Наталля Красуліна: «Дзеці любяць назіраць, як фізічныя законы працуюць у рэальным свеце»

- 13:22Школьный физмат

Амаль 40 гадоў ураджэнка Заўралля Наталля Красуліна раскрывае пружанскім дзецям свет фізічных законаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У школьныя гады дапытлівая дзяўчына вельмі захаплялася фізікай і матэматыкай, та­му планавала звязаць далейшае жыццё з імі. Больш за ўсё Наталлі Генадзьеўне хацелася займацца навукай і вынаходствамі.

Каб ажыццявіць мару, яна паступіла на фізічны факультэт Чэлябінскага дзяржаўнага ўніверсітэта. На 5 курсе стараннай студэнтцы, якая сур’ёзна займалася любімай навукай, прапанавалі работу ў канструктарскім бюро. Там яна, магчыма, і засталася б, каб не шлюб з вайскоўцам, размеркаваным у Беларусь.

— Прафесійны шлях пачынала ў адной з сельскіх школ Пружаншчыны, — успамінае Наталля Красуліна, якая сёння працуе ў сярэдняй школе № 3 райцэнтра. — Адаптавалася даволі хутка. Асаб­лівых цяжкасцей не адчувала. Імкнулася прос­тай мовай данесці свой няпросты прадмет кожнаму вучню, прычым незалежна ад яго здольнасцей. Здаралася, што дзеці, якія раней не любілі дакладныя навукі, раскрываліся, пачыналі ўзмоцнена працаваць і дасягалі выдатных вынікаў у іх вывучэнні, а далей і ў прафесійнай дзейнасці.

У настаўніцкай прафесіі Наталлю Генадзьеўну больш за ўсё прываблівае работа з выхаванцамі. Педагогу падабаецца назіраць за тым, як яны развіваюцца, набываюць новыя веды, мяняюць светапогляд, пачынаюць цікавіцца прыродазнаўчымі навукамі.

— Мая прафесія заўсёды трымае ў тонусе і патрабуе пастаяннага самаўдасканалення, пошуку і ўкаранення цікавых педагагічных ноу-хау, ведання адукацыйных трэндаў, — гаворыць Наталля Красуліна, прафесійным дэвізам якой з’яўляюцца словы Льва Талстога: “Хочаш навукай выхаваць вучня, любі сваю навуку і ведай яе, і вучні палюбяць і цябе, і навуку. І ты выхаваеш іх”.

Фізіка — адзін з самых складаных школьных прадметаў. І зацікавіць ім бывае няпроста. Але Наталлі Генадзьеўне гэта ўдаецца, хаця яна заўсёды падкрэслівае, што нічога асаблівага не робіць, а толькі займаецца любімай справай.

— Фізіка адыгрывае важную ролю ў развіцці функцыянальнай адукаванасці вучняў, — заўважае педагог. — Паколькі гэты прадмет добра паказвае сувязь з’яў навакольнага асяроддзя з жыццём, шырока выкарыстоўваю на ўроках практычныя заданні. Дзеці любяць назіраць, як фізічныя законы працуюць у рэальным свеце. Так, у рамках факультатыўных заняткаў па фарміраванні функцыянальнай адукаванасці “Законы фізікі ў жыцці чалавека і грамадства” рэалізаваны праекты “Флікер”, “Оптыка і мастацтва”, “Ведаю фізіку — правільна раблю рамонт!”, “Акустычны рэзананс”, “Рэзананс у біялогіі” і інш.

Назапашаны дыдактычны матэрыял дазваляе настаўніцы прымяняць нагляднасць амаль на кожным уроку фізікі ў 7—11 класах. У якасці нагляднасці выступаюць… займальныя мастацкія тэксты.

— Займальнасць выклікае цікавасць, ажыўляе аповед і прыцягвае ўвагу вучняў, — расказвае Наталля Генадзьеўна. — Умелае выкарыстанне мастацкіх тэкстаў дапамагае не толькі абу­джаць пазнавальную цікавасць, але і запамінаць асабліва цяжкі матэрыял, развіваць творчыя здольнасці і самастойнасць. Не абыходжу ўвагай дэманстрацыйныя макеты, прыборы для доследна-эксперыментальнай работы і дыдактычныя гульні. Доб­рым матыватарам да паглыбленага вывучэння фізікі з’яўляецца прадметны тыдзень, які ахоплівае шырокі спектр вучэбных метадаў, гульнявых форм і адукацыйных тэхналогій.

Выхаванцы Наталлі Красулінай вырашаюць праблемныя сітуацыі і творчыя заданні, якія патрабуюць нестандартнага падыходу і міждысцыплінарных ведаў, аналізуюць і інтэрпрэтуюць даныя з розных крыніц. Фарміруючы прыродазнаўчанавуковую адукаванасць у вучняў, педагог развівае ў іх уменне навукова растлумачваць з’яву, правільна разумець атрыманыя звесткі і асаб­лівасці навуковага пазнання рэчаіснасці.

Высокаматываваных дзяцей Наталля Генадзьеўна актыўна далучае да даследчай і праектнай дзейнасці, алімпіяднага руху і розных конкурсаў. Не забывае настаўніца развіваць у вучняў і кагнітыўныя здольнасці, неабходныя не толькі для падтрымання пазнавальнай цікавасці, але і для падрыхтоўкі паведамленняў і прэзентацый на ўроках і пазакласных мерапрыемствах.

— Прапаную дзецям індывідуальныя дамашнія заданні творчага і пошукавага характару, вітаю ўласную ініцыятыву, — гаворыць педагог. — Але найбольш эфектыўная індывідуальная работа пасля заняткаў, калі вучні атрымліваюць дадатковы матэ­рыял для самастойнай работы: рашэння праблемных сітуацый, лагічных задач, заданняў павышанай цяжкасці і заданняў на апярэджанне.

Затрачаныя намаганні прыносяць плён. Так, па выніках аднаго з абласных конкурсаў “З навукай у будучыню” выхаванцы Наталлі Красулінай адзначаны дыпломам І ступені за даследаванне эфектыўнасці выкарыстання прыроднага газу ў побыце на прыкла­дзе пліт “Гефест” і “Электралюкс”. Радуюць не толькі вынікі ўдзелу ў конкурсах даследчых работ, але і ў алімпіядным руху. Штогод выпускнікі выбіраюць інжынерныя спецыяль­насці для працягу адукацыі ў вядучых УВА краіны, дзе займаюцца любімай фізікай у студэнцкіх навуковых таварыствах.

Наталля Генадзьеўна вядзе заняткі ў раённым рэсурсным цэнтры па падрыхтоўцы да ЦЭ і ЦТ, які наведваюць вучні гарадскіх і сельскіх школ. Дзякуючы высо­каму прафесіяналізму, аўтарытэ­ту і даверу сярод калег, педагог з’яўляецца шматгадовым кіраў­ніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў фізікі і членам іх творчай групы.

Настаўніца не засмучаецца, што не ажыццявіла дзіцячую мару, бо знайшла месца для любімай навукі на школьных уроках фізікі, якія не толькі пашыраюць кругагляд выхаванцаў, але і адкрыва­юць ім дарогу ў вялікую навуку.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ