Па месцы вучобы

- 11:40Кампетэнтна
У кожнага абітурыента свая стратэгія падрыхтоўкі да паступлення ў ВНУ. Але калі яе няма, то можна прыслухацца да экспертаў, якія раяць звярнуць увагу на школьныя факультатывы.
Калі падумаць, то ў факультатываў шмат пераваг: магчымасць сумяшчаць асноўную вучобу і дадатковую, паглыбляць веды паэтапна і сістэмна, працаваць пад кіраўніцтвам знаёмага настаўніка, зацікаўленага ў поспехах сваіх вучняў. На мой жа погляд, адзін з самых важных плюсоў факультатываў — менавіта паглыбленая падрыхтоўка па прадмеце, якая намнога эфектыўней, чым проста нашпігоўванне на тэсты.

У гімназіі № 18 Мінска факультатыўнае жыццё кіпіць. У гэтым я змагла ўпэўніцца на ўласныя вочы.
Мой візіт у гэтую навучальную ўстанову пачаўся з наведвання факультатываў. Спачатку — па матэматыцы, а потым — па замежнай мове ў малодшых школьнікаў. Відавочна, што гэтыя прадметы вельмі запатрабаваны ў дзяцей. У Наталлі Сямёнаўны Міхалёнак на факультатыўных занятках “Вандраванне ў краіну займальнай матэматыкі” цэлы клас маленькіх матэматыкаў. На факультатыве ж Вікторыі Яўгенаўны Петрачэнка “Уводзіны ў свет замежнай мовы” група меншая, чаго і патрабуе гэты прадмет.
Наступны прыпынак — факультатыў па замежнай мове ў адзінаццацікласнікаў “Лексіка-граматычны практыкум”. “Наша асноўная задача — навучыць дзяцей гаварыць”, — падкрэсліваюць настаўнікі замежнай мовы Вікторыя Яўгенаўна Петрачэнка і Таццяна Святаславаўна Падгайская. У 11 класе наведвальнікі факультатыву паглыбляюць веды па граматыцы, паколькі гэта важна для здачы цэнтралізаванага тэсціравання.
Далей — факультатыў па біялогіі ў дзявятым класе “Фізіялагічныя і гігіенічныя аспекты здароўя”, які вядзе Наталля Іванаўна Гарадовіч. Дзеці наогул не заўважаюць карэспандэнта — настолькі паглынае іх тое, што паказвае настаўніца. Пазней у размове з адміністрацыяй высветлілася, што менавіта факультатыў па біялогіі самы запатрабаваны ў гімназістаў усіх узростаў. Нават па суботах на занятках аншлаг.
“У мяне вучацца дзеці, якія захоплены прадметам, таму мы ў меншай ступені ўдзяляем увагу ЦТ”, — расказала пазней настаўніца. Гэта, зрэшты, не перашкаджае яе выпускнікам паступаць у медыцынскі ўніверсітэт на бюджэтную форму навучання. Больш увагі педагог удзяляе паглыбленаму вывучэнню самой біялогіі і нават медыцыны. Як вынік — дыпломы навучэнцаў на рэспубліканскай алімпіядзе, інтэрнэт-алімпіядзе па біялогіі, прызы ў конкурсе экалагічных праектаў на англійскай мове і іншыя дасягненні.

Уражанне ад кіпучай факультатыўнай актыўнасці пацвярджае статыстыка. Усяго ў гімназіі факультатыўныя заняткі наведваюць 167,1% навучэнцаў 1 — 11 класаў. З іх на I ступені 226,3%, на II — 104,9%, на III — 195%.
Справа ў тым, што дзецям у 1 — 4 класах можна наведваць чатыры факультатывы, а ў 5 — 8 — толькі адзін. Навучэнцы 9 класа могуць выбраць два факультатывы, а 10-11 класаў — тры.
“У пятым класе нават існуе праблема: бацькі пытаюцца, чаму дзіця можа наведваць толькі адзін факультатыў? — зазначае намеснік дырэктара гімназіі па вучэбнай рабоце Ала Аляксандраўна Венская. — Спектр факультатываў вельмі шырокі. Усе яны запатрабаваны, бо іх адкрыццё заснавана на вывучэнні інтарэсаў бацькоў і дзяцей. Напрыканцы года адміністрацыя праводзіць анкетаванне, асобна псіхолаг праводзіць дыягностыку. На аснове агульных даных у пачатку года мы і прапаноўваем дзецям адпаведныя факультатывы”.
У старшакласнікаў найбольш папулярныя факультатывы па англійскай, беларускай, рускай мовах, біялогіі, матэматыцы. У мінулыя гады для выпускных класаў дзейнічалі платныя курсы па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання, але неабходнасць у іх знікла, бо іх функцыю з поспехам выконвае шырокая сетка факультатываў. Платныя паслугі пакінулі толькі на І ступені адукацыі — падрыхтоўку да паступлення ў пяты клас і “Школу будучых першакласнікаў”.
“Факультатывы вельмі дапамагаюць у падрыхтоўцы да здачы ўступных экзаменаў у ВНУ і многім дзецям даюць магчымасць абыходзіцца без рэпетытараў”, — лічыць выдатнік адукацыі настаўніца матэматыкі Людміла Пятроўна Пенязь.
Яна расказала, што на факультатыве па матэматыцы старшакласнікі рашаюць задачы па тых тэмах, якія вывучаюцца на ўроках, толькі больш складаныя, вельмі многа задач са зборнікаў тэстаў, а таксама алімпіядных задач. Такім чынам, факультатыў — гэта разнапланавая падрыхтоўка, а не аднабаковае нашпігоўванне на тэсты.

У 18-й гімназіі гавораць пра факультатывы не як пра падрыхтоўку навучэнцаў да паступлення ў ВНУ, а як лагічны, заканамерны працяг урока, які мае на ўвазе пашырэнне ці паглыбленне ведаў па прадмеце.
“Гэта толькі частка сістэмнай работы з гімназістамі, — падкрэслівае А.А.Венская. — Спалучэнне трох кампанентаў — вучэбныя заняткі, факультатывы і напрамкі, якія адкрываюцца на ІІІ ступені, — гэта і ёсць мэтанакіраваная работа на будучыню навучэнцаў”.
Канечне, галоўны складнік у гэтай сістэмнай рабоце — самі педагогі, якія гараць сваёй работай і “запальваюць” вучняў. Менавіта такія настаўнікі вядуць факультатывы. Трэба сказаць, што гэта індывідуальная работа, якая патрабуе ад педагога шмат намаганняў і часу ўжо толькі на этапе падрыхтоўкі. Напрыклад, работа ў лінгафонным кабінеце патрабуе ведання адпаведных камп’ютарных праграм. А настаўнік матэматыкі павінен прарашаць усе заданні, якія прапаноўвае навучэнцам, нават самыя складаныя. Таму эфектыўнасць факультатываў у першую чаргу залежыць ад прафесіяналізму педагогаў.

У Першамайскім раёне Мінска практыкуюцца міжшкольныя факультатывы па падрыхтоўцы да рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. На базе гімназіі № 18 праходзіць факультатыў па матэматыцы пад кіраўніцтвам Людмілы Рыгораўны Тэрзы. Аналагічныя факультатывы па іншых прадметах гімназісты наведваюць у іншых агульнаадукацыйных установах раёна. Сёлета такіх дзяцей у гімназіі 25. Адораныя навучэнцы праходзяць зборы ў лагерах па падрыхтоўцы да алімпіяд.
Нехта вучыцца на курсах пры ВНУ: гімназісты арыентаваны толькі на ўніверсітэты, прычым самыя прэстыжныя, таму цалкам заканамерна іх жаданне як мага раней далучацца да ўніверсітэцкага жыцця.
“Вучні, якія наведваюць мой факультатыў, адначасова вучацца на падрыхтоўчых курсах у БДУ, Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі, — расказвае Н.І.Гарадовіч. — Ведаў шмат не бывае. Акрамя таго, зараз модна вучыцца, развіваць дзяцей”.
“Гімназісты — гэта высокаматываваныя дзеці. Яны ўсё паспяваюць”, — дадае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Аксана Міхайлаўна Рашатняк.
Напрыканцы дастаткова сказаць, што ў гэтым годзе ў ВНУ паступілі 100 % выпускнікоў гімназіі. Гэты факт гаворыць сам за сябе.

 

Іна НІКІЦЕНКА.
Фота аўтара.