Наталля Ярмак з Міхалішак: «У педагогіку прыйшла разам з трыма роднымі сёстрамі! І ўсе мы тут невыпадкова»

- 9:00Главная, Образование

Для настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Міхалішкаўскай сярэдняй школы Астравецкага раёна Наталлі Ярмак педагогіка — справа жыцця і добрая сямейная традыцыя. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У прафесію яна прыйшла ўслед за роднымі сёстрамі і ўжо амаль 29 гадоў до­рыць дзецям не толькі веды, але і сэрца. На прапанову зрабіць здымак з класам Наталля Ярмак з матчынай інтанацыяй у голасе адказвае:

— А пойдзем да маіх шасцікласнікаў!

Тыя ў сваю чаргу падчас незапланаванай фотасесіі раз-пораз туляцца да сваёй класнай класнай. А на пытанне, ці ведаюць яны, што іх настаўніца з’яўляецца выдатнікам адукацыі, без ценю сумнення адзначаюць:

— Хіба Наталля Валянцінаўна можа не быць выдатніцай? Яна ж усё ведае!

Не толькі ведае, але і шчыра дзеліцца сваімі ведамі з вучнямі і калегамі. Не першы год настаўнік-метадыст рыхтуе майстар-класы для педагогаў раёна, становіцца і адным з лектараў-практыкаў курсаў павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў вобласці ў ГрАІРА. Акрамя таго, пэўны час у Астравецкім раёне яна кіравала метадычным аб’яднаннем для маладых настаўнікаў беларускай і рускай мовы і літаратуры.

— Мой шлях у педагогіку пачаўся пасля заканчэння Лідскага педвучылішча і, як бы пафасна гэта ні гучала, быў адзінай марай дзяцінства. Памятаю, бацькі пэўны час раілі выбраць сферу медыцыны для прафесійнай самарэалізацыі. Але я ў сваім жаданні стаць менавіта настаўніцай была вельмі рашуча настроена, — дзеліцца ўспамінамі Наталля Валянцінаўна.

Яна расла ў вялікай сям’і — малодшая з шасцярых дзяцей. Спачатку падчас дзіцячых гульняў была выключна вучаніцай сясцёр, розніца са старэйшымі з якіх больш за дзесяць гадоў. А пасля і сама стала такой хатняй “настаўніцай” для цацак.

— Добра памятаю, як яшчэ ў пачатковых класах чытала сваім “навучэнцам” біяграфіі Якуба Коласа і Янкі Купалы з кніг, якія прывозілі тады сапраўдныя настаўніцы-сёстры.

У педагогі ў нашай сям’і пайшлі ўсе дзяўчынкі. Усе чатыры! Старэйшыя — пенсіянеркі, а мы з Таццянай Казак працягваем гэты шлях на малой радзіме.

Я — у школе, якую скончыла сама, а сястра ў гімназіі Астраўца працуе намеснікам дырэктара, — адзначае суразмоўніца і дадае, што старэйшыя сёстры ў свой час вялі дзяцей да ведаў у Мала­дзечне і Мастах. Так што, калі ў баць­коўскай хаце ўся сям’я збіралася практычна ў поўным скла­дзе, атрымліваўся своеасаблівы рэспубліканскі педсавет.

Наталля Валянцінаўна ўпэўнена, што ў педагагічнай справе важна ніколі не спыняцца ў сваім развіцці. Яна паспяхова зай­маецца з вучнямі алімпіяднай дзейнасцю, з’яўляецца аўтарам метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў беларускай мовы ўсёй краіны. У чатырох такіх не аднойчы перавыдадзеных зборніках — распрацаваныя ёй планы-канспекты ўрокаў з 5 па 8 клас.

— Зразумела, абапіраюся на гэтыя канспекты ў сваёй рабоце. Але кожныя заняткі планую з улікам асаблівасцей дзяцей. У гэтай справе важна самому сабе задаць пытанне: ці кожнаму вучню ўрок прынясе аднолькавую ка­рысць? Важна не страціць моцнага вучня і заўсёды трымаць увагу сярэдняга, — удакладняе суразмоўніца.

Актыўна прымяняе на сваіх уроках педагог стратэгію актыўнай ацэнкі.

— Часцей за ўсё ў школе мы выкарыстоўваем адзнаку сумарную, якая служыць толькі ацэнкай выніку. Актыўная ацэнка — ацэнка працэсу. Такая ацэнка ўскладае на вучня адказнасць за ўласнае навучанне і дапамагае настаўніку і вучню распрацоўваць план далейшых дзеянняў, — тлумачыць педагог і звяртае ўвагу, што да гэтай стратэгіі важна прывучыць і дзяцей, і іх бацькоў.

На бацькоўскіх сходах Наталля Валянцінаўна заўсёды акцэнтуе ўвагу мат і татаў сваіх вучняў на тым, каб яны не ставілі дома пытанне накшталт “Што ты сёння атрымаў?”. Важна фармуля­ваць тую ж думку іншымі словамі: “Чаму ты навучыўся і дзе гэта можа спатрэбіцца?”.

Вынікі работы па такой сістэме бачныя не адразу. Але праз пэўны час яны працуюць менавіта ў інтарэсах вучня.

Сярод тэхналогій, якім настаўніца аддае перавагу, — развіццё крытычнага мыслення, праблемнага навучання.

— Мае дзеці прывыклі, што нашы ўрокі пачынаюцца з так званага НаШтоБуЗУ — прапісанага на дошцы “На што буду звяр­таць увагу”. Гэта свайго роду прыступкі, якія фармулююць самі вучні як задачы. І вырашаючы гэтыя задачы, яны добра разуме­юць, дзеля чаго, — дадае Наталля Валянцінаўна.

Работа з адоранымі навучэнцамі для педагога — асаблівая асалода. Гэта, зразумела, вялікая праца з боку і настаўніцы, і самога вучня. Аднак пошук матэрыялаў для суразмоўніцы — кожны раз магчымасць атрымаць задавальненне ад працэсу.

— І размова тут ідзе пра веды, што на некалькі галоў вышэйшыя за тое, што ёсць у падручніку. Спачатку раскладваю матэрыял па паліцах для сябе і шукаю спосаб данесці яго да вучня так, каб ён не проста зразумеў, а каб у яго вочы загарэліся. Толькі калі ідзеш такім шляхам да алімпіядных вышынь, праца ў гэтым кірунку прыносіць поспехі, — працягвае размову Наталля Ярмак.

Будучых зорачак алімпіяднага руху настаўніца вылучае ў 5 класе і пачынае працаваць з дзецьмі, толькі калі і ў іх ёсць жаданне ведаць больш. Яна прызнаецца, што лідараў з паметкай “знаўца роднай мовы” відаць праз тыдзень работы з пяцікласнікамі:

— Звычайна да алімпіядных поспехаў у старшых класах ідзём на працягу некалькіх гадоў. Аднак ёсць у маёй практыцы і выключэнне. У гэтым годзе дыплом ІІІ ступені на абласным этапе алімпіяды атрымаў вучань, з якім пачала мэтанакіраваную работу толькі ў мінулым годзе. Адораныя дзеці, як правіла, маюць не адзін талент. Да гэтага малады чалавек паказваў выдатныя вынікі ў алімпіядзе па фізічнай культуры. І, шчыра сказаць, прыйшлося дамаўляцца з калегам даць хлопцу шанс уба­чыць сябе ў лідарах яшчэ аднаго спаборніцтва разумнікаў і разумніц.

Сярод усіх тэм на ўроках беларускай мовы ў яе ёсць любімыя — лексіка, фанетыка і словаўтварэнне. Прычым зусім не таму, што яны цікавейшыя за іншыя. Па словах суразмоўніцы, калі ў марфалогіі і сінтаксісе амаль усё відавочна, то ў яе “любімчыках” значна больш розных нюансаў і тонкасцей.

Галоўным кампанентам урока яна лічыць спрыяльную атмасферу. Таму кожныя заняткі пачынае з усмешкі і пажадання вучням доб­рага настрою.

— А яшчэ абавязкова з цытат беларускіх мастакоў слова. І гэта ў тым ліку спосаб звярнуць увагу школьнікаў на творы роднай літаратуры, — удакладняе Наталля Ярмак.

Мінулы год для педагога ў некаторым сэнсе стаў рубежным. Сама для сябе ў думках яна падвяла рысу пад усім зробленым. А нагода для гэтага была самая святочная. Праца педагога была адзначана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”, па­дзякай кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэн­та Рэспублікі Беларусь.

— Такая ацэнка маёй справы ніколі не была самамэтай. І ўжо толькі гэта зрабіла атрыманне ўзнагарод нечаканасцю. Вельмі прыемнай нечаканасцю!.. Пасля ўручэння спачатку з Мінска, а праз некалькі дзён і з Гродна ехала з аднымі і тымі ж думкамі: ці заслугоўваю? І ў гэтых разважаннях прыйшла да высновы: важна працягваць адпавядаць даверу калег, чаканням сваіх вучняў, — падсумоўвае размову Наталля Валянцінаўна.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара