Ніякі гвалт не мае апраўдання, і любыя яго праяўленні можна папярэдзіць, лічаць настаўнікі школы № 1 Горак

- 16:17Новости, Психолог в школе

Ніякі гвалт не мае апраўдання, і любыя яго праяўленні можна папярэдзіць. Такога меркавання прытрымліваюцца настаўнікі сярэдняй школы № 1 Горак. Педагагічны калектыў тут займаецца ажыццяўленнем інавацыі па стварэнні ў навучальнай установе асяроддзя, дружалюбнага дзецям. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— У Рэспубліканскі эксперыментальны праект па распрацоўцы і апрабацыі мадэлі спрыяльнага асяроддзя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі мы ўключыліся крыху больш за год назад. Зацікавіліся не выпадкова. Апошнім часам праблема гвалту ў школе становіцца ўсё больш актуальнай. Асаблівую небяс­пеку ўяўляе распаўсюджванне булінгу. У сувязі з гэтым першаснае значэнне набывае адпаведная падрыхтоўка педагогаў, псіхалагічная асвета бацькоў і дзяцей. Па выкананні гэтай задачы і вядзём планамерную работу, — расказ­вае дырэктар школы Алена Манаева.

У 1-й горацкай школе ўпэўнены: сістэма адукацыі мае вялікія магчымасці для прафілактыкі гвалту. Ва ўстанове распрацавалі стратэгію комп­лекснага ўздзеяння на ўсіх удзельнікаў вучэбнага працэсу, якая накіравана на фарміраванне паводзін, заснаваных на ўзаемнай павазе і недапушчэнні гвалту ў міжасобасных адносінах.

— Мы зрабілі ўпор на павышэнне інфармаванасці аб праяўленнях булінгу. Былі праведзены круглыя сталы, семінары і трэнінгі для бацькоў і педагогаў, дзе сумесна распрацоўваліся алгарытмы супрацьдзеяння гвалту. Для навучэнцаў арга­нізавалі факультатыў “Роўны вучыць роўнага”. На гэтых занятках ініцыятыўная група з ліку вучняў вучыць іншых дзяцей практыкам мірнага вырашэння канфліктаў і медыяцыі ў спрэчках. Значнай падзеяй стала прыняцце своеасаблівай канстытуцыі, дзе замацаваны правы і абавязкі ўсіх грамадзян школы, — гаворыць педагог-псіхолаг Святлана Аўдзеенка.

Асобныя механізмы ба­рацьбы з насіллем прыдумалі непасрэдна навучэнцы. Ра­зам з настаўнікамі дзеці распрацавалі правілы класных калектываў, якія спрыяюць усталяванню бяспечнай абстаноўкі сярод аднакласнікаў. Гэтыя нормы паводзін заснаваны на сяброўстве, працавітасці, дабрыні, чуласці, міласэрнасці. Правілы вісяць на стэндах у кожным вучэбным кабінеце, нагадваючы вучням аб тым, як неабходна сябе паводзіць.

— Ва ўсіх класах распрацаваны праекты “Pro100 школьнае жыццё”, дэвіз якіх “Не” гвалту ў школьным асяроддзі!”. Вучні-актывісты таксама выступілі ініцыятарамі стварэння спецыялізаванага чат-бота “Стоп булінг”. Праграма дае дакладныя парады аб тым, што рабіць, калі дзіця крыў­дзяць, арыентуе, куды звярнуцца па дапамогу. Бот атрымаў фінансавую падтрымку ад ЮНІСЕФ у Беларусі і Інстытута псіхалогіі БДПУ, — адзначае Святлана Аўдзеенка.

Рэалізацыяй патрэбнай інавацыі ў сярэдняй школе № 1 Горак заняліся нядаўна. Аднак станоўчыя вынікі ад плённай працы ўжо ёсць.

— Значна павысілася псіхалагічная інфармаванасць бацькоў і педагогаў. Цяпер яны выразна ведаюць, якія моманты ў паводзінах дзяцей нельга пакідаць незаўважанымі. Павышаная трывож­насць, раздражняльнасць, крыўдлівасць, дэпрэсія, агрэсія і гнеў могуць быць маркерамі булінгу. Нашы настаўнікі і сем’і навучэнцаў разуме­юць, як рэагаваць і прадухіліць гвалт. Змянілася і стаўленне да праблемы саміх школьнікаў. Падлеткі не баяцца гава­рыць пра булінг, разумеюць, што рабіць у такіх сітуацыях, — падкрэслівае дырэктар.

У планах школы — далейшая прапаганда недапушчэння булінгу. Ва ўстанове маюць намер прадоўжыць развіццё тэматычнага чат-бота. У прафілактычнай рабоце акцэнт плануюць зрабіць на педагагічным ментарстве і самастойнай дзейнасці навучэнцаў. Як паказала практыка, найбольшы эфект інфармацыйныя гутаркі маюць для дзяцей тады, калі тлумачэнні гучаць са слоў іх аднагодкаў.

Парады для бацькоў, дзеці якіх сутыкнуліся з булінгам

Пераканайцеся, што дзіця сапраўды стала ахвярай. Паспрабуйце зразумець прычыну гвалту: знешнасць дзіцяці, асаблівасці яго па­водзін, дрэнная, а часам і выдатная паспяховасць, адсутнасць пэўных статусных прадметаў.

Не ігнаруйце і не пускайце падзеі на самацёк. Калі дзіця напалохана і ўзрушана булінгам, пакіньце яго на нейкі час дома, не вадзіце ў школу.

Супакойце і падтрымайце дзіця словамі: “Добра, што ты мне сказала”; “Ты правільна зрабіла”; “Я табе веру”; “Ты ў гэтым не вінавата”; “Я пастараюся зрабіць так, каб табе больш не пагражала небяспека”.

Паведаміце аб здарэнні класнаму кіраўніку і школьнаму псіхолагу. Разам знайдзіце шляхі выхаду з сітуацыі. Прыміце ўсе неабходныя меры, каб ваша дзіця адчувала сябе паўнавартасным членам грамадства.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара