Педагогі Валерый і Тамара Міхайлоўскія з Бягомля разам 40 гадоў. Сакрэты іх прафесійнага і сямейнага шчасця даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Пісьмы з арміі — сямейная рэліквія
Яны абое родам з Глыбоцкага раёна — жылі ў суседніх вёсках, а пазнаёміліся бліжэй, калі сталі вучыцца разам у 9 класе ў Залескай школе.
— Тамара — дачка настаўніцы, выдатніца, уся такая руплівая, акуратная, адказная, а яшчэ проста прыгожая дзяўчына. Яна мне адразу прыйшлася да сэрца, — расказвае Валерый Пятровіч.
— Валера — душа кампаніі, актывіст, камсамолец, вучоба таксама яму давалася лёгка, і па характары ён мне спадабаўся — просты, усмешлівы, з пачуццём гумару, а галоўнае — надзейны, працавіты, — шчыра дзеліцца Тамара Серафімаўна.
Пасля школы Тамара стала студэнткай Беларускага дзяржуніверсітэта, а Валерый выкладаў падрыхтоўку ў Залескай школе. Увесь час маладыя падтрымлівалі адносіны — прыязджалі адно да аднаго на выхадныя, а калі Валерый служыў у арміі, то пісалі пісьмы. Тыя цёплыя радкі і сёння натхняюць мужа і жонку, а самі пісьмы з’яўляюцца сапраўднай рэліквіяй і з любоўю захоўваюцца ў сямейным архіве для дзяцей і ўнукаў. Праз два гады пасля армейскай службы Валерый паступіў на завочнае аддзяленне, каб атрымаць прафесію настаўніка гісторыі.
— Калі вырашалі, куды паехаць жыць і працаваць (мы пажаніліся, калі я вучылася на 4 курсе), то мне прапанавалі, як я кажу, тры Б — Бярозкі, Беразіно і Бягомль. Мы выбралі Бягомль, які тады быў вельмі перспектыўным гарадскім пасёлкам. Акрамя таго, ён размяшчаўся недалёка ад родных вёсак, а яшчэ спадабалася сама школа, прырода, людзі, — адзначае Тамара Серафімаўна.
Дарэчы, школа чакала не толькі настаўніцу геаграфіі, але і настаўніка, які выкладаў ваенную справу. 10 гадоў муж з жонкай працавалі ў адной школе.
Геаграфія — гэта цікава
На пытанне, чаму Тамара Серафімаўна калісьці вырашыла стаць настаўніцай геаграфіі, жанчына здзівіла адказам:
— Усё атрымалася выпадкова. Калі прыйшоў час вырашаць, куды паступаць, хлопец з нашай вёскі, які вучыўся на геафаку, так цікава расказаў пра вучобу там, што гэтая ідэя не адпускала мяне і я паступіла на геаграфічны факультэт, — успамінае педагог.
У выніку вучоба поўнасцю захапіла дзяўчыну. Яна з задавальненнем вывучала прыродныя ўмовы, эканоміку, палітыку розных краін, нават пабыла на практыцы ў Югаславіі. Затым змагла стаць адной з лепшых педагогаў геаграфіі раёна і вобласці. Тамара Серафімаўна не толькі зачароўвала вучняў геаграфіяй, а імкнулася даць ім паглыбленыя веды. Алімпіядны рух настаўніца падтрымала адразу, і традыцыйна яе выхаванцы штогод станавіліся пераможцамі раённых і абласных алімпіяд па прадмеце.
— За час работы ў бягомльскай школе падрыхтавала 8 пераможцаў абласной і 2 пераможцы рэспубліканскай алімпіяды. Раней было прасцей зацікавіць дзяцей прадметам. Веды па геаграфіі рэдка патрэбны пры паступленні ва УВА. А сёння дзеці вельмі дазіруюць нагрузку, асабліва ў старшых класах, таму калі перамагаюць на алімпіядзе, то я гэтаму вельмі радуюся, — адзначае настаўніца.
За гады прафесійнай дзейнасці ў педагога склалася цэлая сістэма падрыхтоўкі таленавітых хлопцаў і дзяўчат. А яшчэ Тамара Серафімаўна ўмее стварыць працоўную і матывацыйную атмасферу на ўроку. У яе ідэальная дысцыпліна, з дзецьмі яна любіць паразважаць на складаныя тэмы — ад праблем экалогіі да эканамічнага і сацыяльнага развіцця краін.
— Сучасную моладзь можа ўразіць нешта незвычайнае, напрыклад, калі настаўніца на свае вочы пабачыла тыя краіны, пра якія расказвае, — падкрэслівае яе муж.
— Так, апошнім часам мы многа дзе пабывалі: пабачылі мора, акіяны, шмат якія еўрапейскія краіны наведалі. Пару гадоў назад разам з малодшай дачкой і зяцем праехалі па Еўропе — уражанняў столькі, што не на адну размову хопіць! Венецыя, Парыж — гарады, дзе марыць пабываць амаль кожная жанчына. Вельмі спадабаўся сваёй прыгажосцю велічны Будапешт. Цяпер у планах паездка на Байкал, — дзеліцца Тамара Серафімаўна.
Выдатны кіраўнік і гаспадар
Вандроўкі вандроўкамі, але на сваёй зямлі заўсёды ўтульней.
— Што можа быць лепшым, чым з кошыкам схадзіць па грыбы, удыхнуць восеньскага паветра? Пад нагамі лісце, навокал гукі лесу. А мяса на мангале згатаваць і раздзяліць снеданне з сябрамі ці роднымі? — з асалодай расказвае гаспадар.
Яны абое любяць родную прыроду, лясы, рэкі і азёры. Муж з жонкай упэўнены, што трэба жыць і працаваць там, дзе сэрца і душа спявае. Як кажуць, дзе нарадзіўся, там і згадзіўся!
— Калі прыязджалі на разведку ў Бягомль, то я адразу запрыкмеціў будынак яшчэ адной школы побач з той, куды накіроўвалі жонку. У выніку мясцовую школу-інтэрнат я ўзначальваю 25 гадоў. Так склалася, што дзеці з асаблівасцямі ў развіцці і калектыў педагогаў сталі маёй другой сям’ёй, — гаворыць дырэктар установы.
Жонка з разуменнем ставіцца да справы мужа, нават лічыць яго работу нейкай місіяй — падтрымлівае, выслухоўвае, ганарыцца.
— Безумоўна, справа педагога адказная, да яе трэба ісці праз любоў да дзяцей і ўсвядомлены выбар. Але ў такіх установах, якую ўзначальвае мой муж, працуюць па-сапраўднаму людзі з вялікім сэрцам і душой, якія могуць адчуваць чужы боль і пры гэтым дапамагаць і рабіць для гэтых асаблівых дзяцей дабро кожны дзень, а не проста спачуваць, — з вялікай павагай і цеплынёй адзначае Тамара Серафімаўна.
— Ведаеце, новыя педагогі не вытрымліваюць, такая нагрузка на эмацыянальную сферу. Дзеці ў нас складаныя, не толькі з парушэннямі фізічнага стану, але і з інтэлектуальнай недастатковасцю. Калі я пачынаў працаваць, у школе было больш за 160 выхаванцаў. Апошнім часам каля 80 хлопцаў і дзяўчат выхоўваюцца ва ўстанове, з іх асноўная большасць дзеці-сіроты, якія 24/7 пражываюць у інтэрнаце і знаходзяцца пад нашай апекай і падтрымкай. Тут яны вучацца, займаюцца спортам, сябруюць і ўвогуле набываюць пуцёўку ў жыццё праз сацыялізацыю, — расказвае Валерый Пятровіч.
За 25 гадоў атрымалася ўмацаваць матэрыяльную базу ўстановы, падняўшы яе на вельмі дастойны ўзровень: праведзены рамонт вучэбных і жылых памяшканняў, закуплена неабходная камп’ютарная і бытавая тэхніка, абсталявана ўсім неабходным актавая зала, адрамантавана спартыўная зала і набыты спартыўны інвентар. На тэрыторыі школы-інтэрната функцыянуюць круглагадовыя цяпліцы, якія дазваляюць з ранняй вясны мець агуркі на стале, якія навучэнцы самі і даглядаюць. Таксама вырошчваюць у цяпліцах і прадаюць расаду розных культур. Існуе і падсобная гаспадарка са свойскімі жывёламі, якая таксама прыносіць прыбытак навучальнай установе. Дзяўчынкі вучацца швейнай справе, хлопчыкі — сталярнай.
Паспяховы ўдзел у спартыўных спаборніцтвах, культурных фестывалях — яшчэ адна старонка з жыцця школы-інтэрната. Першыя па тэнісе ў рэспубліцы, лепшыя лыжачнікі на культурнай пляцоўцы на творчым фестывалі “Вясёлкавы карагод” — гэта толькі ў гэтым годзе.
Дзяржаўная і спонсарская дапамога, зладжаны калектыў і мудрае кіраўніцтва даюць свае вынікі. Валерый Пятровіч выдатны гаспадар як на працоўным месцы, так і дома, пра што з гордасцю расказвае Тамара Серафімаўна.
Адна каманда
— Мы з мужам — каманда. За гады сумеснага жыцця ў нас сфарміраваліся адносіны і быт, у якіх нам камфортна. Чаго толькі мы ні перажылі, тыя ж 90-я, калі дзеці былі маленькія, а мы толькі пачыналі прафесійны шлях. Але, якія б цяжкасці ні прыходзілі, мы былі падтрымкай і апорай адно для аднаго. Мой муж — сапраўдны мужчына не толькі як гаспадар (усё можа зрабіць, адрамантаваць, нават складаную страву згатуе), ён яшчэ і выдатны бацька. Дочкі заўсёды дзеляцца з ім праблемамі і звяртаюцца па параду, — адзначае суразмоўніца.
Дочкі Міхайлоўскіх — Аксана і Насця — дзеці настаўнікаў, якія заўсёды былі многа заняты ў школе, і, здаецца, асабліва бацькі іх не выхоўвалі. Але ў выніку абедзве скончылі школу з залатым медалём, а сталічныя УВА — з чырвоным дыпломам. Абедзве выбралі эканамічныя спецыяльнасці і адбыліся ў прафесіі.
— Я лічу, што мне з жонкай пашанцавала. Яна выключны чалавек, сябар, прафесіянал, а таксама добрая маці і жонка. У нас выраслі выдатныя дзеці. Нягледзячы на занятасць па рабоце, у нас заўсёды парадак у доме, смачная ежа на пліце. Для мяне важна, што мы разумеем адно аднаго і ў прафесійных момантах — можам даць параду, зразумець праблему, а часам проста памаўчаць з сэнсам. Дзякуючы жонцы, я адбыўся як прафесіянал і як чалавек. Мы людзі з аднолькавымі прынцыпамі і падыходам да жыцця. І ў гэтым мы шчаслівыя, — зазначае Валерый Пятровіч.
На мой запыт падзяліцца з маладымі сем’ямі сакрэтам захавання добрых адносін у сям’і сямейная пара амаль у адзін голас адказала: “Павага і жаданне быць разам!”
Таццяна ЛАПАЦІНА
Фота аўтара





