Настаўнік фізікі сярэдняй школы № 14 Оршы Вадзім Пабойнеў ператварае свае ўрокі ў захапляльныя эксперыменты. Педагог плануе трэці раз прыняць удзел у рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” і прадставіць на суд экспертаў свае цікавыя знаходкі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З пачуццём “вау!”
— Папярэдні ўдзел у конкурсе надаў мне большай упэўненасці ў сабе і яскрава засведчыў: няма нічога недасягальнага. Гэта была своеасаблівая школа вынослівасці і загартоўкі характару. Зразумела, калі ты прайграеш, знойдзеш тысячу прычын і тлумачэнняў гэтага: не так на цябе паглядзелі, не так зразумелі, не тыя балы налічылі і г.д. А потым, усё асэнсаваўшы і ўзважыўшы, разумееш, чаму атрымаўся пэўны вынік. І гэта ўмацоўвае дух, загартоўвае, дае сілы і натхненне. Зараз на старце новага конкурсу з’явіліся цікавыя ідэі, якія можна было б прадэманстраваць. І я падумаў: а чаму б не паспрабаваць яшчэ раз? — адзначае Вадзім Алегавіч.
У педагогіку Вадзіма Пабойнева прывяла дапытлівасць. Спачатку ўласная — а чаму менавіта так адбываецца? — да фізікі, да прыроды з’яў, да законаў, якія кіруюць светам. Яшчэ ў 5 класе хлопец разабраў лямпачку, няправільна злучыў правады, чым выклікаў кароткае замыканне. За што, дарэчы, атрымаў наганяй ад бацькоў.
Цікавасць да прадмета падагрэў у Кубліцкай сярэдняй школе Ушацкага раёна настаўнік фізікі Уладзімір Юр’евіч Краўчанка, які прынёс свайму выхаванцу старую патрапаную кнігу, дзе апісваліся займальныя доследы.
Асабліва ўразіў Вадзіма эксперымент з газетнай паперай, якую неабходна было нацерці і прыкласці да печкі, а потым выключыць святло і дакрануцца да гэтай паперы нажніцамі. Відовішча неверагоднае — паміж паперай і нажніцамі прабягала іскра. І вось гэтае пачуццё “вау” — аказваецца, фізіка спрацоўвае, і гэта так цікава! — і прывяло хлопца ў прафесію.
Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава малады настаўнік накіроўваецца ў школу і ўжо 16 гадоў раскрывае вучням таямніцы фізікі.
— У школе я працую больш, чым існуе ТikTok, але менш, чым табліца Мендзялеева, — жартуе педагог. — І застаўся ў прафесіі не толькі таму, што ўмею тлумачыць законы Ньютана ці рашаць задачы, а таму, што бачу, як у вучняў загараюцца вочы, калі яны разумеюць тэму. Памятаю першы свой урок, калі пасля дэманстрацыі доследу адзін вучань спытаў: “Гэта што, рэальнасць можа быць ілюзіяй?” У гэты момант я зразумеў, што фізіка — гэта не формулы ў падручніку, гэта шлях да здзіўлення, да мыслення. А такія эфектныя, яскравыя доследы — фундамент матывацыі.
Работа з дзецьмі патрабуе вялізнага цярпення, любові і самааддачы. Гэта нават не работа ў класічным разуменні. Гэта лад жыцця, пры якім мы становімся маладымі і поглядамі, і душой: пастаянна трымаем сябе ў тонусе, каб не адстаць ад часу.
Сваю задачу педагог бачыць у фарміраванні дапытлівага, думаючага маладога чалавека. Для Вадзіма Пабойнева важна не колькасць выдатнікаў, а колькасць дзяцей, якія перастаюць баяцца прадмета і задаюць на ўроку і пасля яго пытанні.
— У 7 класе навучэнцы пачынаюць вывучаць фізіку і праяўляюць да яе непадробленую цікавасць, аднак гэтая цікавасць лянівая, — гаворыць Вадзім Алегавіч. — Вучні ўспрымаюць фізіку як відовішча, а для большага паглыблення ім па-ранейшаму патрэбен праваднік — захоплены настаўнік, які дапаможа перайсці ад прагляду ролікаў на YouTube і ў TikTok да рэальных эксперыментаў і адкрыццяў.
Фізіка — гэта навука аб прыродзе, а прыроду трэба вывучаць праз дзеянне, упэўнены педагог. Калі навучэнцы бачаць, як працуюць законы фізікі ў рэальнасці, яны запамінаюць матэрыял значна лепш, чым калі б проста завучвалі параграфы.
Для захаплення школьнікаў прадметам Вадзім Алегавіч уключае ў навучанне невялікія эксперыменты, простыя па выкананні, якія не патрабуюць фізічных прыбораў і спецыяльнага абсталявання, з таго матэрыялу, што заўсёды пад рукой і акружае нас у штодзённым жыцці: пустыя бутэлькі, накрыўкі, ніткі, зубачысткі, зерне, абгорткі ад цукерак, вяроўкі, паветраныя шарыкі, скотч і інш. Асаблівасць іх прымянення заключаецца ў тым, што навучэнцам даецца магчымасць сваімі рукамі правесці эксперымент, унікнуць у тую ці іншую тэму, разабрацца.
Каб прыцягнуць клас у актыўную пазнавальную дзейнасць, настаўнік арганізуе групавую альбо парную работу, бо часта вучні адно аднаму на сваёй мове могуць патлумачыць матэрыял лепш за настаўніка. У іх выпрацоўваюцца навыкі работы ў камандзе, камунікацыі, адказнасці за атрыманы вынік. Эксперыментальныя заданні, якія прапануе педагог, могуць быць аднолькавымі для ўсіх альбо рознымі. Звычайна заданні падбіраюцца ў залежнасці ад класа і ўзроўню развіцця ў вучняў эксперыментальных уменняў.
Так, пры вывучэнні тэмы “Трэнне. Сіла трэння” ў 7 класе В.Пабойнеў дэманструе праблемны эксперымент па захрасанні драўлянай зубачысткі ў бутэльцы з рысам. Педагог знаёміць вучняў з трэннем, прычынамі яго ўзнікнення. На этапе замацавання прапаноўвае навучэнцам выканаць франтальнае эксперыментальнае заданне: назіранне вертыкальнага руху непразрыстага шарыка на нітцы. Абсталяванне атрымлівае кожная пара навучэнцаў, тым самым усе маюць магчымасць рабіць эксперыментальнае заданне. Назіраючы за фізічнай з’явай, дзеці заўважаюць, што пры нацягванні ніткі шар спыняецца. У выніку эўрыстычнай гутаркі навучэнцы прыходзяць да высновы, што сіла трэння спыніла шарык.

— Я даю магчымасць старшакласнікам выказаць абсалютна любую версію незалежна ад таго, правільная яна альбо не. І часта атрымліваецца, што яны выдаюць такія варыянты адказаў, што, здаецца, я б сам да гэтага і не дадумаўся. Потым гэтыя гіпотэзы актыўна выкарыстоўваюцца ў даследчай дзейнасці, — заўважае настаўнік.
Практыкуе Вадзім Пабойнеў і дамашні эксперымент, калі той ці іншы дослед (напрыклад, як змясціць варанае яйка ў бутэльку) навучэнец разам з бацькамі выконвае дома і здымае відэаролік. Адразу зацікаўліваецца большасць класа, а да канца года ўсе старшакласнікі прадстаўляюць свае відэаролікі.
Выкарыстанне нестандартнага абсталявання пры выкананні эксперыментаў адыгрывае важную ролю ў адукацыйным працэсе: падахвочвае вучняў да крэатыўнага падыходу ў вырашэнні задач, развівае іх творчае мысленне і здольнасці знаходзіць нестандартныя рашэнні. Абсталяванне, якое выкарыстоўвае настаўнік, часта звязана з іншымі навукамі, такімі як хімія, біялогія, што садзейнічае інтэграцыі ведаў і фарміраванню ў школьнікаў цэласнага ўяўлення аб навуцы. Практыка паказвае, што менавіта такія эксперыменты, якія вучню можна правесці самому, выклікаюць у яго найбольшую цікавасць і спрыяюць развіццю эксперыментальных уменняў. Акрамя таго, гэтыя эксперыменты дазваляюць больш эфектыўна працаваць са школьнікамі, якія маюць праблемы ў навучанні.
— Галоўнае для мяне — не прайсці як мага больш тэм, а каб вучэбны матэрыял быў добра засвоены дзіцем. Звычайна ў памяці застаецца тое, што звязана з жыццём, з практычнай дзейнасцю. Разам з вучнямі мы запускалі ў паветра ракету, майстравалі цацачныя аўтамабілі і вывучалі механіку, ставілі эксперыменты, звязаныя з атмасфернымі з’явамі. І прыходзячы на вечары сустрэчы, мае выпускнікі прыгадваюць менавіта такія яскравыя моманты, — тлумачыць Вадзім Алегавіч.
Работа педагога дае свой плён. Амаль 80% выхаванцаў В.Пабойнева выбіраюць спецыяльнасці, на якія пры паступленні неабходна здаваць фізіку. Навучэнцы паспяхова пішуць і абараняюць даследчыя работы. Так, Аляксандр Мяльто прадставіў рэкуператар паветра — энергазберагальнае вентыляцыйнае прыстасаванне, у якім халоднае паветра падаграваецца за кошт цяпла адпрацаванага пакаёвага паветра. Юнак адзначаны дыпломам ІІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе даследчых работ.
Новы навучальны год Вадзім Алегавіч сустрэў з новымі ідэямі. Акрамя ўдзелу ў конкурсе “Настаўнік года”, педагог плануе развіваць даследчы напрамак: падрыхтаваць з вучнямі работу па электрычнасці і прадставіць яе на вобласці. А яшчэ ў планах настаўніка — у новым фармаце правесці тыдзень фізікі. І можна ніколькі не сумнявацца — у Вадзіма Пабойнева ўсё атрымаецца!
Наталля КАЛЯДЗІЧ





