Падарожжа па Карэліцкім раёне карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пачаў з Міра — аднаго з самых вядомых населеных пунктаў Беларусі. Разам з настаўнікамі прагуляўся па яго вулачках і даведаўся, чым яшчэ, акрамя замка, славіцца гарадскі пасёлак.
Важнае слова
Назва Мір — кароткая, але ёмістая, гучная, сімвалічная. У гэтым слове наш характар, адвечнае імкненне жыць з суседзямі, усімі народамі ў міры і згодзе. Невыпадкова першыя словы Дзяржаўнага гімна сведчаць, што мы, беларусы, — мірныя людзі.

І самыя міралюбівыя беларусы жывуць у Міры. Справа не толькі ў арыгінальным айконіме. Шматлікія войны, ліхалецці праносіліся праз гэты край. Якія толькі войскі не стаялі пад сценамі замка! Якіх толькі разбурэнняў і гора не прыносілі чужакі! Таму міране цудоўна разумеюць каштоўнасць міру, важнасць яго захавання.
— Паглядзіце на гэты здымак. На ім — Мір у 1944 годзе, адразу пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — звярнуў увагу настаўнік геаграфіі сярэдняй школы Міра імя Г.І.Сташэўскай Аляксандр Сямёнавіч Асташка. — Тады пасёлак ужо мала чым нагадваў каларытнае даваеннае мястэчка — большая частка насельніцтва знішчана акупантамі, дамы разрабаваны, на вуліцах — падбітая тэхніка, абгарэлыя будынкі. У гэтым, напрыклад, цяпер паліклініка. Складана і пазнаць, усё змянілася.

Капліца-пахавальня Святаполк-Мірскіх
Сапраўды, сёння Мір — адзін з самых утульных гарадскіх пасёлкаў краіны і папулярны турыстычны напрамак. Кожны год сюды едуць тысячы гасцей, каб прагуляцца па ціхіх вулачках, паназіраць, як белыя аблокі павольна праплываюць над гатычнымі вежамі замка, а разгалістыя дрэвы суседняга парку шчодра асыпаюць капліцу Святаполк-Мірскіх залатой лістотай…
На любы густ
Прагуляцца пад мірным небам і палюбавацца колерамі беларускай восені — што можа быць лепш! Каб школьнікі навучыліся цаніць такую магчымасць і адначасова вывучалі адметнасці роднага краю, Аляксандр Сямёнавіч распрацаваў шэраг экскурсій — пешых і веласіпедных, для малодшых і старшых школьнікаў, для аматараў гісторыі і прыхільнікаў прыроды — адным словам, на любы густ і для любога ўзросту.

— Многія едуць у Мір, каб убачыць магутныя вежы замка. Але ж у нас ёсць не менш магутны касцёл Святога Мікалая, узведзены прыкладна ў той жа час. Недалёка знаходзіцца Свята-Троіцкая царква, у ёй — незвычайныя іконы, а каля храма — адметныя пахаванні, напрыклад, маці мітрапаліта Іосіфа Сямашкі, які быў ініцыятарам Полацкага сабору 1839 года. Выдатна захаваўся і комплекс будынкаў сінагагальнага двара, — паведаміў Аляксандр Сямёнавіч.
І гэта толькі частка аб’ектаў, уключаных настаўнікам у адукацыйныя маршруты. Усяго іх — каля трох дзясяткаў. Гэта будынкі ў гістарычным цэнтры гарадскога пасёлка, брацкія магілы, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, і ахвяр генацыду, цікавыя помнікі на праваслаўных, каталіцкіх і яўрэйскіх могілках, памятныя знакі на месцы значных гістарычных падзей (напрыклад, бітвы 1812 года), тэрыторыя замкавага комплексу (у тым ліку стары парк і таямнічае возера), рэчка Міранка.
Даўнія сяброўскія адносіны школа падтрымлівае з супрацоўнікамі замкавага комплексу “Мір”. Яны дапамагаюць настаўнікам і вучням у напісанні навуковых работ, разам рэалізуюць праекты. Сёлета каля замка аформлена выстава банераў “Яны вызвалялі Мір”, а ў мінулым годзе на помніку брацкай магілы чырвонаармейцаў і партызан заменены шыльды. У выніку сумеснай работы выпраўлены памылкі ў прозвішчах, дададзены новыя імёны пахаваных тут герояў.
Пра кожны куточак малой радзімы Аляксандр Сямёнавіч можа расказваць гадзінамі, як падчас пешай прагулкі, так і веласіпедных экскурсій. Самыя любімыя і ў настаўніка, і ў яго вучняў — веласіпедныя. Адна з такіх экскурсій (“Бацькоўскі край, наш край дзівосны”) распрацавана ў рамках Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства” і карыстаецца нязменнай папулярнасцю. Па-першае, яе працягласць усяго 6 км. Па-другое, каму з падлеткаў не хочацца пакатацца на веласіпедзе пасля ўрокаў! А калі яшчэ з сябрамі ды любімым настаўнікам! Па-трэцяе, экскурсія пазнавальная, карысная, таму 4 гадзіны пралятаюць амаль незаўважна.

Цікавыя экскурсіі па родным краі праводзіць А.С.Асташка
— Штогод практыкуем краязнаўчы велапрабег па маршруце, які пачынаецца ад будынка школы. Праходзіць ён па вуліцы Кастрычніцкай да помніка ахвярам генацыду. Потым нас чакае комплекс будынкаў сінагагальнага двара, храм Святой Тройцы, па вуліцы Танкістаў пахаванне расстраляных яўрэяў. Далей рухаемся да капліцы Святаполк-Мірскіх, памятнага знака ў гонар боя 1812 года, падчас якога расійскія казакі атрымалі першую перамогу над французскімі войскамі. Ва ўрочышчы Яблонаўшчына яшчэ адна брацкая магіла ахвяр фашызму. Потым вяртаемся ў цэнтр Міра да будынка касцёла і помніка на магіле воінаў-вызваліцеляў, — паведаміў настаўнік.
Па яго словах, пры распрацоўцы падобных экскурсій важна ўлічваць не толькі іх інфарматыўнасць, але і бяспеку, пракладваць маршрут па вуліцах, дзе няма інтэнсіўнага аўтамабільнага руху. Пры гэтым не забываць, што ездзіць на веласіпедах па дарогах агульнага карыстання дазваляецца з 14 гадоў. Таму ўдзельнікамі велаэкскурсій звычайна становяцца вучні 9—11 класаў.
Легенда ці праўда?
Гэта няпросты ўзрост для слухачоў. На думку Аляксандра Сямёнавіча, падлеткам не цікава простае пералічэнне гістарычных фактаў. Каб засяродзіць іх увагу, трэба нешта арыгінальнае, незвычайнае, нейкая жыццёвая гісторыя. Тут на дапамогу экскурсаводу прыходзяць легенды і паданні.

Адна з іх (можа, зусім і не легенда, а чыстая праўда) звязана з возерам, у якое, нібы ў люстэрка, глядзіцца замак. Прагулка па яго беразе заўсёды дорыць станоўчыя эмоцыі: невялікі сасновы бор чаргуецца з кляновымі паркавымі прысадамі, якія заканчваюцца каля старадаўніх муроў. Возера прыгожае, маляўнічае, але мала хто з гасцей ведае яго назву. Аказваецца, гэта возера смерці, або праклятае. Здзівіліся? А як жа! Каля нашай славутай архітэктурнай жамчужыны раптам такі не самы мілагучны тапонім.
Як паведаміў настаўнік, калісьці на месцы возера быў сад. Аднойчы ў пару цвіцення яблынь князь Святаполк-Мірскі загадаў высекчы сад, а на яго месцы выкапаць возера. А ў народзе лічыцца, што секчы дрэва, якое цвіце, злачынства, вялікі грэх. Нядзіўна, што здарылася трагедыя — абваліўся грунт, загінула некалькі чалавек, сярод якіх і сын мясцовай знахаркі. Жанчына пракляла і князя, і возера. Гавораць, з таго часу яно пачало браць ахвяр, прычым толькі мужчынскага полу. У ім утапілася столькі людзей, колькі дрэў было высечана па загадзе князя.

І.І.Пастухова з юнымі краязнаўцамі
— Яшчэ адна легенда звязана з іконай Мікалая Цудатворца, якая знаходзіцца ў нашай царкве, — далучылася да размовы настаўніца гісторыі Інеса Іванаўна Пастухова. — Было тое ў лістападзе 1890 года. Некалькі кітайскіх купцоў ехалі са Стоўбцаў у Мір на кірмаш, прымеркаваны да дня Святога Мікалая. Згодна з яшчэ адной версіяй, яны па Нёмане дабраліся да вёскі Беражна, а ўжо адтуль паехалі на санях у наша мястэчка. Па дарозе пачалася моцная завіруха, госці збіліся з дарогі. Іх ахапіў адчай, думалі, што замерзнуць. Але раптам з’явіўся стары чалавек у пазалочаным адзенні і паказаў правільную дарогу. Хутка непагадзь скончылася і купцы ўбачылі купалы Траецкай царквы. Яны папрасіліся да настаяцеля на начлег. Падчас вячэры расказалі незвычайную гісторыю, якая з імі здарылася.

Царква Святой Тройцы
Раніцай бацюшка прапанаваў гасцям зайсці ў храм і ў якасці падзякі за выратаванне паставіць свечку каля іконы Мікалая Цудатворца, які лічыцца апекуном падарожнікаў. Калі кітайцы ўбачылі абраз, то ў адзін голас сказалі, што гэта ён падышоў да іх падчас завірухі і паказаў дарогу на Мір. На кірмашы яны паспяхова прадалі тавар і паехалі на радзіму. А ў 1892 годзе вярнуліся. З сабой прывезлі габелен з выявай Мікалая Цудатворца, вытканы з шоўку і ўпрыгожаны жэмчугам. Незвычайную ікону змясцілі ў царкве. У той жа год у мястэчку адбыўся пажар. Царква ўнутры выгарала, але якім было здзіўленне людзей, калі пад попелам яны знайшлі непашкоджаны габелен. Ён і сёння знаходзіцца ў храме. Тое, што яго ткалі ў Кітаі, лёгка вызначыць — аблічча Мікалая Цудатворца нагадвае жыхара Паднябеснай.
Словы Інесы Іванаўны гучалі пераканаўча. І ўсё ж некаторыя моманты гісторыі падаліся дзівоснымі. Аднак ікона-габелен… Яна і цяпер у царкве, і кожны падарожнік можа памаліцца Святому Мікалаю. Шкада, што ў дзень маёй камандзіроўкі храм быў закрыты. Але гэта не расчаравала — будзе яшчэ адна нагода прыехаць у Мір.

Дырэктар сярэдняй школы Міра імя Г.І.Сташэўскай Т.І.Шаплыка з пасведчаннем свайго дзядулі аб заканчэнні Мірскага народнага вучылішча
Прыклад чалавечнасці
У царкве можна ўбачыць не толькі ікону, падораную кітайцамі, але і падсвечнікі, зробленыя і перададзеныя ў праваслаўны храм па заказе мясцовых яўрэяў. На такіх прыкладах і паказваецца рэлігійная цярпімасць, талерантнасць мясцовых жыхароў, Мір апраўдвае сваю назву.
Наогул у пачатку мінулага стагоддзя больш за палову 6-тысячнага насельніцтва мястэчка складалі яўрэі. З даўніх часоў яны жылі тут па суседстве з беларусамі, татарамі, палякамі, рускімі. Мірна працавалі, развівалі паселішча. Асноўным іх заняткам быў гандаль. Складана паверыць, аднак 300 гадоў назад у Міры працавала аж 97 магазінаў. І гэта пры тым, што тады ў мястэчку было ўсяго чатыры вуліцы.

Метадыст Карэліцкага РВМК Д.А.Гаспадыніч запрашае ў родны Мір
— Толькі 40 чалавек засталося ў жывых пасля Вялікай Айчыннай вайны з больш чым 3 тысяч яўрэяў. Усе забітыя ляжаць у брацкіх магілах, да якіх мы абавязкова наведваемся падчас экскурсій. Сёння пра шматвекавое жыццё яўрэяў у Міры нагадваюць толькі помнікі архітэктуры, самыя значныя з якіх уваходзяць у склад сінагагальнага двара. Ён адзіны ў Беларусі, які захаваўся ў першапачатковым выглядзе. Цікавы ансамбль яшчэ і тым, што знаходзіцца на кампактнай плошчы. Там размяшчаліся цёплая і халодная сінагогі, малітоўныя дамы, шпіталь, нават лазня і грамадскія прыбіральні.
Першапачаткова гэтыя будынкі былі драўлянымі. Аднак пасля пажару 9 жніўня 1892 года іх узвялі каменнымі, таму яны і захаваліся да нашых дзён, за выключэннем лазні і шпіталя. Сінагагальны двор уяўляе сабой прыклад мясцовай архітэктуры і з’яўляецца часткай гістарычнай забудовы.
Асабліва славілася іешыва “Мір”. У пачатку ХХ стагоддзя ў ёй вучылася каля 300 чалавек з розных краін свету: ЗША, Германіі, Англіі, Аўстрыі, Бельгіі, Францыі, Канады, Даніі. Уявіце, людзі перасякалі акіян, ехалі за тысячы кіламетраў, каб вучыцца ў Міры! Студэнтаў іешывы мясцовыя жыхары называлі маламантамі. Яны славіліся сваёй адукаванасцю. Старажылы і сёння раскажуць, як студэнты-яўрэі (прадстаўнікі Ордэна Аскетаў) хадзілі зімой босыя і ў валасяніцах, мыліся ў возеры. А кожную суботу прагульваліся па Міры ў чорным адзенні, у гальштуках і шапках з белымі стужкамі. І ўвесь час маліліся. У 1947 годзе мірская іешыва раздзялілася. Частка студэнтаў накіравалася ў Эрэц-Ісраэль, другая — у Нью-Ёрк. У сённяшні час сотні студэнтаў вывучаюць Тору і Талмуд у іешывах “Мір” у Іерусаліме і Брукліне, — паведаміў Аляксандр Сямёнавіч.
Сумную навіну даведаліся гэтым летам педагогі-краязнаўцы краіны: пайшоў з жыцця вядомы даследчык мінулага Міра настаўнік гісторыі Валерый Іванавіч Брант, які неаднаразова быў героем “Настаўніцкай газеты”. Яго шматгадовую плённую працу працягваюць калегі. Напрыклад, эстафету ў кіраўніцтве школьным народным гісторыка-краязнаўчым музеем пераняла Вольга Аляксандраўна Варанко.
На будынку былой іешывы ў цэнтры Міра можна ўбачыць шыльду з незвычайным для гэтых мясцін іменем — Ціунэ Сугіхара. Няцяжка здагадацца, што яно японскае. Больш за тое, гэты чалавек праслаўлены Японскай Праваслаўнай Царквой у ліку мясцовашануемых святых. Аказваецца, ён здзейсніў гераічны, а лепш сказаць, проста чалавечы учынак, выратаваўшы жыццё соцень мірскіх яўрэяў. Па словах Аляксандра Сямёнавіча, перад пачаткам Другой сусветнай вайны мірская іешыва пераехала ў Каўнас, аднак з-за пагрозы Германіі і нежадання еўрапейскіх краін прыняць яўрэяў становішча мірскіх студэнтаў заставалася вельмі цяжкім. Толькі Нідэрланды пагадзіліся прыняць іх у заморскіх уладаннях Кюрасао і Сурынаме. Урад СССР згадзіўся прапусціць студэнтаў праз сваю тэрыторыю. Усё цяпер залежала ад пазіцыі Японіі. І тут на дапамогу прыйшоў консул гэтай краіны ў Каўнасе Ціунэ Сугіхара. Насуперак прадпісанню свайго ўрада ён вырашыў выдаць візы. Рызыкуючы пасадай і нават жыццём, выпісаў каля 2,5 тысячы віз яўрэям (у тым ліку 350 студэнтам мірскай іешывы). Спяшаючыся, Сугіхара капіраваў візы на адно прозвішча — Рабіновіч, таму сярод мясцовых жыхароў захавалася легенда, што напярэдадні вайны з Міра з’ехала аж 500 Рабіновічаў. За выратаванне яўрэяў у 1985 годзе Ціунэ Сухігара быў прызнаны Праведнікам народаў свету. Як праведнік ён шануецца і Японскай Праваслаўнай Царквой.

“Когда я на почте служил ямщиком…”
Ва ўласнасці яўрэяў былі не толькі магазіны, але і карчма. У адной з іх (сёння тут знаходзіцца аптэка) калісьці адбылася цікавая размовы двух людзей — Уладзіслава Сыракомлі і мясцовага паштальёна, які расказаў паэту адну гісторыю са свайго жыцця. Справа была зімой, яму патрэбна было тэрмінова адвезці ў вёску Беражна (яна кіламетраў за 15 ад Міра) пакет. Калі ехаў на кані праз заснежаны лес, то пачуў стогны, просьбу аб дапамозе. Але паколькі быў пры выкананні абавязкаў і яму трэба было тэрмінова адвезці пісьмо, не спыніўся. Ужо на зваротнай дарозе ўбачыў на тым месцы мёртвага чалавека. Разгроб снег і пазнаў сваю каханую. Пад уплывам гэтай споведзі Сыракомля напісаў верш “Паштальён”. У 1868 годзе Трэфалеў пераклаў яго на рускую мову, пазней словы паклалі на музыку, так і нарадзілася вядомая песня “Когда я на почте служил ямщиком…”.
Выдатнае дапаўненне
Слухаць аповед Аляксандра Сямёнавіча і яго калег можна бясконца. І прычына не толькі ў майстэрстве апавядальнікаў.

В.А.Варанко
Незвычайныя жыццёвыя гісторыі, якія калісьці здараліся з мясцовымі жыхарамі, сёння зробяць любую экскурсію па старажытным Міры больш яркай, запамінальнай, цудоўна дапоўняць словы пра веліч замка, архітэктурную адметнасць гістарычнага цэнтра. Безумоўна, дзякуючы такім гісторыям, прасцей сфарміраваць у вучняў цікавасць да мінулага роднага краю.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара





