наша ўстанова заснавана ў 1966 годзе як Мазырскае тэхнічнае вучылішча № 84 геалогіі. У 2012-м яго аб’ядналі з Мазырскім прафесійна-тэхнічным вучылішчам № 228 хімікаў. Праз год нас перайменавалі ў ліцэй геалогіі, а летась мы сталі каледжам, які ажыццяўляе адукацыйныя праграмы на ўзроўні ПТА, — узгадаў гісторыю ўстановы дырэктар Сяргей Міхайлавіч Цяцерын, які ўзначальвае яе з 2008 года.

Сёння на бюджэце ў каледжы геалогіі вучыцца 380 навучэнцаў. Выпускнікі 9-х класаў атрымліва­юць рабочыя прафесіі: цырульніка і швачкі; кухара і афіцыянта; слесара па кантрольна-вымяральных прыборах і аўтаматыцы, электраманцёра па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання. Пасля заканчэння 11 класаў тут набываюць прафесіі кухара, лабаранта хімічнага аналізу, машыніста буравой устаноўкі і памочніка свідравальшчыка эксплуатацыйнага і разведачнага свідравання на нафту і газ.

— Спецыялістаў па геаразведцы за кошт сродкаў рэспуб­ліканскага бюджэту мы рых­туем у групе машыністаў буравой устаноўкі. Гэта тыя, хто будзе займацца разведкай вады і цвёрдых карысных выкапняў, свідруючы зямлю на 1 тысячу метраў. У другой групе — свідравальшчыкаў разведачнага і эксплуатацыйнага свідравання на нафту і газ — вучаць рабіць свідравіны на глыбіню да 6 тысяч метраў. Адна з галоўных пераваг рабочых прафесій у тым, што ты адразу ж пачынаеш ствараць сваю будучыню ўласнымі рукамі. Таму вельмі важна, з якім настроем абітурыент прыходзіць авалодваць прафесіяй, яго працаздольнасць і жаданне вучыцца, — паведаміў С.М.Цяцерын.

У каледжы вядзецца і навучанне на платнай аснове. За 3,3 месяца можна атрымаць прафесіі памочніка свідравальшчыка эксплуатацыйнага і разведачнага прасвідроўвання на нафту і газ, памочніка свідравальшчыка па капітальным рамонце свідравін, матарыста цэментавальнага агрэгата, машыніста буравых установак на нафту і газ (дызеліст) альбо каратажнай станцыі, машыніста крана аўтамабільнага і стропальшчыка.

— Каля 500—600 чалавек штогод праходзяць у нас пад­рыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі на камерцыйным аддзяленні. Мы адзіная грамадзянская арганізацыя, якая рыхтуе ўзрыўшчыкаў, загадчыкаў складоў выбуховых матэрыялаў, раздатчыкаў выбуховых матэрыялаў і кіраўнікоў выбуховых работ, — дадаў дырэктар каледжа.

Па яго словах, тут рыхтуюць кадры для “Беларуснафты”, НПЦ па геалогіі, Мазырскай нафтаразведачнай экспедыцыі глыбокага свідравання, Беларускай геолагаразведачнай экспедыцыі, а таксама арганізацый, якія займаюцца распрацоўкай свідравін для вады: “Гомельпрамбурвод”, “Магілёўпрамбурвод”, “Заслаўльпрамбурвод”, “Баранавічыпрамбурвод”, “Гроднапрамбурвод”, “Брэстпраект”, “Магілёўскі водаканал” і розных камерцыйных арганізацый. Да таго ж кожны будаўнічы трэст мае свае буравыя ўстаноўкі для разведкі грунтоў.

Кожны год каледж выпускае каля 200 чалавек. Прычым больш за 25% выпускнікоў атрымліва­юць дыпломы з адзнакай. Варта ска­заць, што большасць навучэнцаў геалагічнага профілю — прыезджыя. З Мазыра звычайна паступаюць лічаныя абітурыенты.

— Многія нашы выпускнікі працуюць галоўнымі інжынерамі і начальнікамі ўпраўленняў “Беларуснафты”. Бо яны не спыняюцца на дасягнутым, а ідуць вучыцца далей, напрыклад, на спецыяль­насць “Геалогія і разведка радо­вішчаў карысных выкапняў” гео­лага-геаграфічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны або на спецыяльнасць “Распрацоўка і эксплуатацыя нафтавых і газавых радовішчаў” машынабудаўнічага факультэта Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога. Спадзяёмся, што ў хуткім часе і мы распрацуем адукацыйную праграму для ССА па спе­цыяльнасці “Разведачна-эксплуатацыйнае свідраванне”, — праінфармаваў Сяргей Цяцерын.

Ён перакананы, што сёння важна, каб чалавек мог не толькі не­шта рабіць рукамі, але і ўвесь час развіваць свае разумовыя здольнасці, валодаць новымі тэхналогіямі і ўмець працаваць на сучасным абсталяванні.

— Нам хацелася б, каб да нас прыходзілі вучыцца абітурыенты, зацікаўленыя ў асваенні выбранай спецыяльнасці, добрасумленныя, старанныя, з веданнем фізікі і матэматыкі, бо гэтыя прадметы спатрэбяцца ім, калі яны ста­нуць брыгадзірамі. Многія нашы выпускнікі даволі хутка растуць па кар’ернай лесвіцы, — падкрэсліў дырэктар каледжа геалогіі.

Лепшая рэклама

…прафарыентацыйная і музейная работа са школьнікамі.

У Мазырскім дзяржаўным каледжы геалогіі рэгулярна право­дзяцца майстар-класы, дзе кожная група, расказваючы пра сваю спецыяльнасць, дэманструе прыёмы работы. Пра перавагі розных прафесій расказваюць і майстры вытворчага навучання.

Арганізуюць тут і дні адкрытых дзвярэй, на якія прыхо­дзяць не толькі выпускнікі школ, але і іх бацькі. На сайце ўстановы пастаянна размяшчаецца разнастай­ная карысная інфармацыя для выпускнікоў школ. Майстры вытворчага навучання, выкладчыкі каледжа выязджаюць у школы горада і раёна, наведваюць бацькоўскія сходы, дзе дэманструюць відэафільмы і прэзентацыі. Мэта такіх сустрэч адна — зацікавіць старшакласнікаў атрыманнем рабочых прафесій.

У сваю чаргу падчас экскурсіі па музеі мінералаў юныя наведвальнікі адкрываюць для сябе свет каменю, і ў іх узнікае цікавасць да геалогіі.

Алена Двайных

— Наш музей — візітная картка каледжа. Унікальны і рэдкі — такімі эпітэтамі хочацца ахарактарызаваць яго. Гэта сапраўдны цэнтр пошукава-даследчай дзейнасці, а таксама цэнтр фарміравання асобы навучэнцаў і інтэнсіўнага іх уключэння ў грамадскае жыццё. У экспазіцыі музея прадстаўлены матэрыялы, якія раскрываюць найважнейшыя этапы станаўлення і развіцця нетраў Зямлі, а таксама гістарычныя вехі каледжа, працоўныя подзвігі педагогаў. Гэта дапамагае пашыраць веды вучняў аб гістарычным мінулым і сучаснасці нашай краіны, — расказала захавальніца музейных скарбаў загадчыца бібліятэкі каледжа Алена Фёдараўна Двайных.

Галоўная каштоўнасць музея — калекцыя мінералаў, асноўная яе частка ў часы Савецкага Саюза была атрымана ўстановай у якасці вучэбнага дапаможніка. Тады яна складалася з узораў амаль усіх асноўных мінералаў і горных парод. Цяпер фонды музея папаўняюцца экспанатамі, прывезенымі выпускнікамі каледжа. У выставачнай зале размешчана каля 200 мінералаў, гэта адна дваццатая ўсіх музейных экспанатаў.

— Дамы, транспарт, сучасныя пакрыцці… — амаль усё, чым мы карыстаемся ў побыце, мае мінеральнае паходжанне. Усе сферы чалавечага жыцця маюць патрэбу ў мінеральнай сыравіне. Неверагоднай колькасці карысных выкапняў патрабуе эстэтыка ўрбанізму, — канстатуе Алена Фёдараўна. — Вучоныя, для якіх гэтыя маўклівыя спадарожнікі становяцца прадметам даследавання, ведаюць, як шмат неразгаданых таямніц схавана ў тоўшчах горных парод і глыбінях зямной кары.

Сняжана Еўтушэнка трымае ў руках зуб маманта

У гэтай выставачнай зале таксама ёсць і палеанталагічныя экспанаты — рэшткі біўня і зуба маманта. Прадстаўлены і мадэлі свідравальных установак па здабычы нафты, газу і вады.

А яшчэ ў час экскурсіі можна даведацца пра неверагодныя ўласцівасці камянёў. Напрыклад, стаўраліт прыносіць удачу і надае сіл свайму ўладальніку, не дазваляючы апускаць рукі ў цяжкую хвіліну, прыцягвае да яго поспех і добразычлівых людзей.

— Стаўраліт мае магічныя ўласцівасці, калі прыкласці рукі да яго, то можна пазбавіцца хваробы, — дадала Алена Фёдараўна. — Людзі ве­раць у магічную сілу мінералаў, і мы таксама. Чароўная прыга­жосць і таямнічая сіла камянёў нікога не пакідаюць абыякавым. Для адных мінералы — крыніца вылячэння, той жа нефрыт, які пазбаўляе камянёў у нырках, унутранай сілы (агат), для іншых — прадмет любавання і захаплення (горны крышталь), упрыгажэнне для жанчын і працоўны матэрыял для ювеліраў. Мне ж вельмі падабаецца клінахлор, бо ён падобны на крылы анёла.

Асноўная мэта музея мінералаў — павышэнне цікавасці вучняў да прафесій, звязаных з геалогіяй, стымуляванне да вывучэння праблем экалогіі і маральнай адказнасці за наступствы бяздумнага прымянення чалавекам навуковых дасягненняў.

— Амаль штотыдзень разам з нашым маладым спецыялістам Сняжанай Мікалаеўнай Еўтушэнка, якая прыйшла да нас пасля заканчэння Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, праводзім экскурсіі як для старшакласнікаў, так і для выхаванцаў дзіцячых садоў. Расказваем ім, што гео­лаг ледзь не самая галоўная прафесія, бо да ўсяго, што вакол, прыклаў руку гео­лаг. Нават да матуліных капронавых калготак і памады, бо яны зроблены з нафты. Увогуле, сотні вырабаў што­дзённага ўжытку робяць з нафты. Дзеткі пра гэта заўсёды слухаюць з вялікай цікавасцю. За год праз наш музей прахо­дзіць больш за паўтары тысячы юных наведвальнікаў, — паведаміла А.Ф.Двайных.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара