Новыя рашэнні на сучасныя выклікі прапануе педагог-псіхолаг брэсцкай школы Юлія Непша

- 16:18Новости, Психолог в школе

За апошнія некалькі гадоў назіраецца рост псіхалагічнага недабрабыту сучасных падлеткаў. У сувязі з гэтым шырокае распаўсюджанне атрымалі наркатычная і алкагольная залежнасці, павялічылася колькасць падлеткавых суіцыдаў. Гэта сведчыць аб тым, што падлеткі і іх бацькі аказаліся негатовымі да новых сацыяльна-­эканамічных умоў.

Калі прааналізаваць статыстычныя даныя па гэтай праблеме, то можна зрабіць выснову, што ў большасці падлеткаў адсутнічаюць веды, навыкі і сучасныя сацыяльна-­адаптыўныя стратэгіі паводзін, якія садзейнічаюць псіхалагічнаму захаванню здароўя і пас­пяховай самарэалізацыі.

Асноўнай праблемай сучаснага падлетка можна на­зваць трывогу перад будучыняй, няўпэўненасць у сваіх магчымасцях пры сустрэчы з цяжкасцямі, а таксама незадаволе­насць узаема­адносінамі з бацькамі.

Варта звярнуць увагу на тое, што падлеткавы перыяд вельмі важны ў развіцці “Я-канцэпцыі”, у фарміраванні самаацэнкі як асноўнага рэгулятара паводзін і дзейнасці, якая аказвае важны ўплыў на працэс самапазнання, самавыхавання і развіцця асобы. Сур’ёзныя пераўтварэнні адбываюцца ў матывацыйнай сферы падлетка. Страчваюць актуальнасць адносіны з бацькамі, настаўнікамі, першарадную значнасць набываюць зносіны з аднагодкамі. У сувязі з гэтым у падлетка могуць назірацца сур’ёзныя крызісныя сітуацыі, якія прыводзяць да псіхалагічнага недабрабыту, а ў крайніх сваіх праяўленнях вядуць да наркатычнай і алкагольнай залежнасцей, суіцыдальных спроб, падлеткавай агрэсіі і асацыяльных паво­дзін. Для такіх дзяцей характэрны павышаная ўражлі­васць і ўнушальнасць, здольнасць ярка адчуваць і перажываць, перапады настрою, неразві­тасць крытычных здольнасцей, а таксама эгацэнтрычная накіраванасць, імпульсіў­насць у прыняцці рашэнняў.

Усе задаюцца пытаннем: што ж рабіць у гэтай сітуацыі?

Варта памятаць, што ўмовы, у якіх адбываецца развіццё падлеткаў, з’яўляюцца значным фактарам, што вызначае іх пазітыўнае развіццё, якое са­дзейнічае псіхічнаму здароўю асобы. Зыходзячы з гэтага, асноўны ўпор робіцца на прыняцце прафілактычных мер ва ўстанове адукацыі, якія папярэджваюць дэвіянтныя паводзіны падлеткаў. Для педагогаў праводзяцца круглыя сталы, трэнінгавыя заняткі, лекцыі спецыялістаў, дзе педагогі маюць магчымасць абмеркаваць праблемныя сітуацыі, якія ўзнікаюць з навучэнцамі, і выпрацаваць стратэгію іх устаранення.

У сярэдняй школе № 20 Брэс­та імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава праводзіцца работа ў рамках бацькоўскага ўніверсітэта, што садзейнічае наладжванню кантактаў бацькоў з грамадскасцю, сям’і са школай, а таксама ўзаемадзеянню бацькоў і педагогаў у выхаваўчай рабоце. Важная асаблівасць гэтай работы ў тым, што бацькам да­дзена магчымасць самім вы­браць тэму для абмеркавання. Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з Брэсц­кім дзяржаўным універсітэтам імя А.С.Пушкіна, інспекцыяй па справах непаўналетніх Ленінскага РАУС Брэста і іншымі структурамі, пасяджэнні бацькоўскага ўніверсітэта прысвечаны актуальным праблемам сучаснага свету, у прыватнасці праблеме выхавання з улікам заканамернасцей развіцця дзіцяці ў розныя ўзроставыя перыяды.

Асноўная частка работы педагога-псіхолага ва ўстанове адукацыі накіравана на навучэнцаў. Для падлеткаў распрацаваны класныя і інфармацыйныя гадзіны, арганізаваны трэнінгавыя заняткі, аб’яднанні па інтарэсах, факультатыўныя заняткі. Аналізуючы праведзеную работу, можна зрабіць выснову: некаторыя сучасныя падлеткі не бачаць перспектыў у сваім жыцці, што непасрэдна ўплывае на іх паводзіны. Важна абмеркаваць з падлеткам, што эмацыянальны дыскамфорт і стрэс з’яўляюцца натуральнай часткай нашага жыцця і што існуе мноства спосабаў іх пера­адолення. Адной з такіх арт-тэхнік з’яўляецца калажаванне. Гэта інструмент, які дае магчымасць зразумець сябе, увайсці ў кантакт са сваім “Я”, зразумець свае сапраўдныя мэты і жаданні і іх адлюстраванне ў матэрыяльным свеце, навучыцца буда­ваць сваю рэальнасць, раскрыцца і выявіць унутраныя цяжкасці. Ствараючы калаж, падлетак разважае пра сваё жыццё, мэты, якіх хоча дасягнуць. Падчас работы з калажам адбываецца ўпарадкаванне думак, рэлаксацыя, падлетак настройваецца на лепшае ў сваім жыцці, а таксама актуалізуюцца ўнутраныя рэсурсы асобы.

Візуалізуючы вобразы, падлетак бачыць, што існуе шмат рэсурсаў, якія могуць дапамагчы справіцца са стрэсам ці эмацыянальным дыскамфортам.

Такім чынам, псіхалагічная бяспека адукацыйнага асяроддзя аказвае непасрэдны ўплыў на з’яўленне і развіццё антывітальных перажыванняў падлеткаў. Узаемадзеянне “баць­кі — дзіця — педагог” дае магчымасць наладзіць між­асобасныя адносіны паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, дорыць падлетку пачуццё абароненасці і задавальненне патрэбы ў даверлівых зносінах, а сістэма мер, накіраваных на прадухіленне пагроз у адукацыйным асяроддзі, садзейнічае прадукцыйнаму і ўстойліваму развіццю асобы.

 Юлія НЕПША,
педагог-псіхолаг
сярэдняй школы № 20 Брэста
 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава