Напярэдадні Новага года дзіцячы сад № 2 Бараўлян адзначыў наваселле

- 9:00Главная, Образование

Напярэдадні Новага года дзіцячы сад № 2 Бараўлян адзначыў наваселле. Дашкольная ўстанова разлічана на 180 месцаў. Пра гэта карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Соф’я Філістовіч.

“Новая дашкольная ўстанова адукацыі адпавядае сучасным запытам, — падкрэсліла С.Філістовіч. — Тут створаны ўсе ўмовы для паўнавартаснага фізічнага і інтэ­лектуальнага развіцця дзяцей: утульныя і камфортныя групавыя памяшканні і спальні, музычная і фізкультурная залы, камп’ютарны клас, кабінеты настаўніка-дэфектолага і педагога-псіхолага, рэсурсныя цэнтры і творчая студыя, медыцынскі блок”.

Адметнасць новага дзіцячага сада вызначаецца новымі тэхналогіямі, якія ў яго былі закладзены падчас праектавання. Для таго каб стварыць бяспечныя ўмовы знаходжання выхаванцаў, на брамцы цэнтральнага ўвахода ва ўстанову ўсталявана дамафонная сістэма з магчымасцю дыстанцыйнага кіравання. Трапіць на тэрыторыю дзіцячага сада могуць толькі педагагічны калектыў і бацькі дзетак.

“Было вельмі прыемна атрымаць у падарунак напярэдадні Новага года новы будынак, — прызнаецца загадчыца дзіцячага сада № 2 Наталля Другаль. — Дашкольная ўстанова атрымалася сучаснай і добра абсталяванай, пачынаючы ад харчаблока, медыцынскага памяшкання і заканчваючы групавымі ячэйкамі. У нас ёсць дзве інтэр­актыўныя дошкі, а ў кожнай групе — тэлевізар. Сцены ў садку таксама незвычайныя, кожная з іх адпавядае пэўнай тэматыцы і мае адукацыйны падмурак. Увогуле, кожны куток зроблены з любоўю, з розумам. Наша дашкольная ўстанова з’явілася ў раёне, які знаходзіцца на этапе будаўніц­тва. Каб вызначыцца са спектрам дадатковых паслуг, якія бу­дуць даступны кожнаму, мы ў першую чаргу прыслухоўваліся да жадання бацькоў”.

Новая дашкольная ўстанова яшчэ на этапе праектавання ўяўляла сабой бяспечную тэрыторыю. Сёння тут абсталяваны прапускны пункт з устаноўленай трывожнай кнопкай, па агульным перыметры будынка ўстаноўлена сістэма відэаназірання, усюды ёсць пажарная сігналізацыя.

У садку створаны аптымальныя ўмовы для арганізацыі вучэбнай і гульнявой дзейнасці больш чым 180 дзяцей. На розных паверхах будынка размясціліся музычная і фізкультурная залы, медыцынскі блок, пункт карэкцыйнай дапамогі, кабінет настаўніка-дэфектолага, сенсорны пакой. Для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця прадугледжаны маўленчыя інфарматары, пандус, поручні, тактыльныя мнема­схемы, таблічкі са шрыфтам Брайля, тактыльная тратуарная плітка і інш.

У холах і кабінетах будынка абсталяваны SMART-цэнтр, цэнтр “STEAM-гульня”, а таксама спецыялізаваныя кабінеты выяўленчага мастацтва, пакой навучання дзяцей асновам бяспекі, зала для гульні ў шашкі і шахматы. Вельмі цікавым не толькі для дзяцей, але і для дарослых з’яўляецца цэнтр астраноміі, у якім, калі зойдзеш, можна надоўга затрымацца.

Не толькі памяшканні, але і кожны куток калідора ўяўляе сабой міні-інтэрактыўную пляцоўку, дзе дзеці могуць азнаё­міцца з навакольным светам.

“Бацькі дашкалят ацанілі і цэнтр беларуска-кітайскай культуры, — прызнаецца Наталля Другаль. — Тут малышы змогуць азнаёміцца з культурай дзвюх краін, а таксама вывучыць беларускую і кітайскую мовы. Падчас святочнага адкрыцця сада гос­ці зазірнулі ў цэнтр, дзе прахо­дзілі заняткі, і пачулі прывітанне ад дзетак па-кітайску”.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Акрамя лінгвістычнага кабінета, у дзіцячым садку № 2 пачаў працаваць цэнтр “Юны інфарматык”. Тут дзеткі, якім споўнілася 5 гадоў, будуць вучыцца ствараць інтэрактыўныя гульні.

Самым доўгачаканым момантам падчас адкрыцця дашкольнай установы стала пераразанне чырвонай стужкі. Разам з ганаровымі гасцямі гэты момант падзяліла мнагадзетная сям’я Вольгі і Аляксея Кондра. Іх малодшая дачка Вера будзе наведваць новы садок.

“Мы з калектывам зробім усё магчымае, каб нашым маленькім выхаванцам у новым будынку было ўтульна і камфортна”, — паабяцала Наталля Другаль.

Адкрыццё дзіцячага сада № 2 у Бараўлянах — гэта чарговы крок развіцця сацыяльнай інфраструктуры Міншчыны. У бягучым годзе ў Бараўлянах і іншых гарадах вобласці з’явяцца дашкольныя ўстановы, а ў Смалявічах і Фаніпалі адкрыюцца новыя школы.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА