“Дзіцячы сад — гэта месца, куды мы прыходзім спачатку дзецьмі, потым бацькамі, а затым бабулямі. Менавіта тут з’яўляюцца першыя сябры і першыя веды, добрыя манеры і творчае мысленне, пачуццё годнасці і гордасці за сваю сям’ю і Радзіму”, — адзначае загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 Віцебска Ілона Францаўна Марчанка.
Ілона Францаўна і педагогі дашкольнага цэнтра распрацавалі патрыятычныя маршруты выхаднога дня для дзяцей і іх бацькоў.
— Падзеі мінулага стагоддзя сыходзяць у гісторыю, пачуць аб Вялікай Айчыннай вайне з першых вуснаў зараз амаль немагчыма. Калі не перадаваць гісторыю сваім дзецям, вайна застанецца на старонках падручнікаў як гістарычны факт і не больш, — гаворыць Ілона Францаўна. — Мамы і таты імкнуцца ўсебакова развіваць дзяцей да школы, даюць ім веды ў самых розных кірунках. Нельга забываць і пра выхаванне патрыятызму, каб дзеці ведалі аб подзвігах, дзякуючы якім мы зараз жывём.
Так, сям’я выхаванца Рамана Свяцкага прайшла па маршруце “Памяць беражліва захоўваем”. У бібліятэцы імя Ефрасінні Полацкай Рома паглядзеў выставу “Чытаць. Ведаць. Памятаць”, слухаў аповед пра Героя Савецкага Саюза Васіля Піліпавіча Маргелава. Даведаўся, што ў Віцебску ў памяць аб генерале Маргелаве названа вуліца і сярэдняя школа № 45. Рома разам з мамай наведалі школу, прайшліся па вуліцы імя генерала да дома, дзе ўсталявана мемарыяльная дошка выдатнаму савецкаму военачальніку, і ўсклалі кветкі. Рома падзяліўся ўражаннямі са сваім старэйшым братам Арцёмам.
Сям’я выхаванца Мішы Харкоўскага праехала па патрыятычным маршруце “Лепель гераічны”. У Лепельскім раённым краязнаўчым музеі асаблівую цікавасць у Мішы выклікала экспазіцыя, прысвечаная вайне. Тут ён упершыню ўбачыў салдацкі медальён, кулямёт Дзегцярова, ПКШ (пісталет-кулямёт Шпагіна), мінамёт, процітанкавае ружжо.
На выставе карцін мастака Рыгора Іванавіча Колчына “Гераізм і трагедыя” Міша азнаёміўся з гісторыяй стварэння Лепельскага мінамётнага вучылішча. Хлопчык даведаўся пра ўдзел асабістага складу вучылішча ў абароне Лепеля і Віцебска, што больш за 7 тысяч выпускнікоў вучылішча ўнеслі свой уклад у перамогу над ворагам, а восем выпускнікоў сталі Героямі Савецкага Саюза. Наступнымі пунктамі маршруту сталі помнік партызанам на вуліцы Калініна і мемарыяльны знак “Гармата” на вуліцы Максіма Горкага.
Па другім патрыятычным маршруце “Герой Савецкага Саюза Фёдар Фёдаравіч Азміцель” адправілася сям’я выхаванкі Міланы Блізнюк. Маршрут пачаўся з наведвання бульвара Азміцеля ў Новалукомлі. Мясцовыя жыхары расказалі аб тым, што сельскі настаўнік Фёдар Фёдаравіч Азміцель стаў легендарным камандзірам партызанскага атрада спецыяльнага прызначэння “Грозны”. Атрад займаўся арганізацыяй партызанскага руху, выконваў асабліва важныя разведдаручэнні, наносіў кропкавыя ўдары па варожых тылах. Загінуў Фёдар Фёдаравіч у чэрвені 1944 года ў час прарыву варожай блакады каля возера Палік Мінскай вобласці. Ф.Ф.Азміцелю пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Мілана Блізнюк з сястрой Лізай усклалі кветкі да помніка герою.
Яшчэ ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 2 Віцебска выхаванцы, педагогі і бацькі пасадзілі яблыневы сад Перамогі. Патрыятычная акцыя была прымеркавана да Дня Перамогі і Года гістарычнай памяці. Пасадка дрэў даставіла мноства прыемных момантаў. Яблынькі будуць расці на радасць дзяўчынкам і хлопчыкам.
Таксама ва ўстанове створаны міні-музей “Чамадан памяці” — пазнавальны цэнтр, вынік сумеснай работы педагогаў, дзяцей і бацькоў. Выхавальнікі Наталля Уладзіміраўна Велянец і Таццяна Мікалаеўна Паўлава сабралі прадметы ваеннага часу, беражліва захаваныя ў сем’ях выхаванцаў. Асноўнымі экспанатамі сталі ваенная каска, скураная планшэтная папка, пляшка і інш. У ходзе прэзентацыі музея дзеці азнаёміліся з подзвігам савецкага военачальніка, удзельніка Першай сусветнай, Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, галоўнага ваеннага саветніка ў Кітаі, генерал-лейтэнанта Аляксандра Іванавіча Чарапанава. Хлопчыкі прымяралі вайсковую каску. Выхаванцы даведаліся, што цаной неверагодных ахвяр беларускі народ перамог у гэтай вайне. “Музей у чамадане”, як асаблівая форма экскурсійнай работы, мабільны і лёгка трансфармуецца.
Надзея ЦЕРАХАВА.