Для актывізацыі пазнавальнай актыўнасці на ўроках настаўніца англійскай мовы гімназіі № 1 Дзяржынска Аксана Вайцяхоўская спалучае ў выкладанні інтэрактыўныя прыёмы, асобасна арыентаванае навучанне і навучанне ў супрацоўніцтве. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Пераадолець моўны бар’ер
Урокі, класнае кіраўніцтва, алімпіяды, конкурсы работ даследчага характару, настаўніцтва над маладымі калегамі — усё, за што бярэцца Аксана Антонаўна, яна робіць адказна і з поўнай аддачай. Адпрацаваная за гады методыка дае свае вынікі: навучэнцы Аксаны Вайцяхоўскай не аднойчы станавіліся пераможцамі трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове. Летась Ульяна Сарнацкая і Софія Вайтовіч сталі ўладальнікамі дыпломаў I і II ступені адпаведна на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды, а Валерыя Кот і Ганна Карніцкая — пераможцамі заключнага этапу конкурсу даследчых работ у 2023 і ў 2025 гадах.

Аксана Антонаўна прызналася: вельмі прыемна, што многія яе вучні пайшлі па яе слядах і выбралі прафесіі, звязаныя з вывучэннем замежнай мовы. Але ці лёгка навучыць школьнікаў свабодна на ёй размаўляць?
— На мой погляд, навучыць дзіця свабодна гаварыць на замежнай мове да заканчэння школы — задача цяжкая, але выканальная пры пэўных умовах, — разважае настаўніца. — Галоўнае — вучыць ва ўзаемадзеянні, але не менш важным з’яўляецца імкненне самога вучня да ведаў. Таму мая задача — стымуляваць цікавасць да вывучэння англійскай мовы.
Спецыфіка прадмета патрабуе ад дзяцей напружанай маўленчай дзейнасці, увагі, умення рабіць абагульненні, высновы. Педагог заўважыла, што ў вучняў можа назірацца зніжэнне матывацыі, і на гэта ёсць свае прычыны.
— Здараецца, тэма прадугледжвае вывучэнне вялікай колькасці складаных для вымаўлення і запамінання слоў, — працягвае расказваць педагог. — Пры запамінанні граматычных тэм навучэнцы сутыкаюцца з адсутнасцю такіх паняццяў, як артыклі, фразавыя дзеясловы, герундый і інш. Іх няма ў роднай мове, таму ўзнікаюць цяжкасці. Да таго ж асобныя тэмы не простыя для абмеркавання з-за недастатковага жыццёвага вопыту навучэнцаў, напрыклад, не вельмі лёгка даюцца тэмы “Экалагічныя праблемы”, “Роля сямейных каштоўнасцей”, “Роля грошай” і інш.
Усё гэта прымушае Аксану Антонаўну шукаць эфектыўныя спосабы актывізацыі пазнавальнай актыўнасці на ўроках англійскай мовы.
— Лічу, што навучанне замежнай мове патрабуе асобасна арыентаванага падыходу ў большай ступені, чым іншыя прадметы, — дзеліцца назіраннямі настаўніца. — Моўная дзейнасць з’яўляецца індывідуальнай: яна сродак выказвання асабістых пачуццяў, эмоцый, поглядаў. Але недастаткова насыціць урок умоўна-камунікатыўнымі практыкаваннямі — важна даць вучням магчымасць думаць, вырашаць якія-небудзь праблемы, разважаць над магчымымі спосабамі іх вырашэння. Уключаючы ў сваю работу інтэрактыўныя прыёмы навучання, я заўважыла, што яны спрыяюць актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў.
Інтэрактыўныя прыёмы маюць шэраг пераваг: яны забяспечваюць псіхалагічны камфорт, прадукцыйную камунікацыю па тэме і зваротную сувязь педагога з вучнямі.
— Навучэнцы імкнуцца прымяняць свае веды ў новай сітуацыі, і такая сур’ёзная перашкода, як моўны бар’ер, становіцца пераадольнай, — заключае Аксана Вайцяхоўская. — Прыёмам, якім найбольш часта карыстаюся падчас урокаў, з’яўляецца “Інтэрв’ю”. Літаральна ў кожным класе, на кожных занятках вучні працуюць усёй групай, абменьваюцца інфармацыяй, інтэрв’юіруюць адно аднаго, абавязкова рэфлексуюць.
Развіццю камунікатыўных навыкаў спрыяюць і такія прыёмы інтэрактыўнага ўзаемадзеяння, як “Унутраны і знешні круг”, “Метаплан”, “Працягні выраз”, “Мінута маўлення”. Яшчэ адзін з частых прыёмаў, які педагог любіць выкарыстоўваць, — “Апішы ўбачанае”. Яго сэнс у тым, што гімназістам трэба расказаць як мага больш пра тое, што намалявана на слайдзе, які паказвае Аксана Антонаўна.
Адметны ўрок
Падрыхтоўка да ўрокаў — гэта не менш адказна, чым іх правядзенне. На чым Аксана Антонаўна акцэнтуе ўвагу, калі прадумвае кожныя новыя заняткі?
— Калі пачынаю рыхтавацца да ўрока, то для мяне важна, каб па сваім змесце ён быў цікавым, інфарматыўным, — зазначае настаўніца англійскай мовы. — Калі бачу, што матэрыял, які змешчаны ў падручніку, не крануў вучня, то замяняю яго матэрыялам з іншых крыніц, а потым падбіраю найбольш эфектыўныя формы і метады, якія дапамаглі б яго засвоіць. Вельмі важна ствараць для вучняў рэальныя моўныя сітуацыі, бо яны збліжаюць іх з прадметам, які вывучаецца, і павышаюць матывацыю.
Адметнасць урокаў педагога яшчэ і ў тым, што ў любы момант клас можа ператварыцца ў дыскусійны клуб па актуальных тэмах. Аксана Антонаўна заахвочвае гімназістаў: чым больш моўнай практыкі, тым больш багатым становіцца слоўнікавы запас.
— Вучні хочуць быць дарослымі, з імі можна абмеркаваць тэмы, якія могуць узнікнуць і стыхійна, — зазначае педагог. — Я люблю задаваць ім парадаксальныя пытанні, адказы на якія могуць прывесці да нестандартных вывадаў. Напрыклад, калі гаворым пра грошы, магу спытаць, ці праўда, што галоўнае — грошы, а любоў не мае сэнсу? І вучні пачынаюць разважаць, гаварыць, не зважаючы на псіхалагічныя бар’еры. Такім чынам, усе мае ўрокі маюць камунікатыўную накіраванасць. Узаемадзеянне, супрацоўніцтва, давер — тыя асновы, на якіх трымаецца мая педагагічная пазіцыя.
Выпрабаванне для педагога
Асаблівае месца ў педагагічнай практыцы Аксаны Вайцяхоўскай займае работа з адоранымі навучэнцамі. З вопыту педагога, такая дзейнасць патрабуе сістэмнасці — гэта найважнейшы прынцып у арганізацыі заняткаў для адораных дзяцей.
— Трэба абавязкова ведаць і думаць пра тое, чым будуць займацца нашы навучэнцы заўтра, — падкрэслівае настаўніца. — Падрыхтоўка да другога, трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды будуецца па асобным плане з улікам спецыфікі гэтых этапаў. Паэтапнае планаванне ўключае даты і колькасць гадзін, размеркаванне граматычнага матэрыялу, падборку аўтэнтычных тэкстаў для развіцця навыкаў успрымання інфармацыі на слых і размеркаванне тэматычных сітуацый для развіцця моўнай кампетэнцыі.
Ключавым момантам пры планаванні Аксана Антонаўна называе падбор якаснай літаратуры, якая дапамагае адпрацаваць настаўніку з адораным школьнікам менавіта той від практыкаванняў, які з’яўляецца тыповым для алімпіядных заданняў.
— Калі такія заданні, як вызначэнне трывальна-часавых форм дзеяслова, ужыванне артыкляў і прыназоўнікаў, з’яўляюцца тыповымі для школьных падручнікаў, то заданні на трансфармацыю сказаў, ужыванне фразавых дзеясловаў і ідыём, выбар правільнай лексічнай адзінкі ў патрэбным кантэксце, словаўтварэнне могуць выклікаць цяжкасці пры выкананні лексіка-граматычнага тэста, а значыць, патрабуюць асаблівай увагі пры вывучэнні, — тлумачыць педагог. — Менавіта дзякуючы шматразовай і сістэматычнай адпрацоўцы заданняў на працягу некалькіх гадоў з пастаянным ускладненнем можна дасягнуць трывалых ведаў.
Калі настаўнік вучыць алімпіядніка будаваць вуснае выказванне, неабходна звярнуць увагу на шэраг дэталей. Важным, па словах Аксаны Вайцяхоўскай, з’яўляецца ўменне вучня даказваць, аргументаваць сваю пазіцыю.
— Асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць развіццю канцэнтрацыі ў экстрэмальных умовах, — працягвае дзяліцца вопытам настаўніца. — Шырокі кругагляд і веды ў галіне экалогіі, спорту, навукі і краіназнаўства сёння вельмі неабходныя алімпіядніку па англійскай мове. Задача настаўніка — дапамагчы дзіцяці сарыентавацца ў вялікім патоку інфармацыі, адабраць патрэбны матэрыял, апрацаваць яго і ператварыць у выказванне, якое будзе адпавядаць неабходным крытэрыям.
Пры навучанні вуснаму выказванню важна падтрымліваць любы пункт гледжання навучэнца, хваліць яго за неардынарнасць думак і творчасць. Настаўніца ўпэўнена: важна, каб настаўнік не навязваў толькі свае ідэі і шаблоны, бо выказванне, якое адпавядае ўзроставым і асобасным асаблівасцям школьніка, журы ўспрыме куды лепш.
Разважаючы пра работу з высокаматываванымі навучэнцамі, Аксана Антоўнаўна адзначае, што ўзаемадзеянне з імі заўсёды пакідае ў памяці глыбокі след:
— Такая дзейнасць — гэта выпрабаванне на цярпенне, прычым як з боку педагога, так і вучня. Але яна спрыяе змяненням, бо растуць і школьнік, і настаўнік. А яшчэ я ўпэўнена, што нават самы падрыхтаваны настаўнік мае права нешта не ведаць: кожнаму адукаванаму чалавеку ёсць да чаго імкнуцца. Іншае пытанне — як настаўнік рэагуе на сваё няведанне. Калі ён смелы і валодае навыкамі работы з літаратурай, дзе можна знайсці неабходную інфармацыю, то такі педагог — знаходка для адоранага навучэнца.
Настаўнік заўсёды павінен памятаць, што адоранаму дзіцяці неабходна сур’ёзная разумовая нагрузка: калі навучанне будзе лёгкім, то, як ні дзіўна, школьнік хутка стоміцца. А вось ад цяжкай працы, тым больш той, што ляжыць у сферы яго інтарэсаў, — ніколі.
Наталля САХНО
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі





