Новаўвядзенні для самаразвіцця: дырэктар гімназіі № 1 Горак Сяргей Пруднікаў — аб сакрэтах эфектыўнага кіравання

- 13:20Персона, Школа управления

Гімназія № 1 Горак даўно і паспяхова канкурыруе з вядучымі агульнаадукацыйнымі ўстановамі Магілёўскай вобласці. Гэта сучасная ўстанова адукацыі, якая здолела заняць лідарскія пазіцыі па многіх напрамках — выхаваўчых, інтэлектуальных, творчых. Сакрэтамі эфектыўнага кіравання з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” падзяліўся дырэктар гімназіі Сяргей Пруднікаў.

Сяргей Іванавіч Пруднікаў на пасадзе дырэктара гімназіі № 1 Горак працуе з лютага 2009 года (агульны кіраўнічы стаж складае каля 30 гадоў). Прадстаўляе Магілёўскую вобласць у Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі краіны. Быў дэлегатам VІ Усебеларускага народнага сходу. Мае шэраг узнагарод: граматы Міністэрства адукацыі, галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, ганаровыя граматы Горацкага раённага выканаўчага камітэта, Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў.

— Сяргей Іванавіч, як даўно вы займаеце пасаду дырэктара і як увогуле прыйшлі ў педагогіку?

Кіраўнікамі не нараджаюцца, кіраўнікамі становяцца. Мой дырэктарскі вопыт пачаў фарміравацца яшчэ да таго, як я прыйшоў працаваць у 1-ю гімназію Горак.

Пачынаў настаўнікам фізікі і матэматыкі ў Каменскай сярэдняй школе Горацкага раёна пасля заканчэння тады яшчэ Магілёўскага педагагічнага інстытута. Выбраў педагагічную прафесію невыпадкова: мой бацька Іван Іосіфавіч Пруднікаў быў настаўнікам працоўнага навучання і чарчэння. Таму пасля заканчэння Высакагорскай сярэдняй школы Краснапольскага раёна я мэтанакіравана падаў дакументы на фізіка-матэматычны факультэт. У раён прыехаў ужо з жонкай і сынам у 1992 го­дзе. Дарэчы, жонка таксама выпускніца фізмата.

У гэтым жа годзе быў залічаны ў рэзерв раённага аддзела адукацыі. За год двойчы быў на курсах і праходзіў стажыроўку. У жніўні 1993 года мяне прызначылі дырэктарам Сялецкай базавай школы, у якой на той час вучыліся 118 хлопчыкаў і дзяўчынак. Мне тады было ўсяго 24 гады. І хоць школа была далёка ад раённага цэнтра, жыццё ў ёй кіпела. Я стараўся захоў­ваць традыцыі і прыўносіць штосьці новае, і ў мяне гэта атрымалася. Школа стала цэнтрам сацыяльна-культурнага жыцця вёскі. Запрацавала ў вячэрні час спартзала, для ўсіх жыхароў праводзіліся культурныя мерапрыемствы. Калектыў падтрымліваў амаль усе мае пачынанні. Некаторыя ідэі я пераймаў ад калег на курсах, а некаторыя ўзнікалі ў мяне пасля прачытання спецыяльнай літаратуры і з уласнага вопыту.

Затым я быў пераведзены ў Станаўскую базавую школу, працаваў на вучэбна-вытворчым камбінаце, у раённым аддзеле адукацыі, сярэдняй школе № 2 Горак. Апошнія 15 гадоў кірую вельмі прафесійным і згуртаваным калектывам гімназіі, якая, дарэчы, была створана ў 1992 годзе на базе сярэдняй школы № 5 і стала адной з першых у вобласці. І на гэтым шляху ўзорам працавітасці, прафесіяналізму, мэтанакіраванасці была Надзея Генадзьеўна Ануфрыева, якая стала для мяне арыенцірам і прыкладам паспяховага кіраўніка. Я ёй вельмі ўдзячны за падтрымку і дапамогу.

 — Сёння кампетэнцыі дырэктара школы вельмі разнастайныя. Гэтая пасада шматфункцыянальная. Якія функцыі дырэктара, на ваш погляд, з’яўляюцца вызначальнымі?

Каб выпускнікі гімназіі былі запат­рабаваны грамадствам, трэба прыкласці сур’ёзныя намаганні. Неабходна ісці ў нагу з часам, як гаворыцца, трымаць руку на пульсе падзей. Таму сучаснаму кіраўніку, на мой погляд, трэба валодаць цэлым комплексам кампетэнцый, якія спрыяюць рэалізацыі планаў і пастаўленых задач.

Сёння дырэктар навучальнай установы — універсальны кіраўнік: трэба весці за сабой калектыў, знаходзіць паразуменне з бацькамі, быць узорам (або імкнуцца да гэтага) для вучняў, выбудоўваць канструктыўныя адносіны з сацыяльнымі партнёрамі, быць гарантам дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі. Вельмі важна глядзець наперад і бачыць мэту, імкнуцца прымаць правільныя рашэнні і завяршаць справу поспехам, перамогай.

Сёння прафесійнаму росту школьнага дырэктара вельмі спрыяе дзейнасць Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі. Вы ў ёй прадстаўляеце Магілёўскую вобласць. Як гэтая дзейнасць адбіваецца на вашым дырэктарстве?

Для мяне гэта крыніца пастаяннага натхнення і ўдасканалення. Быць членам савета Асацыяцыі дырэктараў школ і членам савета Асацыяцыі школ Расійскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь — не толькі па­чэсна і адказна. Гэта багатыя прафесійныя зносіны. На пляцоўках гэтых арганізацый абмяркоўваюцца і знаходзяцца шляхі вырашэння глабальных і лакальных адукацыйных пытанняў. Разам мы знаходзім адказы на тыя выклікі, што з’яўляюцца ў адукацыйнай прасторы не толькі нашай краіны, але і Расіі. Новы вопыт, ідэі, цікавыя формы і метады, перадавыя тэхналогіі і падыходы — усё гэта вынік зносін з аднадумцамі, людзьмі, якія хварэ­юць за будучыню нашай моладзі.

— Сяргей Іванавіч, а якія дакументы для дырэктара школы самыя важныя?

— Пры вырашэнні штодзённых задач трэба заўсёды заставацца ў прававым полі, што магчыма толькі тады, калі абапіраешся на шэраг нарматыўных дакументаў: статут установы, правілы ўнутранага працоўнага распарадку, правілы паводзін для навучэнцаў, правілы педагагічных работнікаў, Кодэкс аб адукацыі Рэспублікі Беларусь і іншыя, у тым ліку лакальныя, дакументы. Але як бы правільна ўсе яны ні былі напісаны, справу робяць простыя настаўнікі.

— Якіх правіл прытрымліваецеся, кіруючы педагагічным калектывам? Якія ўмовы патрэбны для яго зладжанай работы?

 — Дырэктар павінен быць кампетэнтным спецыялістам, камунікабельным чалавекам, уважлівым да падначаленых. Праб­лемы пажадана вырашаць творча, а не па шаблонах. Калі твае калегі бачаць, што бязвыхадных сітуацый няма, то імкнуцца да творчасці разам з табой і становяцца больш адказнымі. Самае галоўнае ў дзейнасці любога кіраўніка — зрабіць так, каб кожны настаўнік раскрыўся як прафесіянал. І тут няма ўніверсальнай парады або алгарытму, бо ўсе педагогі розныя. Таму пытанню матывацыі настаўніка трэба ўдзяляць асаб­лівую ўвагу. Прынцыпаў матывацыі даволі шмат, але сутнасць усіх іх адна — маральнае і матэрыяльнае стымуляванне.

— Як будуеце адносіны з вучнямі?

— Побач з намі ўвесь час знаходзяцца нашы дзеці, і яны вельмі ўважліва сочаць за намі і кантралююць тое, што мы робім і як мы гэта робім. Кожнае дзіця — чалавек з меншым, чым у нас, жыццёвым вопытам, але гэта такі ж чалавек, як і мы. Таму трэба быць з ім сумленным, справядлівым, патрабавальным і паслядоўным. І тады ў старшых класах дзеці становяцца не проста вучнямі, а партнёрамі. Ад таго, наколькі яны будуць паспяховымі ў будучыні, залежыць і будучыня грамадства. Я заўсёды гавару пра гэта гімназістам, што выпрацоўвае ў іх пачуццё адказнасці не толькі за сваю будучыню, але і за будучыню ўсіх тых, хто знаходзіцца побач. Мы імкнёмся выхоўваць сапраўдных грамадзян і шчырых патрыётаў сваёй краіны.

— У працяг хочацца спытаць: як такая сувязь з калектывам і навучэнцамі ўплывае на вынік работы?

У гімназіі працуе творчы калектыў аднадумцаў, гатовых да новаўвядзенняў і самаразвіцця. Са 102 педагогаў 86% ма­юць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Настаўніца пачатковых класаў Вольга Уладзіміраўна Пячонава першая ў раёне атрымала катэгорыю “настаўнік-метадыст”.

Сёння ў гімназіі працуюць 2 лаўрэаты рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”: настаўніца пачатковых класаў Наталля Васільеўна Цішкевіч і настаўніца біялогіі Таццяна Мікалаеўна Казлова. Акрамя таго, у калектыве ёсць выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь — настаўніца рускай мовы і літаратуры Наталля Ягораўна Сяргеенка. 29 чалавек узнагароджаны граматамі Міністэрства адукацыі.

Заслугі калектыву можна пералічваць доўга, але галоўнае — гэта дасягненні нашых вучняў. У мінулым навучальным го­дзе яны заваявалі 3 дыпломы на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Тры нашы выпускнікі набралі па 100 балаў на ЦТ, адзін стаў стабальнікам на ЦЭ. Амаль 100% выпускнікоў сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў нашай краіны. Акрамя таго, гімназісты ўвесь час дэманструюць высокія вынікі на творчых конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях.

— Сяргей Іванавіч, сёння актыўна вядуцца размовы пра ўзаемадзеянне школы і бацькоў. Як вы будуеце гэтыя зносіны?

— З бацькамі, бабулямі і дзядулямі неабходна быць сумленнымі і заўсёды адкрытымі да дыялогу (нават калі ён і не зусім прыемны). З бацькамі трэба быць як адно цэлае, і тады будзе дасягнута пара­зуменне з чаканым вынікам. Напрыклад, нашы таты і мамы ўсе інавацыі ў гімназіі ўспрымаюць як спосаб павышэння якасці адукацыі і разумеюць, што без іх няма руху наперад.

— Мяркую, так адбываецца таму, што вы не стамляецеся тлумачыць неабходнасць інавацыйных працэсаў. Ваша гімназія не выходзіць з інавацыйнага рэжыму, што характарызуе вас як перадавога кіраўніка.

 — Гімназія з 2010 года пастаянна ўдзель­нічае ў рэспубліканскіх інавацыйных і эксперыментальных праектах. Дзей­насць педагагічнага калектыву ў межах гэтых праектаў дае імпульс для развіцця нашай установы адукацыі, у настаўнікаў развіваюцца ўменні расстаўляць прыярытэты і вызначаць недахопы ўласнай прафесійнай дзейнасці. Павышаецца якасць кіравання інавацыйнымі працэсамі развіцця самой установы адукацыі.

У 2019 і 2024 гадах мы завяршылі рэалізацыю двух інавацыйных праектаў, з 2022-га па цяперашні час ідзе эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэлей кіравання якасцю адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”.

Акрамя таго, на базе гімназіі функцыянуюць абласны апорны цэнтр адукацыйных практык устойлівага развіцця і рэспубліканскі рэсурсны цэнтр па здароўезберажэнні. Яшчэ наша ўстанова — член Асацыяцыі школ Расіі і Беларусі. У 2021 годзе гімназіі прысвоены статус “Школа міру”.

— Вялікі дзякуй за цікавую размову і поспехаў вам ва ўсіх пачынаннях!

***

Па выніках дзейнасці за перыяд з 2019 па 2023 год гімназія тройчы станавілася пераможцай спаборніцтва па сацыяльна-эканамічным развіцці Горацкага раёна сярод устаноў адукацыі, двойчы ўзнагароджана дыпломамі III ступені ў спаборніцтве на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у гарадах Магілёўскай вобласці. Па выніках работы за 2022 год гімназія занесена на Дошку гонару Горацкага раёна.

У 2024/2025 навучальным годзе ў гімназіі функцыянуюць 48 класаў з агульнай колькасцю навучэнцаў 999 чалавек. На трэцяй ступені арганізавана профільнае навучанне. Найбольш запатрабаванымі для вывучэння на павышаным узроўні з’яўляюцца матэматыка, замежная мова, фізіка, грамадазнаўства, хімія, біялогія.

Навучэнцы першай і другой ступеней актыўна займаюцца на факультатывах мастацка-эстэтычнай накіраванасці: музычных, харэаграфічных, мастацкіх. Творчыя калектывы навучальнай установы з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі культурнага жыцця горада і раёна, пераможцамі міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў і фестываляў.

 Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара і з архіва навучальнай установы