Не збаўляць абароты

- 9:10Інфармацыйная гадзіна

Галоўнай стратэгічнай задачай для аграпрамысловага комплексу з’яўляецца выхад на экспарт прадукцыі ў памеры $7 млрд. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, прымаючы з дакладам віцэ­-прэм’ера Аляксандра Субоціна і міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Івана Крупко.

Прэзідэнт адзначыў, што ў гэтым годзе, у тым ліку ў пе­рыяд уборачнай кампаніі, тэматыка АПК абмяркоўвалася не раз і вынікі яго работы яшчэ трэба будзе падвесці. Аднак за бягучымі пытаннямі трэба прадумваць і стратэгію развіцця галіны, на што і ўказаў беларускі лідар.

“У сувязі з тым, што ў свеце крызіс прадуктаў харчавання відавочны і гэты крызіс толькі ўзмацняецца, попыт на прадукты харчавання будзе толькі павышацца. Зразумела, цэны на іх будуць расці, таму гэта наша стратэгія — каб ні ў якім разе не збавіць абароты. Ну і свой рынак — гэта святое”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт паставіў задачу забяспечыць напаўненне стабілізацыйных фондаў. “Якія ў нас тут розначытанні паміж галіной і гандлем, губернатарамі і мэрам Мінска? Адны гавораць: трэба цяпер прадаць прадукцыю, пакуль цэны высокія. Іншыя гавораць пра тое, што трэба, каб былі на 100 працэнтаў стабілізацыйныя фонды”, — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на тое, каб насельніцтва было забяспечана прадуктамі харчавання ў поўным аб’ёме і па прымальных цэнах.

Размова ішла таксама пра задачы ў АПК на сярэднетэрміновую перспектыву, у прыватнасці, пра арганізацыю рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, асабліва энерганасычанай. “Трэба вызначыцца, у якіх месцах нашы флагманы — МТЗ, “Гомсельмаш”, “Амкадор” і іншыя — дапамогуць аднавіць тэхніку на працягу зімы да вясны”, — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы, пад­крэсліўшы, што гэта трэба зрабіць па мінімальных цэнах.

Адзін з напрамкаў, які абмяркоўваўся, — меліярацыя і павышэнне ўрадлівасці глебы. “Гэта дзяржаўнае пытанне”, — пад­крэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнта таксама цікавілі перспектывы распаўсюджвання вопыту работы сучасных тэхналагічных гаспадарак накшталт комплексу “Вусце” Нацыянальнай акадэміі навук у Аршанскім раёне. “Мы дамовіліся, што вы пагледзіце, ці трэба нам наогул гэта шырока ўкараняць і дзе мы будзем асвойваць гэтыя тэхналогіі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама спытаў аб выніках работы інтэграцыйных структур, створаных у Віцебскай вобласці: “Як там наш так званы эксперымент? Удаўся ці не? Ужо другі год працуем у гэтых умовах. Ці атрымала Віцебская вобласць тое, чаго мы ад яе чакалі?” Аляксандр Лукашэнка паабяцаў у хуткім часе асабіста наведаць некаторыя сельгаспрадпрыемствы, якія ўваходзяць у гэтыя інтэграцыйныя структуры, і ацаніць іх эфектыўнасць.

“Некалькі канкрэтных пытанняў: лён, рапс, азімы ячмень і іншыя культуры, якія дадуць нам магчымасць у будучым го­дзе пачаць уборку ў чэрвені і завяршыць яе як мага раней”, — абазначыў яшчэ шэраг пытанняў кіраўнік дзяржавы.

Асобную ўвагу Прэзідэнт засяродзіў на адказнасці вытворцаў, перапрацоўшчыкаў і гандлю за цэны на прадукты харчавання.

“Для мяне галоўнае, каб лю­дзі, маючы адносна невысокую заработную плату (хоць мы і тут вытрымліваем свае абяцанні), маглі купіць прадукты харчавання. Людзі павінны быць апрануты і накормлены. Я не гавару пра нейкія верталётныя грошы, пра тое, што мы будзем усіх апранаць. Чалавек павінен сам паклапаціцца пра сябе”, — адзначыў беларускі лідар.

“Але, тым не менш, тут наш абавязак ёсць: інфляцыя, рост цэн на прадукты харчавання (размова аб маніторынгу і кантролі за адпаведнымі працэсамі, каб цэны на прадукты харчавання былі прымальнымі для насельніцтва. — Заўвага БелТА.). Гэта і ваша, і ўрада ў цэлым задача”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.