Навучанне з арыентацыяй на поспех

- 14:39Кампетэнтна
15 сакавіка 2014 года Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі адзначыць 50-гадовы юбілей. У сувязі з гэтым быў запушчаны ўнікальны праект “50 ідэй для ўніверсітэта”, які рэалізуецца сумесна з былымі выпускнікамі. Плануецца, што да юбілею БДУІР усе 50 ідэй атрымаюць рэальнае ўвасабленне.
Трэба сказаць, што БДУІР вельмі плённа супрацоўнічае з выпускнікамі, якія ўжо ўклалі ў развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўніверсітэта каля 2 мільёнаў долараў. Прыкладам такога супрацоўніцтва з’яўляецца адкрыццё першай у Беларусі электроннай бібліятэкі сумесна з ААТ “Приoрбанк” (2004 г.). У мінулым годзе адкрыты 3 вучэбна-навуковыя лабараторыі сумесна з ЗТАА “ЭпамСістэмc”. Таксама ў 2012 годзе сумесна з кампаніяй FORTE Knowledge (ЗША) адкрыты першы ў Беларусі вучэбна-навуковы цэнтр “Android Software Center”. Зараз універсітэт вядзе перамовы з выпускнікамі, якія жывуць і працуюць у ЗША, аб арганізацыі падрыхтоўкі па дыстанцыйнай форме ў БДУІР амерыканскіх грамадзян.
І гэта толькі невялікі пералік канкрэтных спраў, якія робяць выпускнікі МРТІ — БДУІР для сваёй альма-матар. Таму праект “50 ідэй для ўніверсітэта” хоць і гучыць амбіцыёзна, але пры гэтым цалкам рэалістычны.
Пра тое, што дапамагае людзям дасягнуць поспеху і чаму паспяховыя выпускнікі ахвотна дапамагаюць універсітэту, мы гутарым з рэктарам БДУІР прафесарам М.П.Батурам.

— Праект “50 ідэй для ўніверсітэта”, які мае на мэце рэалізацыю 50 сумесных спраў за ад зін перад’юбілейны год, — гэта прынамсі вельмі смела. Скажыце, Міхаіл Паўлавіч, ці ёсць ужо канкрэтныя прапановы з боку вашых выпускнікоў?
— Мы лічым, што такі прыгожы юбілей, як 50-годдзе, — гэта здабытак не толькі цяперашніх студэнтаў і прафесарска-выкладчыцкага складу, але і ўсіх выпускнікоў, былых выкладчыкаў. Таму мы вырашылі
Праект “50 ідэй для ўніверсітэта” павінен быў аб’яднаць самыя цікавыя ідэі. Аднак мы не сталі дзейнічаць па прынцыпе “здагадайцеся самі” і ча-каць прапаноў звонку. За год да юбілею мы запрасілі ва ўніверсітэт нашых самых паспяховых выпускнікоў і прапанавалі цэлы шэраг спраў, да якіх яны маглі б далучыцца. У працэсе абмеркавання (а на сустрэчу прыехалі людзі вельмі энергічныя, творчыя) былі выкрышталізаваны 50 ідэй, якія і будуць паступова рэалізаваны да нашага юбілею вясной 2014 года.
Трэба сказаць, што ўжо заключаны дагаворы з СТАА “Мабільныя ТэлеСістэмы”, ТАА “Бел Хуавэй Тэхноладжыс”, ААТ “Прамсувязь”, СП ЗАТ “Міжнародны дзелавы альянс” і іншымі арганізацыямі.

— Скажыце, як вы выхоўваеце сваіх студэнтаў? Як атрымліваецца, што калі яны робяць кар’еру і становяцца паспяховымі, у іх з’яўляецца патрэба дапамагаць універсітэту?
— Усё ідзе з традыцый нашага ўніверсітэта, якія бяруць пачатак з моманту стварэння МРТІ. Так, мы вельмі цесна ўзаемадзейнічаем з нашымі выпускнікамі розных гадоў, і ўсе яны ўзгадваюць (нават калі гаворка ідзе пра цяжкія 90-я гады), што заўсёды адчувалі павышаную ўвагу да сябе з боку выкладчыкаў і адміністрацыі ўніверсітэта. Яны бачылі, як шмат рабілася для забеспячэння дастойнай вучэбна-матэрыяльнай базы, перадачы ведаў, прадастаўлення студэнтам магчымасцей для самарэалізацыі. Такі клопат немагчыма не заўважыць, а значыць і вынік нельга не ацаніць. Лагічна, што з цягам часу ў выпускнікоў з’яўляецца жаданне вярнуцца ў родны ўніверсітэт і дапамагчы яму.
Я сам часта задаюся пытаннем, чаму многія нашы выпускнікі дасягаюць поспеху ў самых розных галінах жыцця. Здавалася б, МРТІ — БДУІР, тэхнічная ўстанова адукацыі, але пры гэтым 9 нашых выпускнікоў станавіліся надзвычайнымі і паўнамоцнымі пасламі. Многія сталі паспяховымі бізнесменамі, банкірамі, топ-менеджарамі буйных кампаній. Чаму такое магчыма? А таму, што ў нашым універсітэце выкарыстоўваецца сістэмны падыход да навучання, гэта значыць, што ніводная з’ява не разглядаецца асобна ад рэальнага жыцця, а толькі ў сувязі з ім. Менавіта такі падыход дае будучым спецыялістам шырокія магчымасці для самарэалізацыі.
Мы пачалі энергічна далучаць былых выпускнікоў да развіцця ўніверсітэта гадоў дзесяць назад. Першым сур’ёзным сумесным праектам стала стварэнне электроннай бібліятэкі ў БДУІР (першай і ва ўніверсітэце, і ў краіне). Тады нам рэальна дапамог наш выпускнік — старшыня праўлення “Приoрбанка” Сяргей Аляксандравіч Касцючэнка. Гэта быў выдатны пачатак, бо літаральна за год пад гэтую электронную бібліятэку мы стварылі электронныя вучэбна-метадычныя комплексы дысцыплін, якія пачалі эфектыўна выкарыстоўвацца ў вучэбным працэсе. Памятаю, студэнты запісваліся ў электронную бібліятэку папярэдне за тры-чатыры дні, каб папрацаваць з электроннай базай даных…
А далей супрацоўніцтва з выпускнікамі пачало развівацца вельмі актыўна. Сёння ў нас ужо 32 сумесныя вучэбна-навуковыя лабараторыі.
Вядома, нам дапамагае тая акалічнасць, што многія выпускнікі МРТІ — БДУІР узначальваюць кампаніі, фірмы і прадпрыемствы, якія маюць патрэбу ў нашых спецыялістах. Такое вось шчаслівае супадзенне: і выпускнікі, і кіраўнікі, і спажыўцы кадраў. Таму іх дапамога нашаму ўніверсітэту сапраўды значная.

— Як вы думаеце, Міхаіл Паўлавіч, што дапамагае людзям стаць паспяховымі ў жыцці?
— Я заўсёды кажу студэнтам, каб у перыяд вучобы яны пастараліся ўзяць ад універсітэта ўсё, што ён можа даць: усе веды і ўсе магчымасці. Яны павінны непакоіць прафесараў, дабівацца кансультацый дацэнтаў і выкладчыкаў, каб атрымаць найлепшую падрыхтоўку. І паверце, нашы прафесары любяць менавіта такіх цікаўных студэнтаў, якім усё трэба.
Але каб добра вучыцца, студэнтам неабходны добрае здароўе і энергія. Таму ім трэба паводзіць сябе ва ўніверсітэце так, каб не толькі захаваць, а і ўмацаваць здароўе, зрабіць яго стабільным. Для гэтага тут ёсць добрая матэрыяльная база, і яе трэба актыўна выкарыстоўваць для заняткаў фізкультурай і спортам. Выпускнікі павінны выйсці з універсітэта не толькі моцнымі прафесіяналамі, але і ўпэўненымі ў сваім здароўі грамадзянамі. Гэта вельмі важна.
Я таксама кажу студэнтам, што, калі ў іх ёсць час на навуку, то абавязкова трэба займацца даследаваннямі, здабываць навуковыя веды. Нашы супрацоўнікі заўсёды дапамогуць знайсці цікавы напрамак і разабрацца ў ім. Гэтай выдатнай магчымасцю трэба карыстацца ў студэнцкія гады.
Ну і вядома, трэба ўдасканальвацца як асоба — для гэтага ва ўніверсітэце створаны ўсе ўмовы. У выніку ў кожнага студэнта ёсць магчымасць выйсці ў свет ўсебакова развітым чалавекам, падрыхтаваным да жыццёвых выпрабаванняў і з арыентацыяй на поспех. Галоўнае — не ўпусціць час.
Зрэшты, многія студэнты менавіта так і робяць: стараюцца ўзяць з універсітэта як мага больш і выходзяць упэўненымі маладымі прафесіяналамі.

— Вядома, што многія старшакурснікі БДУІР працуюць. Ці не замінае іх работа вучобе, і наадварот?
— Сапраўды, 87% нашых пяцікурснікаў ужо працуюць па спецыяльнасці і адчуваюць сябе ў прафесіі вельмі ўпэўнена. Хаця трэба прызнаць, што напачатку ім няпроста, бо трэба паспяваць і ў рабоце, і ў вучобе. Але студэнты прывыклі да сістэматычнай вучэбнай работы, яны хутка вучацца размяркоўваць час, усведамляюць сваю адказнасць як за вучэбныя, так і за працоўныя вынікі. Таму праца вучобе звычайна не замінае. Наадварот, працуючы, студэнты вучацца больш шырока глядзець на жыццё і асобасна развіваюцца.
Адметна, што зараз мы пераходзім на двухузроўневую падрыхтоўку па схеме “4+2”. Гэта дазволіць студэнтам ужо за 4 гады атрымаць тыя ж кампетэнцыі і веды, якія дагэтуль даваліся за 5 гадоў, і, адпаведна, пайсці працаваць на год раней. Вучэбная праграма стала больш кампактнай, але для студэнта яе засваенне не будзе праблемай, бо мы ўдасканалілі тэхналогію навучання.
Напрыклад, раней я казаў пра першую электронную бібліятэку ў БДУІР, а сёння іх ва ўніверсітэце ўжо тры. І там ужо няма запісу на некалькі дзён наперад, як было напачатку: зараз амаль усе студэнты маюць ноутбукі ці планшэты, і ва ўсіх універсітэцкіх карпусах ёсць Wi-Fi. Такім чынам, сучасныя студэнты маю ць магчымасць засвойваць веды ў любы зручны для іх час.
Сёння ўжо зусім іншыя магчымасці для вучобы, а таму перыяд навучання на першай ступені становіцца больш шчыльным. Адначасова большыя магчымасці для выпускнікоў будзе прадастаўляць двухгадовая магістратура. Там маладыя людзі змогуць удасканальвацца па двух напрамках: або выбраць навуковы кірунак і за два гады атрымаць істотныя вынікі даследаванняў, або пайсці ў практыка-арыентаваную магістратуру і стаць выбітным спецыялістам, здольным да інавацыйнай дзейнасці.

— Вядома, што веды ў ІТ-галіне вельмі хутка губляюць актуальнасць. Раскажыце, Міхаіл Паўлавіч, як у такім дынамічным тэмпе БДУІР умудраецца заставацца на перадавой навукі і тэхнікі?
— Справа ў тым, што наш універсітэт адрозніваецца ад іншых нават сваім першапачатковым прызначэннем: даваць на рынак такіх спецыялістаў, якія патрэбны менавіта зараз. 50 гадоў назад, калі ствараўся МРТІ, на пад’ёме было развіццё мікраэлектронікі і радыётэхнікі, і мы працавалі пад тагачасныя патрэбы народнай гаспадаркі. У 90-х гадах на першы план пачалі выходзіць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі — і інстытут быў пераўтвораны ва ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, пачалося развіццё новага напрамку падрыхтоўкі, былі адкрыты новыя спецыяльнасці, створаны адпаведныя вучэбныя праграмы, падрыхтаваны прафесарска-выкладчыцкі склад. І такая дынамічная перабудова пад патрэбы краіны вядзецца пастаянна.
Паглядзіце, у мяне на стале — планшэт. Калі я быў студэнтам, у нас лічылася вельмі сучаснай вялізная вылічальная машына. У тэхнічным пашпарце да яе было запісана, што для правільнай эксплуатацыі гэтай машыны патрэбна плошча 110 квадратных метраў. Прайшло 40 гадоў — і вось з’явілася прылада памерам з далонь, якая на некалькі парадкаў больш магутная за тую першую машыну. Тады гаворка ішла пра мегабайты — і мы радаваліся такому прагрэсу… Сёння нават цяжка ўявіць, што будзе яшчэ праз 40 гадоў! Але тым больш прыемна ўсведамляць, што нашы студэнты і выпускнікі будуць не проста спажыўцамі найноўшых распрацовак, а іх непасрэднымі ўдзельнікамі.

— Дзякуй, Міхаіл Паўлавіч, за інтэрв’ю.

 

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.