Уступныя выпрабаванні ў 20 беларускіх ліцэях завершаны. Абітурыенты залічаны, кантрольныя лічбы прыёму выкананы. Некаторыя напрамкі навучання адзначыліся саліднымі конкурсамі. Пра вынікі кампаніі карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» пагаварыла з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі.
Экзамены праходзілі ва ўсіх ліцэях краіны адначасова ў перыяд з 16 чэрвеня па 1 ліпеня ў пісьмовай форме па адзіных заданнях, распрацаваных РІКВ. Для таго, каб абітурыент мог заставацца ў конкурсе на залічэнне, па кожным іспыце ён павінен быў набраць не ніжэй за 6 балаў (паводле шкалы пераводу сумарнай колькасці балаў, атрыманых за выкананне экзаменацыйнай работы пры прыёме ў 10-ы клас ліцэяў, у адзнаку па дзесяцібальнай шкале). Па выніках выпрабаванняў складаўся рэйтынг, і, зыходзячы з кантрольных лічбаў прыёму, праходзіла залічэнне абітурыентаў.
***
— У ліцэй Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта план набору склаў 104 чалавекі, — расказала яго кіраўнік Аліна Сінкевіч. — 52 вучні паступілі ў профільныя класы з вывучэннем на павышаным узроўні асобных прадметаў: англійскай мовы і матэматыкі, фізікі і матэматыкі, хіміі і біялогіі. Самы вялікі конкурс — 3,9 чалавека на месца — склаўся на першыя два напрамкі. Астатнія 52 навучэнцы залічылі ў спецыялізаваныя па спорце класы, адкрытыя ў ліцэі па чатырох відах спорту: веславанне, плаванне, футбол, хакей. У гэтыя класы абітурыенты залічваюцца па рэкамендацыі адпаведных спартыўных школ або спартыўных клубаў. Сярод кандыдатаў — юнакі і дзяўчаты, якія паспяхова здалі адпаведныя нарматывы і атрымалі рэкамендацыю СДЮШАР. Сярод залічаных ёсць адзін майстар спорту, 6 кандыдатаў у майстры спорту, уладальнікі прызавых месцаў на спартыўных спаборніцтвах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Па рашэнні прыёмнай камісіі нашага ўніверсітэта, якая арганізуе ўступную кампанію ў ліцэі, сярэдні бал дакумента аб адукацыі кандыдата для залічэння ў спецыялізаваны па спорце клас павінен складаць не менш за 6 балаў.
Штогод у красавіку — маі на базе ліцэя арганізуюцца падрыхтоўчыя курсы для паступаючых. Ліцэістамі ў выніку становяцца ад 90 да 100 % слухачоў курсаў. Які агульны партрэт сёлетняга ліцэіста? У асноўным гэта жыхары Пінска і раёна. Са 104 чалавек 35 з’яўляюцца жыхарамі розных рэгіёнаў краіны: Брэстчыны, Віцебшчыны, Мінска. Усё часцей ва ўстанову паступаюць навучэнцы з мнагадзетных сем’яў. Іншагароднія забяспечваюцца бясплатным пражываннем ва ўтульным інтэрнаце павышанай камфортнасці і бясплатным гарачым харчаваннем. Сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі ў тых, хто выбраў профільнае навучанне, склаў 9, у кандыдатаў у спецыялізаваныя па спорце класы — 7.
— Наша асноўная мэта — максімальна інтэграваць навучэнцаў у студэнцкае асяроддзе, забяспечыць якасную падрыхтоўку абітурыентаў, перш за ўсё для нашага ўніверсітэта, — адзначыла дырэктар ліцэя. — Для выпускнікоў ліцэяў пры ВНУ існуюць пэўныя прэферэнцыі: яны могуць паступаць у свой універсітэт без уступных выпрабаванняў, калі па выніках навучання ў ліцэі адзнакі па вучэбных прадметах, што трэба здаваць ва ўніверсітэт, будуць 9 або 10, па астатніх — не ніжэй за 8.
Ліцэй актыўна выкарыстоўвае матэрыяльную базу ПалесДУ, у тым ліку сучасны спартыўны комплекс. Выкладчыкі і настаўнікі разам займаюцца падрыхтоўкай адоранай моладзі. Ліцэісты і студэнты ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці ўніверсітэта, у яго творчых калектывах. У 2023 г. 41 % выпускнікоў ліцэя сталі студэнтамі Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Некалькі гадоў запар навучэнцы ліцэя ў складзе хакейнай каманды «Пінскія Ястрабы» займаюць прызавыя месцы на чэмпіянаце Беларусі па хакеі. Па выніках сезона 2022/2023 г. каманда ліцэістаў заняла 1-е месца ў чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па хакеі з шайбай (юнацкая ліга), што дазволіла ёй прыняць удзел у фінале першынства Расіі па хакеі з шайбай сярод юніёраў 2005 г. н. у Омску. 7 спартсменаў-навучэнцаў папоўнілі рады зборных Рэспублікі Беларусь U-18 і U-17.
***
— У ліцэй Наваполацка сёлета было залічана 120 чалавек, а заяў падалі 157 абітурыентаў. Як і ў мінулым годзе, лідзіравалі тры напрамкі: «руская мова і замежная мова», «матэматыка і замежная мова», «грамадазнаўства і замежная мова». Тут склаліся самыя вялікія конкурсы, больш за 2 чалавекі на месца, і па гэтых прадметах маладыя людзі набралі максімальную колькасць балаў на ўступных іспытах, — паведаміла дырэктар установы Ірына Дземенкавец. — Навучэнцы таксама выбіралі профілі «гісторыя Беларусі і руская мова», «матэматыка і руская мова», «матэматыка і фізіка». Прапаноўваўся і самы прафесійна арыентаваны профіль «хімія і біялогія», дзе звычайна невялікі конкурс. Затое на яго паступаюць юнакі і дзяўчаты, якія дакладна вырашылі звязаць сваё жыццё з медыцынай. Сярод тых, хто ўжо залічаны ў ліцэй, 18 прэтэндэнтаў на атрыманне медаля, у тым ліку 7 чалавек будуць вучыцца на хіміка-біялагічным профілі. Таксама да нас прыйшлі 4 пераможцы абласных прадметных алімпіяд. Спадзяемся, што нам удасца падняць іх вынікі. У ліцэі большасць настаўнікаў з’яўляюцца сапраўднымі прафесіяналамі, працуюць тут шмат гадоў. У 2024 г. на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах ліцэісты заваявалі два дыпломы — па гісторыі і фізкультуры.
Традыцыйна ў ліцэі Наваполацка вучыцца вялікая колькасць мясцовых жыхароў і палачан. Каля 30 % яго выпускнікоў звычайна паступаюць у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Але ёсць і прыезджыя з розных раёнаў Віцебшчыны і краіны. Дарэчы, два гады назад быў адкрыты другі ў Віцебскай вобласці ліцэй пры Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава.
***
— У Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 1 усяго сёлета прынялі 192 чалавекі па профілях «хімія — біялогія», «хімія — матэматыка», «матэматыка — фізіка», «руская/беларуская мова — замежная мова», «грамадазнаўства — замежная мова». Па апошнім кірунку конкурс склаў крыху больш за 2 чалавекі на месца, дзе да таго ж дзеці набралі высокія балы на ўступных іспытах, — заўважыла намеснік дырэктара ліцэя па вучэбнай рабоце Юлія Сарокіна. — Традыцыйна некаторыя абітурыенты ўдзельнічалі ў конкурсе на некалькі кірункаў, адпаведна здавалі тры ўступныя іспыты. Так было на профілях «руская/беларуская мова — замежная мова» і «грамадазнаўства — замежная мова». Два вучні паступілі без уступных выпрабаванняў. Гэта пераможца заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі Кірыл Родзін і Максім Іванчанка (па кірунку «фізіка — матэматыка»), які атрымаў рэкамендацыю назіральнага савета Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Абодва юнакі выпускнікі сярэдняй школы № 11 Магілёва імя М.Ц. Раманава.
Даваць якасную адукацыю ўсім дзецям, незалежна ад месца пражывання, — такая місія абласнога ліцэя. Сюды паступае моладзь з рэгіёнаў, у тым ліку з сельскай мясцовасці. Гэтая тэндэнцыя з году ў год нарастае. Са 192 ліцэістаў, якія былі залічаны сёлета, 73 іншагароднія, у тым ліку 19 — з сельскай мясцовасці. Яны пражываюць у інтэрнаце пры ліцэі, атрымліваюць чатырохразовае бясплатнае харчаванне. Яшчэ адна задача ліцэя — развіццё патэнцыялу адораных навучэнцаў. Ва ўстанове функцыянуюць тры абласныя рэсурсныя цэнтры па падрыхтоўцы да рэспубліканскіх алімпіяд па фізіцы, геаграфіі, англійскай мове, працуюць філіялы кафедры матэматыкі і кафедры гісторыі і філасофіі МДУ імя А.А. Куляшова. Сярод вопытных і кваліфікаваных педагогаў ліцэя народны настаўнік краіны Валерый Барашкоў. На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у 2024 г. ліцэісты заваявалі 11 дыпломаў. А выпускнікі ліцэя прынеслі 17 стабальных вынікаў на ЦЭ і ЦТ.
***
— У Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 3 сёлета набіралі 168 чалавек. Самы высокі конкурс склаўся на профіль «хімія — матэматыка»: даходзіла да 3,2 чалавека на месца. Па 2,4 чалавека прэтэндавала на «матэматыку — замежную мову» і «грамадазнаўства — замежную мову», — расказаў дырэктар установы Канстанцін Грыгаровіч. — Так атрымалася з улікам таго, што некаторыя дзеці падавалі дакументы адразу на два напрамкі. Акрамя таго, мы прымалі абітурыентаў на «хімію — біялогію», «матэматыку — фізіку». Да нас прыйшлі падрыхтаваныя навучэнцы, з сярэднім балам атэстата ад 8 і вышэй, якія прайшлі праз школы юных і падрыхтоўчыя курсы ліцэя. Сярод іх больш за 20 выдатнікаў, 3 пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды і каля 20 пераможцаў абласнога этапу. Упэўнены, мы выпусцім з нашых сцен сапраўдных зорачак. Сёлета ліцэй ганарыцца сваімі 17 стабальнікамі, у іх лік увайшоў Мікалай Халамаў, які атрымаў тры стабальныя сертыфікаты. На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у 2024 г. ліцэістамі заваявана 4 дыпломы.
Суразмоўнік заўважыў, што сістэму ўступных выпрабаванняў, адладжаную РІКВ на працягу апошніх трох гадоў, цалкам падтрымлівае калектыў ліцэя. Заданні для ўступных выпрабаванняў разлічаны, як і належыць, на добра падрыхтаваных вучняў.
— Дазвольце ўнесці некаторыя прапановы па ўдасканаленні сістэмы прыёму ў ліцэі. Лічу, што мэтазгодна прымаць без уступных выпрабаванняў ва ўсе ліцэі, акрамя Ліцэя БДУ, пераможцаў 3-га этапу рэспубліканскіх прадметных алімпіяд (па аналогіі з паступленнем у рэгіянальныя ВНУ). Ёсць сэнс скарэкціраваць тэрміны ўступных выпрабаванняў: спачатку праводзіць іх у вядучым ліцэі пры БДУ, затым у астатніх ліцэях, — дадаў К. Грыгаровіч
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстаноў