Наталля Самалазава: цікавасць да прадмета фарміруецца ў вучняў праз прызму стаўлення да настаўніка

- 9:00Главная, Образование

Цікавасць да прадмета фарміруецца праз прызму стаўлення да педагога. Захопленасць настаўніка сваёй справай — адзін з ключавых фактараў, якія матывуюць дзяцей да вучобы. Такога меркавання прытрымліваецца Наталля Самалазава з сярэдняй школы № 1 Круглага, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

З педагогікай Наталля Міхайлаўна трывала звязана амаль сямнаццаць гадоў. Практычна ўвесь гэты час яна вык­ладае гісторыю і грамадазнаўства ў 1-й школе райцэнтра.

— Прафесійнае станаўленне праходзіла ў вёсцы Кручы, куды трапіла пасля заканчэння гістфака МДУ імя А.А.Куляшова. Спачатку ўзнікалі пэўныя складанасці, бо я першы настаўнік у нашай сям’і. Аднак у прафесіі не расчаравалася, упэўнілася ў правільнасці свайго выбару. Калі адпрацоўка па размеркаванні скончылася, мяне запрасілі ў гарадскую сярэднюю школу № 1, дзе якраз не хапала гісторыкаў. Так і знайшла сваё месца ў жыцці, — паведаміла Наталля Самалазава.

Асноўны прынцып, якім Наталля Міхайлаўна кіруецца ў рабоце, — бесперапыннае самаразвіццё. Педагог заўсёды знаходзіцца ў прафесійным пошуку.

— Своеасаблівым дэвізам для мяне з’яўляюцца словы А.Лінкальна: “Кім бы ты ні быў, будзь лепшым”. Заходзячы ў клас, стараюся стаць для вучняў лепшай, чым учора. Пастаянна рыхтую для іх крэатыўныя заданні, падбіраю незвычайныя гістарычныя факты, пытанні для дыскусій. Бачачы маю захопленасць, і дзеці захапляюцца прадметамі, якія выкладаю, — расказала Наталля Самалазава.

На думку Наталлі Міхайлаўны, для паспяховага навучання вельмі важная эмацыянальная сувязь паміж педагогам і навучэнцамі. Яна пераканана: неабходна ўліч­ваць рысы характару, здольнасці, настрой кожнага дзіцяці.

— Імкнуся быць на адной хвалі з вучнямі. Неабыякавыя мне іх радасці, праблемы ці няўдачы. Такі падыход дазваляе наладзіць цесны кантакт з дзецьмі, што істотна ўплывае на засваенне ведаў. Урокі знаходзяць водгук у вучняў, становяцца жывымі, эфектыўнымі, — патлумачыла Наталля Самалазава.

Творчымі заняткі Наталлі Міхайлаўны робіць гарманічная камбінацыя розных методык і тэхналогій, сучасных і традыцыйных форм работы.

— Сумяшчаю элементы розных методык. Прыхільнасць да чагосьці аднаго падразае крылы, таму мой педагагічны арсенал разнастайны. Найбольш часта ўжываю гульнявыя, здароўезберагальныя, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Акцэнт раблю на развіцці фінансавай дас­ведчанасці і крытычнага мыслення навучэнцаў. Вучу іх прагназаваць, аналізаваць, параўноўваць, рабіць высновы і адстойваць свой пункт гледжання, — адзначыла Наталля Самалазава.

Прыярытэтам для Наталлі Міхайлаўны з’яўляецца не толькі навучанне, але і выхаванне вучняў. Для яе важна, каб урокі не прос­та прыносілі веды, а каб аказвалі станоўчы ўплыў на станаўленне асобы.

— У ходзе заняткаў рэгулярна паказваю вучням уклад нашай краіны ў знакавыя сусветныя па­дзеі на прыкладзе вядомых беларусаў. Гэта прывівае вучням любоў да Радзімы і гордасць за свой народ, — упэўнена Наталля Самалазава.

Фарміраванню патрыятычных якасцей садзейнічае і школьны гісторыка-краязнаўчы музей, якім кіруе Наталля Міхайлаўна. Тут у пяці экспазіцыях прадстаўлена больш за 800 экспанатаў, сабраных сіламі педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў.

— Музей дае магчымасць вучням у літаральным сэнсе дакрануцца да гісторыі, бо экспанаты можна браць у рукі і вывучаць. Тут часта праходзяць пазакласныя і выхаваўчыя мерапрыемствы, урокі па тэме “Наш край”. Вучні акунаюцца ў гістарычную атмасферу, наг­лядна знаёмяцца з тым, як жылі іх продкі, даведваюцца пра біяграфіі герояў Вялікай Айчыннай вайны, імёнамі якіх названы вуліцы іх роднага горада. Гэта дапамагае запаў­няць прабелы кніжнай педагогікі, — заўважыла Наталля Самалазава.

Асаблівую ўвагу ў сваёй дзейнасці Наталля Міхайлаўна ўдзяляе рабоце з адоранымі навучэнцамі, раскрывае дзіцячыя таленты. За апошнія пяць гадоў настаўніца пад­рыхтавала звыш трыццаці пераможцаў другога і дзесяць — трэцяга этапу рэспубліканскіх алімпіяд па гісторыі і грамадазнаўстве. Сёлета дзевяцікласніку Арцёму Ганчарову зусім крыху не хапіла да перамогі на заключным этапе алімпіяды. Высокі ўзровень ведаў вучні Наталлі Самалазавай пацвярджа­юць і пры здачы цэнтралізаваных экзаменаў і тэсціравання. Сёлетняя выпускніца Валерыя Смалякова атрымала 100-бальны сертыфікат за ЦЭ па грамадазнаўстве, а яе аднакласніца Уладзіслава Міхайлава набрала 96 балаў на ЦТ па гэтым прадмеце.

— Мае вучні вынікова выступаюць і на Рэспубліканскай алімпіядзе па фінансавай дасведчанас­ці, універсітэцкіх, дыстанцыйных алімпіядах, розных конкурсах. Усе поспехі дзяцей неверагодна мяне натхняюць. Але больш за ўсё радуе тое, што школьны парог навучэнцы пераступаюць сумленнымі, шчырымі, прыстойнымі маладымі людзьмі, — падкрэсліла Наталля Міхайлаўна. — Усе выпускнікі знайшлі сябе, жыццеўладкаваліся ў грамадстве. Менавіта гэта лічу сваім галоўным педагагічным дасягненнем.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара