Генетычная памяць беларусаў стала сапраўдным нацыянальным імунітэтам. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 21 сакавіка на рэспубліканскім мітынгу-рэквіеме “Лампада памяці”, прымеркаваным да 78-й гадавіны хатынскай трагедыі.
“Трагедыя Хатыні і тысяч вёсак і гарадоў з такім жа лёсам — гэта несціханы боль у сэрцах беларусаў, усіх савецкіх людзей. Сёння мы, прадстаўнікі розных пакаленняў, рэлігійных канфесій, філасофскіх і палітычных поглядаў, сабраліся разам, каб ушанаваць памяць нявінных і абараніць праўду пра тую вайну”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што гэтая праўда жорсткая, а памяць — цяжкая. “Удумайцеся: акупанты і іх памагатыя — паліцаі — спалілі 9200 беларускіх вёсак. З іх больш за пяць тысяч — разам з жыхарамі, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — І мы ведаем, з чаго гэта ўсё пачынаецца: з ідэй расавай і генетычнай, любой іншай перавагі адных народаў над іншымі, з падзелу на вышэйшых і другарадных. Страшна тое, што гэтыя тэорыі і сёння знаходзяць сваіх прыхільнікаў ва ўсім свеце. Але, дзякуй богу, фашысцкая ідэалогія чужая нашым беларусам, чыя генетычная памяць стала сапраўдным нацыянальным імунітэтам”.
У гэтай памяці шмат болю і пакут, у ёй трагічны гістарычны вопыт, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. “Гэта факт: Другая сусветная была не проста вайной, яна стала планамерным знішчэннем нашых славянскіх народаў”, — заўважыў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў гэты памятны вечар напярэдадні чарговай гадавіны хатынскай трагедыі ён хоча звярнуцца да тых, хто свядома спрабуе адрадзіць сімвалы нацызму. Няхай гэта адзінкі, але такія, на жаль, ёсць у сучаснай Беларусі, адзначыў ён.
“Я звяртаюся да ўсіх, хто перакананы, што фашызм “нёс на нашу зямлю цывілізацыю”; хто гераізуе забойцаў; хто пакланяецца БЧБ-сцягам, пад якімі праводзіўся генацыд беларускага народа. Мы заняліся гэтай праблемай, і мы дакажам і пакажам усяму свету, што такое генацыд і што тыя, хто сёння нас спрабуе павучаць, як жыць, як мінімум не маюць на гэта права, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Усім вам, хто заблудзіўся і адурманены, кажу: “Ідзі і глядзі!” Ідзі ў Хатынь, Боркі, Олу, Дальву, Усакіна, Шунеўку, Азарычы, да мемарыялаў “Трасцянец”, “Яма”, “Чырвоны Бераг”.
Глядзець на гэтыя помнікі і мемарыялы, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, трэба вачыма дзіцяці, якое выжыла пад целам забітай маці; вачыма дзяцей, кінутых паміраць у калодзеж; вачыма застрэленай цяжарнай жанчыны, так і не спазнаўшай шчасця мацярынства; вачыма бацькі, што дастае з попелу мёртвага сына; вачыма павешаных бездапаможных старых.
“Ідзі і слухай хатынскі звон, у звоне якога разам зліліся дзіцячыя крыкі, мацярынскі плач і горкі бацькоўскі смутак мільёнаў беларусаў, якія зведалі нечалавечыя пакуты, але не заваяваныя і не пераможаныя. Мы гэта павінны з вамі памятаць заўсёды і не баяцца ў вялікія святы, якая б бяда ні навалілася на нас (пандэмія кавіда або іншыя хваробы), прыходзіць у светлы Дзень Перамогі і аддаваць належнае ім, якія загінулі дзеля нас. Таму што, калі б яны не загінулі, нас бы не было, — заявіў прэзідэнт. — І няхай гэтыя галасы з мінулага кожнаму пакаленню нагадваюць пра тое, які крохкі свет, якое каштоўнае чалавечае жыццё і як лёгка ўсё гэта страціць. І пакуль гучыць гэты звон, Беларусь памятае”.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што беларусам ніколі не забыць страшныя старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. “Мы ніколі не даруем жорсткасці, нялюдскасці і бясчынстваў ворага на нашай зямлі. Мы гэта памятаем, і ў гэтым наша сіла, — сказаў ён. — Вечная памяць забітым, закатаваным і раздзёртым”.
Кіраўнік дзяржавы прапанаваў схіліць галовы і ўшанаваць іх мінутай маўчання.
“Гэты мітынг-рэквіем завершаны сёння, але ён не можа завяршыцца ніколі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падзякаваў усім удзельнікам мерапрыемства за тое, што ў непагодлівы дзень прыехалі ў памерлую, але жывую ў сэрцах людзей вёсачку. “Вы павінны памятаць: пакуль мы прыходзім да помнікаў і святынь нашай Беларусі, мы — людзі”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
“Значыць, мы будзем жыць і будзе існаваць наша краіна. Як толькі мы забудзем гэтыя сцежкі, гэтыя дарогі да гэтых святых месцаў, мы загінем як народ і як нацыя”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Ён таксама заклікаў людзей часцей прыходзіць у такія месцы і прыводзіць сваіх дзяцей, каб яны разумелі і шанавалі наша жыццё.
У час рэспубліканскага мітынгу-рэквіема “Лампада памяці” адбылася Усебеларуская малітва аб міры.
Мерапрыемства прайшло ў прысутнасці кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з удзелам кіраўнікоў чатырох вядучых традыцыйных рэлігійных канфесій. Ад усіх канфесій выступіў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веньямін.
“На гэтым журботным месцы мы задаёмся пытаннем, чаму адбылася тут трагедыя? Чаму людзі забівалі нашых суайчыннікаў так жорстка ад малога да вялікага?” — адзначыў мітрапаліт Веньямін.
Ён таксама задаўся пытаннем, што ж рабіць, каб ніколі больш не паўтарылася гэтая трагедыя. Адказы знаходзіць у старажытным законе і прароках. “Два складнікі. Перш за ўсё — любоў да Бога. І другая запаведзь — пра любоў да блізкага. Шчырая, ад усяго сэрца. І не рабіць блізкаму свайму таго, чаго не хочаш сабе”, — сказаў Патрыяршы экзарх усяе Беларусі.
Мітрапаліт Веньямін адзначыў, што тыя людзі, якія тварылі вялікае ліха на беларускай зямлі, панеслі адпаведнае пакаранне, бо той, хто сее вецер, пажне буру.
“Мы перажываем за будучыню нашай краіны. Мы імкнёмся і жадаем, каб у міры, згодзе, яднанні працягваць сваё жыццё. Да гэтых намаганняў далучым нашу малітву”, — сказаў ён.