Наш горад — ОК

- 9:39Выхаванне, Выхаваўчая работа

Лета — найлепшы час для зносін з прыродай і равеснікамі, сустрэч з невядомым, незабыўных уражанняў… Для гэтага зусім неабавязкова ехаць кудысьці далёка. Вясёлы, цікавы і карысны адпачынак можа чакаць і ў школьным аздараўленчым летніку.

Сёлета педагогі сярэдняй школы № 16 Баранавіч прапанавалі вучням і дашкольнікам правесці першы летні месяц у лагеры з дзённым знаходжаннем “Наш гарад’ок”, змена якога прысвечана роднаму гораду і Году гістарычнай памяці.

— Мы вельмі ганарымся малой радзімай і любім яе, — гаворыць старшы выхавальнік лагера Наталля Васільеўна Шувалава. — У горада слаўная гісторыя і адметныя традыцыі, шмат памятных мясцін. Але галоўнае яго багацце — людзі. Вывучэнне гісторыі Баранавіч, актыўны ўдзел у жыцці горада, знаёмства з вядомымі землякамі не толькі пашыраюць кругагляд дзяцей, але і фарміруюць важныя асобасныя якасці, развіваюць творчыя здольнасці, дапамагаюць самарэалізавацца, на­быць карысныя навыкі і каштоўны жыццёвы вопыт. 

У летніку адпачываюць 80 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 6 да 10 гадоў. Яны размеркаваны па атрадах “Мікрараён Паўднёвы”, “Вуліца Азёрная”, “Завулак Веласіпедны”, “Сквер Чыгуначнікаў” і “Магазін “Сласцёна”. Педагогі падрыхтавалі для выхаванцаў змястоўную і насычаную праграму, якая знаёміць іх з сацыяльна-эканамічнымі дасягненнямі краіны і скіроўвае да вывучэння роднага краю падчас пазнавальных гутарак, гульняў, віктарын, экскурсій на фабрыкі, заводы, у паркі…

Выконваючы пэўныя заданні і зарабляючы за гэта “цаглінкі”, атрадаўцы будуюць у родным горадзе свой любімы і прыгожы “гарад’ок”. Без справы не сядзіць ніхто!

Лагерная змена складаецца з тэматычных дзён: знаёмстваў, падарожжаў, сяброў, водных, вогненных і нават часавых выпрабаванняў, прыгажосці і здароўя, таленавітых лю­дзей… Кожная раніца пачынаецца з лінейкі, дзе абвяшчаюцца планы на бягучы дзень, і зарадкі на свежым паветры, якая зараджае энергіяй і дзяцей, і дарослых. Штодзень праводзяцца хвілінкі здароўя і інфармацыйныя хвілінкі. Завяршаецца дзень таксама лінейкай, дзе падводзяцца вынікі.   

На працягу змены выхаванцы актыўна ўдзельнічаюць у аздараўленчых, інтэлектуальных і культурных мерапрыемствах. Так, з мэтай прапаганды здаровага ладу жыцця падрыхтаваны конкурс на лепшага спарт­смена лагера, спартыўна-гульнявыя праграмы “Цягнік прыгод”, “Пагуляем, пасвавольнічаем”, “Інтэлектуальная спартландыя” і “Дружба, правераная часам”, эстафеты “У прыгожым целе — здаровы дух” і “Калі мы адзіныя, мы непераможныя”, гульня-падарожжа ў краіну здароўя, малыя алімпійскія гульні і інш. 

Дзецям прапанаваны захапляльныя інтэрактыўныя экскурсіі “Нашы Баранавічы” і “Горад-пабрацім — Баранавічы”, падарожная гульня-віктарына па памятных мясцінах горада, знаёмства з рознымі помнікамі, экскурсіі на швейную і абутковую фабрыкі, друкарню, хлеба- і авіязавод, чыгуначны музей, вайсковую часць, адпачынак на беразе мясцовага вадасховішча і Свяцілаўскага возера, у парку “Натхнёныя Перамогай”… 

Не застаюцца выхаванцы і без творчых конкурсаў: атрадных куткоў, малюнкаў “Дзеці за мір на планеце”, “Мой горад — Баранавічы”, “Сяброўскі марш”, “Беларусь мая сінявокая” і “Прырода і я — лепшыя сябры”, фотаздымкаў “Мая вялікая Ра­дзіма”, “Мы разам”, “Фотапаляванне”, “Мая фантазія”… 

— У лагеры нашы выхаванцы атрымліваюць не толькі мноства яркіх і запамінальных уражанняў, але і даведваюцца шмат новага і карыснага, вучацца працаваць у камандзе, знаходзяць сяброў… Ніхто не застаецца незаўважаным. У канцы змены кожны атрымае ўзнагароду за ўдзел у мерапрыемствах. Педагогі робяць усё магчымае, каб “Наш гарад’ок” быў па-сапраўднаму адзіным і дружным, багатым на падзеі, якія абавязкова знойдуць адлюстраванне ў сачыненнях на тэму “Як я правёў школьныя канікулы”, — падагульняе Н.В.Шувалава.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.