Нас вітае Беларусь

- 12:43Краязнаўства

Чалавецтва змагаецца з каранавірусам, межы многіх краін, у тым ліку нашых суседзяў, закрыты, беларусам рэкамендавана ўстрымацца ад замежных паездак. Сітуацыя не самая прыемная, асабліва калі ўлічыць, што мы не толькі любім сустракаць гасцей, але і самі з радасцю падарожнічаем. Аднак сённяшнія падзеі — чым не нагода звярнуць увагу на турыстычныя магчымасці роднай Беларусі? Пра развіццё ўнутранага турызму пагутарым з гаспадарамі аграэкасядзіб, якія сумяшчаюць турыстычную дзейнасць з педагагічнай.

Лепшыя з лепшых

Аўтарытэтнае выданне National Geographic Traveler ужо двойчы прызнавала нашу краіну найлепшай у свеце для развіцця агра­экатурызму. У чытацкім галасаванні Беларусь абыходзіла нават Італію і ЗША. Вынік, па сутнасці, заканамерны. Айчынны аграэкатурызм з году ў год паказвае станоўчую дынаміку, на што ўплыва­юць некалькі фактараў: і падатковыя льготы, і прывабныя маляўнічыя мясціны, дзе размешчаны сядзібы, і даступныя цэны для наведвальнікаў, і разнастайная палітра паслуг. Калі ў 2006 годзе ў Беларусі дзейнічалі толькі 34 аграсядзібы, то па стане на 1 студзеня 2020 года іх колькасць дасягнула 2760. Сярод гаспадароў сядзіб шмат педагогаў. Як вядома, нашы настаўнікі — лю­дзі адказныя, творчыя, крэатыўныя, таму і настаўніцкія сядзібы вылучаюцца сваёй… душэўнасцю. Менавіта гэтае слова найбольш дакладна характарызуе ўсю тую прыга­жосць, ветлівасць і шчырасц­ь, з якімі настаўнікі сустракаюць сваіх гасцей. У такіх сядзібах вам не проста якасна акажуц­ь турыстычныя паслугі, а зробяць усё ад шчырага сэрца, душэўна.

В.І.Бабаед: “Мы з сям’ёй часта бываем у Мінску і заўсёды
стамляемся. Не ўяўляем, як жывуць людзі ў вялікім горадзе, як
там наогул можна адпачываць. Вось у нас — гэта сапраўдны адпачынак, сярод цішыні, пад спевы птушак. Госці часта гаво раць, што за ўсе дні, праведзеныя на сядзібе, ні разу не ўключылі любімую музыку. Раніцай чуюць такі гоман птушак, што ім няёмка і сорамна яшчэ нешта слухаць. Некаторыя турысты жарту юць: “Толькі не прызнавайцеся, што ў вас ёсць wi-fi, каб не псаваць нам адпачынак”.

На ўлонні прыроды

Настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Слабадскога ясляў-сада — сярэдняй школы Лепельскага раёна Вользе Іванаўне Бабаед жыхары вялікага горада могуць па-добраму пазайздросціць. Яе не турбуе штодзённая мітусня сярод бясконцага патоку аўтамабіляў і вялікага натоўпу людзей. Яна не марыць кожныя выхадныя вырвацца за горад, на ўлонне прыроды. Навошта, калі сярод маляўнічай беларускай прыроды яна нарадзілася, гадавалася, працуе настаўніцай, таксама займаецца агратурызмам?

“Я сама родам з вёскі, і муж мой таксама з вёскі. Усё жыццё жывём у вёсцы, хоць была магчы­масць з’ехаць у горад. Разглядалі варыянты Лепеля, Барысава і нават Мінска. Аднак вырашылі застацца на Лепельшчыне і ніколькі не шкадуем пра такі выбар. У 2015 годзе мы набылі зямельны надзел у Вялікім Поўсвіжы. Хацелі, праўда, у роднай Слабадзе, але ў нас няма вадаёма. А вадаём (возера або рэчка) — важкі плюс у агратурыстычнай дзейнасці. Паўтара года мы шукалі зямельны надзел, ніяк не маглі знайсці тое, што б лягло на душу. А калі нарэшце знайшлі, то зразумелі, што агратурызмам бу­дзем займацца ўсёй сям’ёй”, — падзялілася Вольга Іванаўна.

На беразе возера Поўсвіжскага.

Цікавая атрымліваецца сітуацыя. Фотаздымкаў аграсядзібы “Лазня ў Бабая” ў інтэрнэце не знойдзеш, ёсць толькі тэкставыя апісанні на некаторых сайтах, аднак колькасць наведвальнікаў ся­дзібы з году ў год толькі павялічваецца. “Аграсядзіба знаходзіцца за 2 кіламетры ад Лепеля на беразе возера Поўсвіжскага. Маляўнічае месца, свежае чыстае паветра не пакінуць абыякавымі ні аднаго наведвальніка. Прыхільнікі аграэкатурызму ацэняць прыгажосць прыроды, а пры заказе экскурсій змогуць акунуцца ў гісторыю і самабыт­насць мясцовага краю”, — гаворыцца на адным з сайтаў. За словамі “маляўнічае месца, свежае чыстае паветра” хаваюцца краявіды неверагоднай прыгажосці. У нізіне — возера даўжынёй каля паўтара кіламетра і шырынёй каля 500 метраў, а на двух узгорках над возерам — вёскі Малы і Вялікі Поўсвіж. Хіба можна назваць агратурыстычную дзейнасць сярод такой прыгажосці работай? Гэта ж адпачынак!

Пра выдаткі і прыбытак

Хутка споўніцца 5 гадоў, як сям’я Бабаед набыла зямельны надзел у Вялікім Поўсвіжы, і тры гады, як пачала прымаць турыстаў. І ўвесь гэты час працягваецца будаўніцтва аб’ектаў. Не ўсё атрымліваецца так лёгка, як планавалася. Аднак і Вольга Іванаўна, і яе муж Дзмітрый Леанідавіч, і дзеці ніколі не думалі спыняць агратурыстычную дзейнасць. Наадварот, кожны год з’яўляецца шмат планаў для далейшага развіцця. Па словах настаўніцы, у любой справе ёсць цяжкасці, а каб іх пераадоль­ваць, трэба працаваць. “Што тычыцца юрыдычнага аспекта, то ў нашай краіне аграэкатурызмам лёгка займацца. Наш запыт пра адкрыццё аграсядзібы ўлады разгледзелі літаральна за дзень. Было б толькі жаданне працаваць і ставіць камфорт турыста на першае месца”.

“Лазня ў Бабая”.

Калі нехта думае, што аграэкатурызм — гэта выключна прыбыткі, ён памыляецца. “Пакуль асаблівага фінансавага дабрабыту ад гэтай справы ў нас няма, мы яшчэ развіваемся. Калі б мы нешта пабудавалі і спыніліся, тады б можна было выходзіць у плюс. А пакуль што сродкі, якія мы атрымліваем, ідуць на падтрымку таго, што ёсць, ці на пабудову нечага новага, — дзеліцца Вольга Іванаўна. — Нам бы хацелася ўзвесці яшчэ адзін гасцявы домік і пашырыць дзіцячую пляцоўку, зрабіць канатны гарадок, паставіць турнікі для заняткаў спортам, нават абсталяваць тэнісную пляцоўку. Зрабіць нашу сядзібу не проста месцам адпачынку, а месцам актыўнага адпачынку для людзей рознага ўзросту. А ўсё гэта патрабуе фінансавых укладанняў”.

Педагогіка і аграэкатурызм

Праца гаспадара аграсядзібы нялёгкая, але яе, па словах Вольгі Іванаўны, дастаткова лёгка сумяшчаць з настаўніцкай дзейнасцю. Аграсядзібы — цудоўнае месца для таго, каб далучаць дзяцей не толькі да прыроднай прыгажосці, але і да прыгажосці роднага слова, фарміраваць у вучняў шырокі кругагляд. І, канечне, працавітасць.

“Хоць вучні і жывуць у вёсцы, аднак не ўсе ведаюць, што такое каса, а тым больш як ёй карыстацца. З маім класам мы часта прыязджаем у Вялікі Поўсвіж. Тут, на ся­дзібе, у школьнікаў ёсць магчымасць і касу патрымаць, і пагля­дзець, як правільна касіць. На базе сядзібы можна нават праводзіць інтэграваныя ўрокі, напрыклад, па біялогіі і беларускай літаратуры. А яшчэ вывучаць гісторыю, геаграфію. Наша возера, напрыклад, утварылася пасля сыходу ледніка. Ваколіцы Вялікага Поўсвіжа багатыя на падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Калі ў верасні выйду з дэкрэтнага водпуску, то планую заняцца з вучнямі вывучэннем гісторыі гэтага куточка, скласці слоўнік мясцовых назваў, запісаць легенды, звязаныя з гэтымі назвамі, распрацаваць эка-, этна- ці гістарычны маршрут”, — падзялілася планамі настаўніца.

Л.М.Байценка: “Людзі павінны не проста адпачываць, а атрымліваць асалоду ад прыгажосці”.

Мысліць практычна

“Жыццё складваецца так, што нейкая падзея, у тым ліку адмоўная, нясе людзям пэўны станоўчы вопыт. Падзеі сённяшняга дня з’яўляюцца для нас магчымасцю яшчэ раз звярнуцца да нашых традыцый, каранёў, гісторыі сваёй зямлі, — разважае Вольга Іванаўна. — У ХХІ стагоддзі, канечне, складана пражыць ізалявана, але мы можам быць шчаслівымі на Беларусі. Для гэтага ёсць усе магчымасці. Трэба проста працаваць і ўмець карыстацца вынікамі сваёй працы. У нашу эпоху практычна трэба мысліць усім, у тым ліку настаўнікам. Мая другая вышэйшая адукацыя — эканамічная. І я пераканалася, што ўсюды ёсць маркетынг. Калі чалавек умее працаваць і прадстаўляць вынік сваёй працы, ён будзе заможным і шчаслівым, у яго будзе дастаткова сродкаў, каб задавальняць свае патрэбы”.

Умець працаваць, умець адпачываць

Хто ён, сярэднестатыстычны турыст, які наведвае беларускія аграэкасядзібы, у нашым выпадку “Лазню ў Бабая”. Па словах Вольгі Іванаўны, гэта пераважна турыст малады, узростам каля 30 гадоў, рознабакова развіты. Да Бабаедаў прыяз­джаюць і інжынеры з гітарамі, і студэнцкая моладзь, якая глядзіць на сваё жыццё з аптымізмам, не праз ружовыя акуляры, а менавіта з аптымізмам, здаровым аптымізмам. “У нас былі турысты, якія ніколі не трымалі вуду ў руках. Яны прыяз­джалі і з першага дня прасілі навучыць лавіць рыбу. Мне падабаецца, што яны гатовы вучыцца, калі нечага не ўмеюць. Просяць паказаць, як трэба падкормліваць рыбу, як яе лавіць і гатаваць, як касіць траву, як дровы секчы, як паліць у печы, што ў ёй можна згата­ваць і г.д. Гэта пазітыўныя, аптымістычныя людзі, якія ўмеюць адпачываць. Той, хто ўмее цывілізавана адпачываць, умее і працаваць”, — адзначыла Вольга Іванаўна.

У “Кветкавым раі”.

Творчасць і актыўнасць

Людміла Мікалаеўна Байценка, гаспадыня аграсядзібы “Кветкавы рай”, не ўяўляе свайго жыцця без працы, як фізічнай, так і творчай. Калі ў 1988 годзе яна, з’яўляючыся студэнткай завочнага аддзялення філфака Брэсцкага педінстытута, прыйшла на работу ў Пескаўкую сярэднюю школу Кобрынскага раёна, то дырэктар Іван Іванавіч Калядзіч адразу прапанаваў ёй пасаду намесніка па выхаваўчай рабоце. Ён заўважыў і ацаніў няўрымслівасць, апантанасць Людмілы Мікалаеўны, яе неабыякавасць да любой справы. “Працаваць на гэтай пасадзе мне вельмі падабалася, бо і адказна, і шмат творчасці, ініцыятывы трэба праяўляць”, — падзялілася Людміла Мікалаеўна.

Доўгі час школа з’яўлялася апорнай у вобласці па выхаваўчай рабоце, была прыкладам для іншых устаноў адукацыі. У многім гэта заслуга Людмілы Мікалаеўны. Пад яе кіраўніцтвам быў створаны гісторыка-этнаграфічны музей “Куфэрак гісторыі”, рэгулярна ла­дзіліся разнастайныя выставы, былі створаны даследчыя работы па гісторыі вёскі, аграфірмы “Беларусь”, збіраўся матэрыял пра знакамітых землякоў, герояў Брэсцкай крэпасці, франтавікоў, партызанаў, герояў мірнай працы — ураджэнцаў Кобрынскага раёна. Многія традыцыі, закладзеныя Людмілай Мікалаеўнай, працягваюць яе калегі.

Час, як вядома, бяжыць няўмольна. Набліжаўся пенсійны ў­зрост. “Творчая бяздзейнасць — гэта не для мяне, — дзеліцца наша гераіня. — Мой сын прааналізаваў, чым займаюцца людзі ў сталым узросце, і, ведаючы мае зацікаўленасці, прапанаваў засяродзіцца на аграэкатурызме. У 2009 годзе мы ўрачыста адкрылі сядзібу. Добра памятаю, як пераразалі стужку, хваляваліся. Пачыналі вельмі сціпла, нясмела, нерашуча. Гэта цяпер аграсядзіб многа, а на той час гэта быў новы для нашага раёна занятак, не да канца для нас з мужам зразумелы. Па кансультацыю звярнуліся да гаспадароў суседняй аграсядзібы “На Зарэчнай вуліцы” Алы і Сяргея Палікарпук. Яны і цяпер з’яўляюцца нашымі куратарамі, бо разам з іншымі сядзібамі мы ўваходзім у склад агратурыстычнага кластара “Муховэцька кумора”. Дзякуючы ім, мы пачалі праца­ваць больш упэўнена, рэканструявац­ь свой зямельны ўчастак. Вакол дома пачалі стварац­ь зялёныя куточкі. Зрабілі невялікі штучны вадаём, на ім нават мясцовая фаўна прыжылася, значыць, ёй тут падабаецца, — падзялілася Людміла Мікалаеўна і з усмешкай узгадала: — Спачатку мой муж Уладзімір Мікалаевіч усё ніяк не мог змірыцца з тым, што да нас у двор будуць пастаянна ха­дзіць чужыя людзі. А я хацела займацца агратурызмам, мяне натхняюць новыя знаёмствы, размовы, гутаркі. Дарэчы, пасля наведвальнікаў я і пакоі часта сама прыбіраю, і лазню. Гасцей жа трэба сустракаць чысцінёй і прыгажосцю”.

Кветкавы рай

Ідэі, думкі, планы — усё пры­хо­дзіла паступова. Пачалі прыязджац­ь замежныя турысты, іх хацелася сустрэць адметна, з нацыянальнымі стравамі. Пачалі самі рабіць тварог, частаваць гасцей дамашнім малаком. Колькасць наведвальнікаў павялічвалася, — трэба было пашырацца. Так узнікла ідэя ўзвядзення банкетнай залы. Хоць для гаспадароў аграсядзіб дзяржава і дае льготныя крэдыты, аднак Людміла Мікалаеўна намагалася рабіць усё сваімі сродкамі.

У 2015 годзе ў “Кветкавым раі” адбылася значная падзея — быў створаны зімовы сад. Сёння ў памяшканні плошчай 50 кв.м. налічваецца каля 90 раслін. Наогул, на тэрыторыі сядзібы з ранняй вясны да позняй восені буяе багатая палітра фарбаў. Сапраўдны кветкавы рай, створаны руплівымі рукамі Людмілы Мікалаеўны, якраз і дорыць наведвальнікам гэтую прыгажосць. Яшчэ сядзібу можна назвац­ь прытулкам для кветак, паколькі многае з гэтай прыгажосці прынята ў якасці падарунка. “Падыходзіш да кветак і ведаеш, якая гісторыя ў гэтай ружы, а вось гэтая трапіла зусім выпадкова, а гэтую кветку падарыла сястра і г.д.”, — адзначыла Людміла Мікалаеўна.

На тэрыторыі “Хаты ў Стаха”.

Свята для ўсіх

Яшчэ адна асаблівасць дзейнасці гаспадароў “Кветкавага раю” — гэта дабрачыннасць. Доўгі час пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Пескаўскай сярэдняй школы Людміла Мікалаеўна сумяшчала з работай сацыяльнага педагога. “Сёння дабрачыннасць — моднае слова, аднак для мяне гэта было заўсёды справай душы. Калі працавала сацыяльным педагогам, то часта наведвала сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, бачыла, у якіх умовах там пражываюць дарослыя і дзеці. Мне вельмі хацелася, каб гэтыя людзі бачылі вакол сябе прыгажосць”, — падзялілася гаспадыня.

Для навучэнцаў з малазабяспечаных сем’яў Пескаўскай і суседняй Хідрынскай сярэдніх школ Людміла Мікалаеўна рэгулярна ладзіць розныя святы. Жанчына лічыц­ь, што аграсядзібы створаны для таго, каб прымаць людзей, незалежна ні ад узросту, ні ад сацыяльнага становішча. Лёс аб’ядноўвае ў “Кветкавым раі” самых розных лю­дзей. Тут можна пабачыць і дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, і лю­дзей з абмежаванымі магчымасцямі, і спартсменаў, і нават байкераў, якія накіроўваюцца на традыцыйны злёт у нашу сталіцу па М1. (“Кветкавы рай”, дарэчы, якраз і знаходзіцца на ўзбочыне трасы.) Хаця правільней сказаць, гэта не лёс аб’ядноўвае, а Людміла Мікалаеўна аб’ядноўвае і збірае разам людзей, бо не сакрэт, што паспяховасць дзейнасці любой аграся­дзібы залежыць не толькі ад яе месцазнаходжання, але і ад узроўню ветлівасці, душэўнасці гаспадароў.

С.Б.Януш: “Аграэкатурызм для мяне як настаўніка — гэта ў большай ступені хобі. Фінансавы прыбытак, канечне, важны, але ён стаіць не на першым месцы. Куды больш важнымі з’яўляюцца звычайныя чалавечыя зносіны, магчымасць пагутарыць з новымі людзьмі, падзяліцца з імі часцінкай сваёй любові да малой радзімы”.

Падчас аднаго з мерапрыем­стваў з удзелам школьнікаў у Людмілы Мікалаеўны з’явілася ідэя праводзіць сустрэчы і для адораных вучняў, арганізаваць у “Кветкавым раі” турнір па інтэлектуальных гульнях. Былі запрошаны навучэнцы Пескаўскай, Хідрынскай сярэдніх школ, а таксама сярэдняй школы № 7 Кобрына. Было праведзена некалькі турніраў з прызамі, падарункамі. За мінулы год сям’я Байценка прыняла больш за тысячу турыстаў, нярэдкімі былі месяцы, калі ў сядзібу наведвалася да 150 чалавек. І кожнага трэба гасцінна су­стрэць, кожнаму падарыць шчырую ўсмешку. Хаця чаму “трэба”? Трэба — значыць штучна, нацягнута, а ў “Кветкавым раі” ўсё ад шчырага сэрца.

Спартыўны адпачынак

У адрозненне ад сваіх калег з Лепельшчыны і Кобрыншчыны, настаўнік фізічнай культуры і здароўя дапаможнай школы № 1 Гродна Станіслаў Браніслававіч Януш, гаспадар сядзібы “Хата ў Стаха”, якая знаходзіцца ў Гродзенскім раёне, робіць акцэнт на спартыўным адпачынку сваіх наведвальнікаў. Канечне, спектр турыстычных паслуг шырокі, аднак асноўная ўвага ўдзя­ляецца адпачынку са спартыўным характарам.

Падчас шлюзавання на Аўгустоўскім канале.

Настаўнік і сам часта адпраўляецца ў паходы ў якасці інструктара. Ваколіцы Сапоцкіна, дзе знаходзіцца сядзіба, абсталяваная Станіславам Браніслававічам разам з сям’ёй на месцы бацькоў­скага дома, — выдатнае месца для велапаходаў, сплаваў на байдарках. Уздоўж Аўгустоўскага канала размешчана шмат адметных мясцін розных эпох, якія можна наведаць падчас водных і велапаходаў. Водны маршрут, які прапаноўвае Станіслаў Браніслававіч, пады­дзе для турыстаў любога ў­зроўню падрыхтоўкі, асабліва для сем’яў з дзецьмі. Пачынаецца ён з рэчкі Асташанкі, потым працягваецца па спакойным і велічным Нёмане, заключная част­ка маршруту пралягае па Аўгустоўскім канале. У якасці ўзнагароды за пера­адолены шлях гасцей чакае незабыўнае праходжанне 4-камернага шлюза каля вёскі Нямнова. “Лёгкая фізічная нагрузка на свежым паветры гарантуе вам здаровы апетыт за вячэрай і моц­ны сон да самай раніцы”, — гаворыцца ў запрашальным буклеце сядзібы.

На тэрыторыі Гродзенскага раёна знаходзіцца шмат аграсядзіб, аднак многія з іх, асабліва ў ваколіцах Аўгустоўскага канала, працуюць толькі з красавіка па кастрычнік. Гэта той час, калі на Аўгустоўскім канале адкрытая вада і можна праводзіць водныя паходы. Так што пры планаванні адпачынку ў тым ці іншым куточку нашай краіны варта ўлічваць розныя аспекты.

Душэўна і якасна

Беларусы любяць падарожнічаць, пазна­ваць цікавае, невядомае. Дзеля якаснага адпачынку, і, канечне, дзеля фота­здымкаў і лайкаў у сацыяльных сетках, мы гатовы пераадолець тысячы кіламетраў. Хаця няўжо, каб адпачыць ад што­дзённай мітусні, набрацца душэўных і фізічных сіл, патрэбны стамляльныя авіяпералёты, шматгадзінныя паездкі на аўтамабілях, аўтобусах і цягніках? Паглядзець на свет, пабываць у іншых краінах — гэта цудоўна. Безумоўна. Аднак якасна і, галоўнае, душэўна можна адпачыць і ў роднай Беларусі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота з архіва герояў матэрыялу.